09.09.2010

 - Газета

Браціслава: горад паміж еўрапейскімі каштоўнасцямі і сацыялізмам

Вы заўважалі, што ёсць гарады, уражанне ад якіх не залежыць ад надвор’я? Вы можаце прыехаць туды хоць у дождж, хоць у спякоту, і ўсё адно будзеце хадзіць з шырока расплюшчанымі вачыма, ледзь паспяваючы фатаграфаваць. Але Браціслава да такіх не адносіцца.

Дар’я Гуштын

Вы заўважалі, што ёсць гарады, уражанне ад якіх не залежыць ад надвор’я? Вы можаце прыехаць туды хоць у дождж, хоць у спякоту, і ўсё адно будзеце хадзіць з шырока расплюшчанымі вачыма, ледзь паспяваючы фатаграфаваць. Але Браціслава да такіх не адносіцца.

br1

Упершыню я патрапіла туды ў сакавіку і па першых жа адчуваннях зразумела – перада мной суровы горад на Дунаі. Дзьмуў вецер, было па-зімоваму цьмяна і шэра, здавалася, што ўсё цікавае знаходзіцца на адлегласці кіламетраў пяці адзін ад аднаго... Уражанні мае моцна азмрочыліся няўдачай у справе, дзеля якой уся паездка і ладзілася. Вядома ж, пасля такога толькі і заставалася, што паабяцаць сабе вярнуцца ў гэты горад яшчэ раз. Вярнулася я праз пару гадоў, у жніўні. Надвор’е было выдатнае: яркае сонца, ужо не горача і яшчэ не холадна. І ніякіх спраў!

Краіна гор

Славакія – краіна, пра якую можна пачуць толькі станоўчыя водгукі. Нават самы насцярожаны беларус вам скажа, што славакі – вельмі надзейны і талерантны народ, а іх краіна – спакойная і лагодная. Камунікаваць з мясцовым насельніцтвам даволі проста. Славацкая мова досыць блізкая да польскай і, што важна, да беларускай, таму і праблем у зносінах няма.

Рускую мову ў Славакіі калісьці вывучалі ў школе, але нават старэйшае пакаленне яе ўжо дрэнна памятае.

Калі заязджаць у гэтую краіну на ўласным аўто, першае, што здзівіць яшчэ ля мяжы, – гэта горы. Горныя курорты Славакіі вядомыя ва ўсім свеце. А горныя дарогі – своеасаблівы экстрым для тых, хто баіцца вышыні, і бязмерная радасць для іншых, для каго «лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх яшчэ не бываў». У нашай машыне падабралася акурат такая кампанія!

Сацыялістычнае мінулае гэтай краіны бачна па манументальных помніках, з якіх пачынаецца знаёмства са Славакіяй. Вось танк, развернуты ў бок сталіцы. А вось самалёт, які глядзіць туды ж. Першы мясцовы жыхар, якога мы ўбачылі, быў цемнаскуры малады чалавек, які каля дарогі прадаваў вялікі кошык з грыбамі. Пасля высветлілася, што гэта быў цыган. Трэба сказаць, што прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці у Славакіі шмат. Яны выбіваюцца з агульнага спакойнага настрою краіны. На гатэльнай рэцэпцыі гасцей нават папярэджваюць, што на ўсялякі выпадак трэба быць уважлівымі каля паркоўкі, дзе цыганы дзяжураць увесь час, і ў месцах масавага скаплення людзей, дзе прадстаўнікоў гэтага вольнага народа таксама багата.

Нягледзячы на тое, што Славакія знаходзіцца недалёка ад Беларусі і ўспаміны пра сацыялістычнае сяброўства яшчэ свежыя, ведаў пра гэтую краіну ў нас было няшмат.

br3

На сусветных экранах найбольш ярка Славакія «засвяцілася» дзякуючы фільму «Еўратур». Досыць папсовая камедыя распавядала пра вандроўку маладых амерыканцаў па Еўропе. Заблукаўшы і зблытаўшы маршрут, галоўныя героі трапляюць у Славакію. Мы бачым дамы-баракі, усеагульную шэрасць... Мясцовыя жыхары вітаюць амерыканцаў: «Добра, што вы прыехалі летам, – зімой тут яшчэ больш дэпрэсіўна». Фільм, па сутнасці, стаў антырэкламай, але прыцягнуў увагу да Славакіі. Гэта беларусам сацыялістычнае мінулае нецікавае, а вось немцы і нарвежцы з задавальненнем фатаграфуюць дамы блочнага тыпу, рэстараны кшталту «Рогі і капыты» і бялізну, развешаную сушыцца проста на двары.

Дзіўна, але Славакія сапраўды такая. Убачыць у гарах раён, падобны да раёна Трактарнага завода, звычайная справа. Разам з тым у гарадах захавалася сапраўдная векавая гістарычная спадчына. Прыклад таму Браціслава – горад шматслойны. Тут ёсць закінутыя і, падаецца, небяспечныя раёны. Мы проста з замілаваннем ў душы глядзелі на гістарычную частку горада.

Добрая атмасфера Браціславы

Браціслава – адна з самых маладых сталіц у свеце і горад са шматвяковай гісторыяй. У розныя часы яна насіла розныя імёны: лацінскае Possonium, нямецкае Pressburg, венгерскае Pozsony, славацкае народнае Прэшпорак.

У першую чаргу мы наведалі кафедральны сабор Святога Марціна, дзе праходзілі каранаванні венгерскіх каралёў у часы Аўстра-Венгерскай імперыі. Гэта выдатны гатычны сабор. У ім адкрыты для наведвання шырокія падземныя скляпы. У саборы прыгожыя вітражы, але, як мне здаецца, яны даволі новыя. Вельмі запомніліся шматлікія статуэткі звяроў, якія ўпрыгожвалі разьбяныя сядушкі для царкоўнага кліру. Такіх звяроў у саборах мне не даводзілася бачыць нідзе. У Браціславе даволі шмат вось такіх цікавых дэкаратыўных элементаў, якіх не знайсці ні ў адным даведніку ці фотаальбоме.

Абавязковым пунктам у сталіцы Славакіі быў для нас Браціслаўскі град. Бачыць яго з акна і не наведаць мы палічылі немагчымым. Гэты масіўны чатырохкутны замак згарэў пад час напалеонаўскіх войнаў і быў адноўлены ў 60-гады ХХ стагоддзя. Да 1993 года ў ім знаходзіўся Славацкі парламент. Цяпер для парламента пабудаваны новы сучасны будынак побач з Градам, а ў замку размяшчаецца музей і праходзяць розныя выставы. Уражвае калекцыя старадаўняга сталовага срэбра. Мы паднімаліся на самы верх у адну з чатырох вежаў замка, і магу сказаць, што Браціслаўскі град найболей адметны выдатнай панарамай Дуная. Праўда, за Дунаем знаходзяцца ўжо новыя кварталы, якія нічым не адрозніваюцца ад нашых мікрараёнаў. Што цікава, усяго ў трох кіламетрах ад рэзідэнцыі парламента ўжо знаходзіцца Аўстрыя, а ў 16 кіламетрах – Венгрыя.

Адно з найболей упадабаных нам месцаў – Ратуша і Галоўная плошча. Галоўная плошча, нягледзячы на сваю амбіцыйную назву, выглядае вельмі мілай і зусім невялікай. У цэнтры яе стаіць старадаўні фантан Роланда са статуяй гэтага ўслаўленага рыцара. Два разы ў год Роланд сыходзіць са свайго пастаменту – у Гарачую пятніцу ў 15.00 і ў Новы год. Асабліва ўражвае, што ў гэтыя дні ў яго розная праграма: у Гарачую пятніцу ён абыходзіць фантан з мячом у руках, а на Новы год адпраўляецца дахаты – на рагу Зялёнай вуліцы.

У самой Ратушы нам вельмі спадабаліся ўнутраны двор, прыгожая вежа з гадзіннікам, а ў арцы галоўнага ўваходу – калекцыя сярэднявечных звяроў. Звяртае ўвагу таксама выкладзены ўзорыстай чарапіцай дах аднаго крыла Ратушы, якая прылягае да Архібіскупскага палаца. Пазней такую мы бачылі ў Вене на саборы святога Стэфана.

Браціславу раней, чым Мінск, накрыла мода ставіць на кожным кроку сучасныя скульптуры: сантэхнік, які выглядае з каналізацыйнага люка, папарацы, што здымае з-за кута, – усе гэтыя персанажы ўжо паспелі стаць выбітнымі месцамі горада нароўні са старажытнасцямі.

Яшчэ адзін прыемны ўспамін пра Браціславу – гэта Гвездаславова намесце. Хутчэй я б назвала гэты доўгі пляц бульварам. Быў сонечны нядзельны дзень, шпацыравалі людзі, прама на пляцы людзі гулялі ў шахматы, гучала музыка – словам, адчувалася выдатная атмасфера дамашняга спакою. Насамрэч у Браціславе сапраўды вельмі спакойна і бяспечна – перад ад’ездам мы прайшліся па горадзе ўжо ў змярканні і цемры, а на вуліцах было гэтак жа ціха і спакойна, як і днём. Было цікава паглядзець вячэрнюю Браціславу і знаёмыя будынкі, змененыя падсвятленнем.

Каб убачыць горад зверху, трэба падняцца на Міхалску Брану (вежу). У самой вежы – музей, дзе выстаўлена выдатная калекцыя халоднай зброі. Спецыфічнае пачуццё выклікаюць двухручныя мячы – яны маюць даўжыню амаль у чалавечы рост, і незразумела, як рыцары маглі не проста варочаць імі, а ваяваць з ворагамі па некалькі гадзін запар і здзяйсняць пры гэтым незлічоныя подзвігі (як вышэйзгаданы Роланд).

Горад з легендамі

br2Увогуле, горад умоўна падзелены ракой на дзве часткі: адна – для людзей сярэдняга і высокага заробку, а іншая – якая носіць дзіўнае імя Петржалка – для людзей малазабяспечаных. У гэтым раёне шмат дамоў, якія нагадваюць высокія бетонныя скрынкі са шчылінамі для святла; перанаселенасць жудасная, і тут высокі працэнт самагубстваў. Раён горада для людзей забяспечаных – гэта пераважна прыватныя дзвюх- ці трохпавярховыя дамы.

Па масце, выдатнаму ўзору сучаснага мастацтва жалезных канструкцый, які злучае Петржалку са старой часткай, можна патрапіць адразу да замка, дзе знаходзіцца той самы гістарычны музей.

Стары горад быццам хаваецца сярод сучасных будынкаў. Дарога выкладзена брукам, для шпацыру па якім патрэбны зручны абутак без абцасаў. У першыя жа хвіліны у Старым горадзе мы заўважылі маленькія бронзавыя кароны, умантаваныя ў маставую. Як высвятлілася, гэта быў маршрут, якім каралі – дакладней, будучыя каралі – ішлі (пешшу!) да месца каранавання. Улічвалася, што яны маглі заблукаць (не кожны ж дзень яны хадзілі па вуліцах!), адмыслова таму ўвесь маршрут ім абазначылі такім чынам. Каранавалі ўсіх каралёў у каталіцкай царкве, якая размяшчаецца тут жа, у Старым горадзе, непадалёк ад старых гарадскіх варотаў – сцяны-крэпасці, якая бараніла горад. Ад яе засталіся толькі рэшткі. Дарэчы, цікавы факт: захавалася вежа, у якой дзяжурылі салдаты.

Пра горад ходзіць вельмі шмат легенд і паданняў. Пад час аднаго шпацыра па Старым горадзе я заўважыла незвычайна прыгожы дом, рамантычны вобраз якога быў трохі азмрочаны камічнай скульптурнай постаццю мужчыны, які паказваў язык. Натуральна, мне стала цікава даведацца – каму ж ён скурочыў твар? Гісторыя апынулася даволі рамантычная. У даўнія часы жыла ў Браціславе нябеснай прыгажосці жанчына, на руку якой было шмат прэтэндэнтаў, але сэрца прыгажуні раздзіралася паміж двума купцамі. Ніяк не магла яна абраць годнага – баялася памыліцца. І тады прыдумала яна заданне: той з дваіх, хто зробіць самы прыгожы дом у горадзе, стане яе мужам, і яны шчасліва зажывуць у новабудзе. Яны, нядоўга думаючы, пабудавалі дзве хаты – адну супраць другой. Хутчэй за ўсё, вы ўжо здагадаліся, што дом з камічнай скульптурай належаў пераможцу. Вось так і застаўся ён ў гісторыі – з высунутым языком.

...У Браціславе прыемна знаходзіцца дзякуючы нейкай добрай і ненадакучлівай атмасферы, створанай у тым ліку рознымі сімпатычнымі скульптурамі і арыгінальнымі кавярнямі.

Славакія – краіна сапраўды маленькая, у ёй ў два разы менш людзей, чым у Беларусі. Тут вельмі прыгожая прырода. І славакі вельмі ганарацца сваёй Радзімай.

Цікава, што пасля распаду СССР Беларусь і Славакія знаходзіліся на адным узроўні эканамічнага развіцця. За гэтыя гады нашыя краіны моцна змяніліся. І вельмі хочацца верыць, што калі-небудзь і ў Мінску можна будзе шпацыраваць па ўтульных раёнах, сядзець у нацыянальных кавярнях, а велізарныя будынкі сацыялістычных часоў не будуць галоўнымі турыстычнымі аб’ектамі.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах