03.11.2014

 - Газета

Автор: Хрыстафор ХIЛЬКЕВIЧ, фота аўтара


Сто гадоў таму Мiнск быў Амстэрдамам

У жнiўнi 1914 года Расiйская імперыя ўступіла ў Першую сусветную вайну. Праз Мiнск – буйны транспартны вузел – рушылі ў бок фронту, які праходзіў тады яшчэ далёка на захадзе, за Варшавай, тысячы вайскоўцаў. У імгненне вока Мiнск стаў горадам «у мундзіры», i таму, зразумела, хутка на бляск эпалетаў зляцелiся зграйкі «начных матылькоў» – не толькi тутэйшых, але нават з Украіны i Польшчы. Яшчэ нядаўна цiхi i прыстойны губернскi цэнтр раптам ператварыўся ў сталiцу распусты…

Паводле тагачасных ацэнак, «найстаражытным рамяством» у Мiнску ўвосень 1914-га займаліся каля дзвюх тысяч жанчын (а гэта два адсотка насельніцтва горада!). Многiя з iх былi зарэгiстраванымi, бо з 1891 года, калi гарадская дума прыняла пастанову «Аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй», тут вёўся строгі ўрачэбна-паліцэйскі кантроль сэксуальнай сферы паслуг. Самыя буйныя мiнскiя «маліны» расцвілі ў раёне Татарскага i Ракаўскага прадмесцяў, а найвялікая колькасць дамоў цярпімасці знаходзiлася на Нова-Чырвонай вулiцы (зараз Максiма Танка). Сама гэтая назва наўпрост звязвалася з новымі жыхаркамі драўляных хат пад чырвонымі ліхтарамі – увечары iх абавязкова запальвалі над уваходам, каб было «як ў Еўропах». Аднак, у адрозненнi ад Амстэрдама ды iшных заходнiх цэнтраў распусты, вокны мiнскiх публічных дамоў не асвятляліся, бы вітрыны, а наадварот, былi завешаны шчыльнымі фіранкамі i нанач зачыняліся стаўнямі.


Былая Нова-Чырвоная вулiца

Паводле вядомага знаўцы гiсторыi Мiнска Захара Шыбекi, другiм (i больш старажытным) эпiцэнтрам прастытуцыi ў горадзе была Ляхаўка – раён сучасных вулiц Кастрычнiцкай i Ульянаўскай. Дарэчы, апошняя мела недвухсэнсоўную назву Вясёлая, i на ёй з той пары захаваліся пяць рознакаляровых двухпавярховiкаў, у якiх гетэры чакалi маладых aфiцэраў палкоў, раскватараваных побач, на Кашарскай (Чырвонаармейскай). Пасля Вялiкай Айчыннай гэтыя будынкi хацелi надбудаваць яшчэ на 2–3 паверхi, але не дазволiў мiнiстр дзяржбяспекi БССР Лаўрэнцiй Цанава, якi паклаў вока на суседнi пагорак, дзе збіраўся ўзвесці для сябе рэзідэнцыю з даляглядамi ва ўсе бакi.

Аднак вернемся ў часы Першай сусветнай. Калi напачатку мiнскай сэксуальнай рэвалюцыi правiлы ўзаемаадносiн жрыц кахання з грамадскасцю былi больш-менш акрэсленымi (кожная з дзяўчын мусiла мець спецыяльны пашпарт – чырвоную кнiжыцу, у якой адзначалiся рэзультаты штотыднёвых медаглядаў пры санiтарным камiтэце, што месцiўся ў Татарскiм завулку, на задворках сучаснага кiнатэатра «Масква»), то з цягам часу ўзровень сэрвiсу ў тутэйшых прытонах рэзка ўпаў. У першай палове 1916 года ўрачэбны інспектар Уварцоў дакладаў у вайскова-санітарную камісію, што мiнскiя дамы цярпімасці ператварыліся ў прытулкi цёмных асоб з продажам гарэлкі і абіраннем наведвальнікаў, што горад лiтаральна кішыць прастытуткамі, i наўрад ці ёсць месца ў Расійскай імперыi, якое ў гэтых адносінах магло б канкурыраваць з Мінскам. «Прагрэсуюць венерычныя захворванні, кабінеты лекараў перапоўненыя», – канстатаваў інспектар.


«Вясёлыя» дамкі на Вясёлай вулiцы

Яшчэ праз два гады праблема толькi пагоршылася. У лютым 1918-га газета «Звязда» пiсала наконт сiтуацыi на Нова-Чырвонай вулiцы: «Становішча прастытутак настолькі кепскае, што многія з іх не маюць нават ніжняй бялізны. Бруд неверагодны». Тым не менш самыя заходнiя кварталы тагачаснага Мiнска, пасля якiх былi толькi шлях на вайну, акопы i, магчыма, смерць, прываблiвалi жаўнераў – часцяком усе свае ашчадкi яны пакiдалi ў мiнскiх шынках i бардэлях, што працавалi без перапынкаў i выходных (хоць яшчэ ў цнатлiвым пачатку ХХ стагоддзя зачынялiся ў ня­дзелю, на каляды і ў дні паста).

Тым часам мiнскiя багацеі i чынавенства бавіліся больш па лазнях i рэстарацыях, якiя мелi асобныя пакойчыкi для сустрэч з мамзэлямi. Бадай што самым вядомым з тых месцаў быў клуб-рэстаран «Акварыум», якi знаходзiўся прыкладна на тым лапiку зямлi, дзе зараз разбiраюць стары музей Вялiкай Айчыннай. Акрамя традыцыйных уцех, тут прапаноўвалi зусім новую па тых часах забаву – прагляд жывых рухомых фатаграфій амерыканскага электрабiяскопа, прасцей кажучы, порнасеанс. Залiшне казаць, што i ў «Акварыуме», i ў iншых прэстыжных харчэўнях падавалi модныя тады ў Еўропе какаiнавае вiно i настойку опіуму – так бы мовiць, у медыцынскіх мэтах. Але самым хадавым таварам быў мясцовы спiрт «Раковщикъ», якi, па ўпэўненні рэкламы таго часу, дзейнічаў мацней за морфій.

На мапе сучаснага Мiнска месцаў, дзе сто гадоў таму вiравалi «начныя матылькi», амаль не захавалася – хiба што лiчыць такiмi адноўленыя гатэлi «Еўропа» i «Гарнi». Апошнi насамрэч – гэта былая гасцiнiца Беркi Суцiна, старая ж «Гарнi» стаяла на месцы помнiка Дзяржынскаму перад гмахам КДБ, i з яе пачыналася дарэвалюцыйная «стометроўка» – ад Багадзельнай (зараз Камсамольскай) вулiцы да Губернатарскай (Ленiна). Тут ззялi агнямi гасцiнiцы «Адэса» з шыкоўным рэстаранам «Мядзведзь», «Стара-Берлiн» i «Нова-Маскоўская», «Вена» i «Раяль». Газета «Северо-Западный край» абуралася, што па Захар’еўскай вуліцы (сучасны праспект Незалежнасцi) «публічныя жанчыны цэлымі натоўпамі шпацыруюць штодня да трох гадзін ночы, дазваляючы сабе пры гэтым звяртацца да мінакоў з нахабнымі словамі і прапановамі». Многiя з тутэйшых куртызанак былi прапісаны гэтуль жа, пры гатэлях, бо проста не мелi iншага месца жыхарства.


Былы бардэль i журфак на Мяснiкова – зараз Iнстытут перападрыхтоўкi i павышэння квалiфiкацыi суддзяў

I ўсё ж адзiн з верагодных дарэвалюцыйных прытонаў збярогся на вулiцы Мяснiкова, 38 – паводле легенды, калi ў жнiўнi 1920 года прастытуцыю ў Мiнску «канчаткова і незваротна» забаранiлi намаганнямi чырвонага камiсара, чыiм імем цяпер якраз названа вуліца, у трохпавярховым будынку з чырвонай цэглы чырвоныя лiхтары памянялi на чырвоныя ж сцягi – сюды заехалі чэкісты. Крыху пазней іх змянілі прадстаўнікі другой найстаражытнай прафесіі: тут адкрыўся факультэт журналiстыкi БДУ


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах