05.07.2012

 - Газета

Ля пеціт Франс Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці

На вандроўку ў Смілавічы мяне спакусіла тое, што там iснуе музей Хаіма Суціна – сусветна вядомага парыжскага мастака, чые карціны сёння з’яўляюцца аднымі з самых дарагіх у свеце. Ну чаму як ні мастак з сусветным імем – дык абавязкова з беларускай глыбінкі? Ну чаму, чаму гэтая нашая правінцыя такая шчодрая на таленты? І такая... недальнабачная (прасілася, канешне, іншае слова), каб гэтыя таленты потым не ўтрымаць?

Раман АБРАМЧУК, фота аўтара

На вандроўку ў Смілавічы мяне спакусіла тое, што там iснуе музей Хаіма Суціна – сусветна вядомага парыжскага мастака, чые карціны сёння з’яўляюцца аднымі з самых дарагіх у свеце. Ну чаму як ні мастак з сусветным імем – дык абавязкова з беларускай глыбінкі? Ну чаму, чаму гэтая нашая правінцыя такая шчодрая на таленты? І такая... недальнабачная (прасілася, канешне, іншае слова), каб гэтыя таленты потым не ўтрымаць?

Прыязджаю на звычайным прыгарадным аўтобусе (менш за гадзіну язды ад Мінска) і трапляю на адну з цэнтральных плошчаў... 

Трэба сказаць, што публічная прастора гарадкоў Беларусі – гэта тэма для даследавання псіхааналітыка. Нас у цэнтрах гарадоў сустракае або пусты квадрат шэрай пліткі, або... Мне цяжка нават ахарактарызаваць тое, што адкрылася вачам маім у Смілавічах: старая паўгнілая драўляная хата без вокнаў і дзвярэй, каробка недабудаванага дома з шэрых сілікатных блокаў, каркас царквы, таксама недабудаванай... І ўсё напаўзае адно на адно, быццам яшчэ змагаецца за месца. А вокны ззяюць усё тым жа – пустатой. 

mechta

Імя Хаіма Суціна адносна нядаўна стала вядома на Беларусі, хоць у свеце гэты мастак ужо даўно атрымаў агульнае прызнанне. Нарадзіўшыся ў Смілавічах у беднай яўрэйскай сям’і, ён вучыўся ў Мінску, затым у Вільні, адкуль і сігануў у Парыж у 1913 годзе, спакушаны прыгожым і далёкім вобразам «горада мастакоў». 

Па легендзе, грошы на паездку Хаім атрымаў ад багатага бацькі адной мілай асобы, да якой ён заляцаўся: бацька такім чынам адкупіўся ад «непажаданага» жаніха-галадранца. У Парыжы Хаім завязвае цеснае сяброўства з Мадыльяні, знаёміцца з Пікасо і іншымі багемнымі мастакамі Францыі 1920-1930-х гг. Напачатку жыве ў т. зв. «Вуллі» – інтэрнаце выгляду пчалінага вулля, які адзін багаты чалавек здаваў за бясцэнак у арэнду прыезджым мастакам (тут жа ў гэты час жыў Шагал). Знайшоўшы падтрымку мецэнатаў і прыдбаўшы прыхільнікаў, Суцін неўзабаве становіцца шырока вядомы і неверагодна багаты. Пасля акупацыі Францыі нацыстамі, не здолеўшы эміграваць, хаваецца па французскіх правінцыях. Памірае ад хваробы ў 1943 г. У Парыжы сёння існуе галерэя Хаіма Суціна, а інтэрнат «Вулей» стаў яшчэ адной гістарычнай каштоўнасцю Парыжа.

І вось, праз паўвека пасля смерці мастака, у далёкай беларускай глыбінцы, у яго родным мястэчку, дзе на плошчы замест людзей і клумбаў – хаатычныя сілікатныя блокі і паўгнілыя брусы, – вырастае ружа. 

Ружа – гэта музей Хаіма Суціна ў мясцовым цэнтры дзіцячай творчасці. Ды не проста дзяржаўна-справаздачны. Хоць ён і складаецца з усяго двух пакойчыкаў, але за адно афармленне хочацца рукі расцалаваць яго стваральнікам. Музей мастака афармлялі мастакі, якім, я спадзяюся, не пашкадавалі грошай на ганарары (навошта гісторыі Суціна паўтарацца з веку ў век?). 

Першы пакойчык распавядае аб мястэчку Смілавічы і да-парыжскім жыцці Хаіма. Госці могуць сфатаграфавацца ў інтэр’еры фотаатэлье пачатку стагоддзя, бо ў такім атэлье падпрацоўваў наш яўрэйскі хлопчык-небарака... Другі пакойчык – сапраўдная ля пеціт Франс, маленькая Францыя ў суровых шыротах РБ. Гэтая зала зроблена ў выглядзе кавярні «Ратонда» – знакавага месца ў Парыжы, дзе сустракаліся тамтэйшыя мастакі. Па цэнтры залы – столікі, куды вам падносяць філіжанку свежай, тут жа зваранай кавы. На сценах – палотны Суціна (зразумела, копіі), на якіх часам пазнаюцца сюжэты Рэмбрандта і стыль Ван Гога, якіх Суцін лічыў сваімі настаўнікамі. У такі музей не сорамна запрасіць гасцей з Парыжу, ды яны тут, па словах музейнага экскурсавода, ужо і былі, прынамсі, дырэктар той самай парыжскай галерэі...

З музея выходжу натхнёны. Шыбую назад у мястэчка. Нават абрубкі замест дрэваў каля кінатэатра ў цэнтры мяне ўжо не так нервуюць. Шыбую старой паркавай алеяй яшчэ да адной смілавіцкай жамчужыны – палаца Манюшкаў-Ваньковічаў XIX ст. Зразумела, што ні тых, ані другіх тут няма ўжо як сто гадоў, а палац з паркам аддадзены ў камунальную маёмасць. Узгадваецца вершык, які напісаў маленькі хлопчык пасля экскурсіі ў Грудзінаўку, што на Магілёўшчыне, дзе сёння стаіць закінутая сядзіба Таўстых:

Прыедзеш на сядзібу Таўстых – 
Охаеш, ахаеш, а гэта – не іх! 

У асобных карпусах смілавіцкага палаца сёння размясціўся сельскагаспадарчы каледж, у афіцыне (рус. – флигель) сёння жылы дом, а часткі парку – эксперыментальная база для каледжа. І толькі сам палац – што сімвалічна – аказаўся не па зубах завадчанам і сяльчанам – так і стаіць у руінах. Колькі ж іх такіх у маёй пралетарскай бацькаўшчыне! Замест парадных сталовых – прамысловыя цэхі, замест бальных залаў – вучэбныя аўдыторыі ПТВ, замест гасцёўняў – гаражы, замест фамільных крыптаў – склады. І тут вось, побач з руінамі палаца красуецца незвычайная хрушчовачка з красамоўным надпісам «50 БССР – КПБ», выкладзеным чырвонай цэглай на светлым фоне. Ці не з суседніх руінаў цаглінкі?.. 

Мне здаецца ўся розніца паміж Смілавічамі і Парыжам палягае толькі ў адным: парыжане ўмеюць піць каву ў абед і любавацца заквітнеўшым каштанам пад балконам замест таго, каб думаць аб летніх пакрышках для аўтамабіля па зніжаных коштах. Парыжане, прынамсі многія, ведаюць, што гэты каштан па-майстэрску, каб сагравала, можа намаляваць толькі мастак. І тады любавацца можна круглы год, і не абавязкова чакаць вясны. Вось так і з’яўляюцца мецэнаты, вось так і раскупаюцца карціны ў галерэях, вось так і нараджаюцца монмартры і монпарнасы. І таму ніякі будаўнічы трэст палацу Ваньковічаў па-сапраўднаму не дапаможа. Тут штосьці можа зрабіць толькі смілавіцкі музей «Прастора Хаіма Суціна» (а менавіта так ён называецца): ён можа пашырыць сваю «прастору» (свой уплыў) – на тэрыторыю старога парка, на руіны палаца, на аўдыторыі каледжа у былых карпусах палаца, а найперш на тых, хто там сёння вучыцца і хутка будзе вызначаць аблічча ўсяго мястэчка. Толькі праз далучэнне да іншага стылю жыцця ў нашых суайчыннікаў можа з’явіцца так неабходнае сёння разуменне прыгожага. І таго, што гэтае прыгожае само па сабе не павінна прыносіць нейкія грошы, яно можа быць і нявыгадным. І пры такім раскладзе стане ясна, што «прашмыгнуць» у музей або іншую ўстанову культуры «на халяву» – гэта тое ж самае, як адабраць у няшчаснага Хаіма гэтыя няшчасныя дзесяць тысяч, на якія б ён мог пажывіцца трыма селядцамі («Нацюрморт з селядцамі» – тры рыбкі на вялікай талерцы – былі намаляваныя Суціным у «галодныя» часіны). Без гэтага разумення жыццё немінуча ператворыцца ў адзіны суцэльны газа-сілікатны блок або гумавую аўтапакрышку, а бэз з каштанам будуць ужо не патрэбныя. Іх спілуюць к чорту – каб спецназаўцам, спартоўцам і камбайнёрам было зручней ісці парадам па галоўных вуліцах...

Калі вы ўжо патрапілі ў Смілавічы – не з’яжджайце адсюль хутка, расчараваўшыся станам палаца. Абавязкова наведайце знакамітую смілавіцкую валяльна-войлачную 

фабрыку і прыглядзіце сабе валёнкі на зіму (за гэтым таварам сюды прыязджаюць з Расіі!), а будзе час – зазірніце на мізар (татарскія могілкі) і ў мячэць, дзе моляцца мясцовыя татары-мусульмане. А ў дваццаці кіламетрах ад Смілавічаў, у пасёлку Азёрным Чэрвеньскага раёна, знаходзіцца яшчэ адзін неблагі музейчык і месца нара­джэння генія – Станіслава Манюшкі. Месца экскурсійных паломніцтваў польскіх груп, якое паступова прываблівае ўсё больш беларускай публікі.

...Убачыўшы на выездзе са Смілавічаў шыльду «Смілавічы 1, Смалявічы 31», я пачынаю ціха шкадаваць замежных гасцей, што будуць шукаць у гэтых ваколіцах музеі Суціна і Манюшкі з картай Беларусі ў руках, ды яшчэ рускамоўнай, ды яшчэ са сваім няведаннем кірылічнага алфавіту. Добра, што Смаляны адсюль далёка – не заблытаюць канчаткова. Сам жа вырашаю расцягнуць сваю дарогу дадому – вяртаюся аўтаспынам у Мінск, што знаходзіцца ў такой беспардоннай блізкасці да такіх знакавых мясцінаў айчыннай гісторыі.

P.S. Насамрэч, усё не так безнадзейна, о мой шыпшына-падшыпнікавы край! Як аказалася, каштаны і бэз патрэбны не толькі французам: два месяцы назад на адным з прэстыжных аўкцыёнаў «Белгазпрамбанкам» для Мінска былі выкуплены дзве карціны Шагала і Суціна за суму, нулямі якой нават не рызыкую засмечваць газетную старонку...


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах