01.12.2014

 - Газета

Галерэя Клiо. Мацей Стрыйкоўскі

Ён належыць да тых гістарычных асоб, якія нарадзіліся  па-за  межамі  Літвы-Беларусі , але лічылі яе Айчынай і аддавалі ёй свае таленты, а часам і жыццё.

Адзін з першых гісторыкаў Усходняй Еўропы, паляк з паходжання, Мацей Стрыйкоўскі прыйшоў на свет увесну 1547 года. Здарылася гэта ў Стрыкове каля Лэнчыцы. Тамсама, на зямлі бацькоў, ён скончыў парафіяльную школу, а неўзабаве ў няпоўныя 17 гадоў трапіў у Вялікае княства Літоўскае. Тут яму было наканавана стаць літвінам па духу і ўславіць новую радзіму ў сваіх творах, якімі адначасна спекаваліся музы паэзіі і сама Кліо. Яго называюць Гамэрам Вялікага княства. Стрыйкоўскі, бясспрэчна, нейпрыкметнейшы сярод польскамоўных паэтаў Беларусі XVI ст. Але перадусім ён вядомы нам, нашчадкам, як аўтар першай друкаванай гісторыі нашай дзяржавы ад легендарных часоў да 1580 года.

На нашых землях Мацей Стрыйкоўскі з’явіўся ў  1563-м . Ішла развязаная Масковіяй цяжкая Інфлянцкая (Лівонская) вайна. У тым самым годзе велізарная варожая арда на чале з Іванам Жахлівым захапіла Полацк, дзе заваёўнікі ўчынілі вусцішныя злачынствы. У горадзе было знішчана ўсё неправаслаўнае жыхарства, а дзясяткі тысяч праваслаўных палачан пагналі зімовымі дарогамі ў маскоўскі палон, з якога амаль ніхто не вярнуўся.

Удзельнiк Iнфлянцкай вайны аўтар «Хронiкi польскай, лiтоўскай, жамойцкай i ўсяе Русi», гiсторык i паэт Мацей Стрыйкоўскi (1547–1590 гг.) ?

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што Стрыйкоўскі ў гэты час служыў у войску Вялікага княства: вывучыў беларускую мову, быў выведнікам, маляваў планы мясцовасцяў і варожых замкаў, удзельнічаў ва ўзяцці Вулы і абароне Віцебска. Крыху пазней, у 1570–1573 гадах, ён служыў у Віцебскім гарнізоне, дзе і ўзяўся працаваць над гісторыяй Княства і суседніх дзяржаў.

Інфлянцкая вайна сталася тэмаю першых паэтычных твораў нашага героя. Дасёння дайшла невялікая, на 500 радкоў, паэма, названая для таго часу нават трохі лаканічна — «Пра паразу 30 000 маскавітаў на чале з князем Пятром Шуйскім над ракой Вулай у 1564 годзе». Чытачу, відаць, варта нагадаць, што ў той бітве пад Вулай войска Вялікага княства атрымала бліскучую перамогу над маскоўскімі захопнікамі. Ад куль, шабляў і дзідаў нашых продкаў на чале з найвышэйшым гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым палегла 9 тысяч чужынцаў і столькі ж патанула. Пераможцы ўзялі ў палон 12 царскіх ваяводаў, а галоўнага, Пятра Шуйскага, забіў сякераю просты беларускі селянін з недалёкай вёскі, жыхары якой дапамагалі нашым ваярам.

Служачы ў той неспакойны час у віцебскім гарнізоне, Стрыйкоўскі працаваў над трактатам «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі». Трэба па­тлумачыць, что Сарматыяй тады называлі землі Рэчы Паспалітай, шляхта якой лічыла сябе нашчадкамі сарматаў — ваяўнічага і вальналюбнага старажытнага народа.

Трактат быў збольшага завершаны, але свайму аўтару, Мацею Стрыйкоўскаму, гэты твор не прынёс заслужанай славы. Рэч ў тым, што «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», па сутнасці, прысвоіў ягоны непасрэдны начальнік ротмістр Аляксандр Гваніні, які служыў у войску Вялікага княства і займаў пасаду каменданта Віцебска. Гэты італьянец быў мужным ваяром, не раз браў удзел у гарачых сутычках з маскавітамі, ладзіў рызыкоўныя вайсковыя экспедыцыі да Невеля і Вяліжа, трапляў у палон, атрымаў некалькі баявых ран. Але ваярскім талентам Гваніні быў надзелены ў несумненна вышэйшай ступені, чым прыстойнасцю ў літаратурных справах. Самі акалічнасці прысваення трактата Стрыйкоўскага непраяўленыя, але факт застаецца фактам: у 1578 годзе ў Кракаве Гваніні надрукаваў на лаціне «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» пад сваім імем. Гэтая плагіятарская кніга, дарэчы, потым вытрымала некалькі перавыданняў на розных мовах, прынесла прадпрымальнаму італьянцу вядомасць у Еўропе і пакінула ягонае імя ў гісторыі.

? Тытульны аркуш «Хронiкi Еўрапейскай Сарматыi» Аляксандра Гванiнi, у якой паведамлялася пра падзеi Iнфлянцкай вайны

Але вернемся да нашага героя.

Першымі ягонымі мецэнатамі ў Беларусі былі прадстаўнікі магнацкага роду Хадкевічаў. У 1574 го­дзе Стрыйкоўскі з’явіўся ў Кракаве і выдаў там адразу дзве кнігі: панегірычную паэму«Слаўнага ўезду ў Кракаў і вартай памяці каранацыі Генрыха Валуа апісанне» і вершаваны трактат «Ганец цноты» з прысвячэннем гетману Вялікага княства Рыгору Хадкевічу. Апошні твор цікавы нам не толькі з тае прычыны, што ў ім малады  27-гадовы  аўтар выявіў зай­здросную эрудыцыю і неардынарныя паэтычныя здольнасці. У «Ганцы цноты» Стрыйкоўскі глыбока і пераканаўча абгрунтаваў ідэю стварэння гістарычнай хронікі Вялікага княства Літоўскага. Гэтай хроніцы наканавана было стаць галоўнай кнігаю нашага героя.
Перш чым узяцца за яе, Мацею выпала ўдзельнічаць у пасольстве Рэчы Паспалітай у Асманскую імперыю. Своеасаблівай справаздачаю пра гэтае пажарожжа стаўся напісаны паэтам вершаваны трактат пад назваю «Пра вольнасць Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага і пра жорсткае зняволенне іншых каралеўстваў пад тыранскім турэцкім ярмом». Ужо сама назва твора сведчыць пра патрыятызм Стрыйкоўскага і ягоны гонар за сваю Айчыну, якая ў нялёгкім змаганні з турэцкай агрэсіяй здолела адстаяць незалежнасць.

Вандроўка па легендарных мясцінах Грэцыі і Блізкага Усходу натхніла Мацея на здзяйсненне даўняй велічнай задумы — узняць з попелу забыцця даўніну Вялікага княства, якой мог бы ганарыцца любы еўрапейскі народ.

Першы варыянт гістарычнай хронікі называўся «Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага…» Ён застаўся незавершаны і не быў надрукаваны — найверагодней, з прычыны заўчаснай смерці тагачаснага Мацеевага апекуна князя Юрыя Алелькавіча.

Пра змест і характар твора дае падставы меркаваць адрасаваная мецэнату прадмова: «Знойдзеш тут, Міласцівы Княжа, дужых літоўскіх Геркулесаў, непераможных, адважных Гектараў, смелых Ахілесаў… мужных Ганібалаў і здатных на хітрыкі Улісаў. Убачыш ты сярод князёў літоўскіх у сваім родзе справядлівых Арыстыдаў, і ўвішлівых Траянаў, і мудрых Фемістоклаў…»

Як бачым, пісьменнік прыпадабняе нашых сярэднявечных манархаў да антычных герояў, нашу мінуўшчыну параўноўвае з гісторыяй антычнага свету, а сам згодны з роляю сучаснага Гамэра.

      
Сокал                                                                      Суша

   
Туроўля                                                                    Казьян
 


Сiтна
Замкi, пабудаваныя маскавiтамi на захопленых беларускiх землях. Гравюры 1579 г.

У канчатковым выглядзе галоўны твор Мацея Стрыйкоўскага атрымаў назву «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі». Адрозна ад ранейшых варыянтаў тут дамінаваў не вершаваны, а празаічны тэкст. Гэта набліжала выдадзеную ў 1582 годзе кнігу Стрыйкоўскага да гістарычнай хронікі ў яе класічным выглядзе, дзе празаічнае апавяданне чаргуецца з невялікімі вершаванымі ўстаўкамі. Азначэнне «польская», пастаўленае ў хроніцы на першае месца, не павінна ўводзіць нас у зман. Асноўнай тэмай кнігі, як і амаль усіх ранейшых твораў нашага героя, была гісторыя сярэднявечнай дзяржавы прадзедаў — Вялікага княства Літоўскага, дзе продкі сучасных літоўцаў складалі ў розны час ўсяго блізу 5–10% жыхарства.

А вось як узнёсла Стрыйкоўскі пісаў пра герб Вялікага княства:

Слаўная Літва, ты над усімі дзяржавамі
Герб свой узнесла славутымі справамі…
Пагоняй яго назвалі, бо не ўцякае, гоніць,
Адважна мілую Айчыну ад суседзяў бароніць.

«Хроніка» Мацея Стрыйкоўскага выйшла ў свет кнігаю ў 1582 го­дзе ў Каралеўцы (так тады называўся Кёнігсберг). Аўтар з ухвалаю ставіўся да Люблінскай уніі Польскай Кароны і Вялікага княства, але ўважаў апошняе сваёй другою радзімаю і таму не хаваў праблем, часам і надзвычай вострых, што ў розны час існавалі паміж палякамі і літвінамі. Аўтар«Хронікі», згадваючы князя Кейстута, не забывае ўспомніць, як той «ляхаў і мазураў біў». Няўдалую каранацыю Вітаўта Мацей таксама апісвае з пазіцый Літвы. Таму няма чаго дзівіцца, што польская шляхта была незадаволеная зместам «Хронікі». На адным з яе экземпляраў захаваліся з’едлівыя чытацкія заўвагі таго часу.

«Хроніка» Мацея Стрыйкоўскага ставіла Вялікае княства ў шэраг цывілізаваных дзяржаў Еўропы. Кніга нашага Гамэра заахвочвала жыхароў краіны да вывучэння сваёй гісторыі. Яна была перакладзеная на старабеларускую мову і мела велізарную папулярнасць сярод беларускай і ўкраінскай шляхты.

Ваяр і падарожнік, святар і паэт, Мацей Стрыйкоўскі быў яскравым прадстаўніком эпохі Рэнесансу, адораным шматлікімі талентамі і здольнасцямі. Ён меў здатнасць да моў і добра маляваў, ганарыўся сваёй выключнай памяццю і быў непараўнальным знаўцам антычнай літаратуры. Зусім невыпадкова ён стаў адным з улюбёных аўтараў двух нашых выдатных суайчыннікаў — Адама Міцкевіча і Уладзіміра Караткевіча. Караткевіч, дарэчы, пачаў эпіграфам з «Хронікі» Стрыйкоўскага свой раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Застаецца марыць пра той час, калі творы «Гамэра Вялікага княства» загучаць на сучаснай беларускай мове. Можна не сумнявацца, што і ў ХХІ стагоддзі яны знойдуць удзячных чытачоў.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах