09.09.2010

 - Газета

Тры пярліны беларускага Палесся: Мікашэвічы, Тураў і Мазыр

Звычайнае падарожжа – гэта аўтобус, у якім з групай едзе адзін экскурсавод. Незвычайнае падарожжа – гэта калі вакол усе – экскурсаводы. За выключэннем цябе і кіроўцы аўтобуса. Менавіта такім складам на гэтых выхадных мы ўбачылі беларускае Палессе з розных бакоў – індустрыяльнага, свецкага і духоўнага.

Дар’я Гуштын, фота аўтара

Звычайнае падарожжа – гэта аўтобус, у якім з групай едзе адзін экскурсавод. Незвычайнае падарожжа – гэта калі вакол усе – экскурсаводы. За выключэннем цябе і кіроўцы аўтобуса. Менавіта такім складам на гэтых выхадных мы ўбачылі беларускае Палессе з розных бакоў – індустрыяльнага, свецкага і духоўнага.

32

Беларуская гільдыя экскурсаводаў, гідаў і перакладчыкаў прапанавала для сваіх сяброў вандроўку па маршруце Мікашэвічы – Тураў – Мазыр. Па словах старшыні гільдыі Мікалая Чырскага, маршрут гэты існаваў яшчэ ў савецкія часы, але апошнія гады на яго забыліся. І вось калі цікавасць турыстаў узрасла, настаў час сабрацца ў пробную вандроўку экскурсаводам.

Наш маршрут – гэта амаль 700 кіламетраў дарогі, адзінаццаць гадзін часу і вельмі шмат пазітыўных эмоцый і новых ведаў.

Першым прыпынкам на нашым шляху быў горад Мікашэвічы. Пра яго знакамітую вытворчасць друзу чулі ўсе, але на месцы падзей былі адзінкі.

Беларускія скарбы ў Мікашэвічах

Гранітны кар’ер «Мікашэвічы» РУПП «Граніт» – адметнасць не толькі Лунінецкага краю, але і ўсёй Беларусі. Кар’ер захоўвае нямала таямніц: тут знаходзяць косткі маманта і шарсцістага насарога, бурштын, крэмень. Але самае галоўнае – кар’ер з’яўляецца сыравіннай базай для вытворчасці друзу. Дарэчы, па гэтым матэрыяле прадпрыемства «Граніт» з’яўляецца манапалістам у Беларусі. Тавар разыходзіцца добра не толькі ў нашай краіне. У аддзеле маркетынгу выстройваюцца цэлыя чэргі пакупнікоў, асабліва летам. На ўездзе кожны турыст мусіць паставіць свой подпіс у журнале бяспекі, што прайшоў інструктаж і гатовы адправіцца на кар’ер. Экскурсію для нас праводзіла інжынер Таццяна Горбік.

Наш аўтобус коціцца са стромкай гары, набірае абвароты, падымаецца на ўступы, нырае па няроўнасцях кар’ерных дарог. З цікавасцю назіраю за ўсім, што адбываецца. Галоўны прыпынак – назіральная пляцоўка. Адсюль як на далоні бачны ўвесь кар’ер: уступы, нібы прыступкі, дарогі, як змейкі, а экскаватары і БелАЗы такія маленькія, што мімаволі ўяўляеш сябе Гуліверам.

33

– РУПП «Граніт» трымаецца «на трох кітах» – гранітным кар’еры «Мікашэвічы», аўтатранспартным парку і драбільна-сартавальным заводзе, – распавядае наш экскурсавод. – У структуру кар’ера ўваходзяць чатыры падраздзяленні: ускрышша, буравыбуховы цэх, здабыча, участак па рамонце горнага абсталявання.

Падрыхтоўка горных парод да вымання вядзецца буравыбуховым спосабам: прабурваюцца свідравіны, зараджаецца выбухоўка. Пад час выбуху адбываецца драбленне гранітнай масы. Пасля гэтага граніт грузіцца экскаватарамі на БелАЗы і дастаўляецца на драбільна-сартавальны завод. Падчас адгрузкі сустракаюцца негабарытныя кавалкі горнай масы, якія не праходзяць у зяпу драбілкі. Такія «каменьчыкі» руйнуюцца другасна, таксама выбуховым спосабам.

Менавіта тут разумееш, што прырода насамрэч умее здзіўляць. Кар’ер падобны да кратэра незямнога паходжання. Працягласць усіх дарог у кар’еры – своеасаблівы беларускі серпанцін — 17 кіламетраў. Вялізныя аўтамабілі, імклівыя крыніцы і бурлівыя вадаспады (у кар’еры ў розных месцах на паверхню выходзяць грунтовыя воды) — дзіўны краявід для турыстаў. Мікашэвіцкія пейзажы вельмі падобныя да каўказскіх. Недарэмна неаднаразова здымалі тут карціны пра Чачню расійскія рэжысёры, сярод якіх і знакаміты Павел Чухрай. Беларускія рэжысёры таксама частыя госці ў гэтых краях. Напрыклад, некаторыя сцэны фільма «Рыжык» здымалі менавіта тут.

На экскурсію на прадпрыемства «Граніт» часта прыязджаюць мясцовыя школьнікі. Вядома ж, для іх гэта сапраўднае відовішча! Але масавыя экскурсіі з усёй краіны пакуль не наладжаныя. І хоць кіраўніцтва прадпрыемства адкрытае для гасцей і турыстаў, спатрэбіцца некаторы час і намаганні беларускіх экскурсаводаў, каб «Граніт» можна было наведваць гэтак жа, як беларускія заводы ў Бярозаўцы і Радашковічах.

Прадэманстраваць скарбы беларускай зямлі можа і знакамітае прадпрыемства ў Салігорску па здабычы калійнай солі. Яго вы абавязкова ўбачыце па дарозе з Мінска ў Мікашэвічы. Але там масавыя экскурсіі пакуль таксама не праводзяцца. З аднаго боку, існуе меркаванне, што гэта небяспечна для чалавека. Але з іншага – у польскім гарадку Вялічка, што пад Кракавам, доўгі час функцыянуе падобная саляная шахта як турыстычны аб’ект. Там можна ўбачыць не толькі макет здабычы солі, але і адпачыць у рэстаране, паклапаціцца пра сваё здароўе ў спартыўнай залі. Усё гэта магло б быць і ў Салігорску, але пакуль застаецца толькі марай і для турыстаў, і для экскурсаводаў…

Трэба сказаць, што Мікашэвічы – гарадок невялікі. У ім жыве прыкладна 14 тысяч чалавек. А наш наступны турыстычны пункт – горад яшчэ меншы, але ягоная гісторыя налічвае 1030 год. Гаворка ідзе пра знакаміты Тураў. Насамрэч статус горада мястэчка атрымала нядаўна. Зараз тут жыве ўсяго 3 тысячы чалавек. Але трэба сказаць, што ў горадзе ёсць і гасцініца, і некалькі кавярняў. Звычайна ў Тураў заязджаюць з нагоды экскурсіі па Піншчыне. Але можна зрабіць гэты маршрут больш разнастайным.

Тураў – пачатак беларускай духоўнасці

Тураўская зямля – некалі такая магутная і знакамітая – была ахвярай шматлікіх войнаў, землятрусаў і падзелаў. Сёння яна вядомая на ўвесь свет як пачатак хрысціянства на Беларусі. Тут дагэтуль моцныя рэлігійныя традыцыі.

У горадзе захавалася мала гістарычных помнікаў. Большасць з іх былі драўлянымі, таму і не вытрымалі прыродных катаклізмаў ці проста разбурыліся з цягам часу. Сведчаннем традыцый драўлянай архітэктуры засталася праваслаўная Усіхсвяцкая царква, якой ужо два стагоддзі. Асаблівасцю Тураўскага краю з’яўляюцца крыжы, што растуць з зямлі, а таксама плачучыя іконы. У горадзе два краязнаўчыя музеі, а на Замкавай гары размяшчаецца музей, дзе самы галоўны аб’ект – рэшткі старажытнай Тураўскай царквы. Тут жа знаходзіцца помнік Кірыле Тураўскаму. З гары адкрываецца цудоўны краявід на Прыпяць.

У гэты час на Палессі яшчэ цёпла. Трава мяккая і ярка-зялёная. І ўсё выглядае вельмі гарманічна. Вось толькі самых элементарных ўмоў для турыстаў няма – ні лаваў, ні прыбіральняў. Супрацоўнікі музея прызнаюцца, што грошы на ўсё выдзяляюцца, але чаму на гэтыя грошы нічога не зрабілі, каб гасцям горада было камфортна, яны патлумачыць не змаглі.

Мы пакідалі Тураў з добрым настроем. Побач з нашым аўтобусам няспешна праязджала конная павозка, запоўненая ярка-жоўтымі гарбузамі. На Палессі ўжо збіраюць ураджай гэтай культуры.

«Беларуская Швейцарыя» ў Мазыры

31 Пасля Турава нас чакаў Мазыр. Гэта адзін з найбольш буйных прамысловых цэнтраў Гомельскай вобласці. Вядома ж, хто не чуў пра мясцовы нафтаперапрацоўчы завод! Маштабы горада адчуваюцца адразу, як толькі заязджаеш на галоўны мост. Аблічча горада ствараюць пагорысты рэльеф, багацце зялёных насаджэнняў, у якіх патанаюць вуліцы, бульвары і плошчы. Гэтае месца часта называюць «беларуская Швейцарыя».

Гісторыя была бязлітаснай да Мазыра. Яго развіццё нагадвае кардыяграму: былі і ўзлёты, і падзенні. Падчас шматлікіх войнаў горад некалькі разоў разбураўся, руйнаваліся галоўныя культурныя і абарончыя аб’екты. Былі часы, калі развіццё горада на 2/3 фінансавалася з бюджэту краіны. На той час гэта была Рэч Паспалітая. Быў час, калі Мазыр з’яўляўся абласным горадам, але Палескую вобласць скасавалі…

На сёння ў горадзе адноўлены Мазырскі замак. Асноўныя работы былі праведзеныя ў 2005 годзе. Розныя меркаванні можна пачуць наконт таго, наколькі ўдала зроблена рэканструкцыя. Хтосьці крытыкуе пабудову і кажа, што ўсё зроблена занадта штучна. Іншыя сцвярджаюць, што гэта вялікі ўнёсак у аднаўленне гістарычнай спадчыны, бо зараз турысты могуць візуальна ўяўляць, што было ў Мазыры стагоддзі таму. Так ці інакш, сёння замак і яго ваколіцы – вядомыя турыстычныя аб’екты, а таксама месца сустрэч для гаражан у свята.

Побач з замкам размяшчаецца праваслаўная царква святога Міхаіла. Яе архітэктура здзівіць кожнага, бо відавочна, што гэта віленскае барока. Калісьці гэта быў каталіцкі касцёл, які перажыў безліч разбурэнняў. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл загадам імператара перадалі ва ўладанне праваслаўным святарам. Канструкцыя касцёла збольшага засталася ранейшай, некаторыя вонкавыя элементы – напрыклад, лукавіцы – былі змененыя. Цікава, што ў 30-я гады ХХ стагоддзя ў подпале царквы знаходзіліся палітзняволеныя. Тут іх дапытвалі і страшэнна катавалі, шмат хто з іх загінуў. Дзякуючы даследванню, а таксама рассакрэчванню некаторых матэрыялаў Гомельскага КДБ было выяўлена, што ў царкве сапраўды знаходзіліся камеры катаванняў бязвінных людзей. Зараз у гэтым месцы праводзіць экскурсіі гісторык па адукацыі, намеснік канцылярыі Тураўскай епархіі Васіль Чарнякоў. У лістападзе тут адкрыецца першы ў Беларусі малебны пакой памяці ахвяраў сталінскага генацыду.

Наша экскурсія атрымалася вельмі насычанай як інфармацыйна, так і эмацыйна. Мы сапраўды ўбачылі Палессе з розных бакоў. Але важна, што на гэтай тэрыторыі адчувалася перапляценне і ўзаемапранікненне жыцця свецкага і духоўнага.

...З Палесся ў Мінск мы вярталіся вечарам. Задаволеныя тым, што ўбачылі, экскурсаводы абмяркоўвалі будучыя планы сваёй працы. А я падумала, што дзякуючы гэтым людзям знакамітая праграма па адраджэнню Палесся можа паспяхова запрацаваць у турыстычнай сферы. Трэба толькі часцей паказваць беларусам іх краіну, знаходзячы новыя маршруты і факты пра Беларусь – такую блізкую, але часам невядомую.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах