Менш беларусаў прыедзе ў Татры?

Менш беларусаў прыедзе ў Татры?

Як паведамляе Polskie Radio S.A., Gazeta Wyborcza піша, што ад паловы 1990-х гадоў грамадзяне краін былога Савецкага Саюза ахотна бавяць час у польскіх гарах і любяць прыязджаць сюды на праваслаўныя Каляды. Мясцовых жыхароў гэта радуе, бо пансіянаты не пустуюць у прамежку паміж Новым годам і зімовымі канікуламі, якія ў польскіх школах пачынаюцца ў другой палове студзеня.

Сёлета, аднак, з'явілася небяспека, што турысты з Расіі, Беларусі і Украіны не прыедуць у Закапанэ і ваколіцы. Ад студзеня пачынае працаваць новая сістэма электронных ваўчараў – свайго роду запрашэнняў, на падставе якіх выдаюцца польскія візы. Такія ваўчары змогуць высылаць толькі некаторыя польскія турбюро і нешматлікія гасцініцы і пансіянаты, якія прайшлі працэдуру сертыфікацыі і прызнання зорачак. Уладальнікі прыватных дамоў, у якіх здымаюць пакоі турысты, такіх ваўчараў выслаць не змогуць. Праўда, польскую візу можна атрымаць і без ваўчара, але тады працэдура даўжэйшая і больш складаная.

Газета цытуе словы спадара Уладыслава Навабільскага, які здае пакоі ў мясцовасці Бялка Татшаньска. «Ужо некалькі год запар у нас затрымлівалася група расіян з-пад Масквы. Сёлета яны пазванілі і спыталі пра электронныя ваўчары. Калі пачулі, што мы іх выслаць не можам, то сказалі, што не прыедуць, паедуць у Славакію, дзе крыху даражэй, чым у нас, але менш вазні з дакументамі», – апавядае спадар Уладыслаў.

Польская турыстычная палата кажа, што сертыфікацыя паслуг начлежнай базы была праведзена з мэтай павышэння якасці гэтых паслуг. Каб не здараліся больш выпадкі, што турыстаў з Усходу запрашаюць у неіснуючыя пансіянаты.

Мнения

Вверх