09.08.2012

 - Газета

Талін па-за Старым горадам

Для большасці замежных турыстаў эстонская сталіца – гэта ўтульныя вузкія вуліцы, дахоўка і брук, шпілі сабораў і сцяна з вежамі. Але Талін – гэта не толькі Стары горад! Зараз мы завітаем у талінскі Сахо i ў музей, прызнаны лепшым у Еўропе, –эстонскую вёску трохсотгадовай даўніны. Талін па-за гарадской сцяной – гэта таксама прыгажэйшы палацава-паркавы комплекс, руіны сярэднявечнага манастыра, унікальная забудова часоў першай Незалежнасці (1918–1940), процьма ўнікальных галерэй і шмат чаго іншага.

Павел ДАБРАВОЛЬСКІ

Для большасці замежных турыстаў эстонская сталіца – гэта ўтульныя вузкія вуліцы, дахоўка і брук, шпілі сабораў і сцяна з вежамі. Але Талін – гэта не толькі Стары горад! Зараз мы завітаем у талінскі Сахо i ў музей, прызнаны лепшым у Еўропе, –эстонскую вёску трохсотгадовай даўніны. Талін па-за гарадской сцяной – гэта таксама прыгажэйшы палацава-паркавы комплекс, руіны сярэднявечнага манастыра, унікальная забудова часоў першай Незалежнасці (1918–1940), процьма ўнікальных галерэй і шмат чаго іншага.

Tallinn

Пачнем з Эстонскага музею пад адкрытым небам (адрас: Vabaхhumuuseumi tee, 12; сайт: evm.ee; кошт 6 Ђ). Перайшоўшы па ссылцы http://www.evm.ee/failid/File/kaartRUS.JPG, вы можаце азнаёміцца з рускамоўнай картай музейнага комплексу. У яго варта завітаць 13 верасня, калі адбудзецца Асенні хутарскі дзень, цікавае аўтэнтычнае мерапрыемства. Шчыра кажучы, калі вам насамрэч цікава пазнаёміцца з эстонскай культурай, то гэта хіба што адзінае месца ва ўсім горадзе, бо Талін будаваў хто-хто, але не эстонцы: і датчане, і немцы, і шведы, і расіяне. Горад часоў Незалежнасці? Але сучасная архітэктура не мае нацыянальных адметнасцей: эстонцы будуюць такія ж шкляныя гмахі, як і нашыя «Парус» альбо Royal Plaza, такія ж жылыя мікрараёны з аднолькавымі дамамі, такая ж катэджная забудова. Але ў Эстонскім музеі мы трапляем туды, куды і ехалі, – у Эстонію! Таму, palun*, ні ў якім разе не праходзьце міма.

Па суседству з музеем разме­шчаны заапарк (Paldiski mnt, 145; tallinnzoo.ee; кошт 5,80 Ђ), які лічыцца адным з самых вялікіх у Паўночнай Еўропе. Карта заапарку: http://tallinnzoo.ee/index.php?ide=43. Адкрылі яго ў 1983 го­дзе, але крыху ў іншым месцы, на ўскрайку Кадрыёгскага лесу, заапарк быў яшчэ перад вайной, у часы першай эстонскай Незалежнасці. Яго адкрыццю паспрыяла перамога эстонскіх стралкоў на Чэмпіянаце свету ў Хельсінкі. У якасці трафею яны прывезлі рысь Іллу, якая да сёння з’яўляееца сімвалам заапарка.

З захаду горада накіроўваемся на поўнач, у раён Kalamaja (Рыбны дом), талінскі Сахо. Апошнім часам тут запанавала багемнае атмасфера: менавіта гэтаму раёну аддае перавагу творчая моладзь. Прыкладам творчай накіраванасці раёна з’яўляюцца галерэя дызайну SooSoo на вуліцы Soo, 4 і мастацкая галерэя ArtDepoo на вуліцы Jahu,12. Яны адкрыты ў былых фабрычных пабудовах. Цэнтр авангардных выстаў Kultuurikatel адкрыты ў былой электрастанцыі. Яе частку займае таксама дзіцячы Талінскі навукова-тэхнічны цэнтр. На ўзбярэжжы размешчана Марская крэпасць. Яе пабудавалі ў 1829 годзе па заказу расійскага імператара Мікалая Першага, а ў 1919-м пераўтварылі ў цэнтральную талінскую турму. Тое, што ніяк не зробяць з Пішчалаўскім замкам у Мінску, у Таліне зрабілі ў 2006 годзе: турма стала музейна-гатэльным комплексам (http://www.patarei.org/eng). Непадалёк размешчаны філіял Марскога музею (Kьti, 17; http://www.lennusadam.eu/ru; кошт 12 Ђ). Найбольш цікавыя экспанаты – эстонская падводная лодка 1930-х «Лембіт» (якую можна наведаць знутры) і самы вялікі ў Еўропе паравы ледакол Suur Toll. Але сапраўднай рызынкай раёна з’яўляецца драўляная забудова (з ёй можна сустрэцца таксама ў раёнах Kopli, Pelgulinn, Kadriorg). Улюбёнае месца сустрэч талінскай творчай эліты – кавярня Boheem (Kopli, 18; boheem.ee) – няхай стане для вас лагічным завяршэннем пагулянкі па гэтай частцы гораду.

Тут можна правесці цэлы дзень, але нас чакае яшчэ шмат цікавага! Квартал Роттэрмана (фотарэпартаж: http://le-le0.livejournal.com/24882.html) – месца, унікальнае для постсавецкага рэгіёна. Гэта гучны покліч, скіраваны эстонцамі да свету: «Мы бяжым у ногу з часам! Мы – сучасная і прагрэсіўная дзяржава з вялікімі амбіцыямі і патэнцыялам!». Ад незвычайнай архітэктуры кварталу зачароўваешся. Тут хочацца жыць! У Таліне ўвогуле шмат яркіх архітэктурных праектаў. Горад таксама шпарка расце і ўверх, шкляныя хмарачосы тут пачалі з’яўляцца нават раней за Маскву.

Tallinn_rotermann

Адна з галоўных славутасцей Таліна – палацава-паркавы комплекс Пятра Першага. Каб трапіць да яго, мы ідзем праз Стары горад на ўсход. Па дарозе можна сустрэць велічную Нацыянальную бібліятэку. Італьянскі архітэктар палаца Мікола Мікецці з’яўляецца таксама аўтарам Пецяргофа. У галоўным корпусе комплексу вы можаце азнаёміцца з вялікай калекцыяй замежнага мастацтва, але цікавыя і яшчэ два музеі: Мікеля і Вільдэ. Ёханэс Мікель – адзін з найбуйнейшых калекцыянераў Эстоніі і Паўночнай Еўропы. У 1995 го­дзе сваю прыватную калекцыю (карціны, разьба па дрэве, фарфор) з больш чым 600 шэдэўраў, у тым ліку чатыры працы Рэмбрандта, ён перадаў Эстонскаму мастацкаму музею. Эдуар Вільдэ (1865–1933) – журналіст і пісьменнік, пасол Эстоніі ў Германіі. Яго раман «Вайна ў Махтра» – класіка эстонскай літаратуры: ён стаў культавым не на адно дзесяцігоддзе.

Гэты раён багаты на добрыя музеі, аднак адзін з іх, мастацкі музей KUMU (Weizenbergei, 34/Valge, 1; ekm.ee/kumu; кошт 5,50 Ђ), вылучаецца не толькі на фоне іншых эстонскіх, але і еўрапейскіх. У 2008 годзе ён быў прызнаны лепшым на кантыненце! KUMU – гэта абрэвіятура ад KUnstiMUuseum (мастацкі музей). Фінскі архітэктар Пека Вакаўоры пабудаваў уні­кальны шкляны будынак, які ставяць у адзін шэраг са знакамітым музеем у Більбао.

Трымаем шлях на паўночны ўсход. Пеўчае поле! Сакральнае месца для эстонцаў! 11 верасня 1988 года трэцяя частка ўсіх эстонцаў – 300 тысяч – сабралася ў гэтым месцы на адно з самых буйных антысавецкіх мерапрыемстваў. Гэта было пачаткам канца савецкай залежнасці Эстоніі. Бліжэйшае мерапрыемства – канцэрт поп-ідала сучаснай моладзі Лэдзі Гагі адбу­дзецца тут 25 жніўня.

За Пеўчым полем размясціўся прыморскі раён Пірыта. Ён пачынаецца з замка Маар’ямагі (Pirita tee, 56), пабудаваны напрыканцы XIX стагоддзя графам Арловым-Давыдавым. «Ну ничего! Не пройдет и полугода – я думаю... провести сюда электричество!», – памятаеце сэра Генры ў савецкім фільме «Сабака Баскервілей»? Гэты фільм, а яшчэ «Гульня без правіл», здымалі менавіта тут. Завітайце ў цікавы музей, які знаходзіцца побач. Як і ў літоўскім Грутасе, тут сабралі ў адным месцы помнікі савецкай эпохі. Аднак гэта больш цікава турыстам з Заходняй Еўропы, у нас уся краіна – вялізны музей СССР пад адкрытым небам. Акрамя Баскервільскага замку, у Пірыце знаходзяцца руіны манастыра Святой Брыгіты (Kloostri tee, 9; piritaklooster.ee). Беларусам будзе цікава наведаць гэта месца і па той прычыне, што студыя «Беларусьфільм» здымала тут «Горад майстроў».

Tallinn_Pirita

Бліжэйшае мерапрыемства адбудзецца 15 жніўня – штогадовы Дзень манастыра. Яшчэ ў Пірыце да Алімпіяды-1980, частка якой праходзіла тут, пабудаваны тэлевежа (314 м) і Алімпійскі цэнтр паруснага спорту. Тут жа знаходзіцца Батанічны сад (Kloostrimetsa tee, 52; botaanikaaed.ee/ru; кошт 3,50 Ђ). Свае дзверы ён адчыніў у 1961 годзе.


 

* Калі ласка


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах