21.11.2014

 - Газета

Автор: Рубрыка Уладзiмiра Арлова


Галерэя Клiо. Юры Радзівіл

За апошнія дзесяцігоддзі ў наш гістарычны і нацыянальны кантэкст вернута мноства падзей і імёнаў, якія доўгі час былі забытыя альбо, найчасцей, проста выкрасленыя з духоўнага жыцця беларусаў. Вярнуўся ў падручнікі і экцыклапедыі і найвышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі, што камандаваў нашым войскам у Аршанскай бітве. Меней пашанцавала іншаму палкаводцу, якога таксама цалкам справядліва будзе назваць бацькам Аршанскай перамогі. Гаворка — пра Юрыя Радзівіла, якога сучаснікі называлі Геркулесам Літоўскім.

Юры Радзівіл з’явіўся на свет у 1480 годзе. Ягоным бацькам быў будучы віленскі ваявода і канцлер Вялікага княства Мікалай Радзівіл Стары.

Гістарычныя хронікі не захавалі звестак пра тое, калі пачаўся вайсковы шлях нашага героя. Вельмі магчыма, што ў юнацтве Юры Радзівіл удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі. Крымчакі ў той час часта ўрываліся на абшары Вялікага княства і, спусташаючы нашы землі, даходзілі да Нясвіжа, Навагрудка і Ліды.

Верагодным выглядае і ўдзел маладога Юрыя Радзівіла ў Клецкай бітве ў жніўні 1506 года. Тады князь Міхал Глінскі з шасцю тысячамі беларускіх апалчэнцаў разбіў 12-тысячнуютатарскую арду і вызваліў некалькі дзясяткаў тысяч палонных беларусаў, якіх крымчакі гналі ў рабства.

Упершыню Юрыя Радзівіла згадвае Мацей Стрыйкоўскі, аўтар «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі». Гісторык робіць гэта ў сувязі з удзелам Юрыя ў каранацыі вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога, якая адбывалася ў 1507 годзе ў Кракаве.

Неўзабаве герой Клецкай бітвы князь Міхал Глінскі ўзняў разам з братамі антыдзяржаўны мяцеж. Маскоўскі князь Васіль ІІІ імгненна выкарыстаў сітуацыю і ў 1508-м падпісаў з Глінскім пагадненне пра супольныя ваенныя дзеянні супроць Вялікага княства Літоўскага.

Юры Радзівіл ваяваў з маскоўцамі і мяцежнікамі ў складзе беларускага войска на чале з Канстанцінам Астрожскім. Знакаміты палкаво­дзец звярнуў увагу на вельмі дужага фізічна і таленавітага ў вайсковым майстэрстве рыцара з роду Радзівілаў. Пан Юры пачаў атрымліваць ад гетмана ўсё больш адказныя даручэнні.

Ваявода Юры Радзiвiл, празваны за шматлiкiя перамогi «Лiтоўскiм Геркулесам», у Аршанскай бiтве камандаваў кавалерыяй Вялiкага княства. Невядомы мастак другой паловы XVI ст. Партрэт з Нясвiжскай калекцыi Радзiвiлаў ?

Поспех у некалькіх аперацыях супроць татараў спрыяў таму, што Астрожскі ў 1511 годзе парэкамендаваў Юрыя Радзівіла на пасаду ваяводы каеўскага. Зазначым, што тагачасная Кіеўшчына была фарпостам змагання з крымчакамі.

Хан Менглі-Гірэй у 1512 годзе паслаў на Валынь 25-тысячную арду. Адпор захопнікам узначаліў князь Канстанцін Астрожскі. Пад ягонымі сцягамі змагаўся і ваявода кіеўскі Юры Радзівіл. У красавіку таго самага 1512 года наша 5-тысячнае войска разбіла пад Вішняўцом у пяць разоў большыя сілы крымчакоў. Блізу пяці тысяч заваёўнікаў назаўсёды засталіся на полі бітвы, а 20 тысяч палонных украінцаў атрымалі ў выніку перамогі збавенне ад магаметанскай няволі.

Тры гады пасля гэтага крымскія татары баяліся здзяйсняць напады на Вялікае княства. Гэта было вельмі дарэчы, бо ўвосень 1512-га Масковія распачала супроць дзяржавы нашых продкаў новую вайну.


Маскоўскiя ваяры. Гравюра з кнiгi Сiгiзмунда Гэрбэрштайна «Нататкi пра маскоўскiя справы»

У пераможнай бітве пад Оршай Юры Радзівіл камандаваў кавалерыяй Вялікага княства. Менавіта ён ажыццявіў бліскучы манеўр, калі падманнымі ўцёкамі беларуская конніца вывела маскоўцаў пад знішчальны агонь нашай артылерыі. Яна і вырашыла зыход усёй бітвы.

Аднак трыумфам пад Оршай вайна не завяршылася. Агрэсіўны ўсходні сусед меў яшчэ дастаткова збройнай сілы. Пагатоў, з ахвярамі крамлёўскія ўладары ніколі не лічыліся.


Бiтва з татарамi. Дрэварыт. 1521 г.

Вайна працягвалася з пераменным поспехам. Паўднёвым напрамкам абароны дзяржавы камандаваў Астрожскі, паўночны трымаў Юры Радзівіл. У 1517 годзе яны разам здзейснілі пераможны паход на Пскоўшчыну. Праз два гады Юры Радзівіл са сваімі жаўнерамі ўдала стрымліваў значна большае 40-тысячнае войска захопнікаў пад Крэвам, Мінскам, Оршай і Віцебскам.

Пасля той вайны пан Юры атрымлівае ўзнагароды і хутка ўздымаецца па прыступках дзяржаўнай кар’еры. Яго прызначаюць надворным гетманам, праз год — троцкім кашталянам. Яшчэ праз колькі гадоў — высокія пасады кашталяна віленскага і маршалка дворнага.

Найбольш высокім прызнаннем вайсковага таленту Юрыя Радзівіла сталася ягонае прызначэнне ў 1531 годзе, пасля смерці Астрожскага, найвышэйшым гетманам літоўскім. Гэта азначала, што пан Юры ўзначаліў узброеныя сілы Вялікага княства.

1534 год стаў пачаткам новай вайны з Маскоўскай дзяржавай. На Мсціслаў рушыла вялізнае маскоўскае войска, якім камандаваў ваявода Іван Аўчына-Целяпнёў-Абаленскі. У выпаленыя пусткі былі ператвораныя ваколіцы Полацка, Віцебска, Крычава, Наваградка, Турава… У адказ Юры Радзівіл разгарнуў ваенныя дзеянні на паўднёвым усходзе. У выніку захоплены маскавітамі Гомель з навакольнымі землямі быў вернуты ў склад Вялікага княства Літоўскага. Магчыма, якраз дзякуючы Юрыю Радзівілу Гомель і цяпер знаходзіцца ў межах нашай дзяржавы.

Юры Радзівіл перамог у 30 бітвах. Апрача славы палкаводца яго цанілі і як здольнага палітыка. Сойм Вялікага княства прызначаў яго камісарам для ўсталявання дзяржаўнай мяжы паміж Вялікім княствам Лістоўскім і Польшчай. Не раз пан Юры ўзначальваў пасольскія місіі, з поспехам адстойваючы тэрытарыяльныя набыткі дзяржавы.

Наш герой меў траіх дзяцей. Ягоны сын Мікалай Радзівіл Руды стане знакамітым дзяржаўным і рэлігійным дзеячам Вялікага княства. А дачка пана Юрыя Барбара ўвойдзе ў гісторыю як каханка вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Яна стане ягонай жонкаю, вялікай княгіняй і каралевай. Яе трагічны лёс будзе зноў і зноў натхняць пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў…

Але гэта ўжо зусім іншы сюжэт нашай гісторыі.

Рыцарскi панцыр часоў Аршанскай бiтвы ?


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах