19.06.2014

 - Газета

Автор: Яўген ЦЯЛІЦА, фота аўтара


Сапраўдны хлеб. Традыцыі Глыбоччыны

Сцепаніда Аляксандраўна Лупач разам з унукам прадаўжае старадаўнюю традыцыю выпякання хлеба. Яна расказала аб самаробным хлебе і пераемнасці традыцый.

Спакон вякоў для беларусаў асноўным прадуктам харчавання быў жытні хлеб. Без яго за стол не садзіліся і працаваць у поле не ішлі. Раней па хлебу нават прадказвалі лёс сям’і, а гасцей і да нашай пары сустракаюць з хлебам-соллю. Беларусы заўсёды ставіліся да хлеба з вялікай павагай і пашанай. Аб гэтым сведчаць абрады і традыцыі, шмат прыказак і прымавак аб яго ўшанаванні, што складаліся стагоддзямі.

На жаль, у наш час людзьмі амаль поўнасцю страчана цікавасць да гэтай народнай каштоўнасці. Ніхто, як раней, не пячэ хлеб сваімі рукамі, дастаткова зайсці ў краму і выбраць бохан на любы смак і колер. Сучасная моладзь не ведае густу сапраўднага хлеба. Раней выпечка яго ў народнай кухні была своеасаблівым рытуалам. Сакрэт падрыхтоўкі перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Амаль у кожнай сям’і быў свой рэцэпт.

Адзін з іх – у вёсцы Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Традыцыі выпечкі хлеба захаваліся ў хаце Сцепаніды Аляксандраўны Лупач. Пячы хлеб яе навучыла маці, тую, у сваю чаргу, – бабуля. А Сцепаніда разам са сваім унукам Аляксандрам зараз трымаюць эстафету.

Дакладна сказаць, колькі пакаленняў перадаецца рэцэпт выпечкі хлеба, гаспадыня не можа. Але памятае, што раней у кожнай хаце была свая дзежка, драўляная лапата, печ.

Сцепаніда Лупач кажа, што да гэтай справы адносіцца з душой, бо хлеб як жывы. Уся тэхналогія выпечкі займае каля 2–3 дзён і складаецца з некалькіх стадый: выраб квасніка (квас часам замянялі сыроваткай), замес і выпечка хлеба.

«З дадаткаў я толькі кмен кладу ды соль з цукрам. Яшчэ пяку «Падарожны хлеб», у яго кладу кавалачкі сала , бо так сытней у дарозе. Больш нічога! Ніякай тут хіміі вы не зной­дзеце. Таму ён і ляжыць больш за тыдзень, не псуецца».

У першы дзень рыхтуюць закваску. Каля 3 кг мукі засыпаюць у «чыгунок». Падліваюць ваду з кало­дзежа і памешваюць да атрымання густой масы. «Каб была густой як смятана, але без камячкоў», – тлумачыць Сцепаніда Аляксандраўна. Чыгунок ставяць у печ на 2 гадзіны, пакуль маса не загусцее і не стане рыжаватага колеру. Затым усё гэта перакладаюць у дзежку і заліваюць вадой. Дзяжа пры гэтым абавязкова павінна стаяць на чымсьці цёплым. Затым укрываюць яе і зверху – так у дзяжы ўсё квасіцца 2–3 днi.

На другі дзень «учыняецца хлябок». Калі закваска гатовая, яе працэджваюць. Рэшткі выкідваюць, а сам квас зноў жа заліваюць у дзежку і ўсыпаюць туды муку грубага памолу. Пасля таго як усё старанна рукамі змешваецца, дзежку зноў хаваюць і ставяць у цёплае месца. Звычайна каля печы.

Дзень трэці. Выпечка хлеба. За некалькі гадзін да прыгатавання цеста трэба вытапіць печ дабяла – пакуль чырвоная цэгла не стане белай. Затым у цеста кладуць кмен, цукар і соль і зноў ўсё змешваюць, «падымаюць». Калі цеста ліпне да рук – яно гатовае. Пасля цеста загладжваецца, на ім малюецца крыж. Так яно павінна яшчэ трохі «падысці».

Гатовае цеста дастаюць і раскладваюць па формах, якія перад гэтым змазваюцца тлушчам або кавалачкам сала. На першай форме з цестам зноў ставіцца крыж. З печы гусіным крылом трэба выграбсці ўвесь жар да праходу, і драўлянай лапатай формы з цестам ставяць у печ.

Дзежку практычна ніколі не мыюць, толькі дачыста вычышчаюць. З рэшткаў цеста трэба скатаць невялікі шарык і кінуць яго ў шклянку з вадой у той момант, калі зачынілі крышку печы. Як толькі шарык усплыве – хлеб гатовы. На выпяканне патрабуецца ад 40 хвілін да гадзіны. Застаецца толькі працерці бохан вадой і пакласці на чыстыя ручнікі ў прахалодным месцы.

«Сваю дзежку я купіла гадоў 50 таму, тады я толькі выйшла замуж і прыехала ў Дзеркаўшчыну з Кобрынскага раёна. 30 гадоў яна прастаяла без справы. У краме хлеб куплялі, не было калі свой выпякаць. Я гатовая была ў музей школьны яе аддаць, але воляй выпадку мне давялося адраджаць традыцыю, – успамінае Сцепаніда Аляксандраўна. – Напэўна, лёс у мяне гэткі!»


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах