11.09.2008

 - Газета

Зданi муроў старога Мiнска

У гiстарычным цэнтры ўжо дваццаць год раскiдваюць камянi
Ратуша, гасцiнiца "Еўропа" - яшчэ нядаўна гэтых знакавых будынкаў не было на карце сталiцы, на паштоўках, у альбомах i праваднiках па горадзе, бо не было iх у рэчаiснасцi. Пройдзе яшчэ колькi год, i мiнчане перастануць нават згадваць, што некалi на месцы гэтых будынкаў былi або пустыя пляцы, або iншыя пабудовы. Ратуша, зруйнаваная яшчэ ў сярэдзiне XIX стагоддзя, была ўзноўлена на ранейшым месцы паводле захаваных у архiвах малюнкаў - але з нуля, бо ад даўняга будынка не ацалелi нават падмуркi. "Еўропу" знiшчыла бомба ў пачатку Вялiкай Айчыннай вайны.

У гiстарычным цэнтры ўжо дваццаць год раскiдваюць камянi

Вiктар КОРБУТ, фота аўтара

Ратуша, гасцiнiца "Еўропа" - яшчэ нядаўна гэтых знакавых будынкаў не было на карце сталiцы, на паштоўках, у альбомах i праваднiках па горадзе, бо не было iх у рэчаiснасцi. Пройдзе яшчэ колькi год, i мiнчане перастануць нават згадваць, што некалi на месцы гэтых будынкаў былi або пустыя пляцы, або iншыя пабудовы. Ратуша, зруйнаваная яшчэ ў сярэдзiне XIX стагоддзя, была ўзноўлена на ранейшым месцы паводле захаваных у архiвах малюнкаў - але з нуля, бо ад даўняга будынка не ацалелi нават падмуркi. "Еўропу" знiшчыла бомба ў пачатку Вялiкай Айчыннай вайны.

36-2
Гатэль наноў адбудавалi летась - але не на колiшнiм месцы, а на пустцы, дзе да сярэдзiны 80-х гадоў стаяў дом, што да 1941 г. быў суседам "Еўропы", а яшчэ раней, у XIX стагоддзi, тут месцiўся першы гарадскi тэатр. У вынiку "Еўропа" робiць нейкае дзiўнае ўражанне - нiбыта i копiя арыгiнала, але нейкая недакладная: i не на сваiм месцы, i нават на адзiн паверх вышэйшая, чым калiсьцi была. Але гэта яшчэ не самае дзiўнае, што ёсць у нашым горадзе.

Што вы скажаце, калi на месцы даўняй камянiцы, якая яшчэ стаяла на сваiм месцы гадоў дваццаць таму, цяпер "прапiсаны" будынак, дужа падобны да арыгiнала, але чамусьцi складзены з той самай цэглы i жалезабетону, з якiх будуюць шматкватэрныя дамы па ўсiм горадзе ў наш час? i толькi звонку здаецца, што гэта помнiк архiтэктуры. А дастаткова адбiць ад сцяны кавалак тынку, як стане вiдаць пад шыльдай з надпiсам "Гiсторыка-культурная каштоўнасць. Прычыненне шкоды караецца па закону" i датай пабудовы (напрыклад, "XVIII-XIX стст.") суцэльны мур з сучасных будматэрыялаў.

Такiм дзiўным будынкам, да якiх звычайны мiнчук, вiдаць, яшчэ доўга не будзе ведаць, як ставiцца, i прысвечаны наш матэрыял.

36-2a

Стары Мiнск iснуе, ён не зруйнаваны цалкам, хаця ў 60-70-я гады савецкiя архiтэктары i чыноўнiкi ставiлi пытанне пра знос усiх дарэвалюцыйных пабудоў. Сёння наш стары горад выглядае быццам смяротна паранены: Цi магчыма яго ажывiць, як у казцы?

Як нi банальна, але тут згадваецца Варшава. Старое места польскай сталiцы, ушчэнт разбiтае нацыстамi ў гады вайны, аднаўлялася на працягу ўсёй другой паловы ХХ ст. амаль з нуля. i хто сёння, не ведаючы спецыяльна, скажа, што той будынак - аўтэнтычны, а iншы - несапраўдны? i самiм палякам ужо не рупiць, што iх сталiца са шматвяковай гiсторыяй на самой справе - клон той колiшняй, даваеннай. Але Варшаву знiшчылi ворагi - наўмысна, не шкадуючы. Мы ж i сёння сведкi таго, як Мiнск разбураюць "свае людзi": нашы рабочыя, дойлiды, адказныя асобы ў высокiх кабiнетах. Такiм чынам, калi ў савецкi час была пагроза поўнага знiшчэння старога горада, то сёння ажыццявiлася яго падмена: кварталы напалову знесены, а затым адбудаваны, чым створана вiдочнасць iх "захаванасцi".

У размове з адным чыноўнiкам, адказным за гарадскую архiтэктуру, я пачуў, што знесцi даўнi будынак лiчыцца не толькi зручным, але i выгадным. Яго танней адбудаваць нанова, чым займацца карпатлiвай рэстаўрацыяй кожнага сто-дзвесцiгадовага каменьчыка. Больш за тое: калi стаiць пытанне пра знiшчэнне таго або iншага фрагмента старажытнай структуры горада, то некаторыя архiтэктары актыўна падтрымлiваюць вандалiзм з надзеяй, што гэты пляц пасля яны ж i забудуюць сваiмi "шэдэўрамi".

У рэкламных праспектах прынята пiсаць, якiх генiяў даў Мiнск свету. А паспрабуй пакажы турысту тыя дамы, дзе нарадзiлiся выдатныя дзеячы. Вось незадачка - дамоў тых няма! А былi - i пасля вайны, i ў часы незалежнасцi, калi ўжо нi Маскву, нi камунiстаў нельга было абвiнавацiць у тым, што яны, а не самi беларусы, знiшчаюць нашу спадчыну. А гэта так: мы самi, як нацыя, падводзiм сябе да таго краю, за якiм: пустата. Самi сябе падманваем, ашчаджаючы на рэстаўрацыi, ствараючы падробкi, такiм чынам у нейкiм сэнсе перапiсваючы гiсторыю - а ў вынiку заходзiм у тупiк.

Апошнiя сляды аўтэнтычнай старасвеччыны нiшчацца на нашых вачах. Няма ўжо шмат чаго, "што раньш было", кажучы словамi Купалы. Зафiксiраваныя дваццаць год таму ў акадэмiчным "Зборы помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi", у спецыяльным томе па Мiнску будынкi сёння або не iснуюць, або на iх месцы - муляжы, падробкi, копii, як нi назавi - але не старыя камянiцы. Гартаючы Збор, апублiкаваны ў 1988 г., пройдземся вулiцамi гiстарычнага цэнтра Мiнска i адзначым самыя значныя страты, невiдочныя простым вокам. Адзначым не дзеля таго, каб паплакаць у чарговы раз аб бядотным стане культуры. Проста зiрнем праўдзе ў вочы: ведаючы, без чаго мы засталiся, чаго пазбавiлiся ўласнымi рукамi, хто знае, цi не станем мы больш ашчадна ставiцца да рэштак нашай старасвеччыны?

Дваццаць год мы раскiдваем камянi. Калi ж будзем збiраць? Усё ж Мiнск - горад, якому амаль тысяча год, а прыкметаў гэтага не так ужо i многа на зямлi, каб ставiцца да iх абыякава.

36-2b

Вулiца Iнтэрнацыянальная засталася без Манюшкi i Ваньковiчаў

На рагу з вулiцай Энгельса, як сведчыць Збор, - дом No 21/3, у якiм жыў Станiслаў Манюшка. Пабудаваны ў 1797 г. з цэглы. Першапачаткова двухпавярховы, у пачатку ХХ ст. надбудаваны трэцi паверх: Фасад, якi выходзiць на вул. iнтэрнацыянальную, аздоблены 2 невялiкiмi балконамi з ажурнай агароджай на кансолях (чыгуннае лiццё). Дваровы фасад умацаваны 3 масiўнымi контрфорсамi. Размяшчэнне пакояў анфiладнае". Як пiльна адзначае Збор нават найдрабнейшыя элементы аздаблення гэтага дома! У 2008 г. на фасадзе - адзiн балкон без ажурнай агароджы, хаця з кансолямi (падпоркамi з дэкаратыўным аздабленнем), у нiшу на першым паверсе ўмуравана масiўная мемарыяльная шыльда з напамiнам, што ў будынку жыў С.Манюшка, польскi кампазiтар, якi нарадзiўся ў фальварку Убель, што ў цяперашнiм Чэрвенскiм раёне. Было гэта, паводле Збору, у 1830-31 гг.

Мiж тым ужо ў сярэдзiне 90-х гадоў ХХ ст. ад муроў "дома Манюшкi" заставаўся толькi невялiкi кавалак на рагу вулiц iнтэрнацыянальнай i Энгельса, у сцяне тырчалi тыя самыя ацалелыя кансолi, а куды падзелася "ажурная агароджа", магчыма, ведае толькi нехта з супрацоўнiкаў "Старога Менска" - арганiзацыi, якая ў той час займалася "рэстаўрацыяй" знакавага помнiка дойлiдства i культуры - не толькi мiнскай, беларускай, але польскай, лiтоўскай, еўрапейскай, сусветнай, бо iмя Манюшкi ведаюць музыказнаўцы ўсяго свету. Наўрад цi яны ведаюць, што дом 1797 г. перастаў iснаваць праз два стагоддзi пасля яго пабудовы, а што цяпер на гэтым месцы - пытанне, далiбог, з разраду фiласофскiх.

Хочацца верыць, што ў часе наступнай рэканструкцыi, гадоў праз дзесяць, пяцьдзесят або сто не згiнуць хаця б тыя кансолi - бадай больш нiчога праўдзiвага ад арыгiнальнай камянiцы турысту тут не пакажаш.

Кiруючыся вулiцай iнтэрнацыянальнай у бок славутай "Журавiнкi", мы мiнем некалькi будынкаў - No23, 25, 27, што таксама сталi ахвярай рэканструкцыi i, мабыць, нi пра адзiн ужо не скажаш ва ўнiсон Збору, што ён "пабудаваны ў XIX ст.". Так сцвярджаць можна толькi пра дом No29 (цяпер тут Упраўленне ваеннай контрразведкi КДБ) i наступны за iм - No31, больш вядомы мiнчанам як былая бiблiятэка iмя А.Пушкiна. Але кнiжныя фонды адсюль выехалi даўно i больш за дзесяць год тут доўжыцца цi то рэканструкцыя, цi то рэстаўрацыя, але "пабудаваны ў канцы XVIII - пачатку XIX ст." немалы па аб'ёме дом сапраўды яшчэ стаiць цэлы. Не "дабiты" i чарговы за iм - No33. У гэтых мурах яшчэ дваццаць год таму збiралiся размясцiць аддзел рэдкай кнiгi Нацыянальнай бiблiятэкi, а таксама музей са старажытнымi манускрыптамi.

Iнакшы лёс таго будынка, што лiчыцца пад No33а i вядомы як "дом сядзiба Ваньковiчаў". Як сцвярджае Збор, "тут некаторы час жыў i працаваў беларускi жывапiсец В.М.Ваньковiч". Сёння, праўда, даследчыкi ўжо сумняваюцца, цi бываў тут Валенты Ваньковiч, якога, дарэчы, у свеце прызнаюць усё ж як польскага мастака, хаця нiхто i не адмовiць факта яго нараджэння на Беларусi, у цяперашнiм Бярэзiнскiм раёне. Вядома пэўна, што жыў В.Ваньковiч у iншым доме, што цяпер мае мiнскi адрас вул. Парнiковая, 26, а некалi гэта было гарадское прадмесце, дакладней, вёска Вялiкая Сляпянка.

36-2c

Дом на iнтэрнацыянальнай, як высветлiлася канчаткова ў вынiку архiўных даследаванняў, толькi ў 1848 г. перайшоў ва ўласнасць да роду Ваньковiчаў, а да таго належаў iншым шляхецкiм сем'ям Мiнска - пра гэта падрабязны аповяд быў у артыкуле "Дом, который отстроил "Алатан", апублiкаваным сёлета 21 лютага ў "Туризме и отдыхе". Нагадаю тут толькi бясспрэчны факт, што ў канцы 70-х гадоў мiнулага стагодзя будынак збiралiся зруйнаваць, але ў 80-я гады сюды прыйшлi, нарэшце, рэстаўратары, толькi: iм урэшце давялося амаль цалкам разабраць драўляную канструкцыю сядзiбы, бо вянцы зрубу згнiлi. Арыгiнальны корпус дома, такiм чынам, не захаваўся. i тое, што мы бачым сёння пад шыльдай фiлiяла Нацыянальнага мастацкага музея як "Дом-сядзiбу Ваньковiчаў", - гэта копiя, хай сабе дакладная, "таго, што раньш было", нешта накшталт ратушы - звонку як сапраўдны шляхецкi дом, але на самай справе добрая iмiтацыя. Завiтайце сюда самi i - так-так - панюхайце паветра: цi чуецца хоць нейкi намёк на старое дрэва цi, даруйце за такiя дэталi, "подых" з сутарэнняў - хаця б шматвяковай вiльгаццю?

Паводле Збору ўсё мела быць аўтэнтычным: дом "пабудаваны ў канцы XVIII ст. з драўляных брусоў на краi тэрасы над поплавам Свiслачы. Аднапавярховы будынак з мансардай, на мураваным цокалi. Перад iм быў парадны двор-курданёр з двума флiгелямi па баках: Асаблiвую цiкавасць па архiтэктуры ўяўляў сабой паўночна-ўсходнi флiгель. Першы паверх яго быў мураваны, другi - з дрэва. Па цэнтры размяшчаўся пяцiгранны мураваны эркер з вежападобным завяршэннем, якое з'яўлялася своеасаблiвай дамiнантай у сiлуэце гiстарычнага цэнтра Мiнска, надавала строгаму ансамблю рамантычны характар". Гэтую вялiкую цытату прыводжу з акадэмiчнага выдання невыпадкова: цяпер кампанiя "АлатанТур" амаль завяршыла аднаўленне флiгеля, паводле некаторых звестак, зруйнаванага ў 1975 г.

Ведаючы, што флiгель - новы-стары будынак, як нам ставiцца да асноўнага сядзiбнага дома Ваньковiчаў? В.Ваньковiч памёр у 1842 г. у Парыжы, не жыўшы ў доме, набытым ягонымi сваякамi толькi ў 1848-м, дый асабiста я не маю пэўнасцi, цi ацалелi пад паўночнай часткай сядзiбы "падвалы будынка" другой паловы XVII ст., пра якiя згадвае Збор. Экскурсаводы яшчэ не раз згадаюць добрым словам "АлатанТур" за ўваскрашэнне флiгеля, а цi наважацца яны паставiць знак пытання пад сапраўднасцю таго, што сёння лiчыцца домам-сядзiбай XVIII - XIX cтст.? Зрэшты, цi так ужо гэта важна? Гэтая частка Мiнска неўзабаве ўвогуле зменiцца да непазнавальнасцi. Уздоўж сходаў ад Белдзяржмузея Вялiкай Айчыннай вайны да дома Ваньковiчаў ужо вiсяць праспекты будучага "шэдэўра", што вырасце побач - гмаху са шкла i бетону, якi, паводле некаторых звестак, мае стаць гатэлем Kempinski.

У Музычным завулку стварылi бутафорскую "малую Прагу"

Абышоўшы сядзiбу Ваньковiчаў ззаду i кiнуўшы вокам на г.зв. Дом масонаў (Музычны зав., 5), "пабудаваны ў першай трэцi XIX ст." i дзе нiбыта "адбывалiся пасяджэннi масонскай ложы, адсюль яго назва", мы выходзiм да чарговай праблемнай зоны - будынкаў, пазначаных ахоўнымi шыльдамi як помнiкi архiтэктуры, але зусiм не адпаведных такому званню паводле сваёй сутнасцi. Дом масонаў, дарэчы, увесну 2003 г. стаў музеем тэатральнай i музычнай культуры - пасля шматгадовай рэканструкцыi, якая часткова знявечыла яго аўтэнтычныя фасады, але не парушыла агульнай структурнай цэласцi.

Наступны дом, па Музычным зав., 3, цяпер займае офiс мiжнароднай паштовай службы UPS - у час рэканструкцыi гэты помнiк архiтэктуры класiцызму хаця часткова i страцiў старажытныя канструкцыi, усё ж таксама захаваў аўтэнтычныя формы. Зусiм не мае нiякай сувязi з ранейшым "двухпавярховым, складаным ў плане будынкам асiметрычнай кампазiцыi" па Музычным зав., 1 той дом, дзе сёння месцiцца пасольства Чэхii. Звонку - нiбыта помнiк архiтэктуры XIX ст., як сцвярджае Збор. Але памiж акадэмiчным датаваннем i сучасным станам прайшло дваццаць год. i за гэты час арыгiнальны будынак паспелi зруйнаваць - пад самы падмурак, ад якога i каменьчыка не пакiнулi. Я памятаю яшчэ цагляны мур, што належыў да гэтага комплекса - у сярэдзiне 90-х яго падпiралi драўляныя палi, але неўзабаве i гэты ацалелы на той час фасад у стылi эклектыкi "завалiлi".

Мо таму беларусы i змушаны ездзiць дзiвiцца старадаўняй еўрапейскай архiтэктуры ў тую ж Чэхiю, хаця мелi ўсё сваё i дома, але сваiмi ж рукамi адправiлi на сметнiк гiсторыi. Цяпер на месцы ўласнай старасвеччыны - бутафорыя "пад Прагу": утульны куточак са стылiзаваных навабудаў.

За пасольствам Чэхii iдзе другi корпус дома па Музычным зав., 1, якi стаiць ужо на рагу з вул. Герцэна - там знаходзiцца амбасада Швецыi. Дыпламатычнае прадстаўнiцтва Швецыi ў Мiнску адкрылася ў 2003 г., але цi здагадваюцца яго супрацоўнiкi, што працуюць у дакладнай копii будынка, якi так i застаўся найвялiкшай загадкай у гiсторыi архiтэктуры сталiцы? Пра нераскрытыя таямнiцы гэтага дома - у наступным нумары газеты.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах