Хто такія люкаманы?

Як паведамляе «Твой стыль»:

Вяртаючыся з падарожжаў, мы прывозім з сабой шмат уражанняў: фіксуем фотаапаратам велічную архітэктуру, прыгажосць прыроды, цікавых людзей. Але ёсць вандроўнікі, якія часам не заўважаюць нічога, апроч таго, што знаходзіцца пад нагамі. Гэтыя людзі называюць сябе люкаманы.

Павел з Гродна збірае выявы люкаў, мае, па яго словах, сціплую калекцыю – каля 40 выяў:

 

Ідэя збіраць люкі з’явілася падчас вандроўкі ў Калінінград, дзе я быў моцна ўражаны з таго факту, што там на вуліцах захавалася багата старых нямецкіх люкаў з надпісамі «Königsberg», «Ost Preußen» і іншымі напамінкамі пра дзяржаву, якой даўно не існуе. Таму спачатку я фотаў толькі такія люкі з «артэфактнымі», анахраністычнымі надпісамі (знайшоў «Marienburg» у Мальбарку, «Magistrat miasta Wilna» ў Вільне і інш.). Ужо потым стаў і проста фотаць люкі з назвамі гарадоў, у якіх даводзілася апынуцца.

2

 Самыя мае любімыя выявы — тыя самыя «кёнігсбергскія», бо з іх усё пачалося, і яны сапраўды «з гісторыяй», выклікаюць нейкія сентыментальныя пачуцці і развагі пра тое, што, маўляў, краіны, людзей, горада такога ўжо няма, а яны вось засталіся і ляжаць сабе маўкліва пад нагамі гараджан, новых гаспадароў.

Родныя і знаёмыя ўжо таксама «падселі» на гэтую тэму, і часам прывозяць мне з вандровак фоткі цікавых лючыкаў. Мэта майго калекцыянавання – папросту зафіксаваць такім нязвыклым чынам памяць пра свае вандроўкі.

3

4

5

Юля з Рыгі: Захапляцца люкамі я стала зусім нядаўна – усяго пару год. А штуршком сталі выпадкова заўважаныя люкі каля банка – там быў ключ і надпіс «Bremen». Пасля гэтага стала звяртаць увагу на люкі і высветліла, што ёсць вельмі цікавыя. Мае здымкі люкаў убачыў мадэратар клуба гЛЮКі, і мяне запрасілі ў клуб. Так я «захварэла» люкаманіяй.

6

Сёння мне цікава знайсці не толькі люкі з малюнкамі, але і радавыя, якія адрозніваюцца годам і г.д. Самае вялізнае задавальненне атрымала, калі ў самым цэнтры Рыгі, на самай турыстычнай вуліцы, знайшла адзін з самых старых люкаў горада.

7

Але не ўсе люкаманы спыняюцца на фатаграфаванні люкаў. Некаторыя робяцца даследчыкамі. Так, Зміцер Баранаў, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела этнаграфіі Рускага этнаграфічнага музея, сцвярджае, што люк – гэта ўваход у свет падземных камунікацый, які асацыіруецца з тагасветам і нясе пагрозу чалавеку. Накрыўка люка з’яўляецца памежным знакам, які аддзяляе бачнае і нябачнае, уяўнае і таемнае. Выява на люку (арнамент) вызначае сэнс. Чым прасцей арнамент – кола, квадрат, крыж, сетка, хвалістая рыса, – тым больш складанае яго вызначэнне. Нездарма сярод дзяцей існуе прыкмета ці забарона – не станавіцца на люк, бо можа здарыцца нешта вельмі жахлівае.

Люкаманы параўноўваюць накрыўкі люкаў з манетамі. У кожнай краіны і горада ёсць свае адметныя люкі. Так, у Ірландыі можна сустрэць накрыўкі з кельцкім арнаментам.

8

У Японіі люкі – гэта творы мастацтва, якія выступаюць носьбітамі культурнай спадчыны рэгіёна.

9

А першы люк з’явіўся яшчэ ў старажытным Рыме, з узнікненнем каналізацыйнай сістэмы. Сучасныя ж люкі – люкі-рэкламы, люкі-арыенціры, люкі-люстэркі, люкі-помнікі… Люкаманам ёсць што паглядзець і пафатаграфаваць.

10

Наталля Клімовіч

Тут можна паглядзець падборку люкаў народаў свету.

Новости

Вверх