14.06.2012

 - Газета

Віцебск жывы і мёртвы, або Чаму Шагал жыў на задворках горада

Вось ён – доўгачаканы выхадны! Вось яна – запаветная вольніца! Куды падацца экскурсаводу ў спакойны, ціхі будзённы дзень? На гэты раз мяне спакусіў Віцебск: шмат разоў чуў пра яго абнаўленне, рэканструкцыю яго гістарычнага цэнтра. Квіткі на цягнік куплены. Чакай, паўночная сталіца! (гэтае званне Віцебск атрымаў, відавочна, пасля развалу СССР ва ўмовах адсутнасці піцерскай канкурэнцыі).

Раман АБРАМЧУК, фота аўтара

Вось ён – доўгачаканы выхадны! Вось яна – запаветная вольніца! Куды падацца экскурсаводу ў спакойны, ціхі будзённы дзень? На гэты раз мяне спакусіў Віцебск: шмат разоў чуў пра яго абнаўленне, рэканструкцыю яго гістарычнага цэнтра. Квіткі на цягнік куплены. Чакай, паўночная сталіца! (гэтае званне Віцебск атрымаў, відавочна, пасля развалу СССР ва ўмовах адсутнасці піцерскай канкурэнцыі).

Витебск

Цягнічок прыбывае а 6-й гадзiне раніцы, і адразу па выхадзе з вакзала нас сустракае чароўная шырокая алея сквера па цэнтры вуліцы Кірава. Толькі вось дамы гэтай вуліцы – відавочная алюзія на мінскі праспект Незалежнасці: сталінскі ампір ва ўсёй сваёй красе і гігантызме. Яшчэ большым гігантызмам грашыць мост праз Дзвіну – таксама з памятнымі знакамі ў метале эпохі сацыялізму. Але за ракой у промнях сонца адкрываецца чароўны паштовачнападобны выгляд на Стары горад. Храмы ззяюць залачонымі купаламі, з памяці ўсплываюць гравюры часоў ВКЛ, фантазія малюе бег варажскай ладдзі ў напрамку дзвінскай прыстані... Сэрца грукоча ў прадчуванні сустрэчы са старасвеччынай, але пры набліжэнні да Старога горада ён пачынае кардынальна змяняцца ў сваіх асноўных фарбах.

Па дарозе да храма, што ззяе золатам, мы мусім прайсці праз... Пушкінскі мост. Побач – сам Аляксандр Сяргеевіч чугунна-чорнага адліву, з класічным цыліндрам і фігурнай агароджай. Вобраз настолькі шаблонны, што я сумняваюся, ці знаёміўся скульптар хоць з якімі-небудзь выявамі паэта, акрамя тых, што ёсць у школьным падручніку за 7-мы клас. На Пушкінскім мосце – ільвы, недарэчныя клоны піцерскіх сфінксаў. Сам мост – невыразная пустынная пляцоўка. А як ёй не быць пустыннай, калі Пушкін, як сцвярджае надпіс на помніку, быў у Віцебску два разы, ды і то – праездам?

Ды ладна з ім, з Пушкіным, хацелі дагадзіць расіянам, што прыязджаюць сюды на «Славянскі базар»? Дагадзілі. А мы падымемся ўвысь над гэтай мітуснёй. Да адноўленага нядаўна храма... Ідзем па высачэзных сходах уверх на Успенскую гару, дзе ўжо ў старажытнасці існаваў хрысціянскі храм. Выгляд гарадской лесвіцы настолькі пампезны, што ў жарт узгадваем Адэсу, Пацёмкіна і пачынаем падлічваць прыступкі. Зразумела, збіўшыся з ліку, звяртаем увагу на саму царкву – адноўлены па ўзору XVIII ст. Успенскі сабор, які так вабіў нас яшчэ з-за Дзвіны бліскучымі купаламі.

Храм – ён і ў Афрыцы храм. І ў звычайным чыгуначным вагоне, і ў памяшканні, арэндаваным у ЖЭСе. Таму разбіраць па костках такое не варта. У саборы напружвае празмерная колькасць мармуру і шыльды на цэнтральным уваходзе з прозвішчамі сучасных князёў і магнатаў, што паспрыялі аднаўленню гэтай святыні. Пафас храмавага будынка распаўсюджваецца і на прылеглую да яго прастору. Схіл высачэзнага берага Дзвіны, на якім стаіць храм, таксама замураваны ў каменне, з якога вытыркаюцца чорныя як смоль ліхтары. Настолькі класічныя, што не выклікаюць ніякага жадання ўбачыць іх запаленымі ўвечары.

Набярэжная ўнізе, уздоўж Дзвіны, таксама пахавана пад тонамі бетоннай пліткі. Аніводнай лавачкі, клумбы або дрэўца. Не, мяне гэты шлях не вабіць. І... ці вабіць ён хоць каго-небудзь з віцябчан? Гарадскі пейзаж напаказ, глянцавая паштоўка, месца-пустышка, якое толькі і можна спешна паказаць турыстам, пажадана з акна аўтобуса. Праз даражэзны мармур, метал, пазалоту і вобраз вялікага паэта прасвечваецца непрыкрытая губернска-правінцыяльная драбнота, адсутнасць уласнага аблічча і «свайго пана ў галаве», імкненне ўвесь час капіраваць сваiх «вялікіх суседзяў», – то Піцер, то Мінск, пачаргова.

А мы вяртаемся да пушкінскіх мясцін. Тут жа непадалёку – кавярня «Тэатральная» з чорнага мармуру, якая па форме нагадвае маўзалей на Чырвонай плошчы, а па атмасферы знешняга выгляду – крэматорый. Каб увайсці, трэба спускацца глыбока пад зямлю. Я здзівiўся, як гэта яшчэ няма вакенца для выдачы урны з прахам.

Сам тэатр (Віцебскі драматычны), што горда і самотна ўзнёсся над Дзвіной, больш падобны на абласное ўпраўленне КДБ, чым на памяшканне, дзе віруе творчы дух і маскарадная весялосць.

Але мы не адчайваемся: наперадзе знакамітая пешаходная вуліца, якую так нахвальваюць турысты, з ратушай і нядаўна адноўленай калісьці ўніяцкай царквой у стылі барока. Прыемна бачыць мноства вулічных кавярняў, але... адкуль у віцябчан такое старанне дагадзіць гасцям, да забыцця самога сябе? – адзіная пешаходная, самая рэспектабельная вуліца горада названа ў гонар... вялікага рускага палкаводца А. Суворава, які запомніўся на Беларусі тым, што даволі актыўна ператвараў самых дастойных з мясцовых мужчын у кавалкі абвугленага мяса. І толькі на адным з дамоў гэтай вулачкі, за паваротам, сціпла боўтаецца шыльда з імем Васіля Быкава, які да вайны вучыўся тут у мастацкім вучылішчы. Маё абурэнне суцішаецца адноўленай Уваскрасенскай царквой, што «паўтарае» лінію жыцця ўжо ўзгаданага Успенскага сабора: існаваў тут стагоддзямі як праваслаўны, перабудаваны як уніяцкі храм у стылі барока, знік з паверхні планеты ў 1930-я... Адноўлены ў аўтэнтычным выглядзе прывабнага барока XVIII ст., ён асабліва радуе і адначасова супакойвае фрэскавымі роспісамі ўнутры: светлыя выявы святых на фоне колеру звечарэлага зорнага неба.

Падыходзім да палаца губернатара, дзе два тыдні ў 1812 г. кватараваў Напалеон Банапарт. Перад палацам ладзіліся ў тыя дні ўрачыстыя вайсковыя парады, а імператару на розум прыйшло гістарычнае рашэнне – адразу рушыць на Маскву. Аб гэтым «шыкоўным», як мне падаецца, гістарычным факце для горада нічога тут не нагадвае. Але аб перамозе рускіх у вайне 1812 г. дзікім голасам крычыць гіганцкая калона тут жа на пляцоўцы перад палацам. І гэта прытым, што вайна 1812 г. у беларускай гісторыі – нават у яе афіцыйным выглядзе – не называецца «айчыннай», а захоўвае нейтральную характарыстыку. Побач з калонай – велізарны некропаль у памяць герояў і ахвяр апошняй вайны.

Але гэта ўжо не ўплывае на маё ўражанне: Віцебск у маіх вачах пацвярджае рэпутацыю самага зрусіфікаванага горада-не-патрыёта. Зрэшты, я даўно ўжо не купляю вафелькі «Віцьба», на якіх інфармацыю аб прадукце пішуць для каго заўгодна – казахаў, малдаван, рускіх, украінцаў, – ды толькі не для абарыгенаў. Настрой падымаюць толькі пляшкі з півам і квасам мясцовай, віцебскай вытворчасці, заўважаныя мной на прылаўку ў адной з крамаў.

У пошуках жывой пульсацыі горада адпраўляемся ў зялёную гушчу – гарадскі парк (адразу праз праспект Леніна ад ратушы), які прыемна ўражвае сваімі маштабамі. Перапады рэльефа, рачулкі, якія агінаюць узвышшы, – усё відавочна намякае на былое Замчышча. Але мясцовыя жыхары, што спешна шыбуюць бліжэйшымі вулачкамі, не могуць нам падказаць, дзе знаходзіўся той самы Віцебскі замак. Толькі «званок сябру» вырашае пытанне: мой сябар-краязнавец кажа, што замкаў было некалькі і яны знаходзіліся акурат на тых пагорках у цэнтральным парку, па якіх мы і блукаем, ды толькі пасля перапланіроўкі горада, пад покрывам сучасных новабудаў, «расчытаць» замкавую прастору стала не так проста. Што ж, мінчанін тут не бу­дзе здзіўляцца, ведаючы пра Мінскае замчышча, якое паспрабуй разглядзі на зялёнай лужайцы каля выхаду станцыі метро «Няміга»: усё было перакроена ў 1950–1970-я гг.

На адным з віцебскіх пагоркаў, а дакладней, на Духавай гары, сёння красуецца мясцовы аблвыканкам і некалькі іншых устаноў адміністрацыйна-лагернага тыпу. Будынак жаночага епархіяльнага вучылішча кан. XIX cт., у якім размясціўся сёння аблвыканкам, сваёй бязлікасцю нагадвае сапраўдны астрог. Па верхнім карнізе цягнецца – ці не калючы дрот? Толькі падышоўшы бліжэй, заўважаю, што гэта няўдалы ажурны дэкор, які так трапна дапаўняе «зэкаўскае» аблічча будынка.

Плошча перад палацам – гэта тоны аднастайнай бетоннай пліткі без адзінага дрэўца і лавачкі. Сапраўды, Беларусь – гэта «краіна для народа», але не для чалавека, якому часам хочацца проста прысесці ў цяньку, схавацца ад санцапёку. Пустэча віцебскіх і іншых плошчаў беларускіх гарадоў – выразны сімвал адсутнасці грамадскага жыцця, адсутнасці жывога абмеркавання агульных праблем у грамадстве. Ды Бог з імі...

Але Бога на плошчах акурат і няма. Калі б Хрыстос з натоўпам прыхільнікаў толькі паспрабаваў выйсці для пропаведзі на цэнтр такога бязлікага пустога квадрата – праз хвiлiну Ён быў бы акружаны доблеснымі рыцарамі ў цывільным з радыёпрыёмнічкамi у вушах. Часам наведвае страшная думка: можа, Ленін быў бы больш дарэчны на гэтых плошчах, чым нашае вялікае беларускае Нішто і Нельга?..

Витебск_ура

Мае ўцёкі з віцебскіх гарадскіх плошчаў прыводзяць мяне ў маленькі храм на беразе Дзвіны, у царкву Дабравешчання, са сцен якой вытыркаецца аўтэнтычная плінфа XII стагоддзя. Тут, у старажытных скляпеннях, пад фрэскамі святых – даступных і суразмерных звычайнаму чалавеку – забываюцца папярэднія «адкрыцці». Прахалода і паўзмрок храма прымушаюць нас застацца тут падолей у такі спякотны дзень, і пафантазіраваць зноў на тэму варажскай ладдзі, што баразнуе воды Дзвіны шырынёй свайго корпуса.

Хтосьці мне запярэчыць: маўляў, на «Славянскі базар» горад ажывае, усё свеціцца агнямі, танцуе і спявае. Але, убачыўшы ў білетным кіёску спісы артыстаў, што збіраюцца весяліць мясцовую публіку гэтым летам, разумееш, што ты на гэтым свяце жыцця будзеш лішні. Афіцыёзны горад бу­дзе сустракаць афіцыёзных гасцей, ардэнаносцаў Скарыны.

Канчатковую кропку ў нашым віцебскім падарожжы ставяць байцы спецназу, што дырэктыўна патрабуюць высунуць ногі з віцебскага фантана, у якім мы так спадзяваліся знайсці жыццядайную свежасць і прахалоду. Усё, баста. Віцебску – двойка. Выбіраемся адсюль прэч. Адгэтуль мяне не цікавіць гэтая губернская глуш. Я не хачу болей бачыць «Стары горад», адноўлены «гістарычны цэнтр» Віцебска, я хачу пабачыць горад жывых.

Жывы Віцебск – гэта яго прыватныя сектары, якія патанаюць у майскіх яблынях і бэзе. Гэта старая вулачка з таго беднага яўрэйскага квартала, дзе прайшло дзяцінства Шагала (Пакроўская), якую ён бясконца маляваў. Зрэшты, менавіта гэтыя задворкі, а не фешэнебельныя вуліцы цэнтра найчасцей сустракаюцца на палотнах знакамітага мастака.

Жывы Віцебск – гэта маладзёжны клуб «Чердак», які адпаведна сваёй назве знаходзіцца на гарышчы аднаго са старых дамоў у тым самым «шагалаўскім» квартале і славіцца сваімі нефармальна-нелегальнымі канцэртамі. Жывы Віцебск – гэта мае беларускамоўныя сяброўкі, якія проста так, ад шырокай душы, павязваюць узімку на голыя галінкі дрэў каляровыя стужкі, каб горад канчаткова не задыхнулiся ў бляклых афіцыйных фарбах. Жывы Віцебск – гэта графіці на гаражах мясцовага вулічнага мастака па мянушцы Ура! Фотаздымкі яго вулічных малюнкаў сёння друкуюцца на мелаванай паперы моднага часопіса Signal.

На жаль, не ўсё з гэтага Віцебска я бачыў на ўласныя вочы. Таму ёсць сэнс вяртацца. Але ў наступны раз, саступіўшы з цягніка на віцебскі перон, я пайду ў прынцыпова іншым, працiлеглым ад чугунна-бетоннага цэнтра напрамку.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах