14.07.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Князь Валодша

Доўгі час і ў навуковай, і ў мастацкай літаратуры гэтага князя называлі Уладзімірам. Ні раней, ні пазней Уладзіміраў у полацкай дынастыі не было. Пасля вядомага з летапісаў крывавага Рагнедзінага вяселля, калі князь Уладзімір наўгародскі забіў Рагвалода і аддаў Полацк агню, Рагвалодавічы не называлі сыноў імем ворага. Нялюбаснае палачанам князеўскае імя пайшло гуляць па кнігах з напісанай на лаціне ў ХІІ стагоддзі «Хронікі Лівоніі». Яе аўтар Генрых Латвійскі нязменна называе полацкага валадара каралём Вальдэмарам, і гэтае найменне заўсёды перакладалі як князь Уладзімір. У сваім даследаванні «Старажытная Беларусь» сучасны гісторык Мікола Ермаловіч пераканаўча давёў, што напраўду «караля Вальдэмара» звалі Валодшам. 


Бiтва ноўгарадскага князя Аляксандра Яраславiча са шведамi на Няве ў 1240 г. Ваяр з узнятым над галавой мячом – герой той сечы Якаў Палачанiн. Сярэднявечная гравюра

Ён займаў полацкі пасад трыццаць гадоў і ўвесь гэты час мусіў амаль бесперапынна змагацца з наступам нямецкіх рыцараў. У 1186 годзе, калі пачалося Валодшава княжанне, у Полацк разам з нямецкімі купцамі прыплыў на караблі каталіцкі манах Майнгард. Праз тлумача ён прасіў у князя толькі аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай Полацку зямлі паганцаў-ліваў, што жылі на нізавіне Дзвіны. Валодша, не хочучы псаваць плённых гандлёвых сувязяў з нямецкімі гарадамі, даў манаху згоду. 

Гэта была буйная палітычная памылка. Пачаўшы хрысціць ліваў паводле лацінскага абраду, Майнгард зрабіўся біскупам і разгарнуў у вусці Дзвіны будаўніцтва замкаў. Немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Пры наступніку Майнгарда біскупу Бяртольдзе папа рымскі абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага (Балтыйскага) мора. Вайна ў зямлі ліваў была прыраўнаваная да крыжовых паходаў у Палестыну.

Імкнучыся аднавіць уладу над сваімі старадаўнымі даннікамі ў Ніжнім Падзвінні, Валодша неаднаразова выпраўляўся ў паходы на рыцараў, аднак баланс сіл быў не на карысць Полацка. Спачатку мусіў спаліць свой горад і ісці з дружынаю ў свет полацкі васал князь Вячка, што валадарыў у Кукенойсе. Затым войска рыжскага біскупа Альберта ўзяло другі апорны пункт палачанаў у балцкіх землях – горад Герсіку, дзе кіраваў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Каб вярнуць захопленых немцамі жонку і дзяцей, а таксама вялікі палон, князь Усевалад прызнаў сябе васалам Рыгі. 

У пачатку 1216 года ў Полацк прыйшлі паслы ад эстаў, якія прасілі крывіцкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць ліваў і летаў, што выступалі ўжо на баку немцаў. Валодша разлічваў выкарыстаць варажнечу паміж біскупам Альбертам і створаным на захопленых немцамі прыбалтыйскіх землях ордэнам мечаносцаў. Князь спадзяваўся на дапамогу Пскова з Ноўгарадам, над якімі таксама навісла пагроза нямецкага наступу, аднак пскавічы і ноўгарадцы, узгадаўшы былыя крыўды, удзельнічаць у вайне адмовіліся.

Пачатак паходу князь прызначыў на травень, калі падсохнуць дарогі. У Полацк сабраліся палкі з удзельных княстваў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі павінны былі рухацца далей на плытах і стругах, конная дружына – суха­зем’ем.       Па­між Валодшам і Усеваладам з Герсікі існавала дамова, што той парушыць сваю вымушаную прысягу на вернасць Рызе і далучыць дружыну да полацкіх палкоў.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на князеўскі струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах ратнікаў, што стаялі пад шматколернымі сцягамі і белымі харугвамі. «Слава! Слава!» – крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах княгіні, малалетніх сыноў Барыскі ды Глеба і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. 

Рыцарскiя мячы ? 

? Пячатка ордэна мечаносцаў

Так загадкава абарвалася жыццё князя Валодшы. Гісторыкі неаднаразова выказвалі меркаванне, што гэта была не выпадковая смерць, што полацкага князя атруцілі агенты нямецкіх рыцараў.

Дарэчы, летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што Валодшу пакарала неба. Відаць, біскуп сам баяўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў. 

У 1216 годзе немцы дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў князеўскай вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя катапульты. Дарэмна чакала герсіцкая дружына. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь дазорцы хаўруснікаў Полацка з балцкага племя аўкштотаў.

Аднак князь Валодша за 30 гадоў свайго ўладарання так і не пусціў немцаў на славянскія землі нашай старажытнай дзяржавы.

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі аддзел мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Праз колькі гадоў былы князь Кукенойса Вячка загінуў у бітве, баронячы ад крыжакоў горад Юр'еў (цяперашні Тарту, дзе сёння імем адважнага Рагвалодавіча названая вуліца). 

Палітычная сітуацыя штурхала Полацк і Ноўгарад да альянсу. У 1239 годзе ноўгарадскі князь Аляксандар Яраславіч вянчаўся з Аляксандрай, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасны дабравест. Разам з пасагам маладая княгіня везла абраз Багародзіцы, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл. Праўда, Аляксандар Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што не раз хадзілі на рыцараў разам з князем Валодшам. 

У 1240 годзе ў сечы на неўскіх берагах здабыў сабе вечную славу лоўчы князя Аляксандра палачанін Якаў. Узброены адным мячом, ён бліскуча вытрымаў бой з некалькімі дзясяткамі рыцараў і заслужыў асабістую князеву пахвалу. Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ратнікі, што разам з віцяблянамі складалі траціну ўсяго войска, насмерць стаялі каля Варонінага каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонцаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк. 


Удзельнiк крыжовых паходаў. Тагачасная мiнiяцюра

У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі Валодшу і верылі, што князь, які так і не пусціў захопнікаў на крывіцкія землі, бачыць усё з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі. 

Полацкія воіны яшчэ не раз святкавалі перамогу над захопнікамі з захаду. Ра­зам з летувісамі, латышамі і эстамі яны ўшчэнт разбілі крыжакоў ля возера Дурбэ ў 1260 го­дзе. Праз два гады палачане дапамаглі пскавічам і ноўгарадцам прыступам узяць Юр’еў. Але гэта былі апошнія старонкі гісторыі магутнай Полацкай дзяржавы. Пад Юр’еў нашых продкаў вадзіў ужо не Рагвалодавіч, а князь Таўцівіл. У нашай гісторыі пачыналася новая эпоха, звязаная з Вялікім княствам Літоўскім, стваральным ядром якога сталі беларускія землі.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах