Беларуская Прага

Можна бясконца разважаць пра прыгажосць і ўнікальнасць архітэктуры Прагі, пра глыбокую, слаўную і насычаную падзеямі пражскую гісторыю, пра непаўторны дух горада. Але ёсць непрыкметныя для шырокага кола турыстаў мясціны і факты з мінулага, якія павінен ведаць кожны беларус, паведамляе «Твой стыль».

Аказваецца, ёсць «беларуская Прага»!

Вандроўка па «беларускай Празе» ахоплівае ўвесь цэнтр. У час яе можна ўбачыць месца, на якім у XV ст. знаходзіўся т. зв. «Палац маркграфа Ёшта», дзе ў 1422-м і 1424–1427 гг. меў рэзідэнцыю Жыгімонт Карыбутавіч, пляменнік Вітаўта і Ягайлы. Некаторы час ён быў каралём.

1


Недалёка ад былых каралеўскіх садоў знаходзіцца помнік Францыску Скарыне, які, верагодна, у 1535–1539 гг. займаў пасаду каралеўскага батаніка і быў адным з заснавальнікаў каралеўскіх садоў. Акрамя помніка, у Клеменцінуме (комплексе будоў былой езуіцкай акадэміі) вісіць мемарыяльная дошка ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі, якая выйшла ў Празе ў 1517 г.

2  

Большасць беларускіх мясцін у Празе звязана з гісторыяй першай паловы XX ст., гісторыяй БНР. Напрыклад, дом, дзе меў кватэру Мікалай Вяршынін, консул БНР у Чэхаславакіі. Тут месцілася з 1918–1920 гг. місія БНР, а пасля, з 1923 г., Рада БНР.

3  

Можна ў Празе знайсці і будынак, дзе ў 1930-я гг. знаходзілася Беларускае культурнае таварыства імя Францыска Скарыны – культурніцкая арганізацыя беларускіх студэнтаў.

Немагчыма абмінуць дом, у якім у 1943–1948 гг. жыла выбітная беларуская паэтэса, грамадска-палітычная дзеячка Ларыса Геніюш.

4

Вядомы і будынкі, дзе мелі кватэры Пётр Крэчэўскі, Васіль Захарка – прэзідэнты БНР. Яны пахаваныя ў Празе на Альшанскіх могілках. Сюды таксама варта наведацца. Тут знаходзіцца магіла сусветна вядомага опернага спевака і педагога Міхася Забэйды-Суміцкага.

У пачатку XI ст. у Празе некаторы час жыў пісьменнік і грамадскі дзеяч Васіль Быкаў.

Гэта няпоўны пералік беларускіх мясцін Прагі. Усе іх можна наведаць нават самастойна, без экскурсавода. Галоўнае мець карту, складзеную ў 2010 г. Зміцерам Кожухам і Паўлам Котавым. На ёй пазначаны не толькі асноўныя пункты, якія варта ўбачыць, але і падрабязная схема праезду.

5

6

Таццяна Касатая

Здымкі Юліі Каляды

Новости

Вверх