13.12.2012

 - Газета

Таямніца возера Вула. Дзе шукаць скарбы Напалеона?

Нягледзячы на два стагоддзі, што аддзяляюць нас ад падзей вайны 1812 г., па-ранейшаму шмат аматараў Напалеонаўскай эпохі апантана працягваюць шукаць скарбы Напалеона і спрачацца пра магчымыя месцы іх знаходжання.

Валянцiн ІЛЬКЕВІЧ, кандыдат гістарычных навук, Анатоль СЦЕБУРАКА

Нягледзячы на два стагоддзі, што аддзяляюць нас ад падзей вайны 1812 г., па-ранейшаму шмат аматараў Напалеонаўскай эпохі апантана працягваюць шукаць скарбы Напалеона і спрачацца пра магчымыя месцы іх знаходжання.

Шляхі адступлення Вялікага войска Напалеона добра вядомыя, што звужае раён пошуку. Увагу даследчыкаў у першую чаргу прыцягвалі шматлікія азёры, ставы, рэкі, дзе французы маглі хутка і надзейна прыхаваць свае скарбы восенню 1812 г. Аднак сур’ёзных вынікаў такія пошукі не прынеслі, і месца асноўнага скарбу Напалеона невядома і зараз.

Напалеон разам з асноўнымі част­камі войска напрыканцы лістапада 1812 г. праходзіў па Вілейскім павеце праз Стайкі, Іллю, Латыгаль і Селішча (у апошнім населеным пункце ў 2005 г. было знойдзена буйнейшае пахаванне французскіх салдат, што стала яшчэ адным сведчаннем трагедыі французскай арміі на дарогах Вілейшчыны). А рэшткі вой­ска праклалі шлях па поўначы Вілейшчыны ў бок Смаргоні праз Далгінава і Ардзяю. Магчыма, з гэтымі менш прыкметнымі часткамі рухаліся і «скарбы Напалеона».

Таямнiца-возера

Найбольш каштоўнымі матэ­рыяламі для пошуку магчымых мес­цаў скарбу з’яўляюцца сведчанні су­часнікаў і падрабязныя гістарычныя карты тых мясцовасцяў. За апошняе стагоддзе адбыліся моцныя змены ў ландшафце краю, некаторыя ранейшыя аб’екты зніклі з зямлі і, адпаведна, з карт і старонак даведнікаў. Такі лёс напаткаў некалі даволі вялікае возера Вула, якое знаходзілася каля в. Цынцавічы Вілейскага раёна. Пасля меліярацыйных работ канца 1950-х гг. возера амаль знікла і ператварылася ў проста забалочаную мясцовасць, якая рэдка пазначаецца на сучасных геаграфічных картах. Але ў пачатку ХІХ ст. возера мела значныя памеры (прыблізна 2 км на 0,5 км), і жыхары мясцовых вёсак актыўна выкарыстоўвалі яго для лоўлі рыбы.

Па сведчаннях старажылаў, у 1812 г. вялікі французскі атрад быў прыціснуты да берага возера Вула і быў вымушаны прыняць сур’ёзны бой. Каб вырвацца з магчымага акружэння, французы здолелі зрабіць з дрэваў і хмызу за кароткі час грэблю па топкім беразе во­зера. Яны прарваліся ў накірунку Ардзяі і працягнулі адступленне па левым беразе ракі Віллі на захад. Сёння гэта месца завецца «наносы».

Каб выратавацца ў такіх умовах, французам трэба было пазбавіцца ад асноўнай часткі абозу, амуніцыі, гармат. Мясцовыя жыхары, якія неўзабаве пасля бою прыйшлі да возера, пабачылі шмат кінутай зброі, вазоў, рэчаў, разнастайнага рыштунуку, але найбольш іх уразіла палонка ў лёдзе вялікіх памераў. Яна знаходзілася прыблізна ў дзесяці метрах ад берага і мела памеры чатыры на чатыры метры. Да яе цягнуліся шматлікія адбіткі колаў вазоў, якія знікалі на яе краі.

Мясцовыя жыхары адраз­у зра­зумелі, што возера стала сховішчам каштоўнай часткі абоза французаў. Таму, калі настала лета, яны пачалі спрабаваць знайсці на дне возера тыя рэчы. Самыя рызыкоўныя дзецюкі спрабавалі нырнуць на дно возера, але з-за вельмі глеістага дна і мутнай вады нічога не было бачна і прыходзілася арыентавацца навобмацак. Вынікі такіх пошукаў былі ўсё адно хвалюючымі: на дне з глею вытыркаліся абрысы вазоў, скрыняў, колаў і г. д.

Мясцовыя старажылы згадваюць, што вяскоўцы ў 1920–1930-я гг. арандавалі возера і там лавілі рыбу на продаж. Чуткі пра скарб на яго дне падмацоўвалі рыбакі, да якіх у нерат траплялі старадаўнія, часам каштоўныя, рэчы.

Дзіўную і незразумелую для большасці зацікаўленасць да былога возера Вула праявіў у 1970-я гг. дырэктар саўгаса «Любань», Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат ВС СССР Я.Ф. Мірановіч. Ён прыняў рашэнне збудаваць дом адпачынку для перадавікоў гаспадаркі на топкіх берагах былога возера і для гэтага арганізаваў маштабныя працы, якія прадугледжвалі яго аднаўленне. З гэтай мэтай быў усталяваны адмысловы земснарад, які выбіраў сапрапель і тым самым асушаў вялізную плошчу, даючы ўрэшце магчымасць дабрацца да даўнейшага дна возера.

Назваць берагі колішняга во­зера Вула прыдатным месцам для рэкрэацыйнай зоны не выпадала, але Я.Ф. Мірановіч зацята працягваў працу, карыстаючыся сваім становішчам і аўтарытэтам. Можна ўявіць, што без сур’ёзных падстаў Я.Ф. Мірановіч, які быў вядомы як вельмі добры кіраўнік і гаспадар, не стаў бы марнаваць вялікія сродкі і час на такую бесперспектыўную справу. Магчыма, ён меў нейкія пераканаўчыя доказы, каб весці гэтыя працы. На жаль, Я.Ф. Мірановіч памёр у 1980 г., а яго справа не знайшла падтрымкі і працягу ў канцы савецкай эпохі. На гэтым месцы і сёння можна пабачыць адбіткі дзейнасці руплівага дырэктара саўгаса (засталіся бетонныя сваі, дамба, вузкакалейная чыгунка, па якой рухаліся ваганеткі).

Мясцовыя краязнаўцы дагэтуль рэгулярна знаходзяць артэфакты вайны 1812 г. у наваколлі во­зера Вула (запалы ад гармат, ядры, рэшткі вінтовак, амуніцыю, музычныя інструменты, спражкі, элементы конскай збруі, колы ад карэт, шматлікія гузікі). Знаходкі гузікаў для нас маюць асаблівае значэнне, бо дазваляюць даведацца пра нумары палкоў, якія адступалі праз гэту мясцовасць (1, 2, 3, 8-га егерскіх палкоў, 2, 3, 12, 14, 46, 84, 95, 106-га пяхотных лінейных палкоў, 1-га сапёрнага палка, гвардыі, артылерыі і г. д.). Натуральна, што па адзінкавых знаходках нельга рабіць трывалыя высновы, тым больш, што стан Вялікага войска ў той момант характарызаваўся суцэльнай перамяшанасцю частак. Яшчэ адным цікавым сведчаннем таго часу сталі гісторыі навакольных вёсак, якія ў 1812 г. былі спалены і аднавіліся ўжо на новых месцах. Гэта пацвярджаюць знаходкі манет, якія датуюцца часам да вайны 1812 г. і ваенным годам, папялішчы, бітая цэгла. У любым выпадку французскае войска пакінула там шэраг сведчанняў свайго адступлення.

Мясцовы краязнавец Валянцін Ількевіч (які, дарэчы, ласкава падзяліўся інфармацыяй пра археалагічныя знаходкі), упэўнены, што менавіта тут схаваны славуты скарб Напалеона.

Адметна, што Вула вартая ўвагі не толькі ў сувязі з падзеямі вайны 1812 г. На берагах возера з часоў першабытнага грамадства жылі людзі, якія пакінулі пасля сябе шэраг цікавых слядоў. Ужо некалькі пакаленняў беларускіх археолагаў вывучаюць гэты помнік.

Для археолагаў возера Вула вядома як месца старажытнай стаянкі людзей, якія там заснавалі паселішча на сваях. Да гэтага часу высокі бераг вадаёма, дзе яно некалі знаходзілася, завецца «княжава». Яшчэ ў першае дзесяцігоддзе пасля Вялікай Айчыннай вайны былі знойдзены сляды сваевых пабудоў, якія даследаваў М.І. Аляксюк. Ён нават даставіў частку завостранай сваі ў сектар археалогіі АН БССР. Пазней К.М. Палікарповіч працягнуў да­следаванне возера Вула, спрэс зацягнутага багнай. Ён апісаў доўгі пясчаны мыс шырынёй у 30 крокаў на паўночным захадзе ад вадаёма, які злучаў возера з ускрайкам палетка. Пры яго вывучэнні К.М. Палікарповіч знайшоў апрацаваныя крамянёвыя прылады працы і фрагменты керамікі, што сведчыць пра слушнасць звестак пра свайнае паселішча.

Летам 2010-2011 гг. вывучэнне помніка было працягнута археалагічнай экспедыцыяй на чале з Міхасём і Максімам Чарняўскімі. Так, у 2010 г. пры дапамозе групы літоўскіх археолагаў была праведзена падводная выведка, якая з-за вялікай забалочанасці была фактычна безвыніковай. Паверхневая выведка ў 2011 г. яшчэ раз пацвердзіла існаванне на возеры Вула паселішча чалавека часоў неаліта. Але ніякіх артэфактаў, паводле сведчанняў Максіма Чарняўскага, звязаных з 1812 годам, не было знойдзена.

Адзначым, што такое дзіўнае суседства і наслаенне спадчыны дзвюх эпох прыводзіць да пэўнай блытаніны і скептычнага стаўлення часткі грамадскасці да перспектыў пошуку напалеонаўскіх скарбаў на возеры Вула. Але як раз такое спалучэнне робіць гэта месца адным з вельмі прыцягальных куткоў Вілейшчыны ў краязнаўчым і гісторыка-культурным кантэкстах.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах