Падляшскія мячэці сталі помнікамі гісторыі

Падляшскія мячэці сталі помнікамі гісторыі

Мячэці і мізары ў Багоніках і Крушынянах на Падляшшы далучаюцца да элітарнага кола помнікаў гісторыі. Падляшскія татары атрымаюць з рук прэзідэнта Браніслава Камароўскага адпаведныя дакументы, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Як расказвае адміністратар мячэці ў Крушынянах Джаміль Гембіцкі, падляшскія мячэці – адзіныя такія ў Польшчы, а Крушынянская паходзіць з XVIII стагоддзя:

– Мячэць паходзіць з XVIII стагоддзя (1795 год). Ніколі не была знішчаная, у часе апошняй вайны там знаходзіўся нямецкі палявы шпіталь. Мячэць мае цікавую будову, бо гэта мусульманская мячэць, а звонку нагадвае царкву або касцёл. Татары былі жаўнерамі, даручылі пабудову мясцовым цеслярам, а тыя выканалі паводле польскага звычаю. Гэтая вёска мае для татараў важнае рэлігійнае значэнне, бо на тэрыторыі сучаснай Польшчы заталіся толькі дзве мячэці, іншыя знаходзяцца ў Беларусі і Літве.

Як паведаміў старшыня ўправы мусульманскай гміны ў Багоніках Мацей Шчансновіч, падляшскія мусульмане-татары спадзяюцца, што гэта дапаможа малаколькасным мусульманскім абшчынам ва ўтрыманні і кансервацыі мячэцяў ды прыцягненні турыстаў.

– Першы быў Аўгустоўскі канал, а цяпер будуць яшчэ мячэці. Спадзяёмся, што будуць лепшыя магчымасці фінансавання, напрыклад, на рамонт. А таксама спадзяёмся, што будзе больш турыстаў.

Мячэць у Багоніках паходзіць з XIX стагоддзя. Каля яе таксама, як і ў Крушынянах, месціцца мізар – мусульманскія могілкі.

Да помнікаў гісторыі адносяцца самыя значныя культурныя здабыткі, агулам у Польшчы іх да гэтага часу налічвалася 48. У Падляшскім ваяводстве быў адзін помнік гісторыі – Аўгустоўскі канал.

 

Мнения

Вверх