23.09.2014

 - Газета

Автор: Эла ОЛІНА


Задарожжа. Радзіма продкаў аўтара «Пунсовых ветразяў»

Нядаўна мы здзейснілі падарожжа па Глыбоччыне. Наведвалі мястэчкі Глыбокае, Задарожжа, Германавічы, Лужкі, Дзісну. У Задарожжы наш натхнёны экскурсавод, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антось Астаповіч распавёў пра жыццё продкаў пісьменніка-рамантыка Аляксандра Грына. На цвінтары касцёла Маці Божай Ласкавай у Задарожжы пахаваныя Леанард і Надзея Грынеўскія, шляхцічы, дзед і бабуля вядомага пісьменніка. Яны рупіліся аб дапамозе касцёлу, укладалі свае сродкі ў будоўлю храма напачатку ХХ стагоддзя.

Задарожскі касцёл лічыцца самым старэйшым храмам на Глыбоччыне. Згодна з паданнем, яго заснаваў у 1601 годзе кароль Рэчы Паспалітай Сігізмунд-Аўгуст у знак Ласкі Божай, дзякуючы якой ён разам з войскам атрымаў перамогу над ворагам у цяжкім баі ў гэтай мясцовасці.

У 1902 годзе святыня ў Задарожжы згарэла. Дзякуючы шчырым намаганням прыхаджан у 1908 годзе ў Задарожжы быў пабудаваны новы каменны касцёл Маці Божай Ласкавай. У Задарожскім касцёле быў ахрышчаны Вацлаў Ластоўскі, святыню занатаваў на сваіх малюнках Язэп Драздовіч, ля касцёла пахаваны дзед і бабуля А. Грына, аўтара «Пунсовых ветразяў».

Сам пісьменнік Аляксандр Грынеўскі (Грын) нарадзіўся 11 жніўня 1880 года ў Вяцкай губерніі. Яго бацька Стэфан Грынеўскі, шляхціч з Дзісенскага павета Віленскай губерніі, за ўдзел у паўстанні 1863 года ў 20-гадовым узросце быў сасланы ў Томскую губернію. У 1873 годзе ён ажаніўся з рускай медсястрой Ганнай Сцяпанаўнай Ляпковай. Аляксандр быў іх першым сынам.

У 6 гадоў ён навучыўся чытаць і з дзяцінства марыў аб падарожжах па моры. Яго першай кнігай былі «Прыгоды Гулівера». Марыў пайсці матросам на караблі і спрабаваў уцячы з дому.

У 1889 годзе дзевяцігадовага Аляксандра аддалі ў падрыхтоўчы клас рэальнай вучэльні. Таварышы далі яму мянушку Грын. Хлопчык чытаў кнігі, сачыняў вершы, падпрацоўваў перапіскай дакументаў і пераплётам кніг. У 1896 годзе юнак паехаў у Адэсу, каб паступіць на карабель. Ён патрапіў на шхуну «Платон», якая кіравалася ад Адэсы да Батума. Але хлопец не вытрымаў жорсткай карабельнай дысцыпліны, сышоў з карабля, жыў у Баку, рыбачыў, працаваў на чыгунцы.

У 1902 годзе Грынеўскі стаў салдатам. Шэсць месяцаў службы ў войску наблізілі яго рэвалюцыйныя погляды. Першым заўважыў літаратурны талент Грынеўскага сябра па падпольнай працы, калі той пісаў пракламацыі.

Грынеўскі некалькі разоў быў сасланы за сваю рэвалюцыйную дзейнасць, але, калі ён адчуў сябе моцным літаратарам, адышоў ад эсэраў і прысвяціў сябе творчасці.

З 1906 Аляксандр Грынеўскі пачаў друкаваць свае аповесці пад псеўданімам «Грын». У 1910 годзе выйшаў другі зборнік пісьменніка «Апавяданні», у якіх ужо праглядваліся казачныя і фантастычныя матывы. У хуткім часе малады літаратар пазнаёміўся з Леанідам Андрэевым, Валерыем Брусавым, Аляксеем Талстым, зблізіўся з Аляксандрам Купрыным, Максімам Горкім.

У 1920 гадах Грын працаваў над сваім першым раманам «Бліскучы свет». Героем сімвалісцкага твора быў Друд, звышчалавек, які заклікаў людзей замест каштоўнасцяў паўсядзённасці абраць вышэйшыя ка­што­ў­насці Бліскучага свету.

Раман «Пунсовыя ветразі» Аляксандр Грын прысвяціў сваёй жонцы Ніне Мікалаеўне. Па яе жаданню пісьменнік пераехаў у Феадосію. З Крымам быў звязаны лепшы перыяд яго творчасці. Творы пісьменніка выдаваліся ў даваенныя і пасляваенныя часы, але былі перыяды, калі яго лічылі ідэалагічным ворагам, касмапалітам і не друкавалі. Дзякуючы заступніцтву Юрыя Алешы, Канстанціна Паўстоўскага Грын заняў годнае месца ў літаратуры.

Аляксандр Грын быў рыцарам мары і пераконваў у магчымасці яе здзяйснення. Ён разумеў мару як імкненне духоўна багатага чалавека да вышэйшых чалавечых каштоўнасцяў і супрацьпастаўляў іх злобе, алчнасці і зайздрасці. Аўтар верыў у магутнасць добрых пачаткаў жыцця.

У Феадосіі існуе музей Аляксандра Грына з разнастайнай экспазіцыяй. На Беларусі ў Мнюцкай школе ёсць памятны куток, прысвечаны пісьменніку. Падарожжы па гарадах і мястэчках даюць магчымасць узгадаць даўнія і забытыя старонкі гісторыі і літаратуры.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах