22.12.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Леў Сапега

Ён паходзіў са старажытнага праваслаўнага беларускага роду, карані якога на Смаленшчыне. Будучы вялікі канцлер Вялікага княства Літоўскага нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў вёсцы Астроўна, якая цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Шасцігадовага хлопчыка бацькі завезлі ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном і мецэнатам стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны.

Тым часам Нясвіж быў адным з культурных цэнтраў Вялікага княства. Высокім узроўнем адукацыі славілася адкрытая Радзівіламі школа. Якраз тады ў тамтэйшай друкарні Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі. Мікалай Чорны вызнаваў кальвінізм, але пры яго двары панавала талеранцыя, што назаўсёды заклала ў душу Сапегі непрыняцце рэлігійнага фанатызму.

Схільнасць юнака да навук, выдатныя здольнасці і вольнае валоданне некалькімі мовамі спрыялі таму, што князь Радзівіл паслаў трынаццацігадовага Льва разам са сваімі сынамі вучыцца ў Лейпцыгскі ўніверсітэт. Там Сапега вывучаў гісторыю, філасофію і права. Са сцен альма-матэр ён выйшаў ужо добра і усебакова падрыхтаваным палітыкам. Адукаванасцю і выдатным веданнем лацінскай мовы Сапега ўразіў вялікага князя і караля Сцяпана Батуру (Стэфана Баторыя). З парады сваіх апекуноў Радзівілаў малады палітык застаўся пры двары, каб бараніць інтарэсы Вялікага княства, якое пасля Люблінскай уніі 1569 года мусіла пайсці на небяспечнае збліжэнне з Польшчай.


Канцлер Леў Сапега. Алейны партрэт XVII ст.

У няпоўныя дваццаць тры гады наш герой ужо займаў пасаду сакратара княства. Адданы патрыёт Бацькаўшчыны, Сапега вёў паспяховую палітыку процістаяння імкненню Кароны да поўнай гегемоніі над Вялікім княствам. Умацаванню становішча Сапегі паспрыяла распачатая Масковіяй Інфлянцкая вайна. Сваім коштам ён стварыў і ўзброіў гусарскі полк, на чале якога здабыў ваенную славу ў бітве пры Вялікіх Луках і ў аблозе Пскова.

Пасля вайны Леў Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову, паводле якой Масква мусіла вярнуць Полаччыну і Інфляндыю (Лівонію), а таксама вызваліць без выкупу тысячу палонных жыхароў Вялікага княства Літоўскага. Гэта была вялікая дыпламатычная ўдача, і, вярнуўшыся на радзіму, кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а ў 1589 годзе — вялікім канцлерам, другім чалавекам у дзяржаве пасля манарха. Захоўваючы гэтую пасаду на працягу трыццаці з лішнім гадоў, Леў Сапега вызначаў унутраную і знешнюю палітыку княства.

Вялікі князь Жыгімонт Ваза даручыў яму кіраўніцтва пад­рыхтоўкаю Трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага. Прыняцце ў 1588 годзе гэтага самага прагрэсіўнага на той час у Еўропе збору права было бліскучай палітычнай перамогаю Сапегі. Статут аніяк не спрыяў зліццю Вялікага княства з Каронай, бо захаваў артыкулы пра самастойнасць княства ў складзе канферэрацыі і забарону палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Новы збор законаў быў выдадзены ў віленскай друкарні Мамонічаў пад асабістым наглядам Сапегі, з ягонымі прадмовамі і ягоным коштам. Статут, дарэчы, надалей замацоўваў беларускую мову ў якасці дзяржаўнай мовы Вялікага княства. На ёй ён быў укладзены і надрукаваны. Такім чынам наш старажытны заканадаўчы кодэкс быў зразумелы і даступны кожнаму пісьменнаму чалавеку. Гэта выгодна адрознівала Статут Вялікага княства ад збораў законаў заходнееўрапейскіх краін, напісаных і выдадзеных на незразумелай простым людзям лаціне.

Захаванню самастойнасці нашай дзяржавы служыла і стварэнне пры непасрэдным удзеле Сапегі Галоўнага Літоўскага Трыбунала — найвышэйшага апеляцыйнага суда, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойму.

Канцлер Леў Сапега вялікую ўвагу заўсёды надаваў усходняму вектару міжнароднай палітыкі Вялікага княства, прычым ніколі не рабіў гэта на шкоду сваёй дзяржаве і яе суверэнітэту. У 1600-м Сапега ўзначальваў пасольства ў Маскву, дзе быў заключаны мір на дваццаць гадоў. Але палітычныя ўмовы імкліва мяняліся. У 1609-м распачалася новая вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй. Яе вынікам стала падпісанае Сапегам Дзявулінскае замірэнне 1618 года, паводле якога ў склад нашай дзяржавы былі вернутыя велізарныя тэ­ры­торыі —Смаленшчына са Смаленскам, Чарнігаўшчына і Ноўгарад-Северская зямля з трыццаццю гарадамі.

Дзявулінскае замірэнне не толькі паклала канец доўгай спусташальнай вайне, плацдармам якой была Беларусь, але і надоўга злучыла ў адну цэласць этнічныя беларускія землі.


Герб Сапегаў «Лiс»

Вялікі канцлер Леў Сапега, хоць і вызнаваў каталіцтва, быў прыхільнікам уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, якая, на ягоную думку, была закліканая ўмацаваць дзяржаву. Ён стаў паслом караля і вялікага князя на царкоўны сабор, які разглядаў пытанне канфесійнага паразумення.

Сапега дзейсна спрыяў падпісанню Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года, якая, захаваўшы ўсходнюю абраднасць, паяднала праваслаўную царкву беларускіх і ўкраінскіх земляў з каталіцкім касцёлам. У сваіх лістах Сапега неаднаразова перасцерагаў ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да праціўнікаў уніяцтва. Канцлер, як спрактыкаваны палітык, бачыў, што ва ўмовах перманентнай агрэсіі з боку Масковіі унія пераможа мірным шляхам.

Пры канцы жыцця Леў Сапега восемь гадоў быў вялікім гетманам. І тут ён паказаў сябе не толькі таленавітым ваяводам, але і чалавекам, які інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсё іншае. Калі на Вялікае княства напалі шведы, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.

Вялікія заслугі мае і як мецэнат, што дапамагаў мастакам і пісьменнікам. Паэт XVI стагоддзя Андрэй Рымша ў сваёй одзе на герб Льва Сапегі пісаў:

Пры каторых з аружжам конны воін стаіць,
Знакам таго, іж ся зь іх ні адзін не баіць.
Служыць сваім спадаром ку кождай патрэбе,
Ня літуючы скарбаў, ні самога себе.

Рупнасцю Льва Сапегі былі спарадкаваныя і перапісаныя некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі — архіва дзяржавы, які з’яўляецца неацэннай гістарычнай крыніцай. Перад сконам, які надышоў у 1633 годзе, наш герой шчодра адарыў зафундаваныя родам Сапегаў храмы і быў пахаваны ў адным з іх — віленскім касцёле Святога Міхала.

Леў Сапега назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі ўзорам палітыка, які перадусім ставіў інтарэсы сваёй дзяржавы, паслядоўна і эфектыўна адстойваючы яе незалежнасць.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах