01.03.2012

 - Газета

Мая Гародня

Першы раз я трапiў  у Гародню пад ноч. Я ўжо быў начытаны пра гэты горад і, зразумела, хацеў пабачыць Сярэднявечча, замкі і рыцараў, адразу на аўтобусным прыпынку, дзе апынуўся, вылезшы з белага мікрааўтобуса «Беласток–Мінск» на Савецкай плошчы.

Раман АБРАМЧУК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА

Першы раз я трапiў  у Гародню пад ноч. Я ўжо быў начытаны пра гэты горад і, зразумела, хацеў пабачыць Сярэднявечча, замкі і рыцараў, адразу на аўтобусным прыпынку, дзе апынуўся, вылезшы з белага мікрааўтобуса «Беласток–Мінск» на Савецкай плошчы.

Так, я адразу ж быў прастрэлены наскрозь начным ліпеньскім небам Гародні, але мой вобраз Старога Горада неяк не вязаўся з тралейбуснымі дратамі, што навіслі над плошчай і вуліцамі, аддзяляючы ад людзей тое самае неба; вобраз не вязаўся з танкам, так упэўнена накіраваным на заходнюю краіну, з якой я прыехаў на маршрутцы і дзе жывуць, як мне падалося, мілыя людзі; не вязаўся з крыху пачварнымі абрысамі драматычнага тэатра, таго самага, які з’явіўся на месцы разбуранага пры Саветах касцёла...

У наступныя дні распачаўся шырокі разгорнуты культпаход: музеі Старога і Новага замкаў, манастыр Раства Багародзіцы XVII ст., старая сінагога, пешаходная Савецкая з Фарным касцёлам, музей-галерэя «Дом майстра» ў гістарычным раёне «Гарадніца» – паступова мой вобраз кніжнай Гародні, народжаны праштудзіраванай літаратурай, пачынаў ажываць...

Помнiк Жылiберу

Помнiк Жылiберу

Гародня кніжная

Адкуль жа ты, мая кніжная, ідэалізаваная Гародня – з пакру­ча­с­тымі, абавязкова брука­ванымі вулачакамі і востры­мі шпілямі касцёлаў? Ды не сакрэт: Уладзімір Ка­раткевіч пастараўся, сваім раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ён літаральна прымусіў мяне паверыць, што зараз, вось праз хвіліну, з-за паварота з’явіцца камічная працэсія – вандроўныя авантурысты ў выглядзе дванаццаці апосталаў са сваім нябесным Настаўнікам. Пакрочаць да замкавай брамы, каб у сутарэннях Старога замка патрапіць у д’ябальскую авантуру, задуманую кардыналам і гарадскімі багацеямі (гэта завязка ўзгаданага рамана). Я нават маршрут хацеў прасачыць: вулачкі, якімі ішлі тыя артыс­ты-шарлатаны, пра якiх сапраўды ўзгадваюць гістарычныя хронікі XVI ст. Але неяк усё натыкаўся на Палац тэкстыльшчыкаў, які не даваў праходу маім і Караткевічавым героям...

Тое ж самае было і са Старым замкам, якi сёння больш падобны да шэрай тыпавай каробкi, сцены якой знутры пакрытыя страшнаватай алейнай фарбай савецкіх часоў. Стоячы на высачэзным беразе Нёмана, паставіўшы нагу на цагляныя падмуркі, я ўсё дарэмна спрабаваў уявіць, як адсюль 600 гадоў таму адпраўляліся на Грунвальд літвінскія харугвы. І калі б мой знаёмец, супрацоўнік музея, не паказаў мне ў запасніках велізарную, пачарнелую ад часу «Пагоню», што вісела, відаць, над уязной брамай, я б, магчыма, і не вяртаўся сюды зноў і зноў, «падгружаючыся» папярэдне гістарычнай літаратурай...

Гародня ваярская

Гарадзенскі замак, гісторыя якога пачынаецца ў X стагоддзі, на працягу некалькіх вякоў прыдбаў сабе славу аднаго з самых непрыступных замкаў у Еўропе: узяць «Гартэн» (так па-нямецку гучала назва горада) было справай гонару для рыцараў з Нямеччыны (самыя частыя «госці» з захаду ў гэтых краях), а таксама Францыі, Швецыі, Галандыі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі і нават... Англіі з Шатландыяй (англічане з шатландцамі ўдзельнічалі ў пахо­дзе на «Гартэн» у 1364 г., але, як паведамляюць летапісы, ужо ў дарозе перасварыліся з-за пытання, хто ж будзе першым несці харугву).

Адным з тых, хто прыдбаў для Гародні славу непрыступнай крэпасці, быў князь Давыд, пазней празваны Гарадзенскім, які не толькі часцяком адпраўляў авантурыстаў у бліскучых даспехах дадому-дахаты, але і сам здзейсніў некалькі пераможных рэйдаў у Нямеччыну. Не здолеўшы нічога зрабіць з гэтым чалавекам, які фактычна перакрыў дарогу ва ўсю Усходнюю Еўропу, заходнееўрапейскае рыцарства пайшло на «высакародны» ўчынак: у адным з паходаў князь Давыд быў забіты дзідай у спіну ў сваім шатры сваім жа падкупленым паплечнікам. Ваяры на шчытах неслі цела князя з Польшчы ў Гародню, дзе пахавалі яго, згодна з паданнем, каля сцен замка...

У гэтым жа замку князь Вітаўт уладкаваў сабе рэзідэнцыю, але ледзь не загінуў у час вялікага пажару ў 1398 г., быў выратаваны хатняй малпай, што разбудзіла вялікага князя і яго жонку. Замак пасля пажару быў адноўлены ў гатычным стылі і меў пяць вежаў. Але ў часы караля Стэфана Баторыя (1580-я гг.), для якога Гародня стала ўлюбёнай рэзідэнцыяй, замак быў перабудаваны ў шыкоўны рэнесансавы палац (макет менавіта гэтага палаца сёння выстаўлены ў музейнай зале Мірскага замка). У сваёй гара­дзенскай рэзідэнцыі Стэфан Баторый выношваў планы па захопу Рускай дзяржавы, тут сустракаўся з яе пасламі, адсюль жа выпраўляўся з войскам на Маскву, калі перамовы не дапамагалі, тут жа і... памёр ад моцнай прастуды, падхопленай на паляванні. А з рускімі яшчэ прыйшлося мець справу: гарадзенская шляхта выціскала маскоўскіх «братоў» з замка ў канцы 1650-х гг. Праз пяць стагоддзяў хтосьці з рамантыкаў назаве гэты горад заходнім канцом беларускай дзіды.

Гародня еўрапейская

Як заходні горад, Гародня заўжды адчувала вялікую заходне­еўрапейскую «прысутнасць» на сваёй прасторы. У 1496 г. гара­джане атрымалі магдэбургскае права па нямецкім узоры (права на самакіраванне горадам незалежна ад цэнтральнай дзяржаўнай улады), і Гародня стала адным з цэнтраў гарадскога жыцця ў ВКЛ з выразнай цэхавай арганізацыяй, характэрнай для сярэднявечнага еўрапейскага горада. У Гародні існавала даволі значная фахверкавая забудова (фахверкі – характэрныя нямецкія дамкі з белымі сценамі, якія «прарэзаны» чорнымі або карычневымі драўлянымі бэлькамі). У XVIII ст. па запрашэннi графа Антонія Тызенгаўза (гораданачальнік у 1760–1770-х гг.) у Гародні працавала вялізная колькасць спецыялістаў з заходнееўрапейскіх краін. У пэўны момант для іх дзяцей нават былі адкрыты «нямецкая» і «французская» школы. Ды, зрэшты, і сам герб горада, атрыманы яшчэ ў XV стагоддзі (так званы «алень святога Губерта»), відавочна арыентаваў гараджан на заходнееўрапейскі і каталіцкі культурны кантэкст.

Мая Гародня – сталічная

Горад ужо ў XV ст. стаў палітычным цэнтрам краіны: тут адбываліся парламенцкія паседжанні (пазней – папераменна з Варшавай), сюды былі пераведзены вышэйшыя суды, разнастайныя дзяржаўныя камісіі ВКЛ, а пазней – і Рэчы Паспалітай (дзяржавы, у якой былі аб’яднаны ВКЛ і Польскае каралеўства). Нездарма падзел гэтай польска-беларуска-літоўскай дзяржавы ад­бы­ваўся менавіта тут. Хронікі захавалі даволі яркае апісанне апошняга парламенцкага пасяджэння, так званага «нямога» Сойма Рэчы Паспалітай 1793 г., калі дэпутаты былі зачынены расійскімі салдатамі ў залі Новага замка, а на дзверы былі дэманстратыўна нацэлены расійскія гарматы. Усе апазіцыйна настроеныя да расійскай улады дзеячы яшчэ да пасяджэння былі пад канвоем выдалены з горада. У знак пратэсту і адначасова ад страху дэпутаты Сойму на працягу ночы не вымавілі ані слова. Гэтае маўчанне было трактавана расійскімі прадстаўнікамі як знак згоды на перадачу ўлады расійскай імператрыцы. Тут жа знаходзіўся адзін з цэнтраў антырасійскага пастаўння Касцюшкi ў  1794 г.

Мая Гародня – вір культурнага жыцця. Яшчэ ў 1670-х гг. тут пачалі выдаваць першую ў ВКЛ газету. А пры графе Антоніі Тызенгаўзе тут грымелі яркія тэатральныя паказы з удзелам знакамітых еўрапейскіх артыстаў, працавала адна з найвялікшых друкарняў у краіне, а запрошаным французскім біёлагам Жанам Жыліберам быў закладзены шыкоўны батанічны сад (часткова захаваўся да сёння). Вядома, што граф Антоні Тызенгаўз запрашаў у Беларусь на сталае пасяленне таксама французскага філосафа Жана Жака Русо, але той, спаслаўшыся на гісторыю з «палякам, які ў яго нядаўна скраў грошы», вырашыў не пераязджаць. Але і без Ж. Ж. Русо ў Гародні заўжды хапала людзей, чые думкі, дзеянні і пачуцці сталі шырока вядомымі за межамі горада: з Гародняй звязаны лёс пісьменніцы Элаізы Ажэшкі, паэта Максіма Багдановіча, рок-спевака Чэслава Немана, пісьменніка Васіля Быкава.

Гародня не здаецца

Тое, што Гародня – адзіны беларускі горад з такой выключна вялікай колькасцю архітэктурных помнікаў, зусім не азначае, што за імі тут належна даглядаюць. «Бітвы» за Гародню вядуцца з пераменным поспехам: выратаваныя падмуркі Радзівілаўскага палаца (у той самай студэнцкай акцыі) – вывезеная з плошчы на сметнік старая брукаванка; некалькі знесеных дамоў у стылі канструктывізму 1920-х гг. – пакінуты чыноўнiкамi ў спакоі Новы Свет (квартал гарадскіх драўляных сядзiбаў пач. XX ст.); пашыраны мост праз Нёман, які павялічыў транспартную нагрузку на старыя вулачкі, – некалькі абароненых ад руйнавання старых дамоў... Шчыра кажучы, часцей перамога дастаецца краязнаўцам толькі таму, што «ляснуў» чарговы крызіс. Але, нягледзячы на гэта, Мінск можа пазайздросціць такому ўпартаму змаганню за свой горад. У значнай ступені дзякуючы гарадзенскім краязнаўцам мы сёння яшчэ маем, што прапанаваць турыстам. Гэтыя людзі па крупіцах збіраюць звесткі аб Гародні, каб потым падзяліцца імі праз сайты, кнігі і газеты, выдадзеныя часта на свае ж грошы. А потым з гэтых звестак складаюцца тэксты экскурсій... Ды не толькі з гістарычных звестак, але і з гарадскіх легенд, показак, чутак, якія старанна збіраюцца мясцовымі краязнаўцамі. Адзін такі мой гарадзенскі сябар падзяліўся са мной адкрытым ім гарадскім «сакрэтам»: некалькі вуліц, якім у 1990-я былі нададзены новыя назвы – «бульвар Браніслава Тарашкевіча» (замест бульвара Ленінскага Камсамола), «вуліца князя Вітаўта» (замест Сацыялістычнай) і інш., – патрапілі з новымі назвамі ў паштовыя рэестры, хоць шыльды на дамах так і не былі зменены (справа не была завершана). Але паштовы ліст, які мой сябар адправіў сам сабе на адрас па бульвары Тарашкевіча, дайшоў спраўна. Дробязь, а прыемна.

Гародня хіпанская

Некалькі маіх прыездаў у Гародню мелі даволі спецыфічны характар: я апынуўся ў маргінальных колах музыкаў-нефармалаў, якія па-свойму былі адданымі патрыётамі свайго горада. Разам з імі Гародня прыадчынілася мне з зусім ня­звыклага боку: начныя прагулкі па гарадскім некропалі, жыццё ў прыватным сектары з выгодамі на вуліцы; гайданні на арэлях, у якія ўжо ледзь улазіць дарослы азадак, сустрэча світанняў, назіранне за козамі, што кахаюць адзін адно прама ў парку непадалёк ад Каложы, бадзянні па дзікіх далінах Гараднічанкі (гарадской рачулкі, якая ўпадае ў Нёман), дзе час, здаецца, спыніўся...

Мала хто ведае, што Гародня ў далёкія 1960-я была адным з цэнтраў хіпанскага руху на Беларусі. «Валасатая» моладзь тусавалася ў гарадскім парку каля «Каменнай жанчыны» – помніка Элаізе Ажэшцы. Менавіта з гэтых тусовак выйшаў Чэслаў Неман, рок-зорка Еўропы 1970-х, які быў выключаны з Гарадзенскай музычнай вучыльнi, а пазней пераехаў жыць у Польшчу, дзе і пачаўся яго нечаканы ўзлёт (псеўданім «Неман» спявак узяў сабе на памяць аб той рацэ, на якой ён вырас). З гэтых жа тусовак паходзіць Уладзімір Кандрусевіч, сучасны беларускі кампазітар, брат мітрапаліта Тадэвуша, які ўзначальвае сёння беларускі каталіцкі касцёл. Ды што граху таіць – з гэтай тусоўкай праз Кандрусевіча былі знаёмыя Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч.

Па сваіх «музычных» сябрах я здагадваюся, што спадчынная нітачка не перарвалася: дагэтуль у Гародні ладзяцца свае клубныя канцэрты, існуе альтэрнатыўная сцэна, і тутэйшыя музыкі не надта азіраюцца на сталічны Мінск, а робяць усё па-свойму, з пачуццём самадастатковасці. І не дзіва што ў Гародні дзейнічае свой музычны каледж – з даўніх часоў «рассаднік» музычнай нефармальшчыны, дзе ў галовах юных навучэнцаў дзіўным чынам пераплятаюцца пасажы Рахманінава і драйв брытанскага Muse, чыстая мелодыка музыкі барока XVIII ст. і брудна-ірваная эстэтыка гаражнага панк-року. А калі капаць глыбей, то карані гэтай творчай атмасферы знойдуцца яшчэ ў часах графа Антонія Тызенгаўза, які стварыў тут знакамітую музычную капэлу і музычную школу (яе будынак 1765 года захаваўся да нашых дзён).

Гародня вясновая

...Калі ты, шаноўны чытач, пасля ўсяго прачытанага ўжо задумаў здзейсніць ваяж у заходнюю сталіцу Беларусі, не спяшайся, падбяры час. Самы лепшы – гэта, безумоўна, май, як і паўсюль на планеце. Тады з гаўбцоў гарадзенскіх дамкоў звісаюць гірлянды кветак, а ў паветры, асабліва ў парках каля Нёмана, не змаўкае птушыны гоман. Тады гарадзенскія дзяўчаты найбольш шчодрыя на ўсмешкі, а міліцыянеры не нервуюцца з-за таго, што ты п’еш квас, седзячы на гарадскім газоне. Прагуляйся па пешаходнай Савецкай – у Мінску такой няма, і калі яшчэ з’явіцца! – і паслухай мясцовых трубадураў (у іншых беларускіх гарадах вулічныя музыкі выціснуты ў падземныя пераходы). А ўвечары, калі на фоне бяздоннага гарадзенскага неба пачнуць запальвацца чароўныя ліхтары... ушчыкні сябе, чытач. Ты не ў Францыі, ты на радзіме.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах