18 лістапада пройдуць «Артыстычныя сустрэчы» «Гродна–Беласток»

18 лістапада пройдуць «Артыстычныя сустрэчы» «Гродна–Беласток»

Больш за 200 выканаўцаў з 20 музычных калектываў выступяць заўтра ў Гродне падчас фестывалю беларускай і польскай песні «Гродна–Беласток», паведамляе Радыё «Рацыя».

На сцэне Гродзенскага драматычнага тэатра выступяць прадстаўнікі беларускай меншасці Падляшша і польскія калектывы з Гродзеншчыны. Фестываль 18 гадоў праходзіць папераменна ў Беластоку і Гродне. Гаворыць суарганізатар мерапрыемства Янка Сычэўскі з Беларускага грамадска-культурнага таварыства:

– Мэтай фестывалю з’яўляецца прэзентацыя культур нацыянальных меншасцяў, польскай меншасці ў Беларусі і беларускай меншасці ў Польшчы. На фестываль у Гродна ад нас едзе каля 100–150 выканаўцаў беларускай песні, прыкладна столькі ж выканаўцаў польскай песні будзе з Беларусі.

Для гродзенскай публікі праспяваюць дзесяць беларускіх калектываў з Падляшша. Сярод іншых на фестывалі выступяць «Прымакі» з Міхалова, «Рэха пушчы» з Гайнаўкі, «Васілёчкі» з Бельска Падляшскага і хор «Крыніца» з Беластока. Польскія і беларускія калектывы выступяць на сцэне Гродзенскага драматычнага тэатра ў нядзелю, 18 лістапада, пачатак а 14.00 гадзіне.

Лукаш Леанюк

Новости

Вверх