30.06.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Кірыла Тураўскі

Жыццёвы шлях гэтага выдатнага сына нашай зямлі пачаўся каля 1130 г. у старажытным Тураве. Родны горад Кірылы, вядомы летапісцам з 980 года, быў сталіцай моцнага княства і адным з галоўных агменяў усходнеславянскай асветы. У багатых тамтэйшых кнігазборах захоўвалася рукапіснае Тураўскае Евангелле XI ст., самая ранняя вядомая вучоным кніга, створаная на абшары Беларусі.

«Жыццяпіс» Кірылы Тураўскага не паведамляе дакладных дат пачатку і канца яго зямной дарогі. Не надта багаты ён і на іншыя звесткі. З жыццяпісу вядома, што Кірыла быў сынам багатых бацькоў, але багацце і «славы тленныя мира сего» яго не вабілі. Спачатку ў бацькоўскім доме, а потым у мясцовым епіскапскім манастыры будучы пісьменнік атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі як візантыйскага, так і рымскага свету. Ёсць падставы лічыць, што Кірыла вучыўся і ў Кіеве. Жыццяпіс паведамляе, што ён «добре извыче святых книг поучению».


Беларускi праваслаўны храм Cвятога Кiрылы Тураўскага ў Нью-Ёрку

Імкненне глыбей спасцігнуць мудрасць «божественных писаний» прывяло юнака да намеру прыняць манаскі чын. Надзеўшы рызу, малады Кірыла займаўся прапаведніцтвам, навучаючы манахаў і свецкіх людзей. Грунтоўнае знаёмства з творамі грэчаскіх аўтараў спрыяла поспеху яго першых літаратурных спроб. Адукаванасць, красамоўства і праведнае жыццё яшчэ ў маладосці зрабілі імя манаха Кірылы вядомым. Але душа прагнула большага, і ён, як апавядае жыццяпіс, «во столп вшед затворися, и ту с постом и молитвою паче себя тружаяся, и много божественная писания изложи».

Кірыла быў першы ва ўсходніх славян манах, які здзейсніў духоўны подзвіг стоўпніцтва. Адмовіўшыся ад марнасці свету, хрысціянскія стоўпнікі ўтаймоўвалі плоць і ўдасканальвалі дух. Зачыніўшыся ў высокай драўлянай вежы, што стаяла на прыпяцкім беразе водбліз манастыру, малады манах маліўся і пісаў свае творы. З-пад ягонага пяра выходзілі натхнёныя аповесці, «словы», прыпавесці, пасланні і павучанні. Ужо ў гэтым часе да Кірылы прыйшла літаратурная слава. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходнеславянскіх княствах.

«Славен бысть по всей земли той, – апавядае жыццяпіс, – умолением князя и людии града того, от митрополита поставлен бысть епископом граду Турову». Кірыла пакінуў сваю вежу і стаў епіскапам Тураўскім. Згадзіўся на гэта ён не адразу і, відаць, не раз потым з сумам успамінаў ранейшае зацішнае жыццё і доўгія гадзіны сам-насам з чыстым пергаменам або кніжнаю старонкай. Невыпадкова напрыканцы зямнога шляху Тураўскі вярнуўся ў манастыр і жыў, як сведчыць «Жыццяпіс», «у святога Міколы ў Тураве». Там незадоўга да смерці ён стварыў малітоўныя вершы – найкаштоўнейшую частку сваёй пісьменніцкай спадчыны.


Першая старонка «Слова на ўзнясенне Гасподняе» Кiрылы Тураўскага

Тураў пахаваў земляка недзе блізу 1190 г. Праз некалькі дзесяцігоддзяў было складзена пахвальнае слова ў гонар пісьменніка, якое называе яго другім Залатасловам, што «паче всех воссиял на Руси». Творы Кірылы Тураўскага і сёння захапляюць вобразнасцю і пранікнёнасцю, простасцю і шчырым клопатам пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў.

Да нашых дзён зберагліся восем ягоных «слоў»-казанняў, некалькі павучальных аповесцяў, напрыклад «Аповесць пра беларызца і манаства», а таксама некалькі прыпавесцяў, сярод якіх «Прыпавесць пра душу і цела». Апрача таго, пяру Тураўскага належаць два каноны і каля трох дзясяткаў вершаў. Свае напісаныя вытанчанаю царкоўнаславянскай моваю «словы» Тураўскі складаў з нагоды розных хрысціянскіх святаў – «Слова на Вербніцу», «Слова на Вялікдзень», «Слова на Ушэсце». Вершы-малітвы ствараліся на кожны дзень тыдня і чыталіся пасля набажэнстваў уранні, удзень і ўвечары.


Кiрыла Тураўскi. Лiтаграфiя сучаснага беларускага мастака Пятра Драчова

Найстаражытнейшы рукапіс з малітвамі Тураўскага, што дайшоў да нас, датуецца ХІІІ ст. Безліч разоў гэтыя творы памнажаліся і разыходзіліся ў рукапісных спісах. У 1596 г. у друкарні Віленскага брацтва Сашэсця Святога Духа выходзіць першае друкаванае выданне малітваў геніяльнага тураўца. Потым творы Тураўскага неаднаразова перавыдаваліся ў Беларусі, Украіне і Масковіі.

Сёння старажытныя шэдэўры Кірылы Тураўскага перакладзены на сучасную беларускую мову. Большасць перакладаў зрабіў Аляксей Мельнікаў, малады таленавіты да­следчык, чый жыццёвы шлях, на жаль, вельмі рана абарваўся.

Помнiк Кiрылу Тураўскаму ў яго родным горадзе. Скульптар Мiхась Iнькоў

А вось як гучыць паэтычны голас нашага выдатнага суайчынніка святога Кірылы на той мове, якою ён стварыў свае шэдэўры:

Дерзаю умом Тебе безпрестанно молитися и, мыслю разслабев, ни часа молитве оставих: духом желаю Тебе предстояти день и нощь, и телом низпадаю в тине злодеяний моих.

Очисти мя, яко Спас, и прости мя, яко Бог!

Очисти скверну души моея и буди ми помощник.

Силою креста Твоего огради мя и духом святым Твоим

утверди мя.

Взыщи мене на житейстем
распутьи блудящего.

Очисти уста моя словес Твоих

чистотою.

Прими воздыхание убогаго моего

сердца.

Славословлю пречестное имя Твое

Богородице.

Прими словесную сию жертву от уст грешен.

Не отверзи моления раба Твоего.

Обнови душу мою покаянием.

Да спасена будет ми душа.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах