11.08.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Андрэй Полацкі

Паводле летапісаў, у 1307 годзе Полацкая зямля, што была калыскаю беларускай дзяржаўнасці, мірна ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Полацк захаваў вялікую самастойнасць, якую новагародскія, а затым віленскія валадары неаднаразова падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны альянс. Дамова, што Вялікае княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір дакончаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых шаноўных і рады Рыскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага»... 

На знак прызнання асаблівага становішча крывіцкая зямля мела сваіх князёў, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі вялікім князям літоўскім. Полацкі валадар Васіль-Воін быў родным братам Гедзіміна. Пазней полацкі пасад заняў Гедзімінаў унук Андрэй, сын вялікага князя Альгерда. 


Кулiкоўская бiтва. Мiнiяцюра з рукапiсу «Сказанне пра Мамаева пабоiшча» XVII ст.

Народжаны ў 1325 годзе, Андрэй Полацкі быў старэйшы з дванаццаці Альгердавых сыноў. Ён паспяхова ваяваў з Лівонскім ордэнам і пасля бацькавай смерці спадзяваўся атрымаць вялікакняскі трон. Аднак вялікім князем стаў Ягайла, а Андрэй з дружынаю мусіў падацца з Полацка ў Маскоўшчыну, да князя Дзмітрыя, таго самага, якога неўзабаве назавуць Данскім. 

У Полацк пасля ад’езду князя Андрэя са сваімі ваярамі Ягайла прызначыў брата Скіргайлу. Прыязджаючы кіраваць у старажытную крывіцкую сталіцу, усе князі мянялі веру на праваслаўе. Скіргайла, яўна недаацаніўшы самапавагу палачан, наважыўся адступіць ад завядзёнкі і захаваў вернасць паганству. Скончылася гэта для яго вельмі сумна. Раз’ятраны збой полацкіх месцічаў прывязаў князя задам наперад да старой кабылы-шаўлюжкі і пад свіст і агатуканне пагнаў яе да гарадской брамы. Зняважаны Альгердавіч вярнуўся з моцным войскам, якое разам з лівонскімі рыцарамі ўзяло Полацк у аблогу. Чатыры месяцы палачане адстойвалі родныя сцены і перамаглі. Навука была Скіргайлу на карысць: зноў прыехаўшы праз колькі гадоў у Полацк вялікакнязеўскім намеснікам, ён прыняў хрост пад праваслаўным імем Іван. У Прыдзвінні памяткаю пра тыя даўнія падзеі засталася прымаўка: «Паехаў, як Скіргайла з Полацка».

Тым часам Андрэй Полацкі браў удзел у сутыкненнях з татарамі, у тым ліку і ў разгроме іхняга войска ў 1378 годзе на рацэ Вожы.

Барацьба з Ягайлам дапамагла Андрэю Полацкаму вызначыцца на Куліковым полі. Палітычныя ўмовы штурхалі Вялікае княства Літоўскае да альянсу з Залатой Ардой супроць агульнага ворага. Хан Мамай атрымаў ад Ягайлы абяцанне падтрымаць татараў збройнай сілай. Яго вораг Андрэй стаў пад сцягі маскоўскага валадара. 

Беларускае войска спынілася за дваццаць вёрстаў ад Куліковага поля і на бітву не пайшло. Няварта загадваць, якой каляінаю па­ка­цілася б наша гісторыя, каб Ягайла ўдарыў у спіну маскоўцам. Зрабіць гэтага ён проста не мог, бо ваяры-беларусы не захацелі ісці супроць аднаверцаў, добра памятаючы, як білі ардынцаў у 1362 годзе на Сініх Водах. 


У бiтве на Кулiковым полi ўдзельнiчала 2-тысячная полацкая дружына. Баявыя шыхты перад сечай. Мiнiяцюра XVI ст.

Гэта была першая буйная перамога над ардынцамі ва Усходняй Еўропе. У выніку перамогі на Сініх Водах украінскія землі былі вызваленыя ад татарскага ярма і перайшлі пад кантроль Вялікага Княства. Можна сказаць, што той бліскучы поспех Альгерда падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.

Андрэй Альгердавіч прывёў з сабою каля дзвюх тысяч полацкіх ратнікаў і ўзначаліў полк правай рукі – правы фланг маскоўскіх войскаў. Князь біўся ў адным шыхце з падначаленымі. На шостай гадзіне сечы полк левай рукі і палова вялікага палка паказалі татарскім шаблям ды арканам спіны. Правы фланг з палачанамі, хоць вакол яго і сціскаліся варожыя «абцугі», стаяў насмерць. Чаканне блізкай перамогі ўжо хмяліла Мамаю галаву, але тут у бітву ўступіў засадны полк. Палачане разам з тымі, хто выстаяў, перайшлі ў наступ, «и побегоша татарсции полци, а христианскии полци за ними гоняюще, бьюща и секуща». 

Добра, калі хоць траціна Андрэевай дружыны вярнулася пасля Кулікоўскай бітвы дахаты. Аднак і на радзіме не кожны з гэтых ваяроў памёр сваёй смерцю.

Андрэй па-ранейшаму ваяваў з Ягайлам. Марачы пра вялікакнязеўскі пасад, ён завёў хаўрус з крыжакамі, назваў лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам і прызнаў сябе ягоным васалам. Крыжацкія мячы расчысцілі князю дарогу назад у Полацк, ды на кані яму давялося быць нядоўга. Андрэй быў разбіты і надоўга трапіў у вязніцу. Трымалі яго за кратамі на ўсялякі выпадак далёка ад дзвінскіх берагоў, у Польшчы. Адтуль князя вызваліў ужо наступны гаспадар Вялікага княства Літоўскага – Вітаўт. 

Доўгае і бурнае жыццё найстарэйшы Альгердаў сын скончыў, як і належыць ваяру, на полі бітвы. Вітаўтава войска ў 1399 годзе рушыла на золатаардынцаў і сустрэлася з імі на рацэ Ворскле, што была левым прытокам Дняпра. (Дарэчы, на тым самым полі колькі стагоддзяў адбылася славутая Палтаўская бітва). Асноўную частку войска гаспадара Вітаўта складалі харугвы прыкладна пяцідзесяці князёў Вялікага Княства агульнай колькасцю блізу 20 тысяч ваяроў.

Спачатку татары зацягвалі час перамовамі, а пасля падыходу сваіх галоўных сіл атрымалі значную колькасць перавалу і здолелі акружыць Вітаўтава войска. Хурагвы нашых продкаў былі разбітыя.

Доўга балявалі на тым полі ваўкі і крумкачы. Пажываю ім была палова ўсіх воінаў Вялікага Княства, некалькі дзясяткаў славянскіх ды летувіскіх князёў. Ратуючы сябе, баявыя таварышы пакінулі іх непахаванымі. Вусцішнае відовішча адкрывалася на месцы сечы праз колькі гадоў: безліч вымытых дажджамі чалавечых шкілетаў.

Там, далёка ад роднай зямлі, трава прарасла і праз косці Андрэя Альгердавіча. 

У дзень, калі ён астатні раз бачыў сонца, князю ішоў семдзесят пяты год.

Ён застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля Андрэя Альгердавіча Полацкай зямлёй і яе сталіцай кіравалі ўжо вялікакнязеўскія намеснікі, а затым на абшары колішняга княства было створана Полацкае ваяводства. 

Яшчэ паўтара стагоддзя, да захопу войскамі маскоўскага цара Івана IV у часе Інфлянцкай вайны, Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам Вялікага Княства.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах