24.02.2010

 - Газета

Уладзімір Арлоў: «Для мяне Полацк – гэта горад-загадка, які дагэтуль захоўвае безліч таямніц»

Журналіст і пісьменнік Пётр Вайль у прадмове да сваёй кнігі падарожных эсэ «Гений места» пісаў, што сувязь чалавека з мясцінай яго жыхарства таямнічая, але тым не менш бясспрэчная. Яе вызначае вядомы продкам genius loci – геній месца, які звязвае інтэлектуальныя, духоўныя і эмацыйныя з’явы з іх матэрыяльным асяроддзем. Вобраз любога горада вызначаецца геніем месца, і гэтае вызначэнне глыбока суб’ектыўнае. Так, мы можам казаць пра Полацк Усяслава Чарадзея і Полацк Францішка Скарыны, Полацк Рагнеды і Полацк Святой Еўфрасінні. Сёння мы прапануем паразмаўляць пра Полацк Уладзіміра Арлова.

Журналіст і пісьменнік Пётр Вайль у прадмове да сваёй кнігі падарожных эсэ «Гений места» пісаў, што сувязь чалавека з мясцінай яго жыхарства таямнічая, але тым не менш бясспрэчная. Яе вызначае вядомы продкам genius loci – геній месца, які звязвае інтэлектуальныя, духоўныя і эмацыйныя з’явы з іх матэрыяльным асяроддзем. Вобраз любога горада вызначаецца геніем месца, і гэтае вызначэнне глыбока суб’ектыўнае. Так, мы можам казаць пра Полацк Усяслава Чарадзея і Полацк Францішка Скарыны, Полацк Рагнеды і Полацк Святой Еўфрасінні. Сёння мы прапануем паразмаўляць пра Полацк Уладзіміра Арлова. Глыбокае даследаванне пісьменнікам гісторыі роднага горада, падчас якога адкрываліся шматлікія полацкія таямніцы, не магло не паспрыяць абвяшчэнню Полацка першай культурнай сталіцай Беларусі.

pol2Спадар Уладзімір, у адным з інтэрв’ю вы казалі, што найкаштоўнейшы каментар да творчасці літаратара – яго біяграфія, але не менш каштоўным каментаром з’яўляюцца і тыя мясціны, дзе ён вырас. Геній месца ў гэтых мясцінах заўсёды адчуваецца. Улічваючы тое, што вы нарадзіліся ў Полацку, якім можа быць каментар да вашай творчасці?

– Зразумець пісьменніка на ўсю поўніцу немагчыма, пакуль не пабудзеш у тым месцы, дзе ён з’явіўся на свет, дзе бегаў босенькі па зямлі, атрымліваючы энергію на ўсё будучае жыццё. Безумоўна, мне пашчасціла. Я нарадзіўся ў Полацку, і здарылася гэта ў год Змяі паводле ўсходняга календара, і ў год смерці Сталіна паводле календара савецкага. Вокны палаты, у якой я з’явіўся на свет, выходзілі на вежы Святой Сафіі. Мама расказвала, што, калі паказвала мяне майму тату ў акно, я ўпершыню ўбачыў не толькі тату, але і Сафійскі сабор, і Полацк, і ўвесь велізарны свет, такі страшны і адначасова дзівосны. Так пачаўся мой жыццёвы і творчы шлях.

Полацк – гэта горад, дзе, безумоўна, ёсць тое, што мы называем genius loci – геній месца. Напэўна, гэты геній ёсць у любой мясціне, але ў такіх гарадах, як Полацк, ён праяўляецца шматкроць мацней. Полацк – мае альфа і амега. Альфа – таму што там я прыйшоў на свет, амега – таму што туды я калі-небудзь абавязкова вярнуся назаўсёды. Полацк – гэта і першае каханне, і першыя літаратурныя спробы, і першыя словы, напісаныя па-беларуску, маё далучэнне да нацыянальнага космасу. Для мяне Полацк – гэта горад-загадка, горад, які дагэтуль захоўвае безліч таямніц. Менавіта гэтым ён вабіў мяне з дзяцінства, калі мы шукалі старажытныя скарбы, полацкія падземныя хады, якія ў свой час імкнуліся знайсці і наш Вацлаў Ластоўскі, і вядомы расейскі мастак і археолаг Дзмітры Струкаў, і шмат хто яшчэ, пра каго я напісаў у кнізе «Таямніцы полацкай гісторыі». Я думаю, што без Полацка не было б такога пісьменніка, як Уладзімір Арлоў.

Вы шмат гадоў адкрывалі таямніцы полацкай гісторыі. Якія, на вашую думку, падаюцца самымі незвычайнымі?

– Я лічу, што менавіта з «полацкімі лабірынтамі», як іх назваў Вацлаў Ластоўскі ў аднайменнай аповесці, і звязаныя самыя хвалюючыя, самыя пякучыя таямніцы полацкай гісторыі. Магчыма, менавіта там знайшлася б полацкая бібліятэка, якая знікла ў часы Інфлянцкай вайны ў другой палове XVI стагоддзя. Ёсць версія, паводле якой арыгінал крыжа Святой Еўфрасінні таксама можа знаходзіцца ў полацкіх падзямеллях. Мне некалькі разоў сніліся тыя лабірынты, куды я сапраўды спускаўся ў сваім дзяцінстве, калі яшчэ стаяў сабор Святога Стэфана, перахрышчаны праваслаўнымі ў Мікалаеўскі, і калі яшчэ можна было ўвайсці ў сутарэнні занядбанага тады Багаяўленскага сабора. Як мне памятаецца, лёхі пад ім пасля некалькіх дзесяткаў крокаў былі затопленыя вадой, а пад саборам Святога Стэфана праз сотню метраў – засыпаныя зямлёй. Я веру, што ў ХХІ стагоддзі гэтыя лабірынты яшчэ падораць сенсацыйныя адкрыцці нашым археолагам. Полацк мне ўяўляецца не проста светам, а цэлым сусветам з яго гісторыяй, сённяшнім днём, будучыняй. У сваёй новай паэтычнай кніжцы «Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся» я змясціў верш, які мне таксама прысніўся. У гэтым сне мне мроілася, што ў Полацку ёсць старадаўнія кварталы, куды не трапляюць турысты. Дарогу туды могуць знайсці толькі палачане, і тое, не ўсе: трэба ведаць пэўнае слова, пэўную сцежку. Мне снілася, што менавіта ў той зачараванай, загадкавай частцы Полацка і захавалася Полацкая ратуша, падмуркі якой дагэтуль не знайшлі археолагі.

pol3

Дагэтуль дакладна не вядомыя даты нараджэння і смерці самага славутага з палачанаў – Францішка Скарыны. Яшчэ адна таямніца, якую, магчыма, пашанцуе раскрыць. А чаму б і не, калі некалькі гадоў таму ў маскоўскім Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў беларускі гісторык Марына Ліннікава знайшла тры дакументы, датычныя князя Усяслава Чарадзея, які жыў на некалькі стагоддзяў раней за Скарыну?

– А самі палачане зацікаўленыя ў адраджэнні сваёй спадчыны?

– Існуе такі феномен Полацка, як нефармальнае «сусветнае брацтва палачанаў». Калі ў 1994 годзе выйшла першае выданне маёй кнігі «Тамяніцы полацкай гісторыі», я атрымаў велізарную пошту. Мне прыйшлі лісты адусюль, куды закінула палачан: ад полацкіх габрэяў, якія жылі ў Ізраілі, ад эмігрантаў з ЗША, ад палачан, якія працавалі ў Афрыцы. Хтосьці проста выказваў падзяку за кнігу, а хтосьці дасылаў мемуары свайго дзеда, які быў полацкім кадэтам. У адных такіх успамінах я знайшоў столькі сюжэтаў і дэталяў, што хапіла б на цэлы раман. Дзякуючы гэтай пошце з’яўляліся ўсё новыя і новыя старонкі ў наступных выданнях «Таямніц». Мне пішуць і цяпер. У першым выданні кнігі я згадаў трынаццацігадовую полацкую гімназістку Любу Каз’яніну – у краязнаўчы музей нейкім чынам патрапіў яе выпускны атэстат. Гаворка ішла пра пачатак ХХ стагоддзя, і я разважаў, як складзецца яе жыццё, ці не знікне яна ў рэвалюцыйным  ліхалецці, у гады рэпрэсій. І раптам мне прыходзіць ліст пра лёс Любы Каз’янінай, якая выжыла і стала заслужанай настаўніцай Беларусі. Я пісаў пра гімназічную выкладчыцу Вільгельміну Рульковіус – выпускніцу Кембрыджскага універсітэта, якая выкладала ў Полацку. Англійскі дыплом і веданне сямі моваў былі прычынай абвяшчэння яе буржуйкай. Яна жыла ў галечы, зарабляла на хлеб прыватнымі ўрокамі, але пражыла доўгае жыццё. І пра яе мне таксама напісалі. Гэтыя лісты і ўспаміны падключалі мяне да магутнага полацкага энергетычнага поля. А вось самы свежы прыклад. У Маскве жыве палачанін па нараджэнні бізнесовец Андрэй Макагон. На адным з замежных аўкцыёнаў ён набыў кнігу, якая выйшла ў 1826 годзе – імшал, альбо расклад каталіцкай імшы. Гэта вельмі рэдкае выданне друкарні Полацкага калегіума піяраў. Андрэй Макагон праз мяне перадае кнігу Полацкаму музею кнігадрукавання.

Напэўна, так праяўляецца «полацкі менталітэт»?

– Безумоўна.

Як атмасфера горада можа ўплываць на характары людзей?

– Зусім не выпадкова з Полацкам было звязана жыццё такіх людзей, як Рагвалод, Рагнеда, яе сын Ізяслаў, што быў нашым першым асветнікам, Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння, дойлід Іаан, ювелір Лазар Богша. Напэўна, гэтая мясціна нейкім таемным чынам пазначаная адмысловай пячаткай. Пасіянарнасць Полацка пасля дзесяцігоддзяў заняпаду пачала зноў праяўляцца ў канцы ХХ – на пачатку ХХІ стагоддзя, у тым ліку і ў дзеяннях полацкага кіраўніцтва. 

Калі казаць пра сам полацкі менталітэт, то ў маім уяўленні жыхары Прыдзвіння ў значнай большай ступені, чым іншыя беларусы, надзеленыя верай у дзівосы. Гэта выявілася ў творчасці аўтара «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага. Цяпер адлюстроўваецца ў кнігах палачаніна Пятра Васючэнкі – казачніка і драматурга. У палачанаў больш развітыя пачуцці гумару, іроніі і самаіроніі. Пра гэта сведчыць творчасць і Васючэнкі, і Вінцэся Мудрова, празаіка, які нарадзіўся і працуе ў Полацку. Літаратуразнаўцы кажуць, што і я, на шчасце для самога сябе, у сваіх кнігах не пазбаўлены гэтага пачуцця. Палачане, мяркуючы па сабе, сваіх сябрах і знаёмых, большыя гурманы, чым іншыя беларусы. Я ганаруся, што ўвёў ва ўжытак паняцце «полацкі менталітэт», а потым Рыгор Барадулін напісаў у яго падтрымку аднайменны верш. Ёсць полацкі менталітэт, а значыць, ёсць Беларусь, таму што Полацк, як ніякі іншы горад, даў нашай краіне і Еўропе цэлае сузор’е выдатных асобаў.

pol4

Якія перашкоды паўставалі на вашым шляху адкрыццяў ці горад ахвотна раскрываў перад вамі свае сакрэты?

– У мяне часта пытаюцца, ці не сустракаўся я ў сваіх гістарычных росшуках з нечым, накшталт «помсты фараонаў», калі гісторыя пачынае помсціць, калі персанажы, да таямніц якіх ты дакранаешся, спрабуюць уздзейнічаць на тваё жыццё. У мяне былі такія выпадкі. Напрыклад, аднойчы я не мог зняць ксеракопію з дакумента XVIII стагоддзя. Гэта быў рукапісны судовы дакумент. Увесь час пасярэдзіне атрымлівалася чорная пляма. Я паспрабаваў больш за дзесяць ксераксаў і вырашыў, што справа ў якасці паперы. Перапісаў з дакумента тое, што мяне цікавіла, і раптам адчуў, як па спіне прабеглі мурашкі. У той момант я зразумеў, чаму не змог скапіяваць дакумент: ён датычыўся судовай справы адной полацкай вядзьмаркі, якую абвінавацілі ў чарадзействе.

Вы паступова паглыбляліся ў гісторыю роднага горада, назіралі за яго жыццём. Як змяняўся Полацк цягам гадоў?

pol1 – Ці не самы яркі і балючы ўспамін майго дзяцінства – адзін з зімовых дзён 1964 года. Я з сябрам сядзеў на дзіцячым сеансе ў кінатэатры «Радзіма», і раптам запалілася святло, зайшоў нейкі чалавек і сказаў: «Ребята, не бойтесь! Мы сейчас будем рвать церковь». Сэнс гэтых слоў да нас не дайшоў – мы вучыліся ў чацвёртым класе. Пасля грымнула некалькі выбухаў, зноў пагасла святло, і мы даглядзелі фільм пра нашых і немцаў. Калі выйшлі на двор, убачылі на месцы сабора Святога Стэфана, які ствараў разам з Сафійскім і Багаяўленскім саборамі сілуэт старадаўняга Полацка, куродымныя руіны, якія потым гады два разбівалі салдаты Полацкага гарнізона. Праз шмат гадоў у кнізе мемуараў вядомага савецкага дысідэнта генерала Грыгарэнкі я прачытаў аб тым, што полацкі сабор Святога Стэфана быў у ліку помнікаў, на якіх, як гэта тады называлася, выпрабоўвалася «новая, более прогрессивная методика сноса культовых строений». Чамусьці, яна выпрабоўвалася ў Беларусі. Здаецца, у Полацку гэта быў апошні выбух. Пасля таго будынкі ўжо не руйнавалі, а пачалі аднаўляць. Мне пашчасціла сябраваць з архітэктарам Валерыем Слюнчанкам, першым беларускім архітэктарам-рэстаўратарам. Ён быў аўтарам праектаў аднаўлення і Багаяўленскага сабора, і Сафійскага, і Крыжаўзвіжанскага, і яшчэ некалькіх дзесяткаў помнікаў гісторыі і культуры, якія цяпер у залатым фондзе нашай гістарычнай спадчыны. Валера дапамог мне яшчэ глыбей адчуць душу горада, які і для яго стаў родным.

Валеры Слюнчанкі ўжо даўно няма на свеце. Але, на шчасце, тая справа, якой ён займаўся, пераадольваючы шматлікія перашкоды, знайшла працяг. У Полацку цяпер адноўлены не толькі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, але і карпусы былога Полацкага калегіума і Акадэміі, якая была адчынена ў 1812 годзе. Я рады, што там зноў гучаць галасы студэнтаў і выкладчыкаў. Тым самым працягваецца традыцыя полацкай «alma mater», заснаванай у канцы XVI стагоддзя.

Полацку пашанцавала на кіраўніцтва. Тандэм у асобе мэра Уладзіміра Тачылы і дырэктара Полацкага нацыянальнага гістарычна-культурнага запаведніка Мікалая Ільніцкага, якім дапамагала Вольга Ждановіч, старшыня Полацкага гарсавета, зрабіў у Полацку своеасаблівы цуд. Пачынаючы з другой паловы 1990-х, у горадзе кожны год адчыняецца новы музей альбо новы помнік. Да бронзавага Скарыны дадаліся Еўфрасіння, Усяслаў Чарадзей, Сімяон Полацкі… З’явілася матэрыяльнае ўвасабленне літары «Ў» – па-свойму унікальны турыстычны аб’ект, на якім адліты радок з верша Рыгора Барадуліна: «…Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет…»

У мяне складанае стаўленне да адноўленага помніка воінам 1812 года, які зусім нядаўна з’явіўся на плошчы Свабоды ў Полацку. Тая вайна не была для нашых продкаў айчыннай. На баку расейскага войска ваявалі дзесяткі тысяч беларусаў, якія былі рэкрутамі. У войска Напалеона ішлі добраахвотна – наша шляхта, студэнты, гімназісты, якія верылі ў магчымасць аднаўлення ВКЛ. На помніку такога кшталту павінна быць мемарыяльная дошка, якая будзе казаць пра ўсіх нашых суайчыннікаў, якія ваявалі ў той вайне за чужыя інтарэсы.

А якія імёны ў Полацку яшчэ належным чынам не ўшанаваныя?

– Мы ведаем імёны, якія на слыху, але з Полацкам звязаныя лёсы дзесяткаў іншых асобаў, вартых нашай памяці. Сярод іх выкладчык Полацкага калегіума – Мацей Казімір Сарбеўскі – паэт і філосаф першай паловы XVII стагоддзя, абвешчаны «хрысціянскім Гарацыем». Альбо ягоны «калега» вучоны-гуманіст Габрыэль Грубер, аўтар ідэі пераўтварэння Полацкага калегіума ў Акадэмію. Выпускнік Полацкай Акадэміі – Ян Баршчэўскі. Тамсама выхоўваўся і Валенцій Ваньковіч – выдатны партрэтыст, пэндзлю якога належаць славутыя партрэты Напалеона, Пушкіна, Міцкевіча. У Полацку вучыўся Канстанцін Тышкевіч – адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

Мяне бясконца цешыць, што Полацк дае іншым беларускім гарадам прыклад вяртання гістарычнай тапанімікі. Праспект Карла Маркса атрымаў імя Францішка Скарыны. Вуліцы Леніна вернутая гістарычная назва Ніжнепакроўская. Статус культурнай сталіцы дае магчымасць працягнуць гэтую традыцыю. Сёлета мы адзначаем 600-годдзе Грунвальдскай перамогі. Полацкая харугва ў гэтай бітве была адной з самых вялікіх і моцных, бо горад у тыя часы быў багацейшы за сталічную Вільню. У Полацку магла б з’явіцца Грунвальдская вуліца. А вуліца Войкава, удзельніка расстрэлу сям’і Раманавых, да прыкладу, магла б насіць імя Рагнеды. Я спадзяюся, што, калі Полацк будзе перадаваць эстафету культурнай сталіцы іншаму беларускаму гораду, я змагу прайсціся па некалькіх вуліцах з новымі назвамі.

З вышэйсказанага вынікае, што Полацк слушна атрымаў статус культурнай сталіцы?

– Выбар быў зроблены абсалютна дакладна. Наш беларускі свет пачынаўся ад Полацка. Гэты горад – пачатак нашай гісторыі, культуры, дзяржаўнасці. Полацк – гэта галоўны цуд Беларусі. У нашай краіне мы не знойдзем такіх аналагаў, калі ў горадзе так інтэнсіўна аднаўляецца яго спадчына. Яна шмат страціла, але засталося дастаткова, каб Полацк магчыма было называць нашай турыстычнай, а цяпер і культурнай сталіцай.

Ці падрыхтаваны Полацк да прыняцця той колькасці турыстаў, якая захоча наведаць культурную сталіцу?

– Гэты статус павінен спрыяць стварэнню новых аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Калі верыць полацкаму мэру, Уладзіміру Тачылу, штогод Полацк наведвае мільён гасцей. Відавочна, што гатэля «Дзвіна» на ўсіх не хапае.  А на пачатку ХХІ стагоддзя ў горадзе было з тузін прыватных гатэльчыкаў. Яшчэ Полацку не зашкодзіць некалькі дзесяткаў новых кавярняў і рэстаранчыкаў. Акрамя таго, там мне не хапае ўласна полацкіх цікавінак, якія б падкрэслівалі непаўторнасць горада. Напрыклад, старадаўніх прыдзвінскіх страваў, якія яшчэ ў часы майго дзяцінства былі на сталах у полацкіх дамах. Адзін з самых смачных дэсертаў у маім жыцці – гэта халодная вараная бульба з бруснічным сочывам, звараным з морквай альбо грушамі, ці райскімі яблычкамі. Памятаю, як мая мама гатавала малочны суп з рыбай. Для гэтага найлепш падыходзіў лешч. З яго даставаліся косткі, варылася толькі мяса. Пластачкі з бакавін ляшча нечым нагадвалі локсану. У ХІХ ст. у Полацку быў вельмі папулярны хрэсьбінны збітня, які павівальная бабка на хрэсьбінах падносіла шчасліваму бацьку дзіцяці. Галоўнымі кампанентамі збіценю былі рэдзька, хрэн, мёд і соль. Гатаваліся і знакамітыя полацкія квасы, пра што пісаў вядомы этнограф Мікалай Нікіфароўскі. Найлепшым у Полацку лічылі квас насычанага чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Апрача хлебнага гатавалі квас з буракоў, бярозавіку, а таксама ягадныя квасы – калінавік, бруснічнік, журавіннік, рабінавік. З адборнай антонаўкі – яблычны квас. Мне хацелася б, каб у меню полацкіх кавярняў і рэстаранаў быў раздзел традыцыйных мясцовых страў.

Пра Дзвіну вы пісалі, што яна была калыскай нашай гісторыі. Якая роля Дзвіны ў сучаным Полацку?

– Я згадваю Дзвіну свайго маленства. Тады рака была больш паўнаводнай, і у Палаце, ад якой горад атрымаў сваю назву, можна было патануць. А цяпер у той Палаце, як кажуць, кату па пяту. Сто гадоў таму насупраць Сафійскага сабора на Дзвіне існавала вялікая выспа, цяпер злучаная з процілеглым берагам. На той выспе быў першы будынак Полацкага калегіума, адчыненага ў 1581 годзе.

У часы майго дзяцінства ўвечары Дзвіна ператваралася ў яшчэ адну полацкую вуліцу. Там бясконца шнуравалі лодкі на вёслах, маторкі, катэры. Тады з Полацка да Улы і Віцебска хадзілі цеплаходы. Гэта надавала гораду больш каларыту. Вельмі перспектыўным выглядае аднаўленне руху па Дзвіне для турыстаў. Напрыклад, падарожжы ад Полацка да Бешанковічаў,  Улы, Віцебска.

Наколькі існуе верагоднасць таго, што вашымі парадамі скарыстаюцца?

– Я шчаслівы, што некаторыя ідэі, якія прагучалі ў першых выданнях «Таямніцаў полацкай гісторыі», ужо ўвасобіліся ў жыццё. Напрыклад, адкрыццё помнікаў, пераезд у былыя карпусы Акадэміі, якія доўгі час належалі Міністэрству абароны, студэнтаў Полацкага універсітэта. Сёлета ў горадзе мяркуецца адчыніць помнікі дойліду Іаану, Рагнедзе і полацкаму студэнту. Аднак, помнік студэнту ніякім чынам не можа замяніць будучых помнікаў Яну Баршчэўскаму, Валенцію Ваньковічу, Габрыэлю Груберу...

Спадзяюся дажыць да таго часу, калі Полацк будзе абвешчаны культурнай сталіцай Еўропы. Я пра гэта мару, спадзяюся да гэтага дажыць.

Калі б Полацк змог прэтэндаваць на такі статус, на чым, на вашую думку, варта было б засяродзіць увагу еўрапейцаў?

– Трэба было б зрабіць акцэнт на тым, што Беларусь – еўрапейская краіна, а беларуская гісторыя – частка агульнаеўрапейскай. Трэба будзе сказаць, што ў нас было магдэбургскае права, што нашы студэнты вучыліся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах, а наш Скарына чацвёртым у хрысціянскім свеце выдаў друкаваную Біблію на мове свайго народа. Трэба будзе сказаць, што мы былі ўсходнім аванпостам Рэнесанса і Рэфармацыі – тых эпох, якія прадвызначылі рух еўрапейскай цывілізацыі на стагоддзі наперад.

Апроч таго, для еўрапейца было б цікава даведацца, як на землях нашай будучай краіны сустракаліся заходнія і ўсходнія ўплывы. Як яны ўзаемадзейнічалі, як ствараліся фрэскі Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы, як нараджаліся уніяцкія абразы, якія цяпер можна ўбачыць у Полацкай мастацкай галерэі. Як побач стаялі праваслаўная і уніяцкая цэрквы, касцёл і сінагога, і гэта не выклікала крывавых сутычак і канфліктаў, нават у тыя далёкія часы. 

Трэба будзе паказаць ролю Полацка ў агульнаеўрапейскім кантэксце ў канцы XVIII –пачатку XIX стагоддзя, калі забаронены ва ўсім свеце ордэн езуітаў ацалеў менавіта на нашых землях. Гэта адзін з парадоксаў гісторыі. Полацк на некалькі дзесяцігоддзяў ператварыўся ў яго сталіцу. Адначасова гэта быў і адзін з інтэлектуальных цэнтраў Еўропы, бо тут выкладалі прафесары Сарбоны, Рымскага, Мадрыдскага універсітэтаў. Тут гучалі лекцыі на дзесятках моў, а праграма Полацкага калегіума і Акадэміі ўражвае і цяпер.

На маю думку, наша еўрапейская гісторыя – гэта шлях у нашу еўрапейскую будучыню.

Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах