11.02.2014

 - Газета

Автор: Адар’я ГУШТЫН


Львоў: горад, куды хочацца вяртацца

Летась Львоў наведала каля 2 млн турыстаў. Беларусы, дарэчы, у рэйтынгу – адны з першых. Але гэта акурат той горад, куды можна вяртацца зноў і зноў, і кожны раз будзеш здзіўляцца яго прыгажосці, гасціннасці і новым арыгінальным кавярням, якіх нідзе ў свеце больш не знайсці.

Турыстычная мекка Украіны

Існуе стэрэатып, што Заходняя Украіна існуе за кошт датацый і падтрымкі ўсходняй часткі краіны. Маўляў, тут няма буйных прадпрыемстваў, маштабнага бізнесу і алігархаў. Але на Захадзе навучыліся зарабляць турызмам, і Львоў стаў сапраўднай украінскай турыстычнай меккай.

Моцны штуршок быў дадзены падчас падрыхтоўкі да Еўра-2012 па футболе – у Львове зрабілі рэканструкцыю аэрапорта, абнавілі гасцінічную і рэстаранную інфраструктуру, тут з’явіліся новыя арыгінальныя экскурсіі. Што праўда, цэны таксама выраслі. І ўсе – ад таксістаў да атэльераў – кажуць, што Еўра-2012 не апраўдаў надзеі: зарабіць усім і адразу не атрымалася, але затое зараз у горадзе да 187 варыянтаў размяшчэння (паводле прапаноў booking.com, без уліку прыватных абвестак аб здачы кватэр), аэрапорт «Львів» становіцца месцам стыкоўкі для турыстаў, якія абіраюць пералёты праз лаўкосты (пасажырапаток пасля рэканструкцыі павялічыўся ў 6 разоў), а новыя рэстарацыі ўваходзяць у спіс самых арыгінальных – найперш за арыгінальны інтэр’ер і канцэпцыю, бо кухня ў большасці львоўскіх кавярняў або традыцыйная, украінская, або змешаная – еўрапейская.

Перавага Львова для нашых турыстаў – у блізкасці да Беларусі, бязвізавым рэжыме, адсутнасці моўнага бар’еру і даступных цэнах: пражыванне, харчаванне і перамяшчэнне каштуе, як у Мінску, або нават танней. Да таго ж большасць турыстаў могуць самастойна арганізаваць свой тур, а гэта яшчэ каля 30% эканоміі ад бюджэту вандроўкі.

Львоў часта рэкамендуюць як горад для ўік-энда. Сапраўды, многія турысты прыязджаюць усяго на два дні, і гэта яскрава заўважна па натоўпах у цэнтры. Але каб уважліва пазнаёміцца з горадам, я б параіла вандроўку на тыдзень. Першыя дні – для самастойнага шпацыру, два дні – на незвычайныя экскурсіі па Львове, асобны дзень – для аквапарку (горкі знаходзяцца на ўзроўні 8-павярховага дома), яшчэ дзень-два – для экскурсій па навакольных замках і, па магчымасці, асобна заехаць у Чарнаўцы ці Івана-Франкоўск.

Незвычайныя экскурсіі па Львове

У Львове безліч арыгінальных кавярняў і рэстаранаў. Гастранамічны турызм – абавязковы пункт для кожнага турыста. Існуюць асобныя экскурсіі ў Капальню кавы (пл. Ринок, 10), дзе можна не толькі пазнаёміцца з міфам, адкуль бярэцца львоўская кава, але і паспрабаваць некалькі гатункаў. Кава – адзін з асноўных сувеніраў, якія турысты вязуць з Львова. Яна фасуецца і перамолваецца на вашых вачах, 100 грам каштуе каля 3 еўра.

Апроч таго, тут робяць адмысловы шакалад. Паглядзець на працэс і ў ім паўдзельнічаць можна ў Львоўскай майстэрні шакаладу (вул. Проскурівська, 33) – тут не толькі можна зрабіць фігуры з шакаладу, але нават замовіць свой салодкі партрэт.

Абедзьве экскурсіі вельмі папулярныя сярод турыстаў. А вось убачыць «Невядомы Львоў» адважваецца далёка не кожны. Экскурсія праходзіць па завулках, арках і нават закінутых дахах і дамах горада. Праводзяць яе мясцовыя жыхары, добра дазнаныя ў нефармальнай гісторыі месца. Вельмі часта турысты бачаць толькі фасад горада. І хоць у Львове ён не надта прыгладжаны, усё ж такі за дзвярыма арак і ў пад’ездах з кручастымі лесвіцамі і распісанымі сценамі дух і атмасфера горада адчуваецца асабліва. Агенцыі зрэдку прапаноўваюць такія экскурсіі, дамаўляцца лепш з мясцовымі краязнаўцамі ці гісторыкамі, якіх лёгка знайсці праз сацыяльныя сеткі. Каштуе такая экскурсія каля 20 еўра, але беларусам, якія размаўляюць па-беларуску, у Львове часта робяць зніжкі – і на экскурсіях, і на рынках, і ў кафэ.

Яшчэ адна цікавая экскурсія – па месцах здымкаў знакамітага савецкага фільма «Д’Артаньян і тры мушкецёры», які здымаўся менавіта ў Львове. Адзін з ключавых прыпынкаў экскурсіі – Армянскі сабор, побач з якім героі выконвалі галоўны саўндтрэк «Пора-пора-порадуемся».

Дарэчы, нават не асабліва рэлігійнаму чалавеку варта наведаць экскурсію, прысвечаную храмам Львова: унікальныя ўніяцкія, каталіцкія, праваслаўныя цэрквы, сінагогі – сапраўднае багацце горада.

Яшчэ ў савецкія часы за Львоўшчынай быў замацаваны стэрэатып «нацыяналістычнага» і «бандэраўскага» гораду. Самі захадэнцы не толькі не крыўдзяцца на гэта, а ганарацца і прапаноўваюць турыстам экскурсію «Краіна герояў», прысвечаную ўкраінскаму вызваленчаму руху ў ХХ стагоддзі.

Пры гэтым існуюць экскурсіі «Савецкі Львоў» – часы сацыялізму не ідэалізуюць, а распавядаюць, якім было сапраўднае жыццё ў гэты час у горадзе, як падчас вайны хавалі музейныя экспанаты, як развівалася культура андэграўнду, дзе адпачывала «залатая» савецкая моладзь, а дзе – рабочы клас, што размяшчалася ў культавых будынках, калі вера ў Бога была фактычна забаронена савецкай ідэалогіяй.

Кавярні, арт-аб’екты

Адна з самых папулярных кавярняў у Львове – «Криівка» (пл. Ринок,  4). Яе назва і шыльда не анансуецца, а каб патрапіць унутр, трэба не толькі знайсці правільную арку, але і прамовіць пароль – «Слава Украіне!» Кавярня ўяўляе сабой бункер паўстанцаў УПА, кухня – палявая, інтэр’ер адпаведны. Час ад часу з-за стала выцягваюць «маскалёў» – тых, хто размаўляе па-руску, і паказальна змяшчаюць у «карцар» на некалькі хвілін. Нягледзячы на гэта, расіяне – самыя частыя госці ў «Крыіўцы», агулам кавярню наведвае каля 1 млн турыстаў з усяго свету.

У адным спісе з «Крыіўкай» называюць кавярню «Мазох» (вул. Сербська, 7) – для аматараў мазахізму, рэстаран-музей «Сало» (пр-т Свабоды, 6/8) – тут падаюць традыцыйныя ўкраінскія стравы ў незвычайнай форме (напрыклад, сушы з сала або сала ў шакаладзе), «М’яса та справедливость» (вул. Валова, 20) – грыль-бар, дзе з атракцый – сярэднявечныя экспанаты катаванняў.

Але варты ўвагі таксама самы дарагі рэстаран Галіцыі «Масоны» – знаходзіцца ў тым жа будынку, што і «Крыіўка», але не ў сутарэннях, а ў жылым доме. Цэны ў кавярні здзіўляюць: стэйк – каля 80 еўра, салата – каля 40 еўра, але для ўладальнікаў карты Lokal дзейнічае зніжка – 90%. Праўда, атрымаць яе могуць толькі жыхары з львоўскай прапіскай. Так што лепш загадзя пазнаёміцца з кімсьці з мясцовых і папрасіць картку на вечар-другі.

Усе названыя варыянты падыхо­дзяц­ь не толькі для таго, каб павячэраць, але яшчэ і для знаёмства з горадам, а таксама для натхнення – інтэр’еры сапраўды зачароўваюць. Калі вы проста шукаеце традыцыйную кухню па прымальным кошце, варта зайсці ў рэстаран сеткі «Пузата хата» (вул. Січових Стрільців, 12 або пр-т Шевченка, 10) або «У старога Бровара» (вул. Саксаганського, 8) – 10 еўра будзе каштаваць сытная вячэра ці абед на дзве персоны.

Апроч новых кавярняў, у Львове ўвесь час з’яўляюцца арт-аб’екты, якія прыцягваюць увагу турыстаў. Напрыклад, вулічнае піяніна, якое ўсталявалі ў самым цэнтры каля Лацінскага кафедральнага сабора. Інструмент падарыў музыкант Маркіян Мацех, ён запазычыў ідэю вулічных музычных інструментаў з-за мяжы. Піяніна карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод турыстаў і мясцовых жыхароў.

Яшчэ адзін важны бонус – бясплатны wi-fi на вуліцах і ў кавярнях, а таксама разнастайны гандаль у цэнтры горада – ад сувеніраў да мяса на грылі і глінтвейну.

Выхадны дзень – у Чарнаўцы

Цягнік з Мінска да Львова канцавым пунктам мае Чарнаўцы – горад з багатай гісторыяй, які часта застаецца незаўважаным для беларускіх турыстаў.

Насамрэч Чарнаўцы ўражваюць не меньш, чым Львоў. Самы знакаміты архітэктурны аб’ект – Нацыянальны ўніверсітэт, які знаходзіцца ў былой рэзідэнцыі мітрапалітаў Букавіны. На ім адлюстравалася ўся гісторыя рэгіёна – да 1918 года, калі тэрыторыя ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі, выкладанне тут вялося па-нямецку. Пасля пераходу Букавіны ў склад Румыніі Чарнавіцкі ўніверсітэт у 1920 годзе быў пера­твораны ў румынскі. У 1940 годзе, пасля далучэння Паўночнай Букавіны да УССР, універсітэт быў ператвораны ў савецкі дзяржаўны, з выкладаннем на ўкраінскай мове. У 2011 годзе цэнтральны компекс быў уключаны ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны. Экскурсія па ўніверсітэцкiм дворыку з цэнтральнага ўваходу бясплатная, але каб патрапіць на задні двор, трэба заплаціць 2 еўра. Можна дадаткова замовіць экскурсію з магчымасцю паглядзець універсітэцкія залі і аўдыторыі, каштуе 5 еўра з чалавека.

Апроч універсітэта, у горадзе яшчэ каля 200 унікальных архітэктурных аб’ектаў. Паколькі ў розны час тэрыторыя належала і Аўстра-Венгерскай імперыі, і Румыніі, і Украіне, у турыстаў ёсць унікальная магчымасць паспрабаваць розныя нацыянальныя кухні. Мамалыгу, напрыклад, падаюць амаль у кожнай рэстарацыі. Цэны тут крыху меншыя, чым у Львове. 

Дарога

Мінск злучае са Львовам  прамы цягнік, кошт на білет 30 еўра (плацкарт), 50 еўра (купэ). Грамадскі транспарт у Львове танней, чым у Мінску, зрэшты, як і таксі. Аднак з вакзала паездку трэба замаўляць праз дыспетчара, машына «ад бардзюра» каштуе ў тры разы даражэй.

Пражыванне

Для эканамічнага сямейнага адпачынку лепш за ўсё абраць апартаменты. Пражыванне ў 10 хвілінах ад чыгуначнага вакзала каштавала нам 150 еўра (за 2 пакоі, для 4 чалавек, на 6 начэй). Хостэлы каштуюць ад 8 еўра за ноч. Цэны на атэлі трох зорак – ад 30 еўра за 2-месны пакой.

Сувеніры

З Львова, як і было сказана вышэй, вязуць мясцовы шакалад і каву, вырабы з воўны, дрэва і керамікі, а таксама адзенне з нацыянальнай вышыўкай. Побач з Успенскай царквой аматары рарытэту могуць зайсці на блашыны рынак, самы хадавы тавар – старыя кнігі, посуд і вайсковыя ўзнагароды.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах