13.05.2010

 - Газета

Беларускую спадчыну цісне капітал

У  якім стане знаходзяцца нашы гістарычна-культурныя помнікі? Што і як выкупляецца пад турыстычныя аб’екты? Якая будучыня чакае спадчыну? Аб гэтым распавёў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон АСТАПОВІЧ.

Марына САВІЦКАЯ

У  якім стане знаходзяцца нашы гістарычна-культурныя помнікі? Што і як выкупляецца пад турыстычныя аб’екты? Якая будучыня чакае спадчыну? Аб гэтым распавёў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон АСТАПОВІЧ.

 bel-sp

– Антон Уладзіміравіч, якія працэсы назіраюцца зараз у Беларусі ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны?

– Адбываюцца два ўзаемавыключальныя працэсы. З аднаго боку гэта добрая агульна сфармуляваная  прававая база, цудоўна распрацаваныя методыкі,  у тым ліку і міжнародныя. З другога ж – непрымяненне тых самых законаў на практыцы.  На тэарэтычным узроўні вядуцца размовы наконт горадабудаўніцтва ў межах гістарычных цэнтраў гарадоў, ідзе распрацоўка дэтальных планаў гэтых тэрыторый. Але практычна назіраецца іншае: працэс хаатычнага засваення пляцовак у межах гістарычных цэнтраў. Даволі часта пры рэканструкцыі, рэстаўрацыі, капітальных рамонтах адвольна змяняецца вонкавы выгляд помнікаў, у выніку чаго спадчына страчвае свае адметныя мастацкія архітэктурныя рысы.

– Чаму, на ваш погляд, суіснуюць гэтыя два працэсы? Чаму практыка не адпавядае тэарэтычнай базе?

– Мне здаецца, на гэта вельмі цісне капітал.  Усё робіцца пад патрэбы інвестараў, у тым ліку ахвяруецца і гісторыка-культурная спадчына, і выкананне заканадаўства.

Калі гаварыць пра Мінск, то ўспомніце хаць бы той жа помнік на вуліцы Рэвалюцыйнай, 17. У 2008 годзе для патрэб шматпавярховага афіцыйнага будынка, які поўнасцю выбіваецца з рэжымаў дэтальнага плана развіцця, быў знесены помнік другой паловы ХІХ стагоддзя. І гэта нават без дазволу Мінкультуры! Адказ з пракуратуры быў наступным: «Коштам інвестараў вядзецця рэканструкцыя зруйнавага будынка». Хоць там ужо выстаўлены каркас будынка, які ўжо зараз па высотных параметрах у два разы перавышае зруйнаваны будынак.

– Што зараз адбываецца з Нямігай?

– Распрацаваны і зацверджаны дэтальны план рэстаўрацыі, рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска. Яшчэ ў 2006 годзе ён быў узгоднены прэзідэнтам, зацверджаны рашэннем Мінгарвыканкама. Але план практычна не выконваецца. Замест таго ў 2008 годзе быў знішчаны культурны пласт без папярэдняй фіксацыі тых рэшткаў, што захаваліся пад зямлёй. Зараз зноўку ідзе хаатычнае засваенне высокімі адміністрацыйнымі будынкамі. Цікавае становішча і з Верхнім горадам. Планам развіцця горада Мінска прадугледжваецца вывад транспартных патокаў з гэтага гістарычнага цэнтра. А тым часам у Верхнім горадзе зараз плануюцца і будуюцца ўстановы, якія наадварот прыцягваюць туды дадатковы транспарт. Але ж над Мінскам навісла цяпер яшчэ адна новая небяспека…

– Якая?

– Наконт будынка электрастанцыі. Справа у тым, што тыдні 3–4 назад, у пачатку красавіка, адбылася навукова-метадычная рада. На ёй прадстаўлялася архітэкртурная канцэпцыя шматфункцыянальнага комплекса з гатэлем «Кемпінскі» на зямельным пляцы, дзе стаіць гісторыка-культурная каштоўнасць – будынак першай мінскай электрастанцыі. Было шмат пытанняў, як гэты комплекс упішацца ў ансамбль праспекта Незалежнасці (праспект Незалежнасці занесены ў Спіс ЮНЕСКА).  І навукова-метадычная рада дала шмат заўваг да гэтай архітэктурнай канцэпцыі. Але зараз вельмі актыўна працуе інвестар, каб усімі магчымымі сродкамі пазбегнуць выканання заўваг рады. І ёсць небяспека, што будынак электрастанцыі хутка выведуць з-пад аховы дзяржавы.

– Антон Уладзіміравіч, у іншых гарадах, раёнах Беларусі становішча помнікаў такое ж цяжкае?

– Па-рознаму. Добрае становішча ў Лідскім раёне, Ваўкавыскім. Нядаўна быў у Лідскім раёне ў вёсцы Тарнова. Там ёсць сядзібна-паркавы комплекс Грабоўскіх, цудоўны неарэнесансны сядзібны дом пачатку ХХ стагоддзя. Раней, калі я там бываў, выгляд гэтага дома мяне засмучаў, сядзіба развальвалася. Але зараз усё змянілася. Нарэшце  знайшоўся добры гаспадар – сельска-гаспадарчае прадпрыемства.

– Сядзібна-паркавы комплекс Грабоўскіх – першы вопыт гэтага прадпрыемства?

– Не, не першы. Гадоў дзесяць таму назад яно ўзяло пад кантроль сядзібны комплекс Ромэраў, які ў 90-я гады таксама быў у вельмі непрывабным стане. Прадпрыемства яго рэканструявала. І зараз ужо прыемна паглядзець, помнік не кінуты, не забыты. У палацы размяшчаецца офіс гаспадароў. Адноўленыя ўсе дапаможныя пабудовы. І вось зараз гэтае ж прадпрыемства рэканструююе сядзібны дом у Тарнове. Праўда, яшчэ будзе знаходзіцца і прыстасаванне пад жылы дом. Мабыць, там і не ўсё ідэальна, але усё ж такі значна лепей, чым было дагэтуль.

– Якія яшчэ раёны можна адзначыць знакам «плюс»?

– Ашмянскі раён. Там вельмі нераўнадушныя чыноўнікі. І дэпутатка ў нашай Палаце ад Ашмянскага раёна, спадарыня Лузіна, вельмі шмат намаганняў робіць для захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Калі ўсё будзе ісці ў тым жа накірунку, то Гальшаны будуць мець вялікія перспектывы. У Юравічах (Калінкавіцкі раён) па дзяржаўнай праграме ідзе рэстаўрацыя калегіума езуітаў.

– З раёнамі зразумела. А што можна сказаць пра абласныя гарады?

– Цікавае становішча у Брэсце. Там у мінулым годзе на метадычна-навуковай радзе было прадстаўлена 274 аб’екта ў гістарычным цэнтры, каб яны атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Рада гэтае рашэнне ўзгадніла, гэтыя будынкі атрымалі статус. Але хутка шэраг гэтых помнікаў быў выстаўлены на аўкцыён. Самае цікавае, што паводле ўмоў гэтага аўкцыёна прадугледжваліся знос мемарыялаў і новае будаўніцтва. Таварыства аховы помнікаў працавала над гэтым пытаннем на пряцягу некалькіх месяцаў. І мінулая навукова-метадычная выязная рада паказала, што шляхі вырашэння ёсць. Тады брэсцкі гарвыканкам вынес пытанне аўкцыёнаў і сам прызнаў сваю віну, сваю памылку.

– Як вырашылася пытанне ўладання помнікаў?

– Справа ў тым, што гісторыка-культурная каштоўнасць можа быць у любой форме ўласнасці. Законам не рэгулюецца, што помнікі павінны быць толькі дзяржаўнай спадчынай. Скажу больш,  было б нават ненармальна, калі б была толькі дзяржаўная форма ўласнасці. Таму што ва ўсім свеце помнікі належаць самым розным уладальнікам. У выпадку з Брэстам уладальнікі не змяняюцца, змяняецца толькі будучыня помнікаў: зараз аўкцыён будзе ўжо ставіць абавязковае пытанне, рэканструкцыя ці рэстаўрацыя.

– Вядома, што некаторыя гістарычныя помнікі выкупляюцца пад турыстычныя аб’екты…

– Так, існуе спіс аб’ектаў (іх недзе чатыры дзесяткі з хвосцікам), што былі ў мінулым годзе вылучаны пад рэалізацыю інвестарам для іх рэканструкцыі і далейшага выкарыстання ў сферах аграэканомікі і турызму. Але тут узнікае шмат пытанняў. Гэта ўсяго толькі даручэнне Савета Міністраў, гэта не нарматыўна-прававы акт. Нават не распрацаваны механізм, як гэтыя аб’екты будуць перадавацца інвестарам. І ў гэтай галіне практычна нічога не робіцца.

– І ніхто нічога не выкупляў?

– Выкупляў, але выкупляючых мала. Вось, напрыклад, расійскі бізнесмен купіў сядзібу ў вёсцы Краскі ў Ваўкавыскім раёне. Але там нават пакуль не зроблена ніводнага кроку. Таксама Нацыянальнаму банку передалі  палацавы комплекс Валовічаў у Свяцку пад Гародняй. Але і на гэтым аб’екце пакуль не прыступалі да працы. То знаходзіцца, то прападае інвестар для сядзібнага дома ў Тучы ў Клецкім раёне.  Такое ж становішча і з сядзібай Наркевічаў у Бабоўні Капыльскага раёна. Больш ніякіх спадвіжак няма. Увогуле гэты працэс мяне насцярожвае...

– Чаму?

– Таму што ў нас няма адэкватнай сістэмы інспектараў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.  І калі за бліжэйшыя 2–3 месяцы гэтыя аб’екты будуць рэалізаваны, там пачнуцца работы, то як забяспечыць кантроль?

 

 

ЧАГО ЧАКАЦЬ?

– Антон Уладзіміравіч, дайце, калі ласка свой прагноз на будучыню.

– Калі не атрымаецца запусціць у поўнай меры механізм прававыканання, то ў нас перспектыва вельмі сумная. Вялікая небяспека ў тых помнікаў, якія знаходзяцца ў маёмасным складзе рускай праваслаўнай царквы на Беларусі. Цэлы шэраг прыкладаў, калі цэрквы, якія не маюць статусу помніка, адвольна перарабляюцца, адметныя рысы страчваюцца. Зусім не працуе ў нас і «Закон аб ахове спадчыны». Не ўсе ўладальнікі будынкаў клапоцяцца пра гісторыка-культурныя каштоўнасці, не падтрымліваюць іх у належным санітарна-тэхнічным стане. І паўплываць на гэтую сітуацыю з боку таварыства, на жаль, амаль немагчыма.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах