19.06.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Князёўны Гардзіслава і Звеніслава

У маім канспекце лекцый па гісторыі Беларусі захаваўся запіс, у які сённяшнім студэнтам гістарычнага факультэта БДУ проста немагчыма паверыць. Яны штодня праходзяць паўз помніка асветніцы Еўфрасінні Полацкай, ужо даўно ўсталяваны ва ўніверсітэцкім двары, а мы, іхнія раўналеткі пачатку
1970-х, занатоўвалі ў сваіх сшытках, што (цытую) «Евфросиния Полоцкая была церковной мракобеской, которая курила опиум для народа». І надыктоўваў нам гэтае азначэнне не хто-небудзь, а сам тагачасны загадчык кафедры гісторыі БССР, доктар гістарычных навук Лаўрэнцій Абецэдарскі, які апрача ўсяго быў яшчэ і кансультантам Пятра Машэрава і ЦК КПБ па праблемах гістарычнага мінулага рэспублікі. Аднак, вяртаючыся да Еўфрасінні Полацкай, трэба прызнаць, что нам, тагачасным студэнтам, у нейкім сэнсе нават пашанцавала, бо мы ўсё ж пачулі яе імя, няхай сабе і ў негатыўным кантэксце. А вось выдадзеная тады 5-тамовая акадэмічная «Гісторыя Беларусі» пра Еўфрасінню не згадвае наогул.

На шчасце, часы на нашай зямлі няхай пакутліва і павольна, але ўсё ж змяняюцца да лепшага. Сёння пра святую Еўфрасінню Полацкую, самую адукаваную жанчыну ХІІ ст. ва ўсёй Усходняй Еўропе, ведае кожны беларускі школьнік. Значна менш вядома пра сясцёр і надзейных паплечніц асветніцы Гардзіславу і Звеніславу – князёўнаў з полацкай дынастыі Рагвалодавічаў.


Полацк. Спаса-Еўфрасiннеўскi манастыр. Паштоўка пачатку XX ст.

Як вядома, праз колькі гадоў пасля свайго пострыгу ў манашкі Еўфрасіння, унучка славутага князя Усяслава Чарадзея, заснавала пад Полацкам Спасаўскі жаночы манастыр, які стаў на старажытных беларускіх землях зыркім агменем асветы. Неўзабаве полацкая князёўна-ігумення стварыла ў родным горадзе яшчэ адзін манастыр – мужчынскі Багародзіцкі. Пры гэтых Божых цвярдынях былі адкрыты скрыпторыі – майстэрні па перапісванні кніг, іканапісныя майстэрні, школы, шпіталь. Памочніцамі і апораю Еўфрасінні ў яе шматлікіх клопатах сталі яе сёстры: родная Гардзіслава (у манастве Еўдакія) і стрыечная Звеніслава, якая, надзеўшы манаскае адзенне, атрымала імя Еўпраксія.

За сцены манастыру яны трапілі па-рознаму.

Маладая ігумення Еўфрасіння папрасіла бацьку, князя Святаслава-Георгія, прыслаць да яе малодшую сястру ў навучанне грамаце, а потым таемна пастрыгла здольную вучаніцу ў манашкі. Як сведчыць «Жыццяпіс святой Еўфрасінні», князь вельмі не хацеў аддаваць Богу другую сваю дачку. Горка плачучы, ён абдымаў Гардзіславу са словамі: «Дзеці мае! Ці ж дзеля гэтага вас нарадзіў я, ці ж на тое ўзгадавала вас маці? Дзеля чаго шлюб вам рыхтаваў? Няўжо шлюбныя ўборы ператворацца ў гора маё?»

Звеніслава прыйшла да сястры сама і ахвяравала храму Спаса свой багаты пасаг з каштоўных камянёў і залатога начыння. Еўфрасіння і Звеніслава-Еўпраксія былі асабліва блізкія між сабою. «Яко едина душа во двою телесу», – кажа пра гэтую блізкасць «Жыццяпіс».

Заўважым, што адрозна ад сясцёр – Еўдакіі і Еўфрасінні, бацька якіх не мог успадчыць полацкі пасад, Еўпраксія была дачкою старэйшага Усяслававага сына Барыса і мела высокія шанцы на выгодны шлюб. Аднак прывесці яе ў манастыр магло не толькі жаданне ахвяравацца Хрысту, але і важная вонкавая прычына. Рэч у тым, што ў 1129 г. Кіеў атрымаў над Полацкам часовую перамогу і князі з дынастыі Рагвалодавічаў былі высланыя ў Візантыю. Хоць высылка і мела ганаровы характар, але ўсё адно была цяжкім выпрабаваннем, пазбавіць ад якога жанчыну маглі толькі манастырскія сцены.

Тры сястры заставаліся разам усё далейшае жыццё. Еўпраксію асветніца Еўфрасіння абрала спадарожніцай, выпраўляючыся напрыканцы зямнога шляху ў Ерусалім. Роднай сястры, пакідаючы ў 1167 годзе Полацк, яна даручыла «ўладарыць і кіраваць абодвума манастырамі». Пазней Еўдакія заняла месца ігуменні і працягвала асветніцкую дзейнасць сваёй сястры і настаўніцы.

Здзейсніўшы на схіле жыцця духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю, Еўфрасіння Полацкая ўжо не вярнулася жывою ў родны горад. «Жыццяпіс» асветніцы паведамляе: «Давыд жа, брат яе, і сястра Еўдакія пахавалі цела яе ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы ў Ерусаліме». Завяршыўшы свае сумныя клопаты, паломнікі павезлі журботную вестку ў Полацк.

Старонка «Жыццяпiсу Еўфрасiннi Полацкай». Рукапiс XVII ст. ?

Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што якраз Еўпраксія-Звеніслава і стала аўтаркай «Жыццяпісу Еўфрасінні Полацкай» або мела да яго стварэння непасрэднае дачыненне. Па-першае, шмат якія эпізоды жыцця асветніцы ўбачаныя і паказаныя надта ж па-жаночы (напрыклад, згаданы намі плач князя Святаслава). Па-другое, найбольш падрабязная частка «Жыццяпісу» прысвечана якраз паломніцтву, у якім улюбёная сястра была, як мы ведаем, спадарожніцаю будучай святой.

Што да Еўдакіі-Гардзіславы, то яна пасля скону Еўфрасінні ўзначаліла Спасаўскі манастыр. Выглядае вельмі верагодным, што якраз ігумення Еўдакія адна з першых пачала дабівацца кананізацыі старэйшай сястры. З гэтай мэтаю яна магла ліставацца са сваім сучаснікам Кірылам Тураўскім, знакамітым усходнеславянскім пісьменнікам і прапаведнікам. На той час Кірыла ўжо заняў епіскапскую кафедру і меў вялікі ўплыў у царкоўных колах.


Полацкiя фрэскi, асаблiва жаночыя вобразы, уражваюць сваёй жыццёвай верагоднасцю. Невядомая святая. Спасаўская царква ў Полацку. XII ст.

Калі будзеце ў Полацку, абавязкова завітайце ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і наведайце збудаваную геніяльным дойлідам Іаанам у ХІІ стагоддзі Спасаўскую царкву. Заходняя сцяна гэтага храма значна таўсцейшая за астатнія. Па зробленых у ёй сходах вы зможаце падняцца на хоры. Паабапал іх – дзве вузенькія келлі: правая, калі стаць тварам да алтара, – Еўфрасінніна, левая – яе сястры Еўдакіі. Вобразы сясцёр асветніцы, магчыма, захаваліся да нашых дзён на фрэсках храма Спаса.

Помнік святой Еўфрасінні з’явіўся не толькі пад вокнамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Асветніца вярнулася ў бронзе і ў свой родны Полацк. Застаецца марыць пра той час, калі будзе ўшанаваная памяць яе сясцёр і ахвярных памочніц.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах