13.06.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Дойлід Іаан

Пра яго амаль не захавалася біяграфічных звестак. На жаль, не вядомыя нават прыблізна ні год нара­джэння нашага героя, ні час, калі ён пакінуў гэты свет. Засталіся імя і галоўны яго твор – Спасаўская, або, як яе яшчэ называюць, Спаса-Еўфрасіннеўская, царква ў Полацку. Вы ўжо здагадаліся, што мы гаворым пра сучасніка асветніцы Еўфрасінні геніяльнага полацкага дойліда Іаана.

Як вядома, Полацкае княства, дзе два з паловаю стагоддзі ўладарыла ўласная княская дынастыя Рагвалодавічаў, паспяхова адстойвала сваю незалежнасць ад Кіева. Апрача палітычных і эканамічных выгодаў гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў арыентацыі на кіеўскія ўзоры. Полацкае княства – не толькі першая беларуская дзяржава, але і калыска нашай культуры. Еўфрасіння была сярод руплівых выхавальнікаў гэтага «дзіцяці». Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, яна стала нашай першай мецэнаткай.


Унікальныя полацкія фрэскі ХІІ ст. уражваюць багаццем фарбаў, псіхалагічнай глыбінёй і эмацыянальнасцю. Маці Божая і Хрыстос Пантакратар (Уладар Сусвету). Дэталь фрэскавай размалёўкі ХІІ ст. з малельні Еўфрасінні ў Спасаўскай царкве

Якраз за часамі ігуменні Еўфрасінні склалася самабытная полацкая школа дойлідства, высокі ўзлёт якой і засведчыла стварэнне Спасаўскай царквы – неацэннага помніка сусветнай культуры.

З чым параўнаць яе бялюткае дзіва? З лілеяй у цёплай завоіне блізкае Палаты? З казачнай птушкай на зялёным поплаве? З журліва-светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?

А цяпер крыху фантазіі.

Бачыце ўжо немаладога станістага чалавека ў простай манаскай рызе, што ідзе сюды ад ракі скрозь смугу часу? Адкрыты абсівераны твар, сінія вочы з вугольчыкамі апантанасці, драбок будаўнічае рошчыны ў даўгіх жарых валасах. Пячатка вялікага клопату ляжыць на ўсім абліччы Іаана – полацкага манаха, кіраўніка арцелі муляраў, знакамітага дойліда. Ён ужо збудаваў цэрквы Параскевы-Пятніцы ды Барыса і Глеба ў задзвінскіх Бельчыцах, дзе жывуць полацкія князі. І цяпер вось стварае іншы, зусім непадобны да ранейшых храм.

Колькі разоў ён сніўся Іаану, змушаючы прахоплівацца сярод ночы і доўга ўглядацца ў цямрэчу манастырскай келлі!

Паводле «Жыццяпісу святой Еўфрасінні Полацкай», дойлід не раз чуў на досвітку таямнічы голас, што клікаў яго на будоўлю сабора ў гонар Хрыста Збавіцеля. «І аднойчы падняўся ён, і прыйшоў да Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, маці, пасылаеш па мяне?» А яна адказала: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе абуджаю, усё адно паслухай шчыра й уважліва таго, хто кліча цябе на чын…» Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву мураваную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў».

Заўтра храм вырвецца з павуціны рыштаванняў, як вылятае з вопрадня матылёк, і адкрыецца воку ва ўсёй сваёй прыгажосці. А пакуль Іаан яшчэ раз уважліва аглядае лёгка ўзнесены ў неба фасад, трох’ярусныя закамары з какошнікамі, купал-шалом. Заходняя сцяна значна таўсцейшая за астатнія. Па зробленых у ёй сходах дойлід падымаецца на хоры. У сярэдзіне царква здаецца значна вышэйшаю, чым напраўду. Уражанне ўзмацняюць вузкія выцягнутыя акенцы пад купалам.

Для Іаана і ягоных сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі Сусвету. У іх увасабляліся ідэалы хараства і гармоніі.

Помнік дойліду Іаану. Скульптар Аляксандр Шапо ?

Калі палачане ўбачылі новы сабор без рыштаванняў, іх агарнулі пачуцці, відаць, сугучныя адчуванням візантыйца Міхаіла Псела, які ў сваім трактаце «Хранаграфія» пісаў пра храмы: «Вока нельга адвесці не толькі ад невыказнай прыгажосці цэлага, з цудоўных частак сплеценага, але і ад кожнае часткі паасобку, і хоць ад іх можна атрымліваць асалоду бясконца, ніводнаю не ўдаецца налюбавацца дасхочу, бо позірк прыцягвае кожная».

Вядомы расійскі гісторык Леанід Аляксееў называе будаўніцтва манастырскага Спасаўскага сабора найбуйнейшай падзеяй полацкага і ўсяго старажытнага ўсходнеславянскага дойлідства. Здарылася гэтая па­дзея недзе паміж 1152 і 1161 гадамі. Ігумення Еўфрасіння была і фундатаркаю храма, змураванага неверагодна хутка, за адзін будаўнічы сезон, і дарадчыцай, натхняльніцай Іаана на творчы подзвіг.

«І асвяцілі царкву, – апавядае «Жыццяпіс святой Еўфрасінні», – і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. І сабраліся князі, і ўладарныя мужы, і інакі з інакінямі, і просты люд, і вялікае было свята, і святкавалі яго шмат дзён…»


Сучасны выгляд Спасаўскай царквы. Збудаваная дойлідам Іаанам у сярэдзіне ХІІ ст., яна стала вяршыняй полацкай архітэктурнай школы

Наватарскія архітэктурныя ідэі Іаана пашыраліся на радзіме і ў суседніх княствах. Напрыканцы ХІІ ст. полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор архангела Міхаіла. Узорам для гэтага храма была княжацкая царква, што стаяла ў Полацку на дзядзінцы. Міхайлаўскі сабор стаў асноваю фармавання смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі на Сінічай гары ў Ноўгарадзе царкву Пятра і Паўла.

Полацкаму Спасаўскаму сабору выпаў нялёгкі лёс. Два з паловаю стагоддзі ён належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Вернуты ў 1832 годзе праваслаўным, храм часткова пе­ра­будавалі, каб наблізіць ягоныя абрысы да канонаў афіцыйнай расійскай царквы. У выніку геніяльны твор Іаана істотна змяніў аблічча: на месцы пазакамарнага пакрыцця з’явіўся трохсхільны дах, шалом купалу ператварыўся ў «цыбуліну»… Але і сёння арганічна ўштукаваны ў наваколле храм нараджае надзвычай моцнае адчуванне заверша­насці і суладдзя.

Зойдзем у ма­настырскі сабор.

У чуйным паўзмроку глядзяць на нас са сцен і слупоў старажытныя вобразы. Адухоўленасць, багацце і вытанчанасць каларыту, свежасць вішнёвых, сініх, брунатных, блакітных, ружовых колераў і адценняў…

Гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе размалёўкі ХІІ стагоддзя ацалелі. Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адваж­валіся ні кіеўскія, ні ноўгарадскія майстры.

Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрым­лівае хоры. Твар намаляваны настолькі пранікнёна, што між­волі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс ягонага існавання. Гэтую фрэску называюць верагодным партрэтам Еўфрасінні Полацкай. Напэўна, якраз такой мог бачыць асветніцу яе выбітны сучаснік дойлід Іаан.

Найстаражытнейшая выява царквы Спаса (Спаса-Еўфрасіннеўскай) з фрэскі ХІІ ст., адкрытай у гэтым храме Уладзімірам Ракіцкім у 2000 г. ?


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах