06.11.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Канстанцін Астрожскі

Ягонае імя нават у сярэдзіне 80-х гадоў ХХ стагоддзя, апрача гісторыкаў, амаль ніхто не ведаў. Цяпер яно ўжо знаёма, напэўна, кожнаму грамадзяніну нашай краіны, які крыху цікавіцца гісторыяй. Князя Канстанціна Астрожскага ведаюць пераважна як пераможцу ў славутай бітве пад Оршай, дзе 500 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, наша 30-тысячнае войска ўшчэнт разграміла амаль утрая большыя сілы маскавітаў.

Так, гэта быў зорны час князя. Але, апрача Аршанскага трыумфу, на ягоным доўгім зямным шляху было яшчэ 62 ваярскія перамогі, былі падзеі, падарожжы і прыгоды, якіх хапіла б на некалькі жыццяў.

Народжаны ў 1460 годзе князь Астрожскі належаў да аднаго з найстаражытнейшых беларускіх родаў. Астрожскія былі нашчадкамі тураўскіх і пінскіх князёў.

Лёс не песціў яго. У раннім маленстве хлопчык застаўся сіратою. Ягоным выхаваннем займаліся старэйшы брат Міхаіл ды бацькавы баяры. Яны паклапаціліся, каб Канстанцін атрымаў добрую адукацыю пры віленскім двары ваяводы Марціна Гаштольда. Паколькі Астрожскія знаходзіліся ў сваяцтве бадай з усімі магнацкімі родамі Вялікага княства, кар’ера нашаму герою была забяспечаная. Ён мог падымацца па прыступках дзяржаўнай іерархіі і заняць урэшце нейкую значную пасаду ў вялікакняжацкай адміністрацыі. У нейкім сэнсе так яно і сталася, аднак сваё надзвычай высокае становішча ў дзяржаве Канстанцін Астрожскі здабыў не праз сувязі з уплывовымі асобамі, а амаль выключна сваім бліскучым ваярскім талентам.

Ужо ў маладосці ён паспяхова ваяваў з крымскімі татарамі, што былі хаўруснікамі маскоўскага князя Івана ІІІ. Татары спусташалі ўкраінскія землі Вялікага княства Літоўскага, нярэдка даходзячы і да Беларусі. Але тут войскі Астрожскага ставілі ім надзейную заслону.

У 1492–1494 гадах наш герой бярэ ўдзел у першай вайне Вялікага княства з Масковіяй, якая абвясціла пра свае прэтэнзіі на беларускія землі, называючы іх «искони русскими». У 1496-м Астрожскі зноў ваюе з татарамі, у прыватнасці ўдала абараняе ад захопнікаў Ровенскі замак.

? Найвышэйшы гетман Канстанцiн Астрожскi. Невядомы мастак першай паловы XVII ст.

Наступны, 1497 год стаў для князя лёсавызначальным. Увесну разам з братам Міхаілам ён разграміў татараў ва Украіне над ракой Сарокай. Тысячы палонных юнакоў і дзяўчат, якіх гналі ў рабства, атрымалі свабоду. Улетку таго ж года – новы паход на берагі Чорнага мора. Каля Ачакава Канстанцін Астрожскі разбіў татарскае войска Мэхмэт-Гірэя і ўзяў варожага ваяводу ў палон.

На талент Канстанціна звярнуў увагу найвышэйшы гетман Вялікага княства Пятро Белы. У верасні 1497-га Белы памёр, і ягоным пераемнікам, гэта значыць галоўнакамандуючым усімі збройнымі сіламі дзяржавы, стаў Астрожскі.

На тагачасных партрэтах мы бачым яго чалавекам невысокага росту, але магутнага целаскладу. Гетманскія булава і шабля часам выглядаюць у ягоных руках як цацкі. У спадчыну ад сваёй маці Настассі Глінскай, у жылах якой бегла ра­зам з беларускаю і татарская кроў, князь Канстанцін атрымаў чорныя валасы, цёмныя вочы і смуглую скуру. Гісторык Тэадор Нарбут на гэтай падставе аднойчы параўнаў Канстанціна Астрожскага з Напалеонам. Нарбут, вядома, меў на ўвазе не толькі знешнасць. Ён пісаў, што Астрожскі быў надзелены «не меншай мужнасцю, ваенным геніем, вытрымкаю і шпаркім ўзважаннем».

На 63 перамогі ў жыцці Канстанціна Астрожскага прыпадаюць усяго тры паразы. Але дзве з іх наўрад можна паставіць нашаму герою ў віну. У бітве з татарамі пад Сокалем найвышэйшы гетман меў войска, у дзесяць разоў меншае за варожае, але, хоць і не перамогшы захопнікаў, усё ж змусіў іх павярнуць назад у Крым. Яшчэ адна адносная няўдача напаткала Астрожскага ў 1514-м пад Смаленскам. Здабыць гэтую занятую тады маскоўцамі магутную фартэцу было немагчыма без абложных гарматаў, а іх гетман, на жаль, не меў.

Адзіную сапраўдную паразу, балючую і драматычную, гетман пацярпеў у 1500 годзе ў бітве з маскавітамі на рацэ Вядрошы. Тады, маючы 4-тысячнае шляхецкае рушэнне, Астрожскі безразважна распачаў бой з 40-тысячным непрыяцельскім войскам. Амаль усе нашы ваяры былі пасечаныя, а сам князь трапіў у палон.


Герб «Астрог», якiм карыстаўся княжацкi род Астрожскiх

Гетмана чакалі нечалавечыя пакуты. Служыць ворагу, маскоўскаму князю Івану ІІІ, Астрожскі лічыў абсалютна непрыймальным для сваёй годнасці. Гетман пагардліва адмовіўся ад пасады ваяводы, чым выклікаў у крамлёўскага ўладара шалёную злосць. Іван ІІІ загадаў не проста закаваць Астрожскага ў кайданы, але пры гэтым заламаць яму рукі за плечы, а замкі наручных кайданаў заліць волавам.

Князя Канстанціна завезлі на поўнач, у жудасны Валагодскі астрог, дзе яму было наканавана адпакутаваць бясконцыя шэсць гадоў. Толькі пасля смерці Івана ІІІ Астрожскі на пэўных умовах выйшаў на волю і неўзабаве, прычакаўшы зручнага моманту, уцёк на радзіму.

Адзначым, што Канстанцін быў шчырым вернікам, выхаваным у традыцыі праваслаўя. Пабожнасць гетмана дзівосным чынам уратавала яго на небяспечным шляху з Масковіі ў Літву.

Пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, Астрожскі са слугой ехаў праз вёску. Убачыўшы царкву, ён зайшоў памаліцца, а слуга рушыў далей. Уцекачы не ведалі, што непрыяцельская пагоня зусім блізка. Пакуль князь Канстанцін стаяў на малітве, слугу схапілі, але, прыняўшы за самога гетмана, гэтым і здаволіліся.

Вялікі князь Жыгімонт Стары сустрэў вяртанца з маскоўскай няволі прыязна. Астрожскаму вярнулі булаву найвышэйшага гетмана і ягоныя староствы. Апрача таго, князь Канстанцін атрымаў новыя маёнткі. Жыгімонт умеў цаніць вернасць і талент.

Не будзем падрабязна спыняцца на перамозе пад Оршай, дзень якой некалі павінен стаць у Беларусі дзяржаўным святам абаронцаў Айчыны. Заўважым толькі, што ў той бітве Астрожскі бліскуча выкарыстаў манеўр падманнага адступлення, тым самым завабіўшы маскоўцаў у пастку, пад знішчальны агонь артылерыі.

Мікалай Карамзін у сваёй «Гісторыі дзяржавы Расійскай» пісаў, што войскі Вялікага княства «яшчэ ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расейцамі». Пра бітву на рэчцы Крапіўне пад Оршай ведала ўся Еўропа: яе вывучалі як прыклад бліскучых пераможных дзеянняў малалікай арміі супроць значна большай збройнай сілы праціўніка. Гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам ці другім Сцыпіёнам, а ягоных ваяроў часта параўноўвалі з мужнымі антычнымі македонцамі.


Бiтва пад Оршай. Алейны жывапiс на дошцы. Невядомы мастак пачатку XVI ст.

У гонар Канстанціна Астрожскага вялікі князь Жыгімонт збудавай у Вільні трыумфальную арку, праз якую гетман на чале войска ўрачыста ўступіў у сталіцу нашай тагачаснай дзяржавы.

У той вайне з Масковіяй князь Канстанцін працягваў кіраваць вой­скам і надалей. Ягоныя войскі на поўдні ваявалі з захопнікамі ва ўкраінскіх землях, а на поўначы даходзілі да муроў Пскова.

Адзначаючы велізарную заслугу Астрожскага ў абароне Айчыны, Жыгімонт Стары надаў гетману прывілей з выключным правам ставіць сваю пячатку чырвоным воскам. Гэтае права мелі толькі асобы вялікакняжацкага і каралеўскага паходжання.

Свой магутны ўплыў і багацце Астрожскі выкарыстоўваў у розных сферах дзяржаўнага жыцця. Ён сваім коштам узбройваў і забяспечваў коньмі вялікія вайсковыя атрады. Будаваў храмы і памежныя замкі. Захоўваючы адданасць веры продкаў, ён шмат зрабіў для абароны правоў Праваслаўнай Царквы Вялікага княства.

Апошняя значная перамога гетмана Астрожскага была атрымана ў 1527 годзе на рацэ Альшанцы пад Кіевам, дзе наша войска разбіла татараў. Гетману ішоў 67 год. Да заканчэння яго зямнога шляху заставалася тры гады.

Смерць найвышэйшага гетмана ў 1530-м аплаквала ўсё Вялікае княства.

Хочацца верыць, што Беларусь дачакаецца таго дня, калі помнік Канстанціну Астрожскаму ўпрыгожыць адну з вуліц нашай сталіцы або Оршы, пад якой ён здабыў сабе вечную славу і памяць нашчадкаў.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах