08.09.2014

 - Газета

Автор: Хрыстафор ХІЛЬКЕВІЧ


Як адзін беларус Андору пракарміў

Колькі разоў пераконваўся сам і імкнуўся затым пераканаць чытачоў «ТиО» у тым, што беларусы (а ў гістарычнай рэтраспектыве ліцвіны, крывічы, etc.) нямала пакiнулі слядоў у гісторыі суседніх з намі краін і нават заморскай звышдзяржавы. Але, адпраўляючыся на экскурсію ў карлікавую Андору, якую на мапах сярэдняга маштабу лёгка прыняць за выпадковую друкарскую плямку, я шчыра не думаў, што і там пачую пра нашага суайчыннiка – i аповед гэты будзе не менш казачны за андорскiя краявіды.

У 1933 годзе ў краіне, праз якую толькі пачалі пракладаць першую (і да нашага часу адзіную) аўтамагістраль, з’явіўся на сваёй «ластаўцы» зухаваты 37-гадовы эмігрант Барыс Скосыраў. Быў ён родам з Вiльнi (бацькi – з Лiдскага павета) i, як сцвярджаў сам, калiсьцi служыў перакладчыкам пры рускай мiсii ў Японіі, а потым афіцэрам брытанскага бронедывізіёна, меў нідэрландскае падданства i вялікія амбіцыі. Не марнуючы часу, Скосыраў накiраваўся адразу ў Генеральны савет далiн з пражэктам па ператварэннi небагатага княства лiтаральна ў рай зямны. Падмуркам будучага дабрабыту, запэўніваў ён парламентарыяў, мусяць стаць бяспошлінны гандаль і гарналыжны адпачынак. Але ад Скосырава адмахнуліся: дзёрзкі праект Нью-Васюкоў цяжка было ўспрыняць сур’ёзна ў несамастойным княстве, якiм па чарзе кіравалі то французскi, то іспанскі сюзерэн. Трэба было нешта мяняць у палiтычным уладкаваннi Андоры.

На некаторы час Скосыраў знiк са сталiцы, а калi аб’явiўся зноў, у руках у яго былi паперы, згодна з якiмi ён з’яўляўся цi то блізкім сябрам, ці то далёкім сваяком прадстаўнікоў каралеўскiх дынастый Іспаніі і Францыі. «Граф дэ Аранж», як цяпер называў сябе Барыс Мiхайлавiч, быў сапраўдным харызматыкам i выдатным прамоўцам, таму не дзiва, што ў хуткiм часе ў карлiкавай краiне адбылася маленькая «аранжавая» рэвалюцыя – натоўп лiтаральна ўнёс Скосырава ў Генеральны савет, скандуючы нешта накшталт «Барыску на царства!» У ягонай кiшэнi ляжаў праект новай Канстытуцыi Андоры, якая складалася ўсяго з 17 пунктаў. Паводле iх  у краіне ўводзіўся пост караля (ці трэба казаць, што на яго Скосыраў сціпла прапанаваў сябе?); Яго Вялікасць асабіста прадстаўляў Андору ў Лізе Нацый, мог пры­значаць урад (якi складаўся, дарэчы, усяго з трох міністраў) і распускаць парламент. Ашаламляльна, але прадстаўнiкi самых шляхетных родаў княства, якiя i ўтваралi Генеральны савет далiн, пагадзiлiся на ўсе ўмовы Скосырава, нават на самую для яго галоўную, – так 8 лiпеня 1934 года наш упарты зямляк быў абвешчаны каралём Барысам Першым.

I ў каралеўстве адразу пачалiся рэформы. Скосыраў выдаў шэраг вельмі ліберальных і прагрэсіўных на той час указаў. Напрыклад, усе грамадзяне краіны, незалежна ад полу, веравызнання і палітычных поглядаў, атрымлівалі роўныя правы і грамадзянскія свабоды; прыродныя рэсурсы Андоры, якімі раней карысталіся іспанцы і французы, нацыяналiзавалiся; у каралеўстве адмяняліся падаткі i стваралiся ўмовы для арганізацыi турыстычнага бізнесу. Пры гэтым стаўка ў развiццi турызму рабілася не толькі на крутыя андорскiя горы, але і на крутыя прыбыткі ад казіно, якiя кароль Барыс планаваў у вялікай колькасці пабудаваць у сваёй вотчыне. Але ж так i не паспеў.

З жорсткай крытыкай караля i яго iдэi стварэння ў Андоры ігральнай індустрыі ў прэсе выступіў біскуп Урхельскай епархii, што знаходзiцца ў суседняй Каталонii. Яго Вялiкасць ускiпеў i абвясціў біскупу вайну, забыўшыся, што ў Андоры… нiколi не было ўласнай армii. Але пра гэта добра памятаў Урхельскi біскуп, якi адразу звярнуўся па дапамогу да іспанскіх уладаў, i тыя выслалi ў Андору свае войскi – ажно чатырох гвардзейцаў – з загадам арыштаваць Скосырава. Яго казачнае каралеўства праіснавала менш за два тыднi, а зрынуты манарх у канцы лiпеня 1934 года апынуўся ў барселонскiм пастарунку. «Барыс дэ Скосыраў, нягле­дзячы на сінюю арыштанцкую робу іспанскага зняволенага, захаваў пачуццё ўласнай годнасці і свой пастаянны манокль, – пісала газета «Нью-Ёрк Таймс», – i з каралеўскiм гонарам прыняў прысуд:  год турмы і далейшую высылку ў Партугалію».

Гэтая гісторыя, напэўна, была б сумнай, калі б не яе працяг.

Праз паўстагоддзя Андора зрабiла другую спробу рэформаў, узяўшы за аснову тую самую эканамічную мадэль, якую калiсь прапанаваў Скосыраў. На гэты раз спроба аказалася ўдалай – так пiрэнейскi карлік, заціснуты паміж Іспаніяй і Францыяй, стаў адной з самых квітнеючых краін свету. Цікава, ці сачыў за тымi зменамі, што адбываліся на пачатку 1980-х у Андоры, сам Барыс Скосыраў і ці пазнаў ён сваю даўнюю праграму, якой андорцы абавязаны сваім цяперашнім дабрабытам? Думаю, мог, бо ён дажыў да 1989 года, у якім памёр і быў пахаваны ў германскім горадзе Бопард. Суседзi нават не здагадвалiся, што побач з iмi жыў адстаўны кароль, прымаючы Скосырава за старога ранцье.

P.S. Чытаў, што англійскi кiнарэжысёр Тэрэнс Грос абдумвае ідэю зняць фiльм пра Скосырава. У ролі караля Барыса ён бачыць Дэніэла Крэйга – кiношнага Джэймса Бонда апошняга дзесяцiгоддзя. Дарэчы, у 2008-м у галiвудскай ваеннай драме «Выклік» менавiта Крэйг выканаў ролю партызана Бельскага з Налiбоцкай пушчы.

P.P.S. (толькi для сур’ёзных даследчыкаў). Кажуць, што нават сама назва «Андора» пайшла ад Скосырава – маўляў, калi ён упершыню там з’явiўся i паблукаў па мясцовых крамах, дык нават пляснуў рукамi: «АН ДОРАга ў вас тут!» i пацмокаў языком. З таго часу нiбыта i пачалi тубыльцы называць свой край Андорай, а Скосырава якраз асянiла думка аб стварэннi тут зоны бяспошліннага гандлю…


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах