29.08.2013

 - Газета

Кальварыя. Гісторыя і сучаснасць

У 1982 годзе наша сям’я атрымала кватэру ў раёне Кальварыі, а ўжо ў 1984 годзе мы з маці наведалі гэты гістарычны аб’ект і могілкі, якія займаюць тэрыторыю 14 гектараў. Да гісторыі Кальварыі звярталіся вядомыя асобы: Адам Мальдзіс, Віктар Жыбуль, Анатоль Грыцкевіч, Ала Сакалоўская, Вольга Бабкова, Адам Глобус, Алег Дзярновіч…

Аляксей ШАЛАХОЎСКІ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

У 1982 годзе наша сям’я атрымала кватэру ў раёне Кальварыі, а ўжо ў 1984 годзе мы з маці наведалі гэты гістарычны аб’ект і могілкі, якія займаюць тэрыторыю 14 гектараў. Да гісторыі Кальварыі звярталіся вядомыя асобы: Адам Мальдзіс, Віктар Жыбуль, Анатоль Грыцкевіч, Ала Сакалоўская, Вольга Бабкова, Адам Глобус, Алег Дзярновіч…

Кальварыйскія могілкі, якія налічваюць больш за 30 000 пахаванняў, узніклі ў XVIII стагоддзі. Апошні бачаны мною помнік гэтага перыяду, на жаль, абрынуўся гадоў дзесяць таму…

Кальвария_1

З тых надмагілляў, што захаваліся да сённяшняга дня на Кальварыі, найстарэйшае належыць Юзэфе Амульскай, якая памерла 205 гадоў назад. Помнік знаходзіцца ў адносна добрым стане. Тут жа ў 1824 годзе пахавана яе сястра Тэафілія Амульская. Дакументаў па справах Кальварыі і яе гісторыі ў XVIII стагоддзі не захавалася. У сваёй кнізе «Кальварыя» Ала Сакалоўская піша, што могілкі былі заснаваныя ў 1800 годзе на зямлі двараніна Васіля Макаровіча. Яго зямля была занятая пад могілкі ў тым жа годзе, калі Васіль Макаровіч быў яшчэ малалеткам.

Межы могілак сцёртыя ў выніку таго, што яны ўвесь час пашыраліся і займалі сумежную зямлю, якая належала Макаровічу… Васіль Макаровіч 19 верасня 1823 г. прадаў гораду яшчэ 6056 кв. сажняў зямлі і дом пад багадзельню. Ён атрымаў у 1824 г. ад Гарадской Думы 5500 рублёў. У іншым прашэнні спадар Макаровіч скардзіўся, што яму не даплацілі грошы за 2764 сажні.

10 жніўня 1832 года духавенства звярнулася з пытаннем аб дадатковым адвядзенні зямлі пад каталіцкія могілкі – Кальварыю. Надворнаму радцу Багдановічу было даручана адмераць зямлю.

У 1827 годзе былі спробы адрамантаваць касцёл: пакрылі новы дах, аднавілі вежу, але гэтага хапіла ненадоўга! У 1830 годзе драўляны касцёл быў разабраны. Яшчэ ў 1800 годзе ў гэты касцёл ксёндз-біскуп Дадэрка перавёў ксяндзоў-францішканцаў.

Епіскап і кавалер Ліпскі патрабаваў, каб дазволілі пабудаваць па-за межамі Менска на могілках замест драўлянага каменны касцёл. Будоўля павінна была весціся на ахвяраванні двараніна Паўлікоўскага, а сума ахвяраванняў складала 5000 рублёў. Духоўная кансісторыя адказала, што не супраць пабудовы касцёла. Трэба адзначыць, што не толькі касцёл, але і брама з’яўляюцца помнікамі архітэктуры XIX стагоддзя.

У 1899 годзе касцёл быў адрамантаваны. Кальварыйская плябанія, пабудаваная ў 1841 годзе, была адноўлена ў пачатку ХХ стагоддзя. У 1833 і 1866 гадах касцёл абкрадалі.

У 30-я гады ХХ стагоддзя касцёл быў зачынены, а пасля вайны ў ім да 1980 г. размяшчаліся майстэрні аднаго вядомага скульптара. Прыблізна 35 гадоў людзі маліліся каля храма, і ў 1980 г. службы ў ім аднавіліся. Настаяцелем гэтага касцёла быў пры­значаны ксёндз Ян Адамовіч.

У 1990-я гады на Кальварыі адбылося некалькі актаў вандалізму. У 1995 годзе у ноч на Дзяды было разбурана каля 40 помнікаў, як сучасных, так і старадаўніх.

Трэба адзначыць, што на Кальварыі ўражвае не толькі касцёл, але і Кальварыйская брама – помнік Юзэфе Кабылінскай з роду Барташэвічаў, жонцы Юрыя Кабылінскага, які таксама пахаваны на Кальварыі.

Хто такі Юры Кабылінскі? Гэта адметная асоба ў культурным асяроддзі Менска першай паловы XIX стагоддзя. Ён меў чын калежскага асэсара, сябраваў са шматлікімі дзеячамі культуры, у тым ліку з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Літаратар увекавечыў яго ў «Вечарніцах» i ў «Пінскай шляхце». Юры Кабылінскі – літаратар-аматар, таксама быў вядомы як здольны мастак, які займаўся рэстаўрацыяй старажытных абразоў. Адзін з іх – абраз Божай Маці – пасля аднаўлення Кабылінскі ахвяраваў Кафедральнаму касцёлу…

У ХIX стагоддзі Кальварыя лічылася элітнымі каталіцкімі могілкамі. Тут спачываюць прадстаўнікі шматлікіх шляхецкіх родаў: Вайніловічы, Валіцкія, Ваньковічы, Віткевічы, Вярыгі-Дарэўскія, Горваты, Грыга­ро­вічы, Доўнары, Кабылінскія, Камоцкія, Кярсноўскія, Ланеўскія, Лычкоўскія, Макаровічы, Навіцкія, Неслухоўскія, Паўлікоўскія, Паўлюці, Пішчалы, Храптовічы, Чараповічы, Эйсманты, Янушкевічы. У 1840 годзе тут жа была пахавана і Рэут Ружа (мае продкі былі Рэуты з Лепельшчыны!).

Ёсць пахаванні мужа і жонкі Чачотаў. З таго ж роду – пахаваныя тут Віктар, Марцыяна, Валерыя, Канстанцыя, Марыя, Юзэф (калежскі асэсар). Род жа Вайніловічаў (на пачатку ХХ ст. Эдвард Вайніловіч фундаваў будаўніцтва ў Менску Чырвонага касцёла) прадстаўлены на Кальварыі Антонам, Кацярынай, Анастассяй, Барбарай, Хрысцінай, Францішкай, Юзэфай, Юліяй.

Пад алтаром Кальварыйскага касцёла пахаваны Ян Дамель (1780–1840) – прафесар Віленскага ўніверсітэта, мастак, які ў 1822–1840 гг. жыў у Менску, памёр 18 (30) жніўня 1840 г. і пакінуў значны след у мастацтве Беларусі…

Ала Сакалоўская сцвярджае, што мастак пражыў 50 гадоў, але гэта не так: згодна з «Энцыклапедыяй гісторыі Беларусі», ён нарадзіўся ў 1780 г.

Трэба таксама адзначыць, што недалёка ад касцёла пахаваны прадстаўнікі роду Неслухоўскіх…

Кальвария

Янка Лучына – паэт-дэмакрат канца XIX стагоддзя. Яго творчасць вывучаюць у школе на ўроках беларускай літаратуры. У 1903 г. выйшаў яго пасмяротны зборнік «Вязанка». Неслухоўскі-Лучына збіраў беларускі фальклор, а запісы дасылаў П.В. Шэйну. Побач з паэтам пахаваны яго родныя: у адной магіле – бацька Люцыян, а другая цяпер безыменная. Ёсць версія, што яна належыць маці Янкі Лучыны.

Ля цэнтральнай алеі могілак пахаваны Ян-Баляслаў Луцкевіч (15 мая 1831 г. – 4 верасня 1895 г.) – бацька вядомых дзеячаў беларускай гісторыі Івана і Антона Луцкевічаў. Луцкевіч быў прадстаўніком старадаўняга збяднелага беларускага шляхецкага роду герба «Навіна» (у ХХ ст. Антон Луцкевіч прыме псеўданім «Антон Навіна»). Сваёй зямлі Ян-Баляслаў не меў. Ён вызначыўся тым, што браў удзел у Крымскай вайне (1854–1856 гг.).

Злева ад касцёла, за агароджай, некалькі гадоў таму з’явіўся помнік, на які збірала грошы свядомая грамадскасць. Гэта магіла Вацлава Іваноўскага (1880–1943), вучонага, грамадскага і палітычнага дзеяча, які поплеч з братамі Луцкевічамі стаяў ля вытокаў Беларускага Адраджэння.

Іваноўскі нарадзіўся на Лідчыне ў сям’і мясцовай шляхты. Скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1904), атрымаў ступень доктара тэхнічных навук. Быў прафесарам Варшаўскай Палітэхнікі і Віленскага ўніверсітэта.

Ён з’яўляецца заснавальнікам Беларускай рэвалюцыйнай грамады (1903) і Беларускай сацыялістычнай грамады (1905). Актыўна супра­цоў­нічаў з газетай «Наша Ніва», аўтар шматлікіх папулярных артыкулаў і брашур, а таксама першага беларускага ўніверсітэцкага курсу хіміі. У лістападзе 1941 г. немцы прызначылі Іваноўскага бургамістрам г. Менска. 6 снежня 1943 г. ён быў цяжка паранены і на наступны дзень памёр. Хавалі В. Іваноўскага праваслаўныя святары. На цырымонію развітання з ім прыйшло каля 2000 чалавек.

На Кальварыі пахаваны некалькі дзясяткаў святароў, у тым ліку Ян Віткевіч – менскі біскуп, Юзэф Ваявоцкі – пробашч Менскай катэдры ў 1886–1887 гг., а таксама Фларыян Шыткевіч (ксёндз), Станіслаў Рудніцкі, Яцына Х. – вікарый менскай катэдры, пробашч Чырвонага касцёла, Людвіка Тэлічана (прадстаўляе цікавы род) і іншыя.

У 1967–1997 гг. могілкі былі зачыненыя для пахаванняў. У 80-я гг. ХХ ст. на пустым участку (0,5 га) у паўднёва-заходняй частцы могілак збіраліся пабудаваць кааператыў па вырабе помнікаў. Але ідэя не атрымала падтрымкі. Прыкладна ў той жа час, у 1980-я гг., у кагосьці з чынавенства ўзнікла ідэя знесці могілкі. Як сведчыць мой сябар, юрыст Алесь Яроменкаў, людзі, чые родныя знайшлі спачын на Кальварыі, даглядалі чужыя пахаванні, упрыгожвалі закінутыя магілы кветкамі, каб стварыць выгляд дагледжанасці!

У 1989–1990 гг. у Кальварыйскім касцёле служыў ксёндз Уладыслаў Завальнюк, які шмат зрабіў для добраўпарадкавання тэрыторыі могілак.

У 1998 годзе на Кальварыі зноў пачалі хаваць нябожчыкаў. Адным з першых вядомых людзей Беларусі, пахаваных тут пасля адкрыцця, быў рэктар універсітэта імя Сахарава прафесар Алесь Люцко. У тым жа годзе на Кальварыі знайшоў вечны спачын протапрасвітар, дэкан БГКЦ Ян Матусевіч (21 чэрвеня 1948 г. – 2 ве­расня 1998 г.). Побач ляжыць ягоная маці Анастасся Матусевіч (8 са­кавіка 1915 г. – 8 снежня 1999 г.).

У 1999 годзе менавіта тут паўстаў неверагоднай прыгажосці помнік Машы Іньковай (18 кастрычніка 1983 г. – 30 мая 1999 г.) – увасабленне памяці ўсіх ахвяр трагедыі на Нямізе. Недалёка ад гэтага помніка пахаваны Ядзвіга Паўлаўна Навуменка (3 лютага 1929 г. – 28 сакавіка 2000 г.) і яе муж, славуты літаратар, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Іван Якаўлевіч Навуменка (16 лютага 1925 г. – 17 снежня 2006 г.). У калумбарыі (побач з цэнтральным уваходам) знаходзіцца урна з прахам іншага знакамітага літаратара – Алеся Асташонка (1 чэрвеня 1954 г. – 7 верасня 2004 г.). На Кальварыі пахавана і жонка Ніла Гілевіча – Ніна Іванаўна (3 чэрвеня 1931 г. – 24 ліпеня 2003 г.). Таксама Кальварыйскія могілкі сталі месцам апошняга прытулку для славутага мастака з суполкі «Пагоня» Яўгена Сяргеевіча Куліка (31 кастрычніка 1937 г. – 12 студзеня 2002 г.) і для цудоўнага паэта, колішняга галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» i штотыднёвай газеты «ЛіМ» Алеся Пісьмянкова (25 лютага 1957 г. – 23 красавіка 2004 г.)…

Помнік на магіле Вячаслава Уладзіміравіча Адамчыка зроблены на еўрапейскі манер. Гэты пісьменнік нарадзіўся 1 лістапада 1933 г., а памёр 5 жніўня 2001 г.

У 2005 годзе на Кальварыі быў пахаваны Алесь Пятровіч Траяноўскі (нарадiўся 22 верасня 1925 г.). Ён працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва», быў сябрам Саюза журналістаў і вельмі таленавітым чалавекам.

У 1991–2008 гг. на Кальварыі служыў ксёндз Альберт Масальскі, які з 1994 г. з’яўляўся настаяцелем Кальварыйскага касцёла. Кс. Альберт нарадзіўся ў Менску 2 мая 1932 г. у шляхетнай сям’і роду Масальскіх. Ахрысцілі яго ў Кальварыі ў 1936 г. Памёр святар 29 красавіка 2008 г.

У 2002 годзе на тэрыторыі Кальварыі, на магіле Ігара Анатольевіча Балаша (13 красавіка 1976 г. – 1 снежня 2002 г., сын вядомага інжынера-будаўніка), з’явілася капліца, абсаджаная рэдкімі і шыкоўнымі кветкамі. А ўвосень 2008 г., калі адзначалася 65-годдзе з часу ліквідацыі Мінскага гета, на вуліцы Прытыцкага, усутыч з могілкамі (за агароджай з заходняга боку), пабудавалі помнік 14 тысячам вязняў гета, знішчаным у 1941–1943 гг.

Вось такая багатая і загадкавая гісторыя Кальварыі!

Аўтар выказвае падзяку Алесю Яроменкаву, Ільясу Хусаінаву, Базылю Ермаловічу, а таксама даследчыцы Але Сакалоўскай.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах