07.07.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Лазар Богша

Славуты полацкі крыж, які стаў нашай неацэннай нацыянальнай святыняй, быў створаны адмыслова для царквы Спаса-духоўнага цэнтра Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Ігумення Еўфрасіння замовіла полацкаму майстру-ювеліру крыж-каўчэг для прысланых ёй з Царгораду і Ерусаліму хрысціянскіх рэліквій. Такую важную замову трэба было выканаць пад наглядам самой ігуменні, якая магла стаць і аўтаркай эскізу.

Звестак пра палачаніна Богшу захавалася надзвычай мала, прычым усе яны дайшлі да нашых дзён дзякуючы ягонаму геніяльнаму твору.

Крыж шасціканцовы. Ягоная форма сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён Сусвет. Аснова крыжа – кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы.


Святыя Канстанцін і Алена. Гэты ўнікальны абразок ХІІ ст. з мяккага каменю з пазалотай археолагі знайшлі ў Полацку ў 1967 г.

Рэліквія мае вышыню каля 51 сантыметра; даўжыня верхняй папярочкі – 14, ніжняй – 21, таўшчыня – 2,5 сантыметра. Зверху і знізу дрэва закрываў дваццаць адзін залаты пласток з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццаццю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям.

На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы ды Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання – чацвёра евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе – патроны (нябесныя апекуны) замоўцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгі і Сафія. На адгорце размешчаны выявы айцоў царквы Іаана Залатаслова, Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана, Зміцера і Панцялеймана.

Усярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачак крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, аскепак каменя ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцялеймана ды кроў святога Зміцера. 3 бакоў Богша абклаў дрэва дваццаццю срэбнымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жэмчугу.


«Рагвалодаў камень» з-пад Оршы. 1171 г.

Паводле задумы Еўфрасінні святыня павінна была вечна «жыва­тварыць» душы палачанаў і ўсіх насельнікаў роднай зямлі. Крыж спалучаў хрысціянскія каштоўнасці з патрыятычнымі ідэаламі. Ён адначасова быў сімвалам і святасці старажытнай Беларусі, і яе дзяржаўнасці.

Крыж Еўфрасінні – яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі дробны надпіс паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, съделавъшему крьсть сии цръкви святаго Спаса о Офросиньи». На пазалочаных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. У перакладзе на сучасную беларускую мову ён гучыць так: «У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве Святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да... (пропуск) 40 грыўняў. I хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...».

У першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў – мабыць, атрыманая Богшам плата. Гэта вялікія па тым часе грошы: прыкладна столькі плацілі за 8000 локцяў (4000 метраў) драўлянай маставой або за паўтары сотні лісіных шкур. Надпіс на крыжы сведчыць, што Богша, у хрышчэнні Лазар, – заможны і асабіста свабодны чалавек.


Нацыянальная святыня беларусаў – Крыж Еўфрасінні Полацкай. Фота пачатку ХХ ст.

Страх перад Божаю караю, што абяцаў змешчаны на крыжы заклён, быў не ўсемагутны. Пры канцы XII ст. рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 старажытны беларускі горад Смаленск, вялікі князь Васіль ІІІ забраў крыж з кафедральнага Успенскага сабора ў Маскву. У часе Інфлянцкай вайны Іван Жахлівы, замольваючы грахі пасля ўчыненай у Полацку на ягоны загад разні, загадаў вярнуць святыню на ранейшае месца.

Пасля таго, як вялікі князь Сцяпан Батура аддаў храм Спаса ордэну езуітаў, палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што ад канца XVI ст. быў уніяцкім. У 1812 годзе, калі Полацк на колькі месяцаў трапіў у рукі французаў, манахі-базыляне замуравалі рэліквію ў нішы сабора. У дзень памяці святой Еўфрасінні ў 1841-м хросны ход перанёс крыж Лазара Богшы з Сафіі ў Спасаўскую царкву.

За савецкім часам рэліквію рэквізавалі бальшавікі. Адмысловая экспедыцыя, наладжаная ў 1928-м дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея акадэмікам Вацлавам Ластоўскім, знайшла крыж у полацкім фінаддзеле і перавезла ў Мінск. У 1929 ён трапіў у Магілёў, дзе спачатку знаходзіўся ў музейнай экспазіцыі, а потым у пакоі-сейфе ў будынку абкама партыі, адкуль знік у 1941-м. У складзеным пасля вызвалення горада акце кошт крыжа ацэньваўся на шэсць мільёнаў рублёў.

Версія, паводле якой крыж выкралі нямецкія захопнікі, гучыць непераканаўча: Магілёў знаходзіўся далёка ад дзяржаўнай мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Найверагодней, што рэліквія паехала на ўсход. На запыт магілёўскага абласнога музея з Эрмітажу паведамілі, што адразу па вайне крыж Лазара Богшы быў прададзены на аўкцыёне ў нью-ёркскую калекцыю мільянераў Морганаў. Пошукамі святыні ў розны час займаліся навукоўцы Адам Мальдзіс і Георгі Штыхаў, першы міністр замежных спраў незалежнай Беларусі Пётра Краўчанка, журналіст Алесь Лукашук, дзеячы беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўт Тумаш, Вітаўт Кіпель, Антон Шукялойць, а таксама некаторыя авантурнікі з Расіі. У 1990 годзе на афіцыйны запыт нашага Міністэрства замежных спраў з фундацыі Морганаў прыйшоў адказ, што там крыжа няма. Найбольш верагодным сёння выглядае, што наша нацыянальная святыня знаходзіцца ў адным з музейных сховішчаў Расіі.

У 1997-м беларускі мастак-ювелір Мікола Кузьміч завяршыў пяцігадовую працу над стварэннем вобразу Крыжа святой Еўфрасінні, узноўленага на замову Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Міколу Кузьміча, які жыве і працуе ў Берасці, можна заслужана назваць сучасным Богшам. Мастаку шляхам велізарных намаганняў і бяс­концых спробаў і доследаў удалося аднавіць тэхналогію перагародкавай эмалі XII стагоддзя.

Сама ўзноўленая святыня захоўваецца цяпер у старажытным Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку. Будзьма верыць, што некалі туды вернецца і крыж, што памятае рукі Лазара Богшы і вусны святой Еўфрасінні – нябеснай заступніцы Беларусі.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах