13.12.2012

 - Газета

Ад рэдактара. Збяром 100 подпісаў за тое, каб бэйдж беларускага экскурсавода быў на беларускай мове!

Ці ведаеце вы, што ў цяперашні час звычайны беларускі гід, які прайшоў законную сертыфікацыю праз Нацыянальнае агенцтва па турызму, атрымлівае пасведчанне на дзвюх мовах – рускай і англійскай (без варыянтаў). Пра беларускую ніхто нават і не ўзгадвае, таму што ў краіне ў наш час такая сітуацыя, што, калі на дзяржаўным узроўні зацверджаныя ў якасці афіцыйных дзве мовы, дык можна рабіць выгляд, што беларускай не існуе. Прынамсі, такі выгляд і робяць тыя, хто, знаходзячыся на розных узроўнях улады, «недолюбливают» літаратурную мову тытульнай нацыі.

Лілія КОБЗІК

Ці ведаеце вы, што ў цяперашні час звычайны беларускі гід, які прайшоў законную сертыфікацыю праз Нацыянальнае агенцтва па турызму, атрымлівае пасведчанне на дзвюх мовах – рускай і англійскай (без варыянтаў). Пра беларускую ніхто нават і не ўзгадвае, таму што ў краіне ў наш час такая сітуацыя, што, калі на дзяржаўным узроўні зацверджаныя ў якасці афіцыйных дзве мовы, дык можна рабіць выгляд, што беларускай не існуе. Прынамсі, такі выгляд і робяць тыя, хто, знаходзячыся на розных узроўнях улады, «недолюбливают» літаратурную мову тытульнай нацыі.

Lilia_2 Гэта моцна несправядліва. Гэта па сутнасці гвалт. Які, дарэчы, адбываецца пры пасіўнасці грамадства. І, як з кожнага гвалту, нічога добрага тут у нас не атрымліваецца. Мы нават не здолелі неяк прыгожа і адэкватна пазначыць выявай і словамі наш таксама згвалтаваны (і рознымі пакаленнямі, і рознымі войнамі), але ўлюбёны Мінск. І, мяркую, наўрад ці ў бліжэйшы час будуць добрыя варыянты. Таму што, мусіць, у нашым выпадку ствараць брэнд, проста праводзячы элегантныя сацапытанні, не атрымліваецца. І справа зусім не ў этнічных ці гістарычных матывах у лога і слогане. Справа ў нечым іншым...

Ну, не працуюць у бяздушнай, плоскай, пазбаўленай мясцовых смакаў прасторы нават самыя лепшыя тэхналогіі. Не працуюць! Трэба цвёрдая нацыянальная глеба, якую мы згубілі. Яе можна пакрыху намацаць, калі выбірацца з няпэўнай балотнай дрыгвы, якую зараз уяўляе з сябе наша самаідэнтыфікацыя і нашае «брэндзіраванне», на нармальную дарогу. Відавочна, што гэта складаны, цяжкі і паступовы шлях. Шлях, як вядома, складаецца з крокаў, нават з самых маленькіх.

Таму, вяртаючыся да тэмы сертыфікацыі нашых айчынных экскурсаводаў, мы хацелі б заклікаць вас падпісаць гэты зварот да Нацыянальнага агенцтва па турызму і Міністэрства спорту і турызму з прапановай, каб увесь тэкст на пасведчаннях і бэйджах экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў быў абавязкова на беларускай мове.

Чаму трэба тут з дзвюх дзяржаўных моў аддаць перавагу менавіта беларускай? Таму што гэта, на наш погляд, слушна і лагічна нават з чыста практычных меркаванняў. Экскурсавод для турыста, сапраўды, у нейкім сэнсе твар, голас і, калі хочаце, брэнд краіны. Чаму б гэтаму жывому «брэнду» не мець нацыянальную адзнаку, якую лягчэй за ўсё ідэнтыфікаваць мовай хаця б на ламініраванай паперцы, якая увесь час на вачах турыста? Няма сумнення, што гасцям, якія звернуць увагу на бэйджык, гэта спадабаецца, бо любому турысту падабаецца мясцовы каларыт. А ўжо пра павагу да сябе і ўсёй тытульнай нацыі мы нават і не ўзгадваем.

Канешне, можна сказаць: «Ат, якая драбяза – мова на бэйджы! Агульнай сітуацыі гэта ўсё роўна не зменіць». Няхай сабе, але, паўторымся, дарога складаецца з крокаў – чым больш выяў сапраўднай нацыянальнай ідэнтычнасці будзе ў нашага турызма, тым больш шанцаў калі-небудзь знайсці і свой брэнд, а можа, і саміх сябе ў гэтым свеце.

Безумоўна, шкада, што мы не абвясцілі гэтую акцыю трохі раней – восенню, калі пачалася чарговая пераатэстацыя экскурсаводаў. Але лепш, як кажуць, позна, чым ніколі. Тым больш што працэс гэты перманентны. Экскурсаводы у Беларусі – прафесія невядома як запатрабаваная, але модная – шэрагі іх увесь час растуць.

Калегі, сябры, калі пад гэтым зваротам будзе не менш за 100 подпісаў, мы перададзім дакумент у нацагенцтва і міністэрства і будзем чакаць адпаведнага адказу на патрабаванне грамадскасці.

Мы лічым, якім бы ні быў гэты адказ, вынік у акцыі будзе – маленькае абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці тут не залішняе.

Умовы для далучэння да звароту

Каб выказаць вашу згоду на тое, што бэйдж беларускага экскурсавода павінен быць на дзвюх мовах – беларускай (абавязкова) і англійскай (абавязкова), трэба размясціць слова «Так» у каментары пад гэтым матэрыялам на партале TIO.by. Вітаюцца таксама невялікія каментары. Адказ і каментар прымаецца толькі ў выпадку, калі пазначаны імя, прозвішча і месца працы рэспандэнта (ананімныя каментары будуць выдаляцца).

Калі вам нязручна выказаць словы падтрымкі праз сайт (мы ведаем, што некаторыя экскурсаводы больш сталага веку не вельмі прыязна ставяцца да камп’ютара), вы маеце магчымасць даслаць ліст у рэдакцыю нашай газеты ці нават патэлефанаваць, назваць сабе, і мы ўключым вас у агульны спіс.

У акцыі могуць прыняць удзел усе жадаючыя – не толькі экскурсаводы, супрацоўнікі турфірм, атэляў, але і звычайныя наведвальнікі сайта, проста патрыёты Беларусі. То бок прыналежнасць да прафесійнага цэху не абавязковая. Хаця мы вельмі спадзяемся, што тыя, хто носіць бэйдж беларускага экскурсавода, таксама абавязкова вызначацца.

Далучайцеся!


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах