29.03.2012

 - Газета

Год Лангбарда. Горад Лангбарда

Сёлета беларусы шырока адзначаць 130-годдзе сваiх песняроў – Янкі Купалы i Якуба Коласа. Але той далёкi ўрадлiвы 1882 год падарыў нам яшчэ аднаго генiя – не лiтаратуры, а «музыкі, што застыла ў камені». Яго звалi Iосiф Лангбард – архiтэктар, якому лёсам было наканавана стаць аўтарам найбуйнейшых збудаванняў беларускай сталiцы сярэдзiны ХХ стагоддзя, што дагэтуль фармуюць сiлуэт сучаснага Мiнска. У красавiку Нацыянальны мастацкі музей абяцае нам прымеркаваную да ўгодкаў выставу, якая раскажа аб «невядомым» Лангбардзе, а пакуль, у яе чаканнi, давайце падсумуем больш-менш вядомае, такiм чынам яшчэ раз ушанаваўшы юбiляра.

 Хрыстафор ХIЛЬКЕВIЧ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Сёлета беларусы шырока адзначаць 130-годдзе сваiх песняроў – Янкі Купалы i Якуба Коласа. Але той далёкi ўрадлiвы 1882 год падарыў нам яшчэ аднаго генiя – не лiтаратуры, а «музыкі, што застыла ў камені». Яго звалi Iосiф Лангбард – архiтэктар, якому лёсам было наканавана стаць аўтарам найбуйнейшых збудаванняў беларускай сталiцы сярэдзiны ХХ стагоддзя, што дагэтуль фармуюць сiлуэт сучаснага Мiнска. У красавiку Нацыянальны мастацкі музей абяцае нам прымеркаваную да ўгодкаў выставу, якая раскажа аб «невядомым» Лангбардзе, а пакуль, у яе чаканнi, давайце падсумуем больш-менш вядомае, такiм чынам яшчэ раз ушанаваўшы юбiляра.

Іосіф Лангбард казаў «Гарызантальная форма ўяўляецца мне як стан спячага або мёртвага чалавека, між тым як вертыкальнае становішча ўвасабляе жыццё, бадзёрасць і моц, яно нiбы супрацьстаіць цязе да зямлі».

Iосiф Рыгоравiч Лангбард нара­дзiўся ў 1882 годзе ў горадзе Бельску Гродзенскай губернi. Пасля заканчэння гiмназii вучыўся мастацкай i архiтэктурнай справе ў Адэсе, а потым у Санкт-Пецярбурзе. Падчас Першай сусветнай вайны Лангбард быў прызваны ў армію, дзе ўзначалiў iнжынерны атрад, якi будаваў аб’екты ў тыле i на фронце. Але нават вайна не перашкодзiла яму ўдзельнiчаць у конкурсах праектаў грамадскiх пабудоў. У 1918 годзе Лангбард уладкаваўся ў будаўнiчую кантору Петраградскага гараддзела аховы здароўя. Там ён працаваў да пачатку 1930-х, калi быў кiнуты на будаўнiцтва шэрагу буйных аб’ектаў у гарадах Беларусi i Украiны. І першым з іх стаў мінскі Дом ураду.

У абвешчаным у 1929 годзе конкурсе на праект Дома ўраду – галоўнага адмiнiстратыўнага будынка Беларусi, якi б уключаў у сябе ўсе асноўныя рэспублiканскiя органы кiравання, – прынялi ўдзел многiя выдатныя архiтэктары савецкай краiны. Лепшай, бадай, усiмi чальцамi журы была прызнана праца Лангбарда, больш таго, яе рэкамендавалi да ажыццяўлення без анiякiх змяненняў i дадаткаў. Цiкава, што згодна першапачатковаму праекту бакавыя крылы будынка планавалася злучыць на ўзроўнi трэцяга паверху галерэяй без адзiнай падпоры. Пазней, праўда, архiтэктар крыху змянiў праект, i на плошчы перад Домам ураду з’явiўся помнiк правадыру сусветнага пралетарыята. Кажуць, цяпер гэта найстарэйшы i самы высокi з захаваных манументальных iдалаў Ленiна ва ўсiм свеце.

Будаўнiцтва мiнскага Дома ўра­ду было завершана ў 1933 го­дзе, i ў дзень чарговых угодкаў Кастрычнiцкай рэвалюцыі адбылося ягонае ўрачыстае адкрыццё. А ў лiпенi таго ж года на старажытнай Траецкай гары заклалi фундамент будучага Вялiкага тэатра оперы i балета. На пачатку 30-х для адбору лепшага праекта быў наладжаны шэраг конкурсаў, пераможцам якiх стаў маскоўскі дойлiд Георгiй Лаўроў (менавiта па ягоных праектах у сталiцы Беларусі пабудаваны ансамблi БДУ i політэхнічнага інстытута, старая нацыянальная бiблiятэка). Аднак неўзабаве лаўроўскi праект быў перагледжаны, а ўжо распачатае будаўнiцтва спынена. Насамрэч, даволі сцiплы тэатральны праект Лаўрова ў стылi рацыяналiзму ўжо не адпавядаў хутка змянiўшымся патрабаванням маладой савецкай iмперыi, якая прагнула цяпер манументальных, нечуваных будынкаў – сiмвалаў сваёй нязломнай моцы.

Далейшая праца над будоўляй нацыянальнай Оперы была даручана Iосiфу Лангбарду. Заўважым, што на мяжы 1920–30-х гадоў савецкае мастацтва лунала ў пошуках новых форм тэатральных пастановак, разлiчаных на злiццё акцёра з гледачом, на масавыя дзеяннi прасторавага характару. Таму не дзiўна, што ўмяшчальнасць глядзельных залаў занадта гiпертрафіравалася, дасягаючы часам ледзь не стадыённых памераў. Адначасова павялiчвалiся плошчы фае, вестыбюляў, iншых дапаможных памяшканняў. Менавiта зыходзячы з панаваўшых стандартаў, Лангбард запраектаваў залу на 5000 (!) месцаў. Знешне ж гiганцкая спаруда Оперы больш паходзiла нават не на тэатр, а на велiзарны палац з безлiччу скульптур i барэльефаў. I пры гэтым архiтэктар любiў паўтараць: «Лепш не ведаць, як упрыгожыць будынак, чым зрабiць у iм лішняе».

Будынак Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета

У 1934-м Лангбард атрымаў званне заслужанага дзеяча мас­тацтваў БССР. У тым жа годзе ў звязку з «эканамiчнай немэтазгоднасцю» умяшчальнасць гля­дзельнай залы Оперы была зменшана да трох тысяч месцаў, а ў 1937-м увогуле стала паўтары тысячы. Натуральна, станавiлася больш сцiплым i знешняе аздабленне. Праекцiроўшчыку прыйшлося па­кi­нуць мары аб падземных абходах i звышмеханiзаванай сцэне – усяго гэтага, на жаль, не аказалася, калi ў сакавiку 1939 года мiнскi оперны тэатр уступiў у эксплуатацыю. Таксама ў 1939-м скончылася ўзвядзенне Дома Чырвонай Армii (так тады называўся Дом афiцэраў). Паводле лангбардаўскiх краслюнкаў яго перабудавалi са старажытнай Крыжовай царквы былога Архiерэйскага подворку. Аб гэтым будынку «ТиО» падрабязна пiсаў у лiстападзе 2011 года.

Падчас Вялiкай Айчыннай вайны Iосiф Рыгоравiч, якi спачатку ўдзельнiчаў у маскiроўцы аб’ектаў i збудаванняў Ленiнграда, а потым жыў у эвакуацыi на Яраслаўшчыне, не страчваў сувязi з Беларуссю. У адным са сваiх лiстоў да Беларускага аддзялення Саюза савецкiх архiтэктараў у пачатку 1944 года Лангбард пiсаў: «Добра ведаючы даваенны Мiнск i маючы вялiкi практычны вопыт аднаўлення старых збудаванняў, я мог бы з карысцю ўдзельнiчаць у састаўленнi плана аднаўлення Мiнска…»

I сапраўды, ягоны досвед хутка спатрэбiўся. Цэнтр беларускай сталiцы быў разбураны настолькi, што ад вакзала была бачная каланада галоўнага корпуса Акадэмii навук – дарэчы, яшчэ аднаго твора Лангбарда (1935–1939 гг.). Калi савецкiя войcкi штурмавалi Мiнск, некалькi снарадаў трапiла ў будынак Оперы. У Доме ўраду пры адступленнi фашысты заклалi больш за сто авiябомб замаруджанага дзеяння, кожная з якіх важыла 250 кілаграмаў. Толькi iмклiвы наступ Чырвонай Армii, а потым напружаная праца сапёраў выратавалi ад знiшчэння гэты будынак – узор архiтэктурнай творчасцi сваёй эпохi.

У жнiўнi 1944 года Лангбард увайшоў у склад камiсii, якая займалася пытаннямi аднаўлення сталiцы Беларусi. Разам з мясцовымi архi­тэктарамi ён удзельнiчаў у рас­працоўцы эскiза новай планiроўкi Мiнска, узначальваў першую майстэрню, у якой рыхтавалася праектная дакументацыя па рэканструкцыi разбураных будынкаў, адначасова сам кiраваў працай па аднаўленню гмахаў, узведзеных перад вайной па ягоных праектах.

Iосiф Лангбард, якi на працягу свайго жыцця стварыў больш за сто праектаў будынкаў (шкада, што толькi 15 з iх былi ўвасоблены!), без перабольшвання займае пачэснае месца сярод дойлiдаў, якiя зрабілi значны ўплыў на развiццё беларускай архiтэктуры. Пабудаваныя Лангбардам аб’екты, а таксама эскізы былога будынка ЦК (цяпер гэта рэзідэнцыя прэзідэнта краіны) сведчаць аб ягоным вялікім майстэрстве «пасадзіць» аб’ект так, каб ён стаў дамінантай горадабудаўнічай кампазіцыі. Як кажуць, гэткія таленты нара­джаюцца аднойчы ў стагоддзе. Якраз сімвалам ХХ стагоддзя для беларусаў і застануцца лангбардавы будынкі.


 

 

Некалькi малавядомых фактаў…

 

…аб Лангбардзе...

 

• Сям’я Лангбарда жыла ў Ленiнградзе ў адным доме з партыйнымi «вяршкамi» горада: Кiравым, Зiноўевым, Дыбенка, а таксама кампазiтарамi Шастаковiчам i Пракоф’евым.

 

• У канцы 1930-х, калi Лангбард большасць часу праводзiў на мiнскiх будоўлях, у Ленiнградзе НКУС арыштаваў ягоную жонку Вольгу Гаўрылаўну. Лангбард звярнуўся па дапамогу да Першага сакратара ЦК Кампартыi Беларусi Панамарэнкі, i праз 10 дзён жонку архiтэктара вызвалiлi.

 

• Апроч таго, што Лангбард быў выдатным архітэктарам, ён лiчыўся нядрэнным жывапісцам. Перавагу ў асноўным аддаваў пейзажам, сярод якіх, напрыклад, ёсць выявы старога Мінска.

 

…i аб ягоных будынках

 

• Мiнскi Дом ураду стаў самым буйным збудаваннем грамадзянскай архiтэктуры Беларусi даваеннага часу. Агульная плошча гмаху перавысiла 40 тысяч кв. м (гэ­та прыкладна шэсць стадыёнаў), у ягоных «сотах» схавана каля 1000 кабiнетаў.

 

• У 1935 годзе Лангбард распрацаваў праект Дома Саветаў у Магілёве, куды неўзабаве меркавалася перанесці сталіцу БССР. Але пасля далучэння Заходняй Беларусi сталiца засталася ў Мiнску, а магiлёўскае «блiзня» дало прытулак аблвыканкаму. Яшчэ адзiн будынак, спраектаваны Лангбардам для «стольнага» Магiлёва, потым увасобiлi ў Кiеве – гэта былы гаркам КПУ, а цяпер Мiнiстэрства замежных спраў Украiны.

 

• Падчас вайны ў Доме ўрада акупанты размясцілі штабы СС, гестапа, «Люфтвафэ» і базу забеспячэння войскаў. Галоўны корпус Акадэмii навук немцы прыстасавалi пад казармы, з мiнскай Оперы i магiлёўскага Дома Саветаў зрабiлi стайнi, а ў Доме Чырвонай Арміі ўладкавалi салдацкi кiнатэатр i публiчны дом.

 

• Лангбард – адзiны дойлiд, чые архітэктурныя творы двойчы намаляваны на беларускiх банкнотах: купюру ў 1 рубель (ужо выведзеную з абароту) упрыгожвала каланада галоўнага корпуса НАН, а 100-рублёўку – будынак Оперы на Траецкай гары.

 


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах