17.01.2013

 - Газета

Слуцк, які мы згубілі

Як і некаторыя іншыя, не раз і я думаў і пісаў аб тым, што мой родны Слуцк у ліку многіх гарадоў і мястэчак Беларусі мог бы мець неафіцыйны і нават афіцыйны статус турыстычнай мекі. Падстаў для гэтага як у імёнах славутых людзей мінуўшчыны, так і мясцін (часам са знакавымі аб’ектамі), якія ўпрыгожвалі і ўпрыгожваюць старажытны горад на Случы, – нямала. Тэарэтычна яно i то так, але да практычнага ўвасаблення гэтай мажлівасці справа пакуль што яшчэ не даходзіць. Наадварот, там больш дбаюць аб адкрыцці піўнушак і крам па гандлі таварамі для добраахвотнага вар’яцтва.

Яўген ГУЧОК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Як і некаторыя іншыя, не раз і я думаў і пісаў аб тым, што мой родны Слуцк у ліку многіх гарадоў і мястэчак Беларусі мог бы мець неафіцыйны і нават афіцыйны статус турыстычнай мекі. Падстаў для гэтага як у імёнах славутых людзей мінуўшчыны, так і мясцін (часам са знакавымі аб’ектамі), якія ўпрыгожвалі і ўпрыгожваюць старажытны горад на Случы, – нямала. Тэарэтычна яно i то так, але да практычнага ўвасаблення гэтай мажлівасці справа пакуль што яшчэ не даходзіць. Наадварот, там больш дбаюць аб адкрыцці піўнушак і крам па гандлі таварамі для добраахвотнага вар’яцтва.

Тым не менш, у горадзе, пасля таго як там спляжылі-знішчылі многія гістарычныя будынкі ў даваенныя, пасляваенныя часы і зусім нядаўна, усё ж ёсць што паказаць, а ўжо што распавесці пра падзеі, звязаныя з імі, – тым болей. Але гэта трэба ведаць.

Слуцк

Неабходна заўважыць: ёсць шмат аргументаў (і нават ускосныя пісьмовыя крыніцы), што Слуцк на сто адзінаццаць гадоў старэйшы, чым зафіксавана першае (1116) упамінанне пра яго ў Іпацьеўскім спісе летапісу «Аповесці мінулых гадоў». Больш таго – ёсць матэрыяльныя доказы таму, што шлях варагаў у грэкі праходзіў і па Случы, цераз паселішча, якое потым атрымлівала назвы: Случэск, Слуцак, Слуцк.

У сувязі з нашай тэмай немагчыма абыйсці такую важную дэталь. Па ўрадлівасці пераважная частка земляў на Случчыне – гэта землі першай катэгорыі, яны прыраўноўваюцца да ўрадлівых украінскіх чарназёмаў. Гэта засведчыла і даўняя мясцовая прыказка: «Калі не ўродзіць Слуцкая раўніна, дык не накорміць і Украіна». Працавітыя і клапатлівыя людзі тут заўсёды жылі пераважна заможна. Да ўсяго Случчына патанала ў садах. Таму яшчэ адной з прычын выбуху Слуцкага паўстання былі дзеянні бальшавіцкіх прадразвёрстнікаў і ў Беларусі, якія імкнуліся рабаваць стадолы, хлявы, свіраны, варыўні, гарышчы, капцы, дамы – гаспадаркі Слуцкага краю.

А пра тое, што Слуцк, з пункту гледжання ваеннай стратэгіі і тактыкі, быў добра разбудаваны і адпаведна абаронены, сведчыць той факт, што ён заставаўся адзіным горадам на тэрыторыі ВКЛ, які не змаглі захапіць маскоўскія заваёўнікі ў часе вайны з Рэччу Паспалiтай (1654 – 1667). Дарэчы, у XVI–XVII стст. Слуцкае княства было самым буйным на тэрыторыі Беларусі. Да гэтай вайны, у 1617 г. у горадзе быў адкрыты ліцэй, які ўжо тады назвалі «слуцкімі Афінамі». Пацверджаннем таму быў узровень адукацыі, якую атрымлівалі там навучэнцы, што пазней прыбывалі туды нават з іншых месц ужо Расійскай імперыі. Сярод іх – будучы філосаф Ул. Ільін (не блытаць з І. Ільіным). Сярод шматлікіх работ Ул. Ільіна вылучаюцца «Запечатанный гроб» (1926), «Всенощное бдение» (1926), «Загадки жизни и происхождения живых существ» (1929) і інш. Памёр філосаф у Парыжы, у эміграцыі. Пахаваны на могілках Сент-Жэнеўеў-де-Буа пад Парыжам побач з Іванам Буніным.

Цікавым бачыцца факт, што нямецкімі даследчыкамі даказана: у аснове «Вялікай дыдактыкі» выдатнага чэшскага педагога Яна Амоса Коменскага (1599 – 1670) ляжыць «Устаў Слуцкага ліцэя». Сёння ў будынку былога ліцэя, які ў свой час быў пераўтвораны ў гімназію, знаходзіцца сярэдняя школа N 1. Сярод навучэнцаў былой гімназіі-ліцэя былі: беларускі паэт, мемуарыст, перакладчык, удзельнік паўстання 1863 г. Альгерд Абуховіч (граф Бандынэлі); асветнік, перакладчык, кнігавыдавец Ілья Капіевіч, які браў чынны, актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рэформы 1708 г. грамадскага шрыфту ў імперыі Пятра I; дырэктар Маскоўскай (Усерасійскай) абсерваторыі Вітольд Цэраскі; беларуска-польскі паэт Адам Плуг; Пётр Карповіч, які ў знак пратэсту супраць рэпрэсій у адрас рэвалюцыйнага студэнцтва смяротна параніў міністра адукацыі Багалепава (14 лютага 1901 г.); грамадскі дзеяч і пісьменнік Язэп Дыла; пісьменнік Рыгор Бярозка, з чыімі бацькамі сябраваў Якуб Колас; выдатны спецыяліст у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў Сямён Косберг. Адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца носіць яго імя. Імем С. Косберга названа вуліца ў Слуцку.

Аб’ём гэтага артыкула не дазваляе назваць яшчэ дзясяткі імёнаў былых навучэнцаў гэтай установы, якія пазначаны ў розных энцыклапедыях і даведніках. Вядома, што сярод ваяроў Слуцкага збройнага чыну былі выпускнікі і тагачасныя навучэнцы «слуцкіх Афін».

У гэтай частцы горада можна наведаць тэрыторыю былой персіярні (фабрыкі слуцкіх паясоў), дзе ў нашы дні размешчаны завод сантэхабсталявання. А непадалёк адсюль – наўскасяк праз Случ, крыху ў правым накірунку, знаходзіцца вёска Ячава, многія жыхары якой бралі ўдзел у Слуцкім паўстанні.

Што ж тычыцца персіярні, то хіба не цікавы хаця б такі гісторыка-побытавы факт, які паведамляе ў сваіх «Мемуарах» літаратурны і палітычны супернік Аляксандра Пушкіна Фадзей Булгарын? Падчас візіту ў Слуцк расійскага цара Пятра I прыём у яго гонар быў наладжаны менавіта ў персіярні. І вось жа тут Пётр I сватаў свайго мажнага, высокарослага грэнадзёра за прабабку Ф. Булгарына. Але тая адмовіла ім, сказаўшы, што яна не слабейшая за слугу цара. Як пісаў праўнук, прыгожая, яна была высокая ростам і моцная сілай.

Два гэтыя названыя аб’екты знаходзіліся на былой Сенатарскай вуліцы, пазней перайменаванай у Шырокую. Сёння вуліца носіць назву Камсамольская. Гэта самы цэнтр, асяродак, сэрца старога горада.

Заслугоўваюць увагі месцы і збудаванні ў больш маладзейшай частцы Слуцка – за межамі старога цэнтра. Напрыклад, гэта будынак краязнаўчага музея (вуліца Леніна, былая Шасейная, што была часткай шашы Масква – Варшава). Першапачаткова – гэта дом дваранскага сходу. Там таксама ў свой час па-свойму цікава працякала пэўная частка мясцовага жыцця слуцкага бамонду. І адлюстраваў гэта ў сваёй паэме «Файнбергада» тагачасны тутэйшы паэт Р. Скурат.

Пра названага аўтара і яго паэму колькі слоў сказаць трэба. Дык вось гэта Р. Скурат сам сябе ў паэме называе «членом клуба не из важных». А важныя – гэта тыя, што збіраліся ў будынку дваранскага сходу і ўсю ноч праводзілі за гульнёй у карты на грошы. А дзе грошы, там вядома што… Гулялі тут важныя асобы – прадстаўнікі тутэйшага істаблішменту. Вось некаторыя з іх: Файнберг Савеліч (па яго прозвішчы названа паэма) – уладальнік аднаго з гарадскіх паравых млыноў; Крупскі – памешчык, дзед Надзеі Канстанцінаўны Крупскай; Бярозка – бацька рускага пісьменніка Георгія Бярозкі (аўтара шырока вядомага ў свой час рамана «Ночь полководца»), у савецкія часы першы дырэктар 1-й школы; Мігдал – слуцкі «габсэк», ліхвяр (мясцовыя памешчыкі вырашылі ў 1910 г. яго забіць, але ён выехаў са Слуцка ў Карэлічы). Дарэчы, герой паэмы «Файнбергада» Мігдал Бейнус – бацька фізіка-тэарэтыка, акадэміка АН СССР.

Паэму «Файнбергада», напісаную ў 1910 г., як кажуць, «пад Пушкіна» і нават з эпіграфам з таго ж А. Пушкіна: «Дела давно минувших дней», атрымаў з рук слуцакоў-старажылаў выдатны беларускі (слуцкі) краязнаўца, старэйшы сябра аўтара гэтых радкоў Рыгор Родчанка. Старажылы ж добра ведалі Р. Скурата. Паэма была надрукавана ў грамадскім штотыднёвіку Случчыны «Айсберг» (№ 3, 6 чэрвеня 1991 г.), а першапачаткова яна была апублікавана ў газеце «Шлях Ільіча» (26 сакавіка 1988 г.) з прадмовай публікатара Р. Родчанкі.

Звернем увагу на тое, што з гэтага дома (дома дваранскага сходу) не спяшаліся ў шэрагі слуцкіх ваяроў. Пазней тут месціўся рабоча-сялянскі клуб імя рэвалюцыянера Крэйнаса.

Аб’ектаў для пытлівых і дапытлівых у гісторыі і краязнаўстве як слуцакоў, так і турыстаў, вядома, тут не адзін дзясятак, але мэта гэтага артыкула зусім іншая, чым іх пералічваць, а тым больш – апісваць. Наша задача – зарыентаваць, пераадрасаваць зацікаўленых валанцёраў, дэсантных – хто едзе па месцах Слуцкага збройнага чыну (27 лістапада – 31 снежня 1920 г.), і, не ведаючы дакладна, дзе распачыналася ў горадзе Слуцку галоўная падзея тых часоў – устаноўчы сход Случчыны, а за ім – і паўстанне (Слуцкі збройны чын), блытае гарачыя адрасы (вуліцы і будынкі) тых часоў. Дык вось рада Случчыны і штаб будучага паўстання з самага пачатку і да адыходу на месцы баявых дзеянняў знаходзіліся толькi ў доме Э. Вайніловіча па вуліцы Сенатарскай (Шырокай), насупраць той знакамітай гімназіі. Дом гэты, вялікі, двухпавярховы, быў адным з прыгажэйшых будынкаў у Слуцку. Яго не трэба блытаць з будынкам дваранскага сходу. У хуткім часе пасля здушэння паўстання дом Э. Вайніловіча бальшавікі зруйнавалі, і на яго месцы была ўзведзена электрастанцыя. Сёння там цэнтральная гарадская кацельня. Новыя гаспадары жыцця ведалі, як сціраць людскую памяць.

А цяпер колькі слоў (вядома, у сувязі са Случчынай) пра Э. Вайніловіча, хто, як вядома, у памяць аб сваіх памерлых малалетніх дзецях Сымоне і Алене ўзвёў у Мінску Чырвоны касцёл. На Случчыне яму належалі маёнткі Савічы, Пузаў і інш. На працягу 35 гадоў ён – ганаровы суддзя Слуцкага павета. Ён жа – старшыня таварыства дабрачыннасці гэтага павета, спрычыніўся да адкрыцця ў Слуцку гандлёвай школы. Першая яго адукацыя – Слуцкая гімназія (1865). А яго далёкія продкі ўласнымі намаганнямі і на свае сродкі сфарміравалі Слуцкую дружыну (харугву), якая, кіруемая слуцкім князем Аляксандрам Алелькам, годна засведчыла сваю баявую прысутнасць на Грунвальдскім полі (1410).

Цікавым у той мясціне Слуцка бачыцца і такі факт з ваеннага і пасляваеннага жыцця. Непадалёк ад памянутай электрастанцыі, бліжэй да моста цераз Случ, на вуліцы Валадарскай – працягу былой Маставой вуліцы (сёння вуліца М. Багдановіча) у час вайны немцы ўзвялі чатыры дыхтоўныя драўляныя дамы. У адным з іх (першым ад цэнтра), двухпавярховым, месцілася нямецкая камендатура; пасля вайны той будынак заняў народны суд. І вось напярэдадні 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі (1967) гэты суд падчас яго пасяджэння, пры вялікай колькасці народа перад ім, быў падпалены жыхарамі горада, абуранымі неналежнымі паводзінамі судовай і іншых гарадскіх улад. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Хутка пасля пажару на месцы былога суда паўстаў дзевяціпавярховы жылы дом. Так паўтарылася амаль адзін да аднаго і амаль на тым жа месцы практыка сцірання з людской памяці праявы народнага гневу.

А цяпер вернемся на вуліцу Леніна (Шасейную), да музея, праўда, на другі яе бок, і крыху пройдзем у заходнім напрамку-накірунку. Праз два дамы, за гарадскім паркам, ці, як даўней яго называлі, Летнім садам, прыпынімся каля двухпавярховага цагельнага будынка кансервава-сокавага завода. Да рэвалюцыі гэта – будынак камерцыйнага вучылішча, пасля рэвалюцыі – беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка», сама­дзейны тэатр і інш. Тут быў цэнтральны ўніверсальны асяродак, дзе канцэнтравалася, рафініравалася інтэлектуальна-духоўнае жыццё патрыётаў краю. Таварыства наведалі і выступалі там Янка Купала, Якуб Колас, Уладзіслаў Галубок са сваім вандроўным тэатрам, Фабіян Шантыр, Язэп Дыла, Кузьма Чорны і многія іншыя выдатныя асобы беларускай гісторыі і культуры. І, вядома, будучыя ўдзельнікі паўстанцкага руху. Палякі ж з каманды «кумкі Варшавы», як назваў яе калісь Кастусь Каліноўскі, уручыўшы будучым слуцкім паўстанцам 360 стрэльбаў са збітымі прыцэламі, у лістападзе 1920 г. пакінулі Слуцк. А пакідаючы яго, яны падпалілі «Папараць-кветку». Пасля ж выдавалі паўстанцаў бальшавікам. І тым, і iншым у аднолькавай меры не хацелася мець у суседзях незалежную свабодную Беларусь (БНР).

І яшчэ. У паняволенай Крамлём частцы Беларусі Случчына пацярпела больш за іншыя землі нашай Айчыны. Пра частку Беларусі ў складзе II Рэчы Паспалітай – іншым разам. Дык вось, і каля гэтага будынка («Папараць-кветкі») трэба ўскладаць кветкі. Ёсць інфармацыя, што гэты будынак мясцовыя ўлады маюць намер знесці. А маглі б прад’явіць рахунак Польшчы за яе колішнія падпальныя дзеянні. Ды дзе там!

Падсумоўваючы сказанае вышэй, зробім выснову: гістарычная памяць наша, пра слуцкіх паўстанцаў-патрыётаў асабліва, павінна быць прамяністай, асвечанай, дасведчанай і дакладна арыентаванай. А таму ад памылак, хай сабе і нявінных, усё ж трэба пазбаўляцца і ведаць сапраўдныя адрасы нашых гістарычных падзей.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах