15.04.2010

 - Газета

Незвычайны Брусель: каралі, капуста і жыццё ў шакаладзе

У аэрапорце сталіцы Бельгіі на вочы трапляецца велізарны плакат з напісам: «Welcome to Europe!». Даволі шмат павандраваўшы па еўрапейскіх краінах, заўсёды з цікавасцю чакаю – якое ж аблічча Еўропы адкрыецца мне гэтым разам…

Ірына Шумская

У аэрапорце сталіцы Бельгіі на вочы трапляецца велізарны плакат з напісам: «Welcome toEurope!». Даволі шмат павандраваўшы па еўрапейскіх краінах, заўсёды з цікавасцю чакаю – якое ж аблічча Еўропы адкрыецца мне гэтым разам…

br3

Тыя, хто кажа, што ў Бруселі апроч фантана са знакамітым хлопчыкам амаль няма чаго глядзець, сур’ёзна памыляюцца. (Дарэчы, у мэтах гендэрнай роўнасці брусельцы стварылі яшчэ і дзяўчынку, занятую аналагічнай справай). Аднак чаму менавіта за хлопчыкам замацавалася слава галоўнага сімвала горада, незразумела, бо есць у гэтай незвычайнай сталіцы нашмат больш цікавыя турыстычныя аб’екты.

Напрыклад, гарадская Ратуша на адной з найпрыгажэйшых плошчаў у Еўропе – Гротэ Маркт. 96-метровая Ратуша вылучаецца адухоўленай узнёсласцю і мультымедыйнай прыстасаванасцю – увечары на фасадзе будынка адлюстроўваецца магічная праекцыя рознакаляровых фігур і літар. Або велічныя гатычныя саборы – кафедральны Святога Міхаіла, Нотр-Дам-дзю-Саблон, Нотр-Дам-де-ля-Шапэль і іншыя, якія па прыгажосці могуць смела канкурыраваць са славутым парыжскім Нотр-Дамам. Ці ультрамадэрновы «Атоміум» – магутная канцэптуальная канструкцыя, якая сапраўды ўраджвае ў адрозненне ад упадабанай большасцю Эйфелевай вежы (апошняя асабіста мне ніколі асабліва не падабалася, і я, здаецца, разумею, чаму яе ў пэўны час нават хацелі знесці). «Атоміум» выглядае не толькі сучасна, па-хайтэкаўску, але і гарманічна. Хоць на першы погляд здаецца, ну што такога прывабнага можа быць у гэтым страшэнным гмаху вагой 2400 тон? Але, нягледзячы на маштабы, візуальна лёгкая канструкцыя ўвасабляе сабой дзёрзкі палёт чалавечай думкі, якая спрадвеку імкнецца спасцігнуць таямніцы прыроды і пранікнуць у сутнасць існавання…

br1Таксама ў Бруселі знаходзіцца Каралеўскі палац, які сваімі памерамі пераўзыходзіць усім вядомы Букінгемскі. Каралеўская сям’я ў Бельгіі ўвасабляе шанаванне старажытных традыцый і выконвае місію яшчэ аднаго, вельмі важнага сімвала краіны. У лістападзе далёкага 1831 года герцаг Саксен-Кобургскі, які каранаваўся пад імем Леапольд, прысягнуў перад парламентам на вернасць канстытуцыі краіны. У гэтым жа годзе Бельгія абвясціла незалежнасць і вечны нейтралітэт, што адразу прызналі астатнія еўрапейскія дзяржавы, апроч Нідэрландаў, пад уладай якіх знаходзіліся бельгійскія землі да вышэйпазначаных падзей. Пагадзіцца з незалежнасцю суседзяў галандцы здолелі толькі праз восем гадоў. Так што памкненне да суверэнітэту і дэмакратычныя каштоўнасці ў гэтай калысцы Еўразвяза ўзніклі не раптам, а кшталтаваліся стагоддзямі, сутыкаючыся з тымі ці іншымі перашкодамі.

Брусель з’яўляецца аўтаномнай вобласцю і крыху нагадвае Вавілон, бо тут жывуць людзі самых розных нацыянальнасцяў. У валонскай частцы краіны дамінуючай мовай з’яўляецца французская, у адрозненне ад Фландрыі, дзе размаўляюць пераважна па-фламандску. Зараз прадстаўнікі двух асноўных рэгіёнаў Бельгіі – валоны і фламандцы – нібыта канкурыруюць паміж сабой, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў папулярным мясцовым анекдоце: «На будынку буйнога прадпрыемства, тэрытарыяльна падзеленага на дзве часткі, адпаведна знаходзяцца два плакаты. З боку валонаў прысутнічае надпіс: «Тут размаўляюць па-французску!» З боку фламандцаў – «А тут людзі працуюць».

Аднак супрацьстаянне моўных аспектаў у недалёкай будучыні можа трансфармавацца ў зусім іншым накірунку. Магчыма, што да існуючых трох дзяржаўных моў (трэцяя – нямецкая) будуць даданыя арабская і як мінімум адна з тых, якімі шырока карыстаецца сёння насельніцтва афрыканскага кантынента. Чаму? Таму што дзякуючы лаяльнаму іміграцыйнаму заканадаўству, этнічны склад насельніцтва Бельгіі няўхільна трансфармуецца. Асабліва гэта адчуваецца ў Бруселі, дзе на вуліцах, у метро і супермаркетах вам на кожным кроку будуць сустракацца смуглявыя і цемнаскурыя жыхары, якія таксама лічаць сябе паўнавартаснымі еўрапейцамі. Татальны мультыкультуралізм і прабелы ў іміграцыйнай палітыцы зараз крытыкуюцца многімі, і нездарма, бо ў перыяд панавання глабалізацыі карэнныя еўрапейцы міжволі пачынаюць ператварацца ў пасіўную закамплексаваную супольнасць, вымушаную падпарадкоўвацца інтарэсам больш пасіянарнай маргінальнай меншасці новых грамадзян Еўропы...

br5 

Бельгійская талерантнасць паспрыяла таму, што менавіта ў сталіцы краіны трывала замацаваліся прадстаўніцтвы сур’ёзных міжнародных арганізацый, такіх як Еўрапейскі парламент, разнастайныя камісіі Еўразвяза, а таксама ваенны блок NATO. Здаецца, амаль палова Бруселя занятая пад офісы гэтых уплывовых структур. Дарэчы, патрапіць на экскурсію ў Еўрапарламент не так ужо і складана. Пры жаданні можна нават пасядзець у мясцовай кавярні побач з кімсьці з вядомых на ўвесь свет палітыкаў. Дастаткова запісацца загадзя, аформіць пропуск і своечасова прайсці рэгістрацыю. Нешта я не магу згадаць выпадкаў, каб у беларускім парламенце дазвалялася праводзіць азнаямленчыя візіты для «простых смяротных»…

Што аб’ядноўвае бельгійцаў і беларусаў? І тых, і другіх – каля 10 мільёнаў, хоць тэрыторыі краін вельмі адрозніваюцца па памерах. У некаторым сэнсе бельгійцы – людзі на балоце, бо нават сама назва Бруселя паходзіць ад слоў «bruoc» (балота) і «sella» (месца жыхарства) і азначае «паселішча на балоце». Да таго ж, краіна пераважна сельскагаспадарчая, і  мясцовыя жыхары ахвотна ядуць розную гародніну, у прыватнасці, капусту. Як сцвярджаюць даследчыкі, продак усім вядомай брусельскай капусты быў знойдзены ў 1750 годзе каля бельгійскай сталіцы, пачаў культывавацца і распаўсюджвацца па ўсёй краіне і далёка за яе межамі. Яшчэ бельгійцы, як і мы, любяць бульбу і нават лічацца вынаходнікамі такой папулярнай стравы, як бульба фры.

 

br4

Апроч бульбы, бельгійцы вельмі шануюць піва. Калі вам пашчасціць патрапіць сюды, абавязкова паспытайце гатунак пад назвай «kriek». Так пазначаецца разнастайнасць фруктовага піва – часцей за ўсё вішнёвага, але бывае таксама малінавае, лімоннае, яблычнае і г.д. Між іншым, сярэднестатыстычны бельгіец выпівае 100 літраў піва ў год. І часцей за ўсё робіць ён гэта, седзячы з роднымі ці сябрамі ў адным з утульных рэстаранчыкаў, якіх тут мноства. Але калі цэны ў рэстаранных меню Бруселя не надта перавышаюць мінскія, то ў аб’емах порцый і ўзроўні сэрвісу розніца назіраецца істотная, што, на жаль, не робіць гонару айчынным рэстаратарам. Бельгійцы вельмі цэняць добрую кухню, таму ў «Макдональдсы» тут ходзяць хіба толькі турысты.

Чаго на вуліцах Бруселя шмат? Смецця. Вялікая колькасць яго спачатку трохі здзіўляе, пакуль не становяцца зразумелымі прычыны такога парадку: смецце ў Бельгіі старанна падзяляецца па відах, кожны з якіх вывозіцца ў пэўны дзень.  Чаго на вуліцах Бруселя амаль няма? Бяздомных жывёл. Мясцовае заканадаўства даўно замацавала за чатырохногімі права на жыццё, таму ў краіне дзейнічае шмат муніцыпальных і прыватных прытулкаў, а на дзесяць мільёнаў жыхароў Бельгіі прыходзіцца амаль два мільёны хатніх жывёл, якіх тут любяць і паважаюць.

br2Сярод тых сувеніраў, якія варта прывезці дадому з Бруселя, пачэснае месца займае мясцовы шакалад. Яго тут вырабляюць у самых незвычайных варыяцыях. Гісторыя сцвярджае, што некалі сціплы брусельскі аптэкар Йоган Нэйгауз стварыў горкі шакалад, які пазней заваяваў шмат прыхільнікаў ва ўсім свеце. Цяпер, гуляючы па вуліцах бельгійскай сталіцы, цяжка ўтрымацца ад спакусы зазірнуць у адзін са шматлікіх шакаладных буцікаў, дзе можна не толька знайсці эксклюзіўныя шакаладныя вырабы і прадэгуставаць іх, але і паназіраць за працэсам вытворчасці гэтых кулінарных шэдэўраў.

Нягледзячы на сляды раскошы і бюргерскай рэспектабельнасці, якія паўсюдна трапляюцца ў Бруселі, «жыццё ў шакаладзе» тут можа быць толькі ў таго, хто старанна і шмат працуе. Бо ніводнае, нават самае дасканалае грамадства ў свеце, ніколі не будзе трымаць на сваім карку аматараў дармаўшчыны. Таму не варта трапляць пад уплыў распаўсюджанай ілюзіі аб шыкоўным жыцці на Захадзе. Такім яно бывае толькі ў тых, хто прыклаў для дасягнення сваіх мэтаў адпаведныя намаганні. Выключаючы хіба што рэдкіх прадстаўнікоў багатых сямей, якія атрымалі ў спадчыну мільёны. Сярод такіх, у прыватнасці, дачка знакамітага магната Арыстоцеля Анасіса, і яна, між іншым, жыве не дзе-небудзь, а менавіта ў Бруселі…


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах