14.02.2013

 - Газета

Чума на абедзве нашыя хаты! На сённяшні час толькі адзін беларускі экскурсавод мае бэдж на беларускай мове. Гэты чалавек – Васіль Грынь...

У адказ на мой зварот у Міністэрства спорту і турызму наконт выдачы бэджаў экскурсаводаў выключна на беларускай і англійскай мовах, рэдакцыя атрымала наступны афіцыйны дакумент:

Лілія КОБЗІК

У адказ на мой зварот у Міністэрства спорту і турызму наконт выдачы бэджаў экскурсаводаў выключна на беларускай і англійскай мовах, рэдакцыя атрымала наступны афіцыйны дакумент:

«Міністэрства спорту і турызму ў рамках сваёй кампетэнцыі разгле­дзела Ваш зварот ад 18.01.2012 г. № 9 і інфармуе.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мо­вамі ў нашай краіне з’яўляюцца бела­руская і руская. Кіруючыся заканадаўствам Рэспублікі Бела­русь, Мінспорт прадстаўляе спе­цыялістам самім абраць адну з дзяржаўных моў для афармлення бэджа.

Паколькі бэдж мае два бакі, адзін з якіх аформлены лацінскімі літарамі (для правядзення экскурсій пад пераклад для замежных грамадзян), прэтэндэнту самому прапануецца вызначыць, на якой мове будзе аформлены другі бок бэджа, зыходзячы з таго, з якімі групамі ён працуе, і з боку ўласнай самасвядомасці.

Такім чынам, праектам Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2007 г. № 895» пры запаўненні Заявы прад­угледжана ўказанне мовы, на якой экскурсаводу ці гіду-перакладчыку афармляецца бэдж. Магчымасць выбару адной з дзяржаўных моў для афармлення бэджа прадугледжана праектам, падрыхтаваным Мінспортам яшчэ ў кастрычніку 2012 г., і кожны прэтэндэнт можа ёю скарыстацца.

Даведачна:

«У цяперашні час у рэспубліцы атэставана 1174 спецыяліста, у тым ліку 972 экскурсавода і 202 гіда-перакладчыка. Аднак толькі адзін прэтэндэнт – Грынь Васіль Васільевіч, 21 снежня 2012 года падаў дакументы з просьбай выдаць бэдж на беларускай і англійскай мовах. Адпаведна з загадам ад 22 снежня 2012 года № 100 ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызму» просьба экскурсавода была выканана».

Просім давесці дадзеную інфар­ма­цыю да вашых чытачоў.

Намеснік міністра

Ч.К. Шульга»

Па-першае, насамрэч, я вельмі ўдзячная міністэрству і асабіста Чэславу Шульге, а таксама кансультанту дэпартамента Марыне Масташовай за аператыўны і вычарпальны адказ. Па-другое, як на мой погляд, дык менавіта дзякуючы ўзнятаму намі вэрхалу, высветліўся нейкі ганебны і крыўдны факт: аказваецца, толькі адзін беларускі экскурсавод – вядомы ў турыстычных колах Васіль Грынь, чыя «самасвядомасць» сапраўды не выклікае пытанняў, – мае сёння бэдж на мове тытульнай нацыі!

Не ведаю, можа, большасці на гэта і напляваць, але я асабіста ўспрымаю ўсё, што адбываецца, як своеасабліваю маленькую трагедыю. Таму і абрала сёння такі загаловак для гэтага матэрыяла. Да шэкспіраўскіх страсцей, канешне, не дойдзе, але нават у нашай газеце, якая арыентуецца ў першую чаргу на моцна дэнацыяналізаваны мясцовы турбізнес, мы выкарыстоўваем беларускую мову ў значна большай ступені.

У прынцыпе, і я хачу гэта падкрэсліць, тут няма каго вінаваціць, апроч сябе. Міністэрства мае рацыю: хочаце мець дакумент па-беларуску – падавайце заяву і... вуаля! Іншая справа, што ў чыноўнікаў быў шанс зрабіць просты, моцны і цалкам бяспечны крок. Аўтаматычна ўніфікаваць моўнае пытанне на карысць пакрыўджанай беларускай. Бо гаворка ж у дадзеным выпадку ішла аб дробязным, але знакавым моманце – візітнай картцы экскурсавода ў момант працы з нашымі гасцямі, шукаючымі на Беларусі ў першую чаргу нацыянальны каларыт.

Мяне крыху здзівіў у адказе аргумент, што «прэтэндэнту самому прапануецца вызначыць, на якой мове будзе аформлены другі бок бэджа, зыходзячы... з боку ўласнай самасвядомасці». Можаце мяне ўкрыжаваць, альбо, як сёння сумна жартуюць, расстраляць за шавінізм, але я не разумею, як можа чалавек з небеларускай самасвядомасцю быць сапраўдным беларускім экскурсаводам! Каго мы баімся пакрыўдзіць? Прабачце, рускамоўных? Дык мы ўсе «рускамоўныя»! Пад заслонай Канстытуцыі атрымалася нейкая суцэльная бязглуздзіца. Ніхто ж нікому не замінае размаўляць дома, на экскурсіі, на працы – хоць дзе – на той мове, на якой зручна і неабходна, – на рускай, беларускай, англійскай, хоць кітайскай! Але адмова атрымаць бэдж на беларускай, на мой погляд, не мае пад сабой ніякіх нармальных, цвярозых, лагічных падстаў. Прабачце, але ў Канстытуцыі, на якую спасылаецца міністэрства, нічога не сказана наконт таго, што няшчасны бэджык беларус­кага гіда павінен быць выкананы на дзвюх дзяржаўных мовах. Таксама няма там пункту адносна мовы, якая ўжываецца на праязных дакументах грамадскага транспарту альбо на шыльдзе нашай галоўнай гарадской «брамы» – чыгуначнага вакзала. Але і там, і там – толькі беларуская. Прычына простая: усё гэта – візіткі краіны, першае, з чым сутыкаюцца нашы госці, то бок, за ўжываннем нацыянальнай мовы тут маем, акрамя пашаны свайго, цвярозы разлік.

Што датычыцца «роўнасці»... А адзін беларускі бэджык на тысячу – гэта, па-вашаму, роўнасць? Але зноў жа мяркую – міністэрства сваю пазіцыю акрэсліла, ухіліўшыся, праўда, ад грамадзянскага выбару, але ж... Далейшае залежыць только ад сумлення саміх экскурсаводаў – «русскоязычных», беларускамоўных... Наша журналісцкая праца – гэта ў першую чаргу інфармацыя, таму мы будзем раз-пораз сачыць, як размяркоўваюцца «пазіцыі» паміж беларускімі і рускімі бэджамі. Канешне, паважанае спадарства, можна, як кажуць, не парыцца – няма ў прынцыпе вялікай розніцы, якая будзе мова на маленькай паперцы, што заўсёды боўтаецца на ланцужку на шыі беларускага гіда. Беларуская мова на Беларусі – гэта ж такая дробязь. Проста нішто. Няма аб чым і гаварыць...


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах