25.03.2010

 - Газета

Што чакае турыстаў па дарозе на Грунвальд?

Беларусы «праспалі» 1000-годдзе Літвы. Як не «праспаць» яшчэ адзін юбілей?

Перш чым выправіцца на Грунвальдскае поле, дзе 600 гадоў таму харугвы Польшчы і Вялікага княства Літоўскага разбілі войска Тэўтонскага ордэна, выдавецтва «Рифтур» сумесна з фондам «Краіна Замкаў» прапануюць наведаць шэраг мерапрыемстваў «Па дарозе на Грунвальд». Акцыя распачнецца 25 сакавіка, аб’яднаўшы пад агульнай назвай гістарычныя імпрэзы ў найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых мясцінах Беларусі.

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ

Перш чым выправіцца на Грунвальдскае поле, дзе 600 гадоў таму харугвы Польшчы і Вялікага княства Літоўскага разбілі войска Тэўтонскага ордэна, выдавецтва «Рифтур» сумесна з фондам «Краіна Замкаў» прапануюць наведаць шэраг мерапрыемстваў «Па дарозе на Грунвальд». Акцыя распачнецца 25 сакавіка, аб’яднаўшы пад агульнай назвай гістарычныя імпрэзы ў найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых мясцінах Беларусі.

 grunvald

«Сёлета Беларусь, Польшча і Літва святкуюць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, – аб ідэі акцыі распавядае дырэктар выдавецтва «Рифтур» і галоўны рэдактар газеты «Туризм и отдых» Сяргей Плыткевіч. – Гэта адна з самых знакавых падзей нашай гісторыі. З гэтай нагоды ўзнікла ідэя аб’яднаць усе мерапрыемствы, датычныя нашай гісторыі, у праграму пад агульнай назвай «Па дарозе на Грунвальд». Арганізатары адзначаюць і іншыя прычыны, чаму акцыя мусіць адбыцца і мець шырокі размах. «На жаль, нам не ўдалося годна адсвяткаваць 1000-годдзе старой Літвы ў адрозненне ад нашых суседзяў-літоўцаў, – распавядае дырэктар фонду «Краіна Замкаў» Алесь Варыкіш. – Маючы фінансавую падтрымку з боку дзяржавы, яны адзначалі 1000 гадоў Літвы на дзаржаўным узроўні. Таму прайсці міма юбілею Грунвальдскай бітвы ў гэтым годзе абсалютна не даравальна, асабліва тым колам, якія займаюцца папулярызацыяй беларускай гісторыі».

Каардынатары акцыі складаюць праграму мерапрыемстваў, якая будзе апублікавана ўжо ў бліжэйшы час. «Каляндар падзей трэба скласці як мага хутчэй, – адзначае Алесь Варыкіш, – каб турысты ўжо маглі планаваць свой адпачынак, ведаючы, што амаль кожныя выходныя ёсць выезд на святы». На сёння ў праграму ўвашлі Грунвальд-фэст, які адбудзецца 24 красавіка ў Сілічах, 15–16 мая пад агульнай назвай пройдзе свята горада ў Полацку. 16 мая фестываль, прымеркаваны да юбілею Грунвальдскай бітвы, адбудзецца ў Дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту ў Азярцы. 29–30 мая ў рамках акцыі пройдзе фестываль «Меч Брачыслава» ў Браславе, дзе дадаткова будзе арганізаваны пленэр для фотамастакоў. У канцы чэрвеня ўлады горада запрашаюць гасцей на Наваградскі фэст. Запланаваны святочныя мерапрыемствы ў музеі пад адкрытым небам у Дудутках, і ў горадзе Ваўкавыску. Кульмінацыяй акцыі стане наведванне Грунвальда ў Польшчы, дзе 15–17 ліпеня адбудзецца святочны фэст. «Больш за тое, падчас Свята нацыянальных культур у Гародні адбудзецца фестываль, прымеркаваны да ўгодкаў бітвы, – дадае Сяргей Плыткевіч. – Існуе версія, згодна з якой харугвы з Усходу трымалі шлях на Грунвальд праз Гародню, дзе ў Каложскай царкве служылі малебен. Не дзіўна, што каля царквы захаваўся камень – помнік 1410 году. Таму будзе вельмі сімвалічна па дарозе на Грунвальд наведаць гэты старажытны горад. Мы зацікаўлены, каб гістарычная падзея адбылася і ў Бярэсці, дзе ў XV стагоддзі паміж ваярамі вяліся перамовы, а ў Белавежскай пушчы нарыхтоўвалася ежа для ваяроў. Таму чакаем сустрэчных прапаноў». 

Выдавецтвам «Рифтур» будзе створаны прымеркаваны да акцыі даведнікпуцевадзіцель па старажытных гарадах і мястэчках Беларусі. «Мы спецыалізуемся на выданні краязнаўчай літаратуры, і дату юбілея Грунвальда абыйсці не маглі, – распавядае Сяргей Плыткевіч. – Дзякуючы даведніку турыст даведаецца, што з сябе ўяўлялі Полацк, Гародня, Берасце і іншыя гарады, па якіх пройдзе маршрут «Па дарозе на Грунвальд», у далёкім XV ст.».

Да ўдзелу ў акцыі запрашаюцца і турысты, і турыстычныя кампаніі. «З намі ўжо супрацоўнічаюць фірмы «Віаполь», «Алатан-Тур», – адзначае Алесь Варыкіш. – Папярэдне праграму пад назвай “Па дарозе на Грунвальд” і адпаведныя туры згадзілася прадаваць каля дзесяці турыстычных агенцтваў. Мы заклікаем калег і арганізатараў святочных імпрэз да супольнай працы ў спадзяванні, што сёлета юбілей Грунвальдскай бітвы прагрыміць на ўсю краіну». 

 

P.S. Нагадаем, што газета «Туризм и отдых» ад пачатку года друкуе матэрыялы, прысвечаныя гэтай вялікай даце. У сённяшнім нумары на стар. 6 вы можаце чытаць артыкул, прысвечаны аднаму з самых цікавых і магутных аб’яднанняў таго часу – Тэутонскаму ордэну.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах