03.05.2012

 - Газета

Непапсовыя экскурсіi па Гароднi

Гродна называюць горадам-музеем. Гэты горад мае сваю атмасферу і яскрава адрозніваецца ад іншых турыстычных пунктаў Беларусі. Разынка не толькі ва ўнікальных архітэктурных аб’ектах. Нідзе ў Беларусі вы не адшукаеце столькі апантаных гісторыкаў і краязнаўцаў, адданых свайму гораду. Дзякуючы ім тут увесь час узнікаюць новыя экскурсійныя праграмы. І гэта не стандарт­ныя маршруты ад Фарнага касцёла праз савецкі танк да Новага замка. Гэта аўтарскія і ўнікальныя экскурсіі.

Адар'я Гуштын, фота Сяргея Плыткевiча

Гродна называюць горадам-музеем. Гэты горад мае сваю атмасферу і яскрава адрозніваецца ад іншых турыстычных пунктаў Беларусі. Разынка не толькі ва ўнікальных архітэктурных аб’ектах. Нідзе ў Беларусі вы не адшукаеце столькі апантаных гісторыкаў і краязнаўцаў, адданых свайму гораду. Дзякуючы ім тут увесь час узнікаюць новыя экскурсійныя праграмы. І гэта не стандарт­ныя маршруты ад Фарнага касцёла праз савецкі танк да Новага замка. Гэта аўтарскія і ўнікальныя экскурсіі.

Гродно Фарный

«Міжканфесійная Гародня»

Турыстычнае агенцтва «Мерцана» мэтанакіравана распрацоўвае незвычайныя маршруты. Напрыклад, існуе накірунак «Міжканфесійная Гародня». Распавядае намеснік дырэктара Ганна Шарэнд­а: «Мы праводзім тэматычныя экскур­сіі па кожнай канфесіі, прад­стаўленай у горадзе. Прычым распавядаюць не экскурсаводы, а святары касцёла, царквы, сінагогі ці кірхі. Святар, як правіла, добра ведае гісторыю аб’екта – што з ім адбывалася на працягу стагоддзяў, таму лепш за гіда можа адказаць на пытанні цікаўнага турыста. Апроч таго, яны паказваюць унікальныя рэчы – званарню, лесвіцу і сейф у кірсе; або гадзіннік і аглядную пляцоўку ў Фарным касцёл­е; або ка­рці­ны ХVІІІ стагоддзя ў бры­гіц­кім кас­цё­ле. Святары ахвотна ад­гук­ну­ліся на на­шу ідэю, і турысты вельмі задаволеныя такімі экскурсіямі».

Па словах сураз­моўцы, самыя ак­тыў­ныя ту­рысты – гэта беларусы, але часта прыязджаюць і немцы, палякі, літоўцы, расіяне. Тэндэнцыя апошніх год – кітайскія вандроўнікі. «Свядомасць турыстаў змяняецца ў лепшы бок, – кажа спадарыня Шарэнда.  – Людзі стаміліся ад стандартных маршрутаў, ім хочацца ўбачыць і пачуць нешта ўнікальнае. Для арганізатара, вядома ж, прасцей за ўсё правесці экскурсію па папсовым маршруце і не парыцца. І такіх экскурсій, на жаль, вельмі шмат. Аднак мы ўвесь час абнаўляем экскурсійныя праграмы, у нас працуюць таленавітыя экскурсаводы-гісторыкі, якія не проста знаёмыя з маршрутам па турыстычных даведніках і Вікіпедыі, яны грунтоўна займаліся навуковай дзейнасцю, абаранялі свае даследаванні ў Беларусі і за мяжой».

Што праўда, з экскурсаводамі ў Гароднi праблем няма. Тут моцная гістарычная і краязнаўчая школа. І дасвед­чаны турыст заўсёды адрозніць гіда-гарадзенца ад гіда-гастралёра.

Синагога в Гродно

Адкрыць Новы Свет

Экскурсійны марш­рут па раёне Новы Свет з'явiўся нядаўна. Асаблівая цікавасць да гэтага маршрута ўзнікла, калі навукоўцы разам з не­абыякавымі гарадзенцамі пачалі актыўную грамадзянскую кампанію па абароне раёна ад зносу. Гэта тэма загучала на ўсю краіну, пачалі выходзіць тэматычныя буклеты, кнігі, а пасля з’явіўся экскурсійны маршрут. Ён пра­ходзіць па вуліцах Ваньковіча – 1-га Мая – Акадэмічнай, закранаючы лютэранскую кірху і дом-музей Максіма Багдановіча. Гэты маршрут не ўваходзіць у аглядную экскурсію па горадзе, таму яго не сустрэнеш сярод стандартных прапаноў для падарожжа.

Новы Свет пачаў фарміравацца ў канцы ХІХ стагоддзя, але найбольш ярка яго архітэктурнае аблічча змянілася ў 1920–1930-я гады. У гэты час тут побач жылі яўрэі, палякі, беларусы, татары – лёсы іх цесна перапляліся. Сяліліся тут забяспечаныя людзі, якія маглі дазволіць сабе прафесійных архітэктараў. І архітэктура прадстаўлена трыма стылямі: канструктывізм, рускі мадэрн і польскі мадэрн.

Падчас шпацыру турысты таксама знаёмяцца з біяграфіяй знакамітасцей, якія жылі ў гэтым раёне: Максім Багдановіч, Рыгор Шырма, Георгій Маісееў, Здзіслаў Цыпельт, Ян Каханоўскі і інш. Дарэчы, для дзяцей экскурсіі праходзіць з элементамі гульні, дзе экскурсаводу дапамагаюць пера­апранутыя персанажы: Кот у ботах і Дзед Барадзед. Разам з дзецьмі яны шукаюць скарб.

«Маргінальная Гародня»

Гэты маршрут распрацаваў малады гарадзенскі гісторык Сяргей Раманаў. Падчас экскурсіі турысты даведваюцца пра вуліцу «чырвоных ліхтароў» – Падольную, дзе было шмат публічных дамоў, а таксама пры якіх абставінах была легалізаваная прастытуцыя. Аднак не толькі гэтай тэматыцы прысвечана экскурсія. Яна таксама ўключае месцы зняволення, так званыя месцы «распусты»: корчмы, шынкі, кабакі. Зараз засталіся будынкі, дзе тыя знаходзіліся, аднак сёння яны выконваюць зусім іншую функцыю. Напрыклад, бардэль быў у будынку сучаснай кавярні «Піцца. Кава», якая знаходзіцца ў самым цэнтры горада – насупраць універмага «Нёман».

Гродно

Выбітныя жанчыны горада

Гарадзенцы, безумоўна, ганарацца сваімі выбітнымі землякамі. Асобны тэматычны маршрут прысвечаны жанчынам.

Гіды засяроджваюць увагу на асобе каралевы Боны, пра якую ў гісторыі засталіся неадназначныя згадкі. Аднак бясспрэчна тое, што яна была значнай асобай, доўгі час фактычна кіравала магутнай дзяржавай і вельмі шмат зрабіла для беларускай зямлі. Да замужжа з Жыгімонтам І будучая каралева атрымала бліскучую адукацыю: ведала права, геаграфію, латынь, тэалогію, філасофію і матэматыку. Жыгімонт сустрэў яе непадалёк ад Кракава, іх ўрачысты ўезд у сталіцу суправаджала больш за 10 тысяч шляхты. У 1540 годзе каралева падарыла Гароднi герб з выявай аленя з залатым крыжам. З яе імем таксама звязваюць тагачасную моду Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства. Менавіта Бона Сфорца ўвяла моду на дэкальтэ.

У пачатку ХІХ стагоддзя ў Гродне з’явілася жанчына-антрэпрэнёр Саламея Дзешнер. Яна стварыла ў горадзе сталую антрэпрызу. Трупа выступала ў будынку тэатра Тызенгаўза і мела самыя станоўчыя водгукі.

Прыкладна ў гэты самы час у Гародню прыбыла на службу ў гусарскі полк Надзея Дурава. Яна служыла не толькі ў мірны час, але адважна змагалася ў бiтве з Напалеонам, у тым ліку і ў бітве пад Мірам.

Безумоўна, што асаблівай увагі варта асоба знакамітай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая пражыла ў Гароднi не адзін дзясятак гадоў. Акрамя літаратурнай працы, яна актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, была вядомай феміністкай. У яе салоне збіраліся самыя знакамітыя людзі горада. У адрэстаўраваным доме-музеі цяпер знаходзіцца бібліятэка.

Герб Гродно

Шляхамі гарадзенскіх журналістаў

На канец мая ў Гароднi запланавана прэзентацыя новага маршрута. Яго рыхтуе мясцовы краязнавец Віктар Кірэеў адмыслова да фестывалю маладых журналістаў. Аўтар лічыць, што экскурсія на тэму журналістыкі выдатна пасуе гораду. Менавіта тут выйшаў першы інфармацыйны бюлетэнь на землях усяго Вялікага княства Літоўскага – Awizy Grodzie?skie. Экскурсія закране вядомую асобу гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. У перыяд ягонай прагрэсіўнай дзейнасці ў канцы XVIII стагоддзя выходзіла Gazeta Grodzie?ska. Таксама краязнавец раскажа пра афіцыйную газету царскіх улад «Гродненские губернские ведомости», падпольныя выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, працу пісьменнікаў Міхася Васілька і Васіля Быкава ў «Гродзенскай праўдзе». Спадар Кірэеў закране таксама найноўшую гісторыю: закрыццё мясцовых газет і арышты гарадзенскіх журналістаў.

І хоць мэтавая аўдыторыя экскурсіі – маладыя журналісты, такое падарожжа можа зацікавіць і звычайнага турыста, бо жыццё горада, ягоная гісторыя і традыцыі заўсёды адлюстроўваліся ў перыядычных выданнях.

P.S. На мінулых выхадных у Гароднi павінна было прайсці адразу некалькі арыгінальных экскурсій, якія не знойдзеш у стандартных правадніках і прапановах турфірм. Мясцовыя краязнаўцы распрацоўвалі маршруты адмыслова да «Фэсту экскурсаводаў». Так, прапаноўваліся тэматычныя экскурсіі «Гарадзенскія фота­майстэрні ХІХ стагоддзя», «Гародня кінатэатральная», «Гарадзенскімі шляхамі Васіля Быкава» і «З гісторыі гарадзенскай чыгункі». Фестываль давялося адмяніць праз настойлівасць міліцыянераў, якія папярэдзілі, што сустрэча будзе ўспрымацца як несанкцыянаванае мерапрыемства. Аднак аргкамітэт плануе падаць заяўку ў Гродзенскі гарвыканкам, каб экскурсію ўсё ж дазволілі правесці, хай і на некалькі тыдняў пазней. «ТиО» будзе сачыць за развіццём падзей.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах