06.05.2010

 - Газета

Пах свежай фарбы замест галоўнай атмасферы

Разважанні аб беларускай спадчыне
Французы перапынілі рэстаўрацыю сярэднявечнага замка, неяк паведаміла французская прэса. Аказалася, руіны больш прывабліваюць наведвальнікаў, чым узведзеныя наноў сцены. Што больш цікавае для нашых турыстаў? У якім стане знаходзіцца беларуская спадчына? І як звяртаць да яе ўвагу грамадскасці? Над гэтымі і іншымі пытаннямі мы папрасілі паразважаць экскурсаводаў – тых, хто наведвае гістарычныя помнікі, бадай што, часцей за ўсіх.

Разважанні аб беларускай спадчыне

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ

Французы перапынілі рэстаўрацыю сярэднявечнага замка, неяк паведаміла французская прэса. Аказалася, руіны больш прывабліваюць наведвальнікаў, чым узведзеныя наноў сцены. Што больш цікавае для нашых турыстаў? У якім стане знаходзіцца беларуская спадчына? І як звяртаць да яе ўвагу грамадскасці? Над гэтымі і іншымі пытаннямі мы папрасілі паразважаць экскурсаводаў – тых, хто наведвае гістарычныя помнікі, бадай што, часцей за ўсіх.

pah1 Цімафей Акудовіч. Экскурсавод, намеснік старшыні Беларускага камітэта Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС)

Цікавасць да прафесіі пачалася ў студэнцкія гады з краязнаўчага клуба «Дыярыуш».  Працуе экскурсаводам амаль сем гадоў. Любімы маршрут – той, падчас якога адкрываецца нешта нязведанае. Найчасцей возіць групы ў Мір, Нясвіж, Полацк, Крэва, Баруны, Гальшаны, Ракаў, Івянец.

Пытанне не ў тым, як захаваць помнікі, а ў тым як іх ажывіць

Беларусь мае багаты экскурсійны патэнцыял. Шматлікія замкі, палацы, сядзібы і помнікі  прыроды яшчэ чакаюць свайго «масавага» турыста. Сапраўды, у апошнія гады робіцца даволі шмат у кірунку аднаўлення гістарычных помнікаў, хоць гэта і адбываецца з вялікай колькасцю памылак, сведчаннем чаму – крытыка ў бок рэканструкцыі Мірскага і Нясвіжскага палацаў. Аднак агулам нашая спадчына знаходзіцца ў горшым стане ў параўнанні з заходнімі суседзямі. Будучы прадстаўніком ІКАМОС, я знаёміўся з досведам аховы помнікаў у Польшчы, Літве. Адметна тое, што ў захаванні спадчыны там зацікаўлена не толькі дзяржава, але і грамадства, якое сочыць за станам помнікаў у краіне. Напрыклад, калі ў цэнтры Вільні ў будынку, які мае гістарычную каштоўнасць, распачынаецца будоўля, літоўцы абавязкова пацікавяцца, ці маюць будаўнікі на гэта права і ці ведаюць яны, што працуюць у каштоўным аб’екце. У гэтых краінах узровень грамадскага разумення сітуацыі значна вышэйшы, і гэта, у нейкай ступені, дазваляе захоўваць помнікі. У Беларусі пытанне не столькі ў тым, як іх захаваць, а ў тым – як іх ажывіць і што з імі рабіць. Немагчыма ва ўсіх сядзібах, якіх у нашай краіне некалькі соцен, зрабіць музеі. У старых будынках могуць месціцца дзіцячыя цэнтры, мастацкія галерэі, майстэрні, кавярні і нават офісы. Рашэнне Міністэрства культуры аддаць старыя сядзібы пад патрэбы аграэкатурызму – таксама выйсце, пры ўмове, што за аднаўленчымі працамі ў помніках архітэктуры будзе сачыць адмысловая камісія. Гэта звычайная еўрапейская практыка. Калі знойдзецца адказ на пытанне, што рабіць з сотнямі закінутых турыстычных аб’ектаў, знойдуцца і сродкі на іх аднаўленне.

Руіны турыстам падаюцца больш аўтэнтычнымі

Над гэтым пытаннем разважалі шматлікія тэарэтыкі мастацтва. Руіны нясуць на сабе адбітак часу, а гэта вельмі важная частка ўспрыняцця помнікаў. У адрэстаўраваным палацы ці ў замку, які захоўваецца ў вельмі добрым стане, гэта адчуванне часткова губляецца. Так, мне даводзілася чуць ад людзей, якія наведвалі Мірскі замак гадоў дваццаць таму, што зараз чароўная атмасфера вакол замка знікла. Замест яе застаўся пах свежай фарбы. З помнікамі ў нашай краіне сітуацыя неадназначная: адны актыўна аднаўляюцца, другія стаяць у заняпадзе. Складанасць правядзення экскурсіі каля руін у тым, што ў турыста няма адчування помнікаў як жывых элементаў гісторыі і ён не заўсёды разумее, што на іх месцы калісьці адбываліся значныя для нашай гісторыі падзеі. Выйсцем можа быць анімацыя. З аднаго боку, трэба разумець, што гэта ўскладняе арганізацыю экскурсіі, пераўтвараючы яе ў тэатр на колах, і не ў кожнай экскурсіі яна да месца. З іншага, акторы, здольныя раскрыць пэўныя гістарычныя лёсы і вобразы, дапамагаюць ажывіць экскурсію.

Адзін са сродкаў павышэння культурнага ўзроўню грамадскасці – гэта экскурсіі

Таму на Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў замест валанцёрскіх прыборак мы праводзім «Фэст экскурсаводаў». Галоўная праблема не ў тым, што беларусы не ведаюць сваіх помнікаў, а ў тым, што яны не разумеюць сваёй датычнасці да іх. Экскурсаводы адкрываюць турыстам Беларусь, паказваючы ўнікальнасць гэтай краіны. І калі экскурсія ўдалая, экскурсанты паступова становяцца неабыякавымі і пачынаюць сачыць за станам помнікаў, якія калісьці іх моцна ўразілі. Вельмі важна паказваць розную, незвычайную Беларусь. «Фэст экскурсаводаў» у гэтым годзе мы праводзілі другі раз. У параўнанні з мінулым колькасць экскурсій па Мінску не вырасла, аднак змяніліся самі маршруты. Мы зрабілі экскурсію па Мінскім гета, незвычайнай была вандроўка па тэатральным Мінску. Колькасць людзей павялічылася: калі ў мінулым годзе іх было 800, сёлета – больш за тысячу. Акрамя таго, мы правялі 12 экскурсій па рэгіёнах.

pah2 Мікалай Чырскі. Экскурсавод, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў»

Кар’ера экскурсавода пачалася ў 1971 годзе ў Мінскім бюро падарожжаў і экскурсій. З тае пары – сотні экскурсій па ўсёй Беларусі. Найбольш вабяць літаратурныя мясціны. Аўтар 10 экскурсійных даведнікаў. Улюбёныя маршруты вядуць па сядзібах пісьменнікаў у Вязынцы, Акопах, Карпілаўцы, Акінчыцах, Альбуці, Смольні, Мікалаеўшчыне.

Наш патэнцыял – у экскурсійна-пазнавальным турызме

Некалі ў Сярэднявеччы ў нас, сапраўды, было шмат замкаў. Цяпер, на жаль, большасць з іх не захавалася. Сёння, асноўныя экскурсіі, звязаныя з архітэктурнай спадчынай, вядуць у заходнюю частку Беларусі. У савецкія часы культавыя збудаванні знішчаліся, а большасць замкаў расцягнулі на свінарнікі. Тыя, хто кажуць, што наша выйсце ў аграсядзібах, не маюць падставы. Мы павінны развіваць экскурсійна-пазнавальны турызм. Ён з’яўляецца асновай для стварэння нацыянальнага турысцкага прадукту. Гэта можна зрабіць, у першую чаргу папулярызуючы экскурсійныя патэнцыял нашай краіны, і не без дапамогі прэсы. Калі мы адкрыем Беларусь для беларусаў, да нас паедуць і замежныя турысты. Акрамя таго, у Беларусі варта было б развіваць чатыры асноўныя святы, якія могуць стаць міжнароднымі фестывалямі: вясновае Гуканне вясны,  летняе Купалле, восеньскія Дажынкі, зімовыя Каляды. На жаль, пакуль гэта застаецца на ўзроўні маёй ідэі. 

Пужае не толькі стан помнікаў, але і адсутнасць каля іх інфраструктуры

За сорак гадоў працы экскурсаводам мне даводзілася вазіць групы ў такія мясціны, пра якія не скажаш, што яны гістарычныя. Так, за трыццаць пяць кіламетраў ад Мінска знаходзіцца сядзіба заснавальніка беларускай прозы Антона Лявіцкага, які ўвайшоў ў літаратуру пад імем Ядвігін Ш. Сёння туды экскурсій не шмат. Да сядзібы ўсё бліжэй падыходзіць лес, а яна – ні больш ні менш культурны цэнтр Беларусі. Там бывалі Максім Багдановіч, Янка Купала, Язэп Лёсік, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры ХІХ – пачатку ХХ ст. На сядзібе нават захаваўся дуб-дзядуля – літаратурны герой аднайменнага твора Ядвігіна Ш. На жаль, сёння да яго амаль немагчыма падысці з-за высокага пустазелля.  Больш за тое, камень Лявіцкіх, які здаўна ляжаў на гэтай зямлі і быў экскурсійным аб’ектам, сцягнуў жыхар суседняй вёскі Карпілаўка. Аздабленне катэджаў камянямі добрая справа, але не за кошт гістарычных помнікаў. Мы шмат гаворым пра парадак на зямлі, а гістарычныя сядзібы вядомых беларускіх пісьменнікаў не можам давесці да ладу.

Аднак пужае не толькі стан помнікаў, але і адсутнасць каля іх інфраструктуры. Ці варта сёння аднаўляць палацы і замкі, ператвараючы іх у сучаснась? Хіба ў Пампеях ці Егіпце адбудоўваюць храмы наноў? Не, там кансервуюць руіны і ствараюць умовы для турыстаў. Тое самае варта рабіць і ў нас. Так, у Ружанскім палацы галоўнае – расказаць, хто такія Сапегі, чым займаліся і чаму зараз палац у такім стане. За дзесяць кіламетраў ад Мінска знаходзіцца  гарадзішча, дзе некалі была заснавана сённяшняя сталіца. Недарагі аўтобус і невялікі кіламетраж зрабілі гэтае месца папулярным маршрутам сярод вучнёўства і студэнцтва. І тым не менш замчышча зарасло пустазеллем і толькі памятная шыльда сведчыць пра тое, што гэта помнік культуры ІХ–ХІ стст. Пры ўсёй папулярнасці аб’екта там няма добрай стаянкі, зусім не наладжаны продаж сувеніраў, буклетаў, даведнікаў, няма прыбіральні… І гэта толькі асобныя прыклады з тысячы.

pah3 Раман Абрамчук. Экскурсавод, культуролаг

Стаж працы экскурсаводам – тры гады. Захапленне краязнаўствам і вандроўкамі сталі прычынай, каб абраць прафесію, якая адначасова прыносіць прыбытак і задавальненне. Найбольш падабаецца ездзіць маршрутамі ў бок Слоніма, Жыровіч, Брэста, Навагрудка.

Чалавеку дадзена адчуваць сапраўднае і адрозніваць яго ад штучнага.

Па маіх назіраннях, стаўленне да культурнай спадчыны ў нашай краіне мяняецца нават на дзяржаўным узроўні. Але ў гэтага стаўлення ёсць свая спецыфіка: каштоўна тое, што дае прыбытак. Так, стары дом, які патрабуе шматлікіх грашовых выдаткаў, прасцей знесці, а на яго месцы збудаваць такі ж, толькі новы. Галоўнае, каб выглядала па-старому, а сама каштоўнасць ужо не асэнсоўваецца. У краіне адсутнічае культура рэстаўрацыі, а ў беларусаў знікла шляхецкасць у стаўленні да старой рэчы. Калі праводзіш экскурсіі, бачыш, якое ўражанне на турыстаў робяць аўтэнтычныя помнікі і занадта дагледжаныя: чалавеку дадзена адчуваць сапраўднае і адрозніваць яго ад штучнага. Дзякуючы працы інтэлігенцыі і шматлікім культурным дзеячам, стаўленне грамадства да сваёй спадчыны ў нашай краіне паціху мяняецца. Да таго ж, зараз вельмі спрыяльны момант, каб несці асвету праз экскурсіі.

Нашым маршрутам не хапае крэатыву

У Беларусі экскурсаводы працуюць ва ўмовах канкурэнцыі, якая падштурхоўвае іх добра рыхтавацца. Аднак, на мой погляд, сённяшнім экскурсіям не хапае творчага падыходу і большай разнастайнасці. Маршрутаў, якія існуюць, не дастаткова, каб задаволіць патрэбы турыстаў. Мы мусім прыдумаць нешта новае і арыгінальнае. Той жа Мінск можа быць пададзены ў розных аспектах, што ўдалося паказаць на прыкладзе «Фэста экскурсаводаў» 17–18 красавіка. Я праводзіў экскурсію па жылым пасёлку Трактарнага завода – унікальным раёне з багатай архітэктурай, з асаблівым шармам і адметнай гісторыяй ужо толькі таму, што яго будавалі немцы. Людзі здзіўляліся, што ў гэтых мясцінах сталіцы можна так вандраваць. За кожным раёнам Мінска замацаваўся пэўны стэрэатып, што там нічога цікавага быць не можа. Рознааспектныя экскурсіі па нашай сталіцы гэты стэрэатып разбілі. Штосьці з гэтага маглі б прапаноўваць сваім кліентам і турфірмы.

Захапіўшыся часамі ВКЛ, мы забылі пра сучаснасць

Праводзячы экскурсіі, трэба асэнсоўваць гісторыю па-новаму. Сотні даследаванняў дазваляюць рознабакова падаваць гістарычны матэрыял. Наша задача не ў тым, каб выхоўваць беларускамоўных зомбі, а выклікаць у шэраговага турыста цікавасць да ўласнай гісторыі і заахвочваць пасля займацца самаадукацыяй, бо за адну экскурсію немагчыма спазнаць гісторыю Беларусі.

Сёння турысты цікавяцца ў тым ліку і сучаснасцю. Так, акрамя Агінскіх і Сапегаў у Слоніме ім карціць ведаць, колькі чалавек жыве ў гарадку, якія прадпрыемствы працуюць. Спадчына ВКЛ настолькі нас прывабіла, што мы забываем, што ў гарадоў ёсць не толькі мінулае, але і сучаснасць. Так, захапіўшыся Радзівіламі, незнарок прапускаеш помнік савецкім салдатам, за якім можа хавацца адметная для гэтая рэгіёна і цікавая для турыста гісторыя. Па-рознаму можна глядзець і на новыя гарады, пераўтвараючы іх у арыгінальныя турыстычныя маршруты. Здаецца, Салігорск – суцэльная новабудоўля. Але гэта не проста спальныя кварталы накшталт мінскай Малінаўкі, хоць яны прыкладна аднаго ўзросту. Парк стыхій у Салігорску ідэальна ўпісваецца ў канцэпцыю горада, яго сучаснасць, мадэрновасць, салігорскі футурызм. Усе аб’екты парка нібы аб’яднаны адной касмічнай тэматыкай: паветраны арган з металічнымі трубкамі, гіганцкі металічны прапелер, сонечныя люстэркі. У горадзе ёсць сваеасаблівая атмасфера, ужо толькі таму ён прыдатны для экскурсій.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах