Ці могуць адмяніць правядзенне чэмпіяната свету па хакеі ў Беларусі?

Ці могуць адмяніць правядзенне чэмпіяната свету па хакеі ў Беларусі?

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які прадугледжвае ўвядзенне новых санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі, паведаміў прэс-сакратар Белага дома Джэй Кэрні. Сярод іх - заклік адмовіцца ад Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

21 снежня Кангрэс ЗША ухваліў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 года ў дачыненні да Беларусі (Belarus Democracy and Human Rights Act of 2011), які прадугледжвае ўзмацненне санкцый.

Новы пакет пашырае спіс беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых структураў, на якіх накладваюцца візавыя абмежаванні і фінансавыя санкцыі. Закон таксама ўтрымлівае заклік да Міжнароднай федэрацыі хакея адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.

Нагадаем, што дагэтуль нямецкія дэпутаты патрабавалі забраць у Беларусі права на правядзенне Чэмпіянату. З такой заявай выступілі адказная за ўсходнюю палітыку Марылуізэ Бэк і адказная за палітыку спорту Віёла фон Крамон.

"Краіна, якая так відавочна выцірае ногі аб дэмакратыю і правы чалавека, не можа быць годным гаспадаром чэмпіянату свету па хакеі-2014. Таму мы патрабуем ад Міжнароднай федэрацыі хакея не праводзіць чэмпіянат у Беларусі", - растлумачылі дэпутаты.

Старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузэк таксама прытрымліваецца падобнага меркавання. Ён заклікаў міжнародную федэрацыю "прыняць адпаведныя меры, каб гарантаваць, што Лукашэнка не атрымае міжнароднае прызнанне альбо легітымнасць, што адбылося б у выпадку правядзення міжнароднага чэмпіянату па хакеі 2014 года, пакуль ён не выпусціць усіх палітычных зняволеных".

Беларускія ўлады, у сваю чаргу, настойваюць на тым, што спорт знаходзіцца па-за палітыкай. "З часоў Старажытнай Грэцыі спорт знаходзіцца па-за палітыкай. Гістарычны вопыт паказвае, што адступленне ад гэтага праверанага стагоддзямі прынцыпа стварае толькі праблемы, прычым часта - для ініцыятараў такіх рашэнняў", - адзначае прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Ці могуць адмяніць чэмпіянат у Беларусі і ў якім выпадку?

Паводле статута Міжнароднай федэрацыі хакея, яе Савет можа прыняць рашэнне аб пазбаўленні права прымаць першынство. Але сярод прычын - у асноўным тэхнічныя:

- нацыянальная хакейная асацыяцыя не выканала матэрыяльныя перадумовы, на якіх атрымала права правядзення чэмпіянату;
- нацыянальная хакейная асацыяцыя не можа выканаць свае абавязальніцтвы паводле падпісанага кантракту;
- нацыянальная хакейная федэрацыя дапусціла значнае парушэнне падпісанага кантракта;
- ёсць падставы для турбаванні аб здароўі або свабодным перамяшчэнні гульцоў, афіцыйных прадстаўнікоў, гледачоў і СМІ.

У склад Савета IIHF ўваходзяць 13 краін-прадстаўнікоў: ЗША, Канада, Чэхія, Фінляндыя, Швецыя, Швейцарыя, Германія, Славакія, Славенія, Люксембург, Іспанія, Японія і Расія.

Цікава, што прэцэдэнты адмены спартыўных мерапрыемстваў такога маштабу ў гісторыі ўжо былі. З нядаўніх падзей можна ўзгадаць, як летась у сувязі з падзеямі ў Бахрэйне, даволі хутка прынялі рашэнне адмяніць там Формулу-1.

Супраць ЧС-2014 у Мінску актыўна выступае і знакаміты славацкі хакеіст Петэр Шцясны. "У 1968 годзе войскі СССР і краін Варшаўскага пакту ўварваліся ў Чэхаславакію, чэмпіянат па хакеі павінен быў праходзіць у Празе, - кажа ён. - 19 снежня 2010 года прынесла радыкальныя перамены для Беларусі, і мы не павінны заставацца нейтральнымі, пакуль у турме трымаюць нявінных людзей, пакуль ідуць несправядлівыя судовыя працэсы".

Хакеіст дадае, што да 2014 года яшчэ будуць праходзіць паседжэнні Кангрэса, дзе вырашаецца лёс чэмпіянату. "Такія сустрэчы штогадовыя ў перыяд правядзення сусветных спаборніцтваў. Таму ў нас будзе час, каб падрыхтавацца лепш, і лепш растлумачыць кожнаму дэлегату, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. На сёння я сумняюся, што большасць з іх добра праінфармавана. Без сумнення, мы будзем працягваць свой ??ціск. Мы павінны дзейнічаць, бо сітуацыя крытычная!"

У выпадку, калі Міжнародная федерацыя хакея не прыслухацца да еўрапарламентарыяў, а яны, у сваю чаргу, не зменяць сваю пазіцыю, магчыма, што падзеі будуць разгортвацца, як у час Летніх Алімпійскіх гульняў у 1980 годзе, што праводзіліся ў Маскве. Тады больш за 50 краін свету байкатавалі Алімпіяду ў сувязі з уводам у 1979 годзе савецкіх войскаў у Афганістан. Некаторыя спартсмены з краін, што байкатавалі гульні, усё ж прыехалі ў Маскву і выступалі пад алімпійскім сцягам. Гэты байкот стаў адной з асноўных прычынаў адмовы СССР і ягоных саюзнікаў ўдзельнічаць ў наступных летніх Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе ў 1984 годзе.

Трэба дадаць, што ў выпадку адмены правядзення чэмпіянату на нашай тэрыторыі, ці хаця б частковага неўдзелу шэрагу краін ў "нашым" чэмпіянаце, гэта вельмі значна паўплывае на айчынны інкамінгавы турызм і, асабліва, на атэльны бізнес. Уся беларуская турыстычная індустрыя робіць вялікую стаўку на шматтысячны паток гасцей, фанатаў ды турыстаў, якія могуць наведаць Беларусь ў 2014 годдзе. Але, як бы ні склалася сітуацыя, варта адзначыць, што ўжо зараз будаўніцтва гасцініц, неабходных для прыняцця гасцей такога буйнога мерапрыемства, ідзе ў даволі нервовым рэжыме. Нагадаем, што па плане да 2014 года ў Мінску павінна з'явіцца 14 новых гасцініц.Але ў некаторых запланаваных на будаўніцтва атэлях зараз закладзены толькі фундаменты.  Інвестары відавочна марудзяць.

Рэдакцыя "Туризма и отдыха" абавязкова будзе сачыць за сітуацыяй.

Мнения

Вверх