11.09.2008

 - Газета

Уладзiмiр АРЛОЎ: "Асаблiва мне хочацца трапiць у Вечны Горад"

Ад пiсьменнiка Уладзiмiра Арлова прыемна пахла дымком. Высветлiлася, што напярэдаднi нашай сустрэчы ён вярнуўся з Оршы, дзе перад чарговай гадавiнай Аршанскай бiтвы ўвечары пасядзеў з сябрам каля вогнiшча на полi бою. Фармальна падставай для iнтэрв'ю стаў нядаўнi юбiлей лiтаратара, але фактычна размова атрымалася не пра гады жыцця, а пра кiламетры вандровак, у якiя пiсьменнiка няспынна цягне "адна шаснаццатая, але вельмi актыўная" кропля цыганскай крывi.

Ад пiсьменнiка Уладзiмiра Арлова прыемна пахла дымком. Высветлiлася, што напярэдаднi нашай сустрэчы ён вярнуўся з Оршы, дзе перад чарговай гадавiнай Аршанскай бiтвы ўвечары пасядзеў з сябрам каля вогнiшча на полi бою. Фармальна падставай для iнтэрв'ю стаў нядаўнi юбiлей лiтаратара, але фактычна размова атрымалася не пра гады жыцця, а пра кiламетры вандровак, у якiя пiсьменнiка няспынна цягне "адна шаснаццатая, але вельмi актыўная" кропля цыганскай крывi.

36-orlov

Напачатку Уладзiмiр узгадаў свае улюбёныя афарызмы пра падарожжа. Адзiн з iх цалкам мог бы належаць самаму пiсьменнiку: "Падарожжы амалоджваюць рэчы. i робяць больш сталым стаўленне да самого сябе".

- Спадар Уладзiмiр, калi ў Сяр гея Жадана (вядомы ўкраiнскi лi таратар) спыталi, што б ён зрабiў, калi б атрымаў Нобелеўскую прэ мiю па лiтаратуры, ён адказаў: "Я б кiнуў пiсаць зусiм i пачаў пада рожнiчаць па свеце". Вы змаглi б адмовiцца ад лiтаратуры на ка рысць падарожжаў?

- Я не веру, што такая творчая натура, як Сяргей Жадан, кiнуў бы пiсаць. Ён проста адказаў у сваiм стылi. Думаю, ён з яшчэ большай энергiяй пачаў бы пiсаць, паездзiўшы па свеце. Але мне яго выказванне iмпануе ў той яго частцы, што датычыцца падарожжаў. У мяне не так даўно пыталiся, на што я патрацiў бы мiльён даляраў. Я патрацiў бы на тое, каб праехаць па нязведаных маршрутах. Але я не абяцаў бы не пiсаць. Наадварот, мяне падарожжы заўсёды натхнялi, з iх нараджалiся эсэ, якiя потым складалiся ў кнiгi "Мой радавод да пятага калена", "Божая кароўка з Пятай авеню", "Сланы Ганiбала"...

- Вы можаце сказаць, што даволi шмат дзе пабывалi?

- Спадзяюся, што ў мяне ёсць пэўны запас гадоў, каб пабываць там, дзе яшчэ не быў. Напрыклад, у Аўстралii i Новай Зеландыi. Дарэчы, з Новай Зеландыяй звязана такая гiсторыя. Некалькi гадоў таму мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскi напiсаў кнiжку "Звяры-суайчыннiкi" - пра звяроў, якiя калiсьцi вялiся цi нiколi не вялiся, а, можа быць, некалi завядуцца ў нашых шыротах, i папрасiў мяне зрабiць прадмову. Паколькi ў кнiзе часта згадвалiся iстоты, радзiма якiх - Новая Зеландыя, я зацiкавiўся гэтай краiнай i ў прадмове напiсаў, што Сяргей Харэўскi нарадзiўся ў Новай Зеландыi ў сям'i перасяленцаў з Беларусi, а потым, начытаўшыся старых падшывак "Нашай Нiвы", вярнуўся на радзiму, дзе яго чакалi цяжкiя выпрабаваннi. Ён стаў пiянерам, але быў выключаны з пiянерскай арганiзацыi за сувязь з важатай. i розныя iншыя сюжэты такога плану я таксама напрыдумляў. Самае цiкавае, шмат хто з чытачоў, i сярод iх былi сур'ёзныя журналiсты, паверыў, што Харэўскi сапраўды з Новай Зеландыi. Толькi ў рэдакцыi газеты "Навiнкi", якая тады выходзiла, усё зразумелi i перадрукавалi прадмову, як узор той лiтаратуры, якая адпавядае iх выданню. Мне насамрэч хацелася б пабыць у Новай Зеландыi, якую я завочна апiсваў, пазнаёмiцца, напрыклад, з дзяўчынкай маоры, з якой юны Харэўскi прайшоў мужчынскую iнiцыяцыю.

Асаблiва ж мне хочацца трапiць у Вечны Горад. Яшчэ за савецкiм часам я напiсаў аповесць "Час чумы", галоўным героем якой быў наш славуты паэт-лацiнiст эпохi Рэнесансу Мiкола Гусоўскi, якi менавiта ў Рыме напiсаў сваю "Песню пра зубра". У тыя часы я быў невыязны, мяне не пускалi нават у Балгарыю, таму калi я пiсаў тую аповесць, то даводзiлася хадзiць у бiблiятэкi, абкладацца альбомамi i такiм чынам вывучаць вулiцы, храмы, будынкi, дзе магло адбывацца дзеянне. Цяпер прагну упэўнiцца, што ўсё гэта на месцы.

Але немала куткоў i ў Беларусi, якiя хацелася б адкрыць. Для мяне толькi нядаўна разгарнулася кропка на мапе, каля якой напiсана Тураў. Я ўбачыў знакамiтыя тураўскiя крыжы, якiя растуць з зямлi, прыпяцкiя затокi, зарослыя белымi лiлеямi... А па дарозе назад мы заехалi ў Мiкашэвiчы паглядзець славуты тамтэйшы кар'ер. Гэта проста марсiанскi краявiд: сярод палескай роўнадзi - кратар глыбiнёю сто пяцьдзесят метраў i шырынёю некалькi кiламетраў з серпанцiнам, па якiм паўзуць БелАЗы. Дарэчы, мы сустрэлi там дзве экскурсiйныя групы, хаця на гэты стратэгiчны аб'ект не так проста трапiць.  А цi ёсць на Беларусi месцы, сустрэчы з якiмi вы кожны раз чакаеце з хваляваннем?

- Калiсьцi ў Марцiна Лютэра запыталi, што б ён рабiў, даведаўшыся, што заўтрашнi дзень у ягоным жыццi апошнi. Ён адказаў, што цэлы дзень садзiў бы яблынi. Калi б перада мной стаяла такое пытанне, я свой апошнi дзень хацеў бы правесцi ў родным Полацку, там, дзе нарадзiлася мая душа, дзе мае альфа i амега.

Я заўсёды чакаю сустрэчы з Браслаўшчынай. На свой сёлетнi дзень нараджэння выправiўся менавiта ў Браслаў. Праехалiся з сябрам па знаёмых i незнаёмых дарогах, паднялiся на гару Маяк, дзе сутыкнулiся ў туманную ранiцу з праявай iншага менталiтэту. Спынiлася машына з расiйскiмi нумарамi. Адзiн з турыстаў быў мясцовы, а астатнiя - госцi з Расii. Расiец звярнуўся да нас: "Слышь, мужики, а где здесь маяк?" Мы патлумачылi яму, што тут была трыганаметрычная вышка. Ён быў вельмi расчараваны, пахадзiў, скептычна паглядзеў вакол, а потым спусцiўся на аўтастаянку. А там прыбiральняшпакоўня. Наведаўшы яе, госць з Расii выйшаў, соладка пацягнуўся i на ўсё наваколле паведамiў свайму сябру-беларусу: "Ну все. Пос...л я на твоей горе". Пасля чаго яны селi ў машыну i з'ехалi.

Водгук у маёй душы заўсёды выклiкае наведванне Оршы i яе ваколiц. Для мяне Орша гэта не толькi радзiма Уладзiмiра Караткевiча, гэта мясцiны, якiя пахнуць дзяцiнствам. Зусiм блiзка ад Копасi тая вёска Капысiца, куды мяне вазiлi да бабулi, якая нас з сястрычкай таемна ад бацькоў пахрысцiла, яна была маёй першай настаўнiцай беларускай мовы i беларускай гiсторыi, беларускай мудрасцi. Таму тыя мясцiны я iмкнуся хаця б раз на год наведаць. Яшчэ стаiць бабулiна хата ў гэтай занядбанай цяпер вёсцы, дзе са ста пяцiдзесяцi двароў жывымi засталося толькi трынаццаць, што вельмi кантрастуе з зусiм блiзкай Александрыяй, у якую жыхары Оршы ездзяць цяпер плаваць у басейн.

Сярод гарадоў, куды прыемна прыязжаць, апошнiм часам з'явiўся Вiцебск, якi вяртае славу адной з нашых культурных сталiцаў. Там ёсць куточкi, дзе мая душа адчувае сябе ў згодзе з усiм светам. Заўсёды са спадзяваннем на новыя ўражаннi еду ў Гародню, дзе асаблiва шматлюднымi бываюць прэзентацыi маiх кнiжак. Гарадзенскую аудыторыю па яе натхняльнаму ўздзеянню можна параўнаць толькi з полацкай.

Ёсць i iншыя мясцiны, якiя не пакiдаюць абыякавым, прымушаюць зноў i зноў хоць на гадзiнку зазiрнуць туды. Звычайна, калi прыязджаюць сябры з-за мяжы, то iмкнемся з'ездзiць у Мiр, Нясвiж, Навагрудак. Праўда, Нясвiж цяпер наведваю з болем за лёс замка: здаецца, i гэта не толькi мая думка, што рэстаўрацыя, якая там адбываецца, нясе ў сябе пагрозу выключэння Нясвiжскага замкавага комплексу са спiсу культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

- Такiм чынам, вы шмат падарожнiчаеце па Беларусi. Цi заўважалi вы рознiцу ў менталiтэце жыхароў розных беларускiх рэгiёнаў?

- У свой час, калi пiсаў "Таямнiцы полацкай гiсторыi", я прапанаваў такое паняцце, як полацкi менталiтэт. Дарэчы, iдэя спадабалася Рыгору Барадулiну, i ён адразу адгукнуўся вершам "Полацкi менталiтэт". Разважаючы над адметнасцямi менавiта полацкага менталiтэту, я прышоў да высновы, што палачане, i ўвогуле жыхары Прыдзвiння, значна больш за iншых беларусаў схiльныя да веры ў дзiвосы. Гэта найбольш яскрава адлюстравалася ў кнiзе Яна Баршчэўскага "Шляхцiч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", а цяпер выяўляецца ў творчасцi пiсьменнiка-палачанiна Пятра Васючэнкi, ды не толькi яго. Жыхары Прыдзвiння схiльныя да iронii i самаiронii, што таксама мае свае прыклады ў лiтаратуры: скажам, у творчасцi Вiнцэся Мудрова, самага блiскучага беларускага iранiста. Некаторыя крытыкi далучаюць да гэтага спiсу i мяне. Людзi Прыдзвiння - большыя эпiкурыйцы, аматары добра пад'есцi i выпiць (але не напiвацца да Божай моцы). Такiх рысаў я не назiраю, напрыклад, у палешукоў.

- А якiя назiраеце?

- Мне тут цяжка быць, як у Купалы, усходнiм цi заходнiм вучоным, бо для таго, каб даць ацэнку палешуцкаму характару, трэба яшчэ нямала павандраваць па тым краi. Лепш я пакiну вызначэнне палескага менталiтэту для самiх палешукоў.

- На вашу думку, прыроднае асяроддзе ўплывае на склад характару?

- Я думаю, так. У маiм уяўленнi характар палешука - гэта характар даволi замкнёнага чалавека. Жыхары Прыдзвiння, можа быць, якраз дзякуючы блiзкаму выхаду да мора па Дзвiне (у часы Усяслава Чарадзея Полацкае княства было марской дзяржавай) больш адкрытыя, чым жыхары Палесся, якiх часам тыя ж самыя прыродныя ўмовы адразалi на паўгода ад усяго астатняга свету. Не мной сказана, але я згодны, што архетыпам беларусаў з'яўляюцца людзi на балоце.

- А як уплывае прырода на творчых асобаў?

- Я думаю, iван Мележ не змог бы напiсаць "Людзей на балоце", калi б не быў палешуком. Менавiта ён i павiнен быў напiсаць гэты тэкст. Тут само асяроддзе дапамагло пiсьменнiку дакрануцца да самых глыбiнных вытокаў характару сваiх землякоў. А на мяне прырода ўплывае нават дрэвамi за вакном. Пад маiмi вокнамi на вулiцы Карла Маркса расла старая лiпа, на якой аднойчы з'явiлася нейкая апранашка, выкiнутая з камуналкi, што была над нашай кватэрай. Часам мне здавалася, што гэта трусiкi. Я спрабаваў рознымi спосабамi ад iх пазбавiцца, але ўсё было марна - не ўдавалася дацягнуцца. Можа, часам яны i натхнялi на што-небудзь, але пераважна выклiкалi раздражненне. Я нават згадаў гэтую загадкавую рэч, што ў мяне вiсела перад вачыма, у адным са сваiх эсе. А некалькi гадоў таму лiпы спiлавалi, i мне стала востра не хапаць не толькi лiпаў, але i часткi прыроднага асяроддзя, у якую гэтыя трусiкi ператварылiся. Раней была за вакном зелянiна, а цяпер гармата каля ўваходу ў Нацыянальны музей гiсторыi i культуры. Гэта настройвае на больш ваяўнiчы лад. Разам з тым, магчыма, якраз прысутнасць гарматы за вакном, незатуленай лiпамi, спрыяла нараджэнню некалькiх маiх гiстарычных навэлаў. Цяпер, на шчасце, на месцы лiпаў падрастаюць клёнiкi, будзем спадзявацца, што яны дацягнуцца да майго вакна.

- Нядаўна адын з турыстычных парталаў склаў топ10 лепшых накiрункаў падарожжаў для аматараў лiтаратуры. У спiс увайшлi Лондан, Стратфард-на-Эване, Эдынбург, Дублiн, Парыж, Рым, Санкт-Пецярбург. Калi б вы складалi лiтаратурныя турыстычныя маршруты па Беларусi, якiя месцы параiлi наведаць?

- Безумоўна, у першую чаргу параiў бы мой родны Полацк, якi даў свету цэлае сузор'е выдатных дзеячаў лiтаратуры i культуры. Гэтыя iмёны знаёмыя чытачам: Еўфрасiння Полацкая, Францiшак Скарына, Сiмяон Полацкi... Вельмi прыемна, што Полацк па сутнасцi зрабiўся турыстычнай сталiцай Беларусi - дзякуючы Спаса-Еўфрасiнеўскаму манастыру, Сафiйскаму сабору, Полацкаму унiверсiтэту, факультэты якога пакрысе пераязджаюць у будынкi колiшняй Полацкай акадэмii. У горадзе цяпер адзiнаццаць музеяў. Полацку, я лiчу, пашанцавала з мэрам Уладзiмiрам Тачылам i з дырэктарам Полацкага нацыянальнага гiстарычна-культурнага запаведнiка Мiкалаем iльнiцкiм, якога, на жаль, ужо няма з намi, але якi паспеў зрабiць вельмi шмат. Мне расказвалi, нiбыта памiж мэрам i дырэктарам запаведнiка iснавала няпiсанная дамова, што пакуль яны на сваiх пасадах, кожны год у Полацку будзе адчыняцца альбо новы музэй, альбо новы помнiк. Яны трымалi сваё слова: напачатку гэтага стагоддзя з'явiлiся помнiкi Сiмяону Полацкаму, Усяславу Чарадзею, матэрыяльнае ўвасабленне лiтары "Ў", якой няма ў iншых алфавiтах. Можна да гэтага ставiцца з iронiяй, але ў Полацку пазначылi нядаўна цэнтр Еўропы. Мне даводзiлася бываць ў "цэнтрах Еўропы" ў розных краiнах, i я да гэтага стаўлюся з пэўнай iронiяй. Але ўсё роўна грэе душу, што i ў Полацку ёсць такi цэнтр. Гэта таксама наблiжае нас да вяртання ў Еўропу. Я думаю, той, хто выправiцца на вандроўку ў Полацк i па ягоных гiстарычных, i па ягоных лiтаратурных мясцiнах, будзе ўзнагароджаны непаўторнымi ўражаннямi.

Найкаштоўнейшы каментар да творчасцi лiтаратара - гэта яго бiяграфiя, але мне ўяўляецца, што не менш каштоўным каментарам з'яўляюцца тыя мясцiны, дзе лiтаратар вырас. Genius loci, генiй месца ў гэтых мясцiнах заўсёды адчуваецца. У спiс такiх месцаў трапляе Гародня - горад, звязаны з iмёнамi Элiзы Ажэшкi, Васiля Быкава, Аляксея Карпюка.

Безумоўна, у гэтым спiсе Орша - горад, якi даў Беларусi i свету унiкальны талент Уладзiмiра Караткевiча, якi, дарэчы, нарадзiўся ў тым самым будынку, дзе цяпер лiтаратурны музей яго iмя. Расказваюць, што калiсьцi ён са сваёй дзяўчынай схаваўся ад залевы менавiта на ганку будучага музея, дзе паабяцаў спадарожнiцы, што стане знакамiтым. Калi будзеце ў Оршы, абавязкова наведайце Ляўкi, лецiшча Янкi Купалы. Для мяне гэтыя мясцiны заўсёды былi звязаныя з балючымi думкамi пра тое, што ў прыгажосцi Дняпра i наваколля, Купала, ужо зламаны духоўна, знаходзiў сiлы працягваць жыць. Я не кажу ствараць, бо тое, што ён ствараў тады - "Хлопчык i лётчык", "Я калгаснiца маладая..." - не належыць да лiтаратуры.

У гэты спiс я ўключыў бы Зэльву, дзе пражыла апошнюю частку свайго жыцця Ларыса Генiюш, грамадзянка БНР, легенда майго юнацтва. У гэтым спiсе павiнны быць Бычкi, дзе генiй месца надзвычай адчувальны. Гэта прыгажосць, якая калiсьцi ўразiла дзiцячую душу Васi Быкава, там ён пачаўся як мастак.

Вядома, кiруючыся ў Бычкi, нельга не заехаць ва Ушачы, не пабыць у тым наваколлi, якое нарадзiла магутны талент Рыгора Барадулiна. Потым Вязынка, дзе з'явiўся на свет Янка Купала. Безумоўна, у спiс трапiць Мiкалаеўшчына i яе ваколiцы - радзiма Якуба Коласа. Я думаю, вельмi цiкавай магла б атрымацца экскурсiя па лiтаратурных мясцiнах нашай сталiцы. Дарэчы, цi бываюць такiя экскурсii, i дзе на iх можна запiсацца?

Размаўляла Таццяна ЧУДАК


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах