02.06.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Князь Усяслаў Чарадзей

Таямніца ахутвае ўжо ягоны прыход на свет. Як занатавана ў летапісе, маці нарадзіла Усяслава «ад валхвавання», гэта значыць, пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў. На галаве немаўля мела загадкавае «язвена», што вешчуны наказалі маці завязаць, каб сын насіў яго да смерці. Можа, гэта быў вялікі радзімы знак, якім пазначае сваіх абраннікаў неба?

Сучаснікі і нашчадкі верылі, што гэтага князя нябесныя сілы надзялілі вешчаю душою, што ён умеў перакінуцца ў шэрага ваўка, у яснага сокала ці ў тура з залатымі рагамі. Ужо пры жыцці пра полацкага ўладара складалі паданні. Ва ўсіх усходнеславянскіх землях з пакалення ў пакаленне перадаваліся быліны пра Волха Усяславіча – мудрага князя, смелага воіна, сына князёўны і лютага Змея, пераможцу індыйскага цара. Правобраз Волха – полацкі князь-вяшчун.


Помнiк Усяславу Чарадзею ў Полацку

Быліна пра Волха Усяславіча апавядае:

Пачаў сабе Волх дружыну збіраць,
Дружыну збіраў ён сабе тры гады.
Ён набраў дружыну сем тысячаў,
Сам ён, Волх, меў пятнаццаць год.

У такім вяку, можна лічыць, Усяслаў стаў князем. Тады атрымаецца, што полацкія вешчуны трымалі на руках немаўлятка з язвенам на галаве ў 1029 годзе.

Захоплена пісаў пра Усяслава Брачыславіча праз сотню гадоў пасля ягоных гераічных дзеяў аўтар «Слова пра паход Ігаравы». У полацкім князі, удачлівым саперніку самога бога Хорса, ён бачыў дзяржаўнага мужа, якога так не ставала славянскім землям перад пагрозаю нашэсця з Усходу.

Усяслаў князь людзям чыніў суды,
радзіў князям гарады,
а сам уночы ваўком рыскаў.
З Кіеву паспяваў да пеўняў да Тмутараканя.
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
ў званы святое Сафіі,
а ён той звон чуе ў Кіеве.

Праўда, як кажа далей «Слова»: «Хоць і вешчую душу меў у дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён». Крамністы шлях князя па жыцці як бы пацвярджаецца ягоным партрэтам з мініяцюры Радзівілаўскага летапісу. Худы, амаль іканапісны твар з вялікімі запалымі вачыма. Пакутніцкі погляд скіраваны ў сябе, а княжацкі вянец на галаве надта ж падобны на вянец з церняў.

Летапісы паведамляюць, што, выконваючы волю вешчуноў, князь Усяслаў усё жыццё так і насіў на галаве перавязь. Схаванаму пад ёю таямнічаму язвену прыпісваліся «нялітасцівасць Усяслава на кроў». Чарадзей сапраўды праліў нямала крыві, але большая частка яго доўгага княжання была ўсё ж аддадзеная мірным клопатам.

Дзесяць гадоў ён жыў у згодзе з Яраславам Мудрым, потым яшчэ дзесяць з ягоным сынам, кіеўскім князем Ізяславам, якому палачане дапамагалі ваяваць з качэўнікамі-торкамі. Якраз з тых мірных часоў, з паловы ХІ стагоддзя, плыве над Дзвіною велічны карабель Сафійскага сабору.

Усяслаў узводзіў храм у гонар святой Сафіі, каб сказаць свету пра роўнасць Полацка з Ноўгарадам і Кіевам, дзе такія саборы з’явіліся трохі раней. Дагэтуль мураваных храмаў палачане не ставілі, таму князь запрасіў у горад візантыйскіх дойлідаў. Да іх далучыліся мясцовыя муляры, бо нельга ж было, каб галоўны сабор Полацкай зямлі падымаўся ў неба рукамі адных чужынцаў.


Межы Полацкай дзяржавы пры Усяславе Чарадзеi

Недзе тут, каля вузкага акенца, вучоны манах выводзіў радкі Полацкага летапісу. Гады ва Усяслававы часы лічылі не ад Хрыстовага нараджэння, як цяпер, а ад стварэння свету. Відаць, мы ўжо ніколі не даведаемся, што занатавалі полацкія манахі пад 6574 або, паводле сучаснага летазлічэння, пад 1066 годам. Кіеўскі ж летапісец пакінуў такія словы: «Прыйшоў Усяслаў, і ўзяў Ноўгарад з жанчынамі і дзецьмі, і званы зняў са Святой Сафіі». Мірнае жыццё крывіцкага князя з суседзямі скончылася.

З рашучасці ды імклівасці дзеянняў Усяслава-ваяра можна толькі дзівіцца. Не паспеў праехаць пераможцам, як некалі ягоны бацька Брачыслаў, па наўгародскіх вуліцах, не паспеў нацешыцца галасамі прывезеных з багатаю здабычаю званоў, як на пачатку 1067 года вырушыў на Новагародак (сённяшні Навагрудак). Гэты горад некалі пабудаваў Яраслаў Мудры, каб завалодаць населеным літвою наваколлем і адтуль пагражаць полацкаму княству.

Палачанаў зноў вяла зорка ўдачы. Яны выбілі з Новагародку кіеўскую дружыну і заявілі пра свае правы на літоўскія землі. Другая перамога запар страшэнна ўстрывожыла трох сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам. У лютым таго самага года, аб’яднаўшы сілы, яны наважылі пераняць Чарадзея на шляху дадому.

Яраславічы слушна разлічылі, што вяртацца полацкія дружыны будуць праз Менск – умацаваны горад на паўднёвай мяжы свайго княства,  і вырашылі апярэдзіць Усяслава. Убачыўшы са сцен вялікае варожае войска, менчукі пастанавілі ўсё ж бараніцца, бо чакалі, што вось-вось падыдзе дапамога. Як кажа летапіс, яны «затварышася ў градзе», але адбіцца ад злучаных сіл паўднёвых княстваў не здолелі. Абаронцаў напаткала лютая расправа: усіх мужчын пасеклі, а жанчын і дзяцей ўзялі «на шчыт», значыцца, у палон.

Усяслаў не мог дазволіць ворагу прарвацца ў глыбіню сваёй краіны. 3 сакавіка войскі полацкага князя і Яраславічаў сышліся паблізу спаленага Менска на рацэ Нямізе. Тыдзень пагрозліва ашчаціньваліся дзідамі, стоячы ў глыбокім снезе, а потым «бысць сеча зла і мнозі падеша с обе стороны». Дзякуючы «Слову пра паход Ігаравы», пра тую сечу ведаюць ва ўсім свеце.

На Нямізе голавы сцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыццё кладуць на таку злюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў –
засеяны косцьмі рускіх сыноў.

Пераважна па паэтычных радках «Слова», якое ў нашай публікацыі падаецца ў перакладзе Рыгора Барадуліна, і можна сёння ўявіць бітву: адрывістыя загады ваяводаў, смяротныя ўдары дзідаў, звон мячоў, кіпенне крыві на здратаваным снезе і салодкае забыццё параненых, якіх мароз хутка выпраўляў у невараць.

Кіеўскі летапіс зусім лаканічны: Яраславічы, маўляў, перамаглі, а полацкі князь уцёк. Пакінем гэта на сумленні летапісца. Відаць, ён шчыра хацеў той перамогі. Дзіўна, аднак, што насуперак відавочным фактам кіяніну вераць паважаныя сучасныя гісторыкі. Вераць, не зважаючы на тое, што войска Яраславічаў не рушыла на Полацк, а замацавала гэтак званую «перамогу» адыходам на свае землі.

Усяслаў, хоць і дарагой цаною, абараніў Полацкую дзяржаву.

Праз чатыры месяцы ворагі сустрэліся зноў, цяпер каля Воршы. Усяслаў стаяў з дружынаю на правым дняпроўскім беразе, Яраслававы сыны – на левым. Кіеўскі князь прапанаваў вырашыць спрэчку палюбоўна на перамовах. Ён даў прысягу, што не ўчыніць полацкаму валадару аніякага ліха, і замацаваў абяцанне прынародным цалаваннем крыжа.

Тым разам вешчая Усяславава душа схібіла: нельга было верыць крыжоваму цалаванню і сыноў на перамогу браць таксама нельга было. Абяцанкаў кіеўскага князя хапіла датуль, пакуль Чарадзей з сынамі не зайшоў без аховы ў шацёр да ворага. Той махнуў рукой, наляцелі дружыннікі, і ў момант вока трое Рагвалодавічаў ляжалі на доле, звязаныя вяроўкамі.

Колькі разоў каяўся Усяслаў за сваю даверлівасць у жудаснай кіеўскай турме, куды яго кінулі, закаваўшы ў кайданы! Якому богу маліўся князь, у каго прасіў збавення ад палону – невядома. Аднак праз год вызваленне прыйшло.


Бiтва на рацэ Нямiзе

У 1068 годзе на Кіеўскую зямлю ўварваліся полаўцы. Князі Яраславічы выйшлі насустрач і былі ўшчэнт разбітыя. У Кіеве ўспыхнула паўстанне. «Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы на пятнаццаты дзень верасня, – сведчыць летапіс, – і праславілі яго пасярод княжага двара».

Усяслаў Брачыславіч стаў вялікім кіеўскім князем. Адмерана на гэта яму было мала – усяго сем месяцаў. Ды на тое ён і Чарадзей, каб за месяц паспяваць столькі, на што іншаму і года замала. Зрабіў з Кіева імклівы паход на Тмутаракань. Разграміў полаўцаў, змусіўшы тых схавацца ў глыбінях іхняга Дзікага Поля.

Аднак Усяслаў не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Збеглы Ізяслаў кіеўскі таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся разам з войскам свайго цесця, польскага караля Баляслава.

Праз сотні вёрстаў Усяслава ўладна клікалі званы полацкай Сафіі. Пакінуўшы Кіеўскае княства, князь вярнуўся на радзіму, у сваю дзяржаву. Ён ведаў, што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.

У 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка. Праз колькі гадоў пасля гэтага на Полацк пайшоў вайною вядомы ў гісторыі Уладзімір Манамах. Ласы кавалак аказаўся не па зубах. У 1078 годзе Манамах сабраў дружыны ўсіх паўднёвых княстваў, паклікаўшы на дапамогу ноўгарадцаў і палавецкую арду. І зноў адно аблізнуўся: Полацк выстаяў.

Будуць і іншыя бітвы, але, калі ўсходнеславянскія князі збяруцца ў 1097 годзе на вядомы з’езд ў Любечы, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчыну сваю», Чарадзей не пры­едзе. Ён не меў патрэбы нешта з некім дзяліць: ёсць свая дзяржава, ёсць вой­ска, што абароніць княства ад лютага ворага.

За часамі Усяслава крывіцкая зямля дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Абшарам Полацкае княства было роўнае такім тагачасным еўрапейскім дзяржавам, як герцагства Баварскае ці каралеўства Партугальскае. Апроч сталіцы яно налічвала васемнаццаць гарадоў: Віцебск, Браслаў, Заслаўе, Усвят, Копысь, Менск, Ворша, Лукомль, Лагойск, Друцк, Галоцічаск, Барысаў, Стрэжаў, Некалач, Еманец, Одрск, Гарадзец і Крывіч-горад, які потым будзе называцца Вільняй. Улада Полацка пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Балтыйскага, або, як яго тады называлі, Варажскага, мора. Гэта значыць, што Полацкае княства было марской дзяржавай.

Камусьці здаецца, што ўсё роўна тут былі задворкі Еўропы. Візантыйскі імператар Аляксей Камнін думаў іначай. Таму, маючы вялікі выбар, і ўзяў шлюб з Усяслававай дачкою. Сваяцтва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў з домам Камнінаў мела далёкія палітычныя і культурніцкія вынікі.

Але ніхто на гэтай зямлі не вечны. Калі верыць «Слову пра паход Ігаравы», прыдворны паэт кіеўскага князя Баян склаў Усяславу такую прыказку:

Ні хітраму,
ні спрытнаму,
ні чарадзею дасціпнаму
суду Божага не мінуць.

Час гэтага суду надышоў для Усяслава ў 1101 годзе. Значнасць ягонае асобы ў славянскім свеце падкрэслівае на дзіва дакладны запіс летапісца: «Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка на чатырнаццаты дзень, а дзявятай гадзіне дня, у сераду».


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах