10.12.2009

 - Газета

Ідэальны горад для турыстаў. Чым прываблівае каралеўскі Кракаў?

Кракаў – горад, які нават калі і наведваеш усяго некалькі дзён, усё адно атрымліваеш вельмі шмат уражанняў. Гэта горад-успышка: яго краявіды настолькі зачароўваюць, што застаюцца ў памяці назаўсёды. Усе гэтыя вузкія вулачкі-лабірынты, па якіх можна блукаць гадзінамі.

Дар’я ГУШТЫН

 kr1 Кракаў – горад, які нават калі і наведваеш усяго некалькі дзён, усё адно атрымліваеш вельмі шмат уражанняў. Гэта горад-успышка: яго краявіды настолькі зачароўваюць, што застаюцца ў памяці назаўсёды. Усе гэтыя вузкія вулачкі-лабірынты, па якіх можна блукаць гадзінамі. І гэтыя касцёлы, якіх больш за сто ў адным горадзе, і кожны з іх непаўторны, мае сваю гісторыю. Гэта горад, у які хочацца вяртацца зноў і зноў…

 З турыстам часта здараецца, што за некалькі гадзін трэба наведаць горад, для якога насамрэч варта прызначыць тыдзень. Альбо за тры дні – горад, знаёмства з якім патрабуе месяца. І тады мы пачынаем слухаць парады мінакоў, хутка прабягаем вулачкі, аркі, фатаграфуем усе замкі і касцёлы, так і не разабраўшыся, што ёсць што… Такое знаёмства з горадам, як правіла, пакідае туманныя ўспаміны і пачуццё незадаволенасці.

У выпадку з Кракавам дакладна ёсць тыя мясціны, якія абмінуць нельга. Проста таму што яны арганічна ствараюць вобраз, дух і сутнасць гэтага вядомага польскага горада.

Сустрэнемся «пад Адамам»

kr2Галоўная кірмашовая плошча прыцягвае з любога месца ў горадзе, да яе вядуць усе кракаўскія дарогі. І чым бліжэй кірмашовая плошча, тым больш дынамічнае там вулічнае жыццё. Турыстаў там чакае больш за 20 усемагчымых забаў. У спісе амерыканскай арганізацыі «Project for Public Spacer», якая штогод складае рэйтынг лепшых гарадскіх плошчаў, Кракаў з 2005 года займае першае месца ў свеце.

Галоўная кірмашовая плошча і сетка вуліц існавалі яшчэ ў 1257 годзе. Да гэтага часу тут захаваліся Суконныя шэрагі, невялікі касцёл Святога Войцеха, адзінокая вежа, разбураная ў XIX стагоддзі. Тут таксама знаходзіцца Марыяцкі касцёл – адзін з сімвалаў Кракава, з высокімі вежамі, якія ўзвышаюцца над цэнтрам. Нюрнбергскі майсар Віт Ствош стварыў тут шэдэўр свайго жыцця – манументальны алтар, які штодзённа прыцягвае ўвагу тысяч турыстаў. З Кірмашовай плошчай цесна звязаныя некаторыя кракаўскія легенды і гістарычныя падзеі. Пра іх нагадвае сігнал часу, які выконвае трубач кожную гадзіну з адной з вежаў Марыяцкага касцёла. Кірмашовая плошча – месца сустрэч: летніх фестываляў, канцэртаў, прэзентацый, свят. Мясцовыя жыхары і госці горада часта дамаўляюцца сустрэцца менавіта на гэтай плошчы «пад Адамам», то бок ля помніка Адаму Міцкевічу. Дзесяткі кафэ, пабаў, рэстаранаў, дзе могуць размясціцца каля тысячы турыстаў адначасова. І адусюль чуецца музыка, вельмі часта джаз – Кракаў з’яўляецца сталіцай гэтага музычнага накірунку ў Польшчы.

Хто хоць раз быў у Кракаве, ніколі не забудзецца пра мясцовых галубоў. Іх тут так шмат і пачуваюць яны сябе тут вольна і камфортна. Турысты любяць карміць іх зярняткамі і фатаграфавацца на памяць з птушкамі, якія сядаюць на рукі, плечы і нават галаву. А прадпрымальныя мясцовыя жыхары тут жа, на плошчы, прадаюць корм для галубоў.

Вісла, каралеўскія пакоі і пячора цмока

Знакаміты замак Вавель выклікае ў турыстаў найбольшае захапленне. Па-першае, дарога да яго пралягае па адной з самых прыгожых, старажытных і важных гарадскіх вуліц – Кананічнай. Вуліца гэтая засталася аўтэнтычнай і жывой. Тэрыторыя, якую ахоплівае сам замак, параўнальная з Галоўнай плошчай Кракава. Унутры замка турыстаў чакаюць выставы, якія варта наведаць: каралеўскія пакоі, калекцыя ўсходняга мастацтва, археалагічныя экспанаты. Найбольш уражвае кафедральны сабор, каралеўскія труны, адкуль на нас глядзіць уся гісторыя Польшчы, і велізарны звон Зыгмунда, які б’е падчас самых важных падзей у краіне і горадзе. Шчыра кажучы, трэба як мінімум паўдня, каб гэта хоць бы павярхоўна агледзець.

Шыкоўны краявід можна ўбачыць увечары. Вароты адчыненыя нашмат даўжэй за выставы, таму можна толькі падзівіцца выгляду Віслы з высокіх берагоў Вавеля. Насупраць замка – незвычайны будынак Цэнтра японскага мастацтва і тэхнікі «Мангха», дзе сабраныя японскія экспанаты аднаго з вядомых еўрапейскіх калекцыянераў Фелікса Ясеньскага. Калі спусціцца да ракі, можна ўбачыць цмока і ўваход у яго пячору – любімае месца сямейных прагулак.

Квартал яўрэяў і антыкварыяту

Калісьці Казімеж быў асобным горадам, а зараз – недалёкі раён, у які можна трапіць, спускаючыся з Вавельскага ўзвышша.

Літаральна ў кожным кутку Казімежа – гісторыя польскіх яўрэяў. Гэта бачна ўжо ў размяшчэнні вузкіх вулачак і гандлёвых плошчаў, у маленькіх каменных дамах, сінагогах і яўрэйскіх могілках. Пасля Другой сусветнай вайны і генацыду яўрэяў Казімеж быў зруйнаваны. Аднак дзякуючы ўвазе да культурнай спадчыны, большасць будынкаў ужо адноўлена. Гэты раён знакаміты на ўвесь свет стаў тады, калі Сцівен Спілберг зняў тут свой «Спіс Шындлера».

Казімеж таксама з’яўляецца месцам, цікавым для аматараў антыкварыяту. Экскурсавод Катажына расказвала нам, што на гэтай барахолцы сярод непатрэбных рэчаў можна знайсці нешта унікальнае. На Плацы новым і пад Гандлёвай залай раёна Гжэжужкі, які знаходзіцца побач, раніцай кожную нядзелю праходзіць кірмаш старых рэчаў. Аднак экскурсавод папярэджвае, што ў такіх месцах трэба быць асцярожным, каб прадмет, які выдаюць за антыкварыят і запрошваюць за яго адпаведную суму, не аказаўся насамрэч шараговай фальсіфікацыяй.

Крыху з іншага боку

Цэнтр горада – надзвычай маляўнічае месца, багатае на візуальныя архітэктурныя дэталі. І вельмі цікава ўбачыць гэта з месца агляду, адкуль раскрываюцца шыкоўныя панарамы. Самым вядомым здаўна лічыцца курган Касцюшкі. Паколькі адсюль бачны ўвесь гістарычны і сучасны Кракаў, цікава знайсці ўжо вядомыя месцы, якія зараз бачныя здалёку і ў нетыповым ракурсе.

Курган Касцюшкі, створаны ў часы падзелу Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя, быў для палякаў сімвалам імкнення да незалежнасці. Ля асновы кургана размешчаныя форты – Кракаў пад аўстрыйскімі ўладамі выконваў функцыі крэпасці. Рэшткі фартыфікацыі да гэтага часу прыцягваюць натоўпы аматараў такога тыпу архітэктуры.

Wita w Krakуw!

Турыстычныя паслугі ў Кракаве прапаноўваюць на кожным кроку: падвязуць, раскажуць, сувеніры прададуць. Горад фактычна жыве за кошт турыстаў. Таму і стаўленне да гасцей адпаведнае. У краме вам разоў дзесяць падзякуюць, перш чым адпусцяць, а ў рэстаране бясплатна прынясуць дэсерт, каб вы наступным разам завіталі менавіта сюды. Дарэчы, наконт рэстаранаў, тут іх прадстаўлена так шмат, што нават самы вытанчаны гурман знойдзе «сваё месца». Кракаўскія майстры кухні насамрэч гатуюць стравы практычна ўсіх народаў і культур: ад беларускай да тайскай! Для сябе гэта даўно адкрылі жыхары Варшавы і бізнесоўцы, якія часта прыязджаюць сюды на выхадныя.

У Кракаве вельмі шмат гатэляў, хостэлаў і проста прапаноў ад мясцовых жыхароў «здаць пакой». Жыллё ў цэнтры абыходзіцца ад 100 злотых (каля 95 тысяч беларускіх рублёў) за ноч. І гэта кошт хостэла, дзе вы будзеце жыць яшчэ з трыма-чатырма турыстамі.

На цэнтральных вуліцах шмат мясцовых жыхароў дэманструюць свае таленты: хто жангліруе, хто набівае галавой футбольны мячык, граюць на музычных інструментах, у тым ліку экзатычных. Ёсць і проста жабракі, якія просяць дапамагчы. Англамоўныя турысты адмаўляюць ім, кажуць, што не разумеюць польскай мовы. Але жабракі, не разгубіўшыся, пераходзяць на англійскую і спакойна перакладаюць свае просьбы.

Кошты на транспарт таксама разлічаныя на тое, што горад наведвае шмат турыстаў. Аднаразовая паездка на трамваі каштуе каля 2000 беларускіх рублёў, але калі купляць праязны на месяц, то атрымаецца ненашмат даражэй, чым у Беларусі. Таму мясцовых жыхароў гэта задавальняе.

У Кракаве прыемна здзіўляе памяркоўвасць і тактоўнасць людзей. Нягледзячы на вузкія вулачкі, ніхто не піхаецца. Тыя, хто спяшаюцца прайсці, просяць прабачэння, акуратна абыходзяць мінакоў. Інвалідам тут дапамагаюць заехаць у транспарт. Кіроўца выходзіць са сваёй кабіны, завозіць інваліда ў салон аўтобуса, і толькі пасля рух працягваецца.

Увогуле Кракаў досыць дынамічны горад. Тут рэдка бывае ціха. Гучна грае музыка, аматары хіп-хопа таньчаць з раніцы да вечара. У горадзе, дзе знаходзіцца адзін з самых вядомых у Еўропе універсітэтаў – Ягелонскі, жыве каля 174 тысяч студэнтаў. Так што вячэрне-клубнае жыццё тут проста кіпіць! Зімою, калі маразы могуць даходзіць да мінус 20 градусаў, наведвальнікі клубаў і пабаў перамяшчаюцца ў характэрныя для цэнтра Кракава падзямеллі. І забавы працягваюцца ўжо тут.

Вельмі важна адчуць атмасферу гэтага горада, часам павольную і лянівую, часам імклівую і шумную, але заўсёды выключную.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах