21.07.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Кароль Міндоўг

У 40-я гады ХІІІ стагоддзя завяршылася аб’яднанне летапіснай Літвы з Новагародскім княствам. На княжацкі пасад у Наваградку сеў са згоды старажытнабеларускага насельніцтва князь Міндоўг. Гэтыя падзеі азначалі стварэнне новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, у якім адбылося фарміраванне беларускага народа як адметнага еўрапейскага этнасу. Як вядома, з цягам часу Вялікае княства сталася найбуйнейшай краінай Еўропы, прычым дзяржаўнае жыццё там адбывалася ў беларускіх нацыянальных формах, а старабеларуская мова некалькі стагоддзяў была дзяржаўнай.

Князь Міндоўг (Міндаў) нарадзіўся каля 1195 года. Паводле крыжацкіх крыніц ён мог быць сынам летувінскага князя Даўгерда, якога неаднаразова згадвае тагачасны нямецкі храніст Генрых Латвійскі. Упершыню імя Міндоўга ўпамінаецца пад 1219 годам, калі ён разам з іншымі «старшымі князямі» Літвы падпісаў дамову з Уладзіміра-Валынскім княствам.


Вялiкi князь лiтоўскi Мiндоўг. Гравюра з «Хронiкi Еўрапейскай Сарматыi Аляксандра Гванiнi». 1581 г.

Да сярэдзіны 30-х гадоў ХІІІ стагоддзя Міндоўг атрымаў уладу над большай часткай летапіснай Літвы. Яна знаходзілася ў альянсе, а магчыма, у васальных стасунках з добра вядомым у гісторыі галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. Але пасля таго, як Літва аб’ядналася з Наваградскім княствам і ўтварылася новая дзяржава, Даніла Раманавіч з хаўрусніка ператварыўся ў небяспечнага ворага.

Паводле Густынскага летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай рэзідэнцыі Наваградку Міндоўг ахрысціўся ў праваслаўе – веру сваіх падданых беларусаў. Аднак палітычная сітуацыя змусіла князя неўзабаве яшчэ раз змяніць веравызнанне.

У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Міндоўгу давялося весці барацьбу з незадаволенымі яго вярхоўнай уладай васальнымі князямі Ердзівілам, Таўцівілам і Вікінтам. Паўстаўшы, тыя паклікалі сабе ў дапамогу інфлянцкіх рыцараў, рыжскае арцыбіскупства і галіцка-валынскіх князёў. Гэтак утварылася магутная кааліцыя супраць Міндоўга. Тады ён паставіў на мэце раскалоць варожы блок. Падставай для гэтага стала саперніцтва паміж Інфлянцкім (Лівонскім) ордэнам і рыжскім арцыбіскупствам. Паколькі Рыга зблізілася з Міндоўгавым ворагам Таўцівілам і ахрысціла яго ў каталіцтва, нашаму герою лёгка ўдалося знайсці паразуменне ў Інфлянцкім ордэне.


Хрышчэнне Мiндоўга. Гравюра XIX ст.

За абяцанне прыняць хрысціянства рымскага абраду і аддаць ва ўладанне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе Міндоўг атрымаў падтрымку самога магістра ордэну і перамог варожую кааліцыю. Гэта быў грандыёзны поспех ягонай палітыкі.

Ахрысціўшыся паводле заходняга абраду, першы манарх дзяржавы нашых продкаў пайшоў на далейшае збліжэнне з каталіцкім светам, у прыватнасці – з Рымам. Рымскі папа Інакенцій ІV узяўся асабіста апекавацца Міндоўгам – уладаром гэтак званай «няхрышчанай краіны», бо праваслаўныя не лічыліся ў Рыме праўдзівымі хрысціянамі.

Гісторык Генадзь Сагановіч, які даследуе тую эпоху, у адной са сваіх кніг піша: «Міндоўг стаў асаблівым сынам святога рымскага касцёлу. Вянцом найлепшых стасункаў з Захадам была яго каранацыя: у 1253 го­дзе ў Наваградку Міндоўг атрымаў ад рымскага папы каралеўскую карону. Афіцыйна ягонае княства рабілася каралеўствам, што стварала падставы пэўнай стабільнасці ў стасунках з еўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе рымскі папа прызнаў Міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, што яшчэ больш умацавала пазіцыі нашага манарха ў хрысціянскім свеце».


Наваградскi замак. Рэканструкцыя Яўгена Кулiка

Аднак гэткай еўрапейскай арыентацыі Міндоўг трымаўся нядоўга. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненне з Інфлянцкім ордэнам, а потым і з рымскім папам ды пачаў адкрытую вайну супраць сваіх былых хаўруснікаў.

Што падштурхнула Міндоўга на такі крок? Магчыма, тое, як лічыць Генадзь Сагановіч, што князь сам пачуваўся паганцам і ўсе супляменнікі ягоныя – на той час яшчэ бальшыня насельніцтва дзяржавы – таксама былі паганцамі.

Магчыма, штуршком была барацьба Жамойці, якую Міндоўг аддаваў ордэну. Справа ў тым, што жамойты рашуча паўсталі супраць улады нямецкіх рыцараў. У кожным разе перамогай каля возера Дурбэ ўлетку 1260 года пачынаецца напружаная барацьба дзяржавы з інфлянцкімі і тэўтонскімі рыцарамі.

Састарэлага Міндоўга чакала небяспека не ў сечах з чужаземцамі, а ў яго ж дзяржаве. Як падае летапіс, князь «нача гордети велми, и вознесеся славою… и не терпяше противу себя никого же». Неабмежаваная ўлада, якой пры канцы жыцця карыстаўся Міндоўг, выклікала супраць яго змову трох князёў: жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла і нальшчанскага Даўмонта.


Пячатка Мiндоўга. Рэканструкцыя

У 1262 годзе вялікі князь Міндоўг гвалтам узяў да сябе Даўмонтаву жонку. Абражаны васал не меў дастатковай збройнай сілы, каб адпомсціць, і зрабіў выгляд, што скарыўся. Але неўзабаве ўзніклі спрыяльныя ўмовы, каб паквітацца за знявагу. Праз год войска Вялікага княства вырушыла ў паход на чарнігаўскія землі. Даўмонт са сваёй дружынай пакінуў яго і разам з жамойцкімі ваярамі князя Траняты знянацку напаў на Міндоўга, які з двума малодшымі сынамі быў тады ў Налібоцкай пушчы.

1263 год стаў апошнім і для Міндоўга, і для яго малалетніх Руклі і Рупекі. Усё адбылося ў традыцыях таго жорсткага, бязлітаснага часу. А больш падрабязна пра завяршэнне жыцця заснавальніка Вялікага княства Літоўскага можна прачытаць у аповесці Кастуся Тарасава «Апошняе каханне Міндоўга».


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах