04.08.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Вялікі князь Альгерд

Сын Гедзіміна быў дзявятым па ліку вялікім князем літоўскім. Ён нарадзіўся ў 1296-м, а ўладарыў у дзяржаве нашых продкаў ад 1345 да 1377 года. За ягоным часам адбывалася далейшае ўмацаванне Вялікага княства, якое павялічыла сваю тэрыторыю. Альгерд паказаў сябе таленавітым военачальнікам і мудрым палітыкам.

Адзін з маскоўскіх летапісцаў пакінуў пра яго наступны запіс: «Князь Альгерд не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў спрытна, ваяваў не колькасцю ваяроў, а ўменнем». Рыцар, які прыязджаў у Вільню ў складзе нямецкага пасольства, дапоўніў характарыстыку гаспадара Вялікага княства такім партрэтам: «У князя велічны погляд, вочы блакітныя, валасы светла-русыя, росту ён вышэй сярэдняга, размаўляе гучным голасам і выдатна ездзіць на кані».


Замак у Мельнiках быў летняй  рэзiдэнцыяй Альгерда. Беларускi мастак ХIX ст. Напалеон Орда ўбачыў толькi  рэшткi былой велiчы

Альгерд цудоўна ведаў нямецкую мову, але з крыжацкімі пасламі заўсёды размаўляў праз перакладчыка. Старабеларуская мова зрабілася тады дзяржаўнай мовай Вялікага княства. Ёю валодала абсалютная большасць дзяржавы, незалежна ад нацыянальнасці.

Тым часам Інфлянцкі ордэн працягваў рабіць набегі і паходы на беларускія землі. Нямецкія рыцары імкнуліся адрэзаць дзяржаву нашых продкаў ад Балтыйскага мора. Альгерд адбіў шэсць вялікіх крыжацкіх нападаў. У 1348 годзе войска Вялікага княства сустрэлася з немцамі на прытоку Нёмана рацэ Стрэве. На дапамогу крыжакам прыйшлі рыцары-найміты нават з Англіі і Францыі. Большую частку нашага войска складалі беларускія палкі з Полацка, Віцебска, Смаленска, Берасця.

Сеча на Стрэве была надзвычай жорсткай. Немцы пашыралі чуткі пра сваю перамогу, але насамрэч бітва не прынесла ім вырашальнага поспеху.

У 1362 годзе, калі часова аслаб націск Ордэна і Вялікае княства Лістоўскае ўсталявала добрыя адносіны з Польшчай, Альгерд выступіў супраць татарскіх ордаў. Да ягонага войска далучылася рушанне, гэта значыць апалчэнне з Кіеўшчыны ды Валыні.

Каб у генеральнай бітве разграміць сілы татараў, Альгерд пастанавіў ісці ўглыбкі іх уладанняў. З Беларусі ён прывёў войска ў Кіеў, які стаў базай паходу. Далей на поўдзень пачыналася тэрыторыя, падуладная Ардзе. Альгерду процістаялі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў – Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай. Глыбокай восенню харугвы Вялікага княства пакінулі Кіеў і накіраваліся ў заходнія землі Падолля, насустрач татарам.

Бітва адбылася каля ракі Сінія Воды – левага прытока Паўднёвага Буга, што пазней стала называцца Сінюхай. Татары паставілі сваё войска ў тры палкі, якімі кіравалі султаны Кутлубук, Качыбей і Дзмітр. Альгерд жа размеркаваў харугвы ў шэсць палкоў так, каб яны ўтваралі як мага глыбейшую лінію абароны. Галоўным было не дазволіць праціўніку скарыстаць яго тактычныя перавагі, дзякуючы якім татары звычайна перамагалі ў палявых бітвах: разбуралі шыхты цяжкіх харугваў атакай па ўсім фронце, а потым імкліва заходзілі на флангі і ў заплечча, што і вызначала зыход сечы.

Гэтым разам татары не здолелі атачыць войска Вялікага княства і мусілі атакаваць яго шчыльныя шыхты. Ваяры Альгерда амаль без стратаў адбілі атаку ардынцаў. Тады ўжо князеўскія харугвы напалі на конніцу султанаў і адначасова з франтальным ударам атакавалі яе з флангаў. Татары не вытрымалі магутнага націску, пачаўшы ратавацца ўцёкамі.

Арганізаваны пераслед праціўніка давяршыў поўны разгром. Рэшткі татарскай конніцы ўцякалі да Дунаю і далей, у Дабруджу. Вайсковая моц трох ордаў, якія валадарылі на вялізных абшарах ад Кіеву да Чорнага мора, была знішчана ў адной бітве. Пераможцы завалодалі татарскім абозам і пайшлі яшчэ глыбей у Дзікае Поле, да вусця Паўднёвага Буга.

Татарскi хан ?

Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч ацэньвае перамогу Альгерда над татарамі наступным чынам:

«Сеча каля Сініх Водаў, у якой асабліва вызначыліся новагародцы, мела вялікае палітычнае значэнне. Яна сталася пачаткам вызвалення ўсходнеславянскіх земляў ад ардынскага панавання. Падуладная татарам тэрыторыя ажно да вусця Дняпра, Днястра і нізавіны Пазднёвага Буга перайшла пад кантроль Вялікага княства Літоўскага. Украінскія землі Падолля, Валыні і Кіеўшчыны, а таксама Чарнігаўшчына больш трывала ўвайшлі ў склад нашай дзяржавы і, зразумела, перасталі плаціць даніну Ардзе.

Разгром аб’яднаных татарскіх сіл каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Усходняй Еўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсходніх славян, што цярпелі золатаардынскае ярмо. Поспех Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.

Вялікі князь Альгерд вёў палітыку далучэння да нашай дзяржавы новых земляў на ўсходзе. Гэта выклікала вострую незадаволенасць Масквы.

У 1368 годзе маскоўскае войска напала на Цвер. Яе князь Міхаіл звярнуўся па дапамогу да Альгерда, які быў другі раз жанаты з цвярской князёўнай Уллянай. Высланыя супроць Альгерда палкі былі разбітыя, прычым амаль усе рускія ваяводы загінулі. Маскоўскі князь Дзмітры спаліў навакольны пасад і зачыніўся ў Крамлі.

Праз два гады Альгердава войска зноў з’явілася каля крамлёўскіх сцен. Вытрымаўшы васьмідзённую аблогу, Дзмітры папрасіў міру і прыслаў Альгерду багатыя дарункі. Як паведамляюць летапісы, вялікі князь літоўскі пашкадаваў крамлёўскага ўладара – «любоў сваю над ім учыніў, з Масквы яго не здабываў ды мір з ім узяў». Сваю перамогу ён засведчыў тым, што, сеўшы на каня, пад’ехаў да Крамля і дакрануўся да яго дзідай.

? Пераможца татараў у бiтве на  Сiнiх Водах вялiкi князь Альгерд

Аднак мір з Масквою працягваўся нядоўга. У 1372 г. цвярскі князь яшчэ раз прыслаў просьбу пра падтрымку ў барацьбе з агрэсіўнай Масквой. Наша войска вырушыла ў паход, які скончыўся новым замірэннем.

Вынікам Альгердавых паходаў на Маскву стала далучэнне да Вялікага княства Смаленскай і Бранскай земляў.

Альгерд, які пражыў болей за 80 гадоў, меў дванаццаць сыноў. Найстарэйшы з іх, Андрэй, княжыў у Полацку. Пасля бацькавай смерці ён разлічваў атрымаць вялікакняжацкую карону, аднак гаспадаром Вялікага княства стаў іншы Альгердаў сын – Ягайла. Андрэй з дружынаю мусіў пакінуць Полацк і заключыў альянс з маскоўскім князем Дзмітрыем. У Кулікоўскай бітве князь Андрэй камандаваў правым крылом рускага войска, а войска Ягайлы, якое ішло на дапамогу хану Мамаю, спынілася за колькі вёрстаў і ўхілілася ад удзелу ў сечы. Але гэта ўжо новы гістарычны сюжэт.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах