27.06.2013

 - Газета

Малы вялiкi горад пад бел­-чырвоным сцягам

Брацiславу часта параўноўваюць з яе суседкай Венай i чамусьцi заўжды на карысць апошняй – маўляў, у маленькай (усяго 430 тысяч жыхароў) сталiцы Славакii няма чаго глядзець, i нават на картаграфічным малюнку ХV стагоддзя яна пазначана як прыгарад Вены. Але ж хіба маленькая пекная панi выглядае горш побач з вялікай і знакамітай прыгажуняй?

Хрыстафор ХIЛЬКЕВIЧ, фота аўтара

Брацiславу часта параўноўваюць з яе суседкай Венай i чамусьцi заўжды на карысць апошняй – маўляў, у маленькай (усяго 430 тысяч жыхароў) сталiцы Славакii няма чаго глядзець, i нават на картаграфічным малюнку ХV стагоддзя яна пазначана як прыгарад Вены. Але ж хіба маленькая пекная панi выглядае горш побач з вялікай і знакамітай прыгажуняй?

Так думаў я, адпраўляючыся ў Брацiславу, але нават i не падазраваў, што апынуся ў чароўным сярэднявечным месцы пад назвай Прэсбург (Прэшпорк, калi на венгерскі лад) – менавiта такое iмя да 1919 года насiў гэты горад. I амаль два з паловай стагоддзi ён выконваў функцыi сталiцы… Венгрыi (пакуль ранейшая сталiца Буда была пад Асманскай iмперыяй, а потым пад Аўстрыяй). Нягледзячы на параўнальную кампактнасць гiстарычнага цэнтра, тут адчуваецца свая асаблівая атмасфера: адны вулкі казачныя, зусiм як iлюстрацыi ў дзiцячай кнiжцы, другiя падкрэслена шляхетныя, трэцiя iмкнуцца падавiць сваёй сярэднявечнай гатычнай плоццю, чацвёртыя завабліваюць яркімі рэкламамi крамаў і рэстаранаў. Бо разнастайнасць – фiшка Брацiславы, i слоган брацiслаўцы сабе прыдумалi адпаведны: «Little Big City» («Малы вялiкi горад») – то бок месца, дзе кожны знойдзе сабе куток i занятак па душы.

Брацiслава

Град

Першы папярэднік Браціслаўскага Града – чатырохвежавага замка на паўднёвым адгор’i Малых Карпат, бясспрэчна галоўнай дамiнанты горада – узнік адначасова з егіпецкімi пірамідамi, у трэцiм тысячагоддзi да нашай эры. З таго часу крэпасць стала неад’емнай часткай гарадской панарамы i наогул сiмвалам месца. Змянялiся толькi «ўласнiкi памяшкання»: кельты, рымляне, германцы, славяне, венгры... Менавiта пра Град iшла гаворка ў першым летапiсным сведчаннi пра Брацiславу, датаваным 907-м годам. Спачатку тут узвышалася толькi адна жылая вежа з навакольнымi ўмацаваннямi (накшталт нашай Камянецкай), а свой сучасны выгляд «перавернутага стала», як жартуюць брацiслаўцы, Град набыў у ХV стагоддзi, пры ўладары Сiгiзмундзе Люксембургскiм. Гэты кароль, дарэчы, ускосна ўвайшоў у беларускую гiсторыю тым, што ў 1410 годзе, нягледзячы на папярэднiя дамовы з Тэўтонскiм ордэнам, у вырашальны момант устрымаўся ад удзелу ў Грунвальдскай бiтве.

Потым адбылося яшчэ некалькi перабудоў, якiя паступова ператварылi непрыступную фартэцыю ў барочны палац. Умацаваннi, першапачаткова прызначаныя для маніпуляцый з ваеннай тэхнікай, былі ўпрыгожаны садовай архітэктурай, тэрасамі i вальерамі з экзатычнымi жывёламi. Адзiнае, чаго не закранулi перабудовы, – старажытны кало­дзеж ва ўнутраным двары Града. Прабiтая ў ХV стагоддзi на глыбiню 85 (!) метраў, гэтая студня 400 гадоў служыла адзiнай крыніцай пітной вады для жыхароў замка.

У 1811-м у Градзе па вiне раскватараванай тут вайсковай часткi здарыўся вялiкi пажар, пасля якога наступныя 140 гадоў замак прастаяў у руiнах, пакуль нарэшце не з’явiлiся праекты яго зносу. Але ўсё ж пасля доўгiх дыскусiй урад Чэхаславакii прыняў рашэнне рэканструяваць замак – нягледзячы на пасляваенныя цяжкасцi. Працы пачалiся ў 1953-м, а скончылiся ў 1968-м, калi адноўлены Град зноў набыў выгляд, якi меў у так званую Тэрэзiянскую эпоху канца XVIII ст. – залаты век горада, калi пры каралеве Марыi Тэрэзii Прэсбургскi замак стаў у адзiн шэраг з лепшымi еўрапейскiмi дварамi. Як i вышэйзгаданы кароль Сiгiзмунд, Марыя Тэрэзiя спрычынiлася да нашай гiсторыi: менавiта яна ўдзельнiчала з боку Аўстрыi ў першым падзеле Рэчы Паспалiтай у 1772 годзе.

Пасля рэканструкцыi ў Градзе размясцілася экспазiцыя Славацкага народнага музея, да стварэння якой мела дачыненне эмiгрантка з Беларусi Людмiла Краскоўская – першая ў Чэхаславакіі жанчына-кандыдат гістарычных навук. У вераснi 1992 года (напярэдаднi распаду Чэха-Славацкай Федэрацыi на дзве незалежныя краiны) у Градзе была падпiсана Канстытуцыя Славакii. Сёння першы паверх замка часткова служыць прадстаўнічым мэтам нацыянальнага парламента, тут праходзяць буйныя мiжнародныя форумы i сустрэчы (апошняя – памiж прэзiдэнтамi Расii i ЗША).

З тэрасы перад палацам адкрываецца цудоўны краявід Старога горада з прылеглымі новымі кварталамі. Давайце спусцімся, каб пазнаёмiцца з iмi блiжэй.

Старое месца

Пачынаць знаёмства з Падграддзем (Нiжнiм горадам) лепш з Домскага сабора Святога Марцiна, заходнi фасад якога ў мiнулым з’яўляўся часткай гарадскiх умацаванняў. Асвячоны ў сярэдзiне ХV стагоддзя, з 1563 па 1830 год гэты гатычны гiгант 19 разоў станавiўся месцам каранацый венгерскiх манархаў, аб чым нагадвае мадэль кароны, размешчаная на шпілі 85-метровай вежы. Пасля каранацыi новы ўладар урачыста ехаў праз увесь горад да Францысканскага касцела (самага старога храма Брацiславы, ХIII ст.), дзе пасвячаў у рыцары выбраных прадстаўнiкоў шляхты. Сёння аб маршруце каралеўскага шэсця падкажуць маленькiя кароны, замацаваныя ў каменным бруку старога горада, каб гэтым шляхам маглi прайсцi турысты.

Маршрут прывядзе да Мiхальскай брамы, выехаўшы за якую, кароль звычайна даваў клятву на спецыяльна насыпаным пагорку з прывезенай з усiх куткоў краiны зямлi. Сама брама (па-славацку – «брана»), пабудаваная ў 1300 годзе, – адзiная з чатырох, праз якiя можна было трапiць у горад у сярэднявеччы. Калiсьцi яна, натуральна, мела пад’ёмны мост i краты, але ў 1750-х
была капiтальна перабудавана ў стылi барока. Над ажурным купалам, на вышынi 51 метра з’явiлася статуя Архангела Мiхаiла – нябеснага апекуна Брацiславы (дарэчы, як i нашага Мiнска, i Навагрудка).

Зараз у Мiхальскай браме размяшчаецца музей гiстарычнай зброi. На шостым паверсе вежы ёсць балкон, адкуль, як на карце Рубена Атаяна, бачны маленечкiя прывабныя будынкi Старога месца. Вось палац маршала Пальфi, дзе ў 1762-м канцэртаваў шасцiгадовы Моцарт, праз вулiцу – палац дэ Паўлi, дзе ў 1820-м дзевяцiгадовы Ферэнц Лiст даў свой першы публiчны канцэрт, а яшчэ далей – барочны палац Кеглевiха, у iм граў Бетховен. Адчуваеце, Прэсбург быў вельмi музычным горадам. У гэтым палацавым трохкутнiку адшукайце вокам шэрую трохпавярхоўку былой Iстра­палi­танскай Акадэмii – старэйшага ўнiверсiтэта на тэрыторыi Славакii. Цiкава, што першы рэктар гэтай заснаванай ў 1465 годзе ВНУ, архiепiскап i канцлер Венгерскага каралеўства Янаш Вiцез быў у 1472 годзе кiнуты за краты з-за спробы арганiзаваць замову, у вынiку якой польскi кароль i вялiкi князь ВКЛ (наш!) Казiмiр IV Ягелончык – сын Ягайлы i Соф’i Гальшанскай – мусiў атрымаць вергерскi трон.

У 1805 годзе непадалёк ад Прэсбурга адбылася знакамiтая Аўстэрліцкая бітва, у якой армiя Напалеона Банапарта разбіла аб’яднаныя войскі Аўстрыі і Расіі. Хутка быў складзены Прэсбургскі мір паміж Францыяй і Аўстрыяй, калi апошняя вый­шла з вайны. Дамову падпiсалi ў Люстраной зале Прымацыяльнага палаца, што i зараз стаiць за гарадской Ратушай. Але самому Прэсбургу (Брацiславе) гэты мiр не надта дапамог: ужо ў 1809-м французы зноў аблажылі горад і захапілі яго. Падчас наступу напалеонаўскай арміі гарматнае ядро трапіла ў Ратушу, самую старую ў Славакii, але, на шчасце, не разбурыла яе. Сёння гэтае ядро захоўваецца ў музеi, што працуе ў Ратушы, а над самiм будынкам лунае бела-чырвоны сцяг Брацiславы.

Брацiслава_2

Новы горад

У ХVIII стагоддзi мясцовая шляхта пачала будаваць свае палацы па-за межамi гарадскiх умацаванняў. Адна з такiх барочных будынiн паўстала з паўночнага боку ад Мiхальскай брамы – яна належала прэзiдэнту каралеўскай прыдворнай палаты графу Антону Грасалковiчу. Зараз тут таксама працуе прэзiдэнт – кiраўнiк Славакii. Многiх здзiўляюць маленькiя памеры i падкрэсленая сцiпласць рэзiдэнцыi (маўляў, кабiнет галавы краiны натуральней глядзеўся б у велiчным Градзе), але мяне больш уразiла даступнасць для простых грамадзян былога графскага парка ў двары палаца, дзе побач са старымi дрэвамi растуць маладыя, пасаджаныя лiдэрамi розных краiн. Парк аддзяляе ад аўтастаянкi каля рэзiдэнцыi толькi невялiчкая шкляная сценка, так што грамадзяне, гуляючы ўвечары з сабакам, могуць назiраць, як iх прэзiдэнт садзiцца ў лiмузiн.

За спiнай Прэзідэнцкага палаца пачынаецца новая Браціслава – гістарычны горад, часткова разбураны для новых пабудоў у сацыялістычныя часы. Адзiн з самых знакамiтых будынкаў тут – убітая ў зямлю дагары нагамі піраміда, офіс славацкага радыё. Гэты твор паўстаў у 1980-я і адразу ж стаў турыстычнай славутасцю. Паблізу пiрамiды вырастае так званы браціслаўскі Манхэтэн – шматпавярховыя будынкі са шкла і бетону.

А самай першай брацiслаўскай высоткай стаў… Новы мост, якi злучыў цэнтр горада з правым берагам Дуная – пасля свайго адкрыцця ў 1972 годзе ён трапiў у спiс Сусветнай федэрацыi вышынных вежаў (міжнароднай арганізацыi, якая аб’ядноўвае хмарачосы i проста пабудовы, дзе маюцца аглядныя пляцоўкі). Насамрэч размова iдзе не столькi пра амаль паўкiламетровы падвесны мост (якi, мiж iншым, займае чацвёртае месца сярод падвесных мастоў свету), колькi пра ягоную адзiную апору, на версе якой (90 метраў – а гэта прыкладна 30 паверхаў) знаходзiцца шыкоўны рэстаран UFO, дзе можна не толькi пад’есцi, але i паназiраць за жыццём горада. Калi дазволiце, вось пара маiх назiранняў.

Пра Дунай

Я апынуўся ў Брацiславе якраз у днi нядаўняга цэнтральнаеўрапейскага патопу. Калi «вялiкая вада» з Аўстрыi дакацiлася да Славакii i ўзровень вады ў Дунаi дасягнуў 10 метраў, перавысіўшы рэкорд «паводкі стагоддзя» 2002 года, паліцыя паведаміла пра закрыццё Старога маста ў Браціславе. На такія меры гарадскiя ўлады пайшлi ў сувязі з недысцыплінаванымі паводзінамі гараджан i турыстаў. «Грамадзяне, якія назіраюць за паводкай з маста, могуць па неасцярожнасці зваліцца ў Дунай», – было сказана ў афiцыйнай заяве.

Сапраўды, у тыя днi праз Брацiславу працякала 10,5 тысяч кубаметраў вады ў секунду (з такой хуткасцю спатрэбiлася б менш за тры гадзiны, каб поўнасцю выцекла Мiнскае мора)  – недалёка да бяды, i адзiн няшчасны выпадак нават здарыўся. Але i турысты, i самi брацiслаўцы якраз у гэтыя днi натоўпам ішлі на набярэжную, каб паздымаць анамальную паводку на тэлефоны, айфоны, планшэты і іншыя гаджэты, якія адпраўляюць здымкі i вiдэа наўпрост у сацыяльныя сеткі. Падумалася, што калі раптам канец свету здарыцца, то ўсе яго этапы будуць падрабязна зафіксаваны ў інтэрнэце.

…i пра хакей

У 2011 годзе Брацiслава прымала гульнi Чэмпiянату свету па хакеi. З прычыны маючага адбыцца ў Мiнску ў 2014-м аналагiчнага спаборнiцтва, нам можна сяму-таму павучыцца ў брацiслаўцаў.

Па-першае, удалай маркетынгавай кампаніi, што здолела прыцягнуць шмат замежных гасцей у маленькую i вядомую ў свеце, думаю, не больш за Беларусь Славакію. Па-другое, брацiслаўская паліцыя напярэдаднi чэмпіянату вывучыла замежныя мовы – англійскую, нямецкую і рускую – каб дапамагаць прыезджым дабiрацца да гасцініцы або стадыёна. Па-трэцяе (i гэта не апошняе, што можна пераняць, але ўжо спынюся), уразiла прадуманасць рэканструкцый гiстарычнага цэнтра, пад якiм былi прабiты падземныя транспартныя тунэлi, што дазволiла захаваць сэрца горада пешаходным. У нас вось ужо колькi год вядуцца размовы пра падкоп пад плошчай Свабоды ў Мiнску, але пакуль марна. Разумеючы, што справа гэта дарагая, прапаную хаця б план-мiнiмум па «ўтульнасцi»: на праспектах i цэнтральных вулiцах Мiнска паставiць як мага больш лавак, каб падарожнік мог у любы момант прысесцi адпачыць – як у Брацiславе.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах