03.02.2011

 - Газета

Васіль ЯКАВЕНКА: «Пакутны век» можа быть візітнай карткай нашага народу…»

Трылогію «Пакутны век» Васіля Якавенкі па моцы ўздзеяння на чытача крытыкі параўноўваюць з «Духам пушчы» Джэка Лондана і «Апошнім з магікан» Джэймса Купера. Творы амерыканскіх пісьменнікаў прысвечаны вынішчэнню індзейцаў, у рамане Якавенкі падаецца пакутная гісторыя, якую перажыла беларуская нацыя за ўсю сваю гісторыю і асабліва цягам апошняга стагоддзя.

iakavenko Трылогію «Пакутны век» Васіля Якавенкі па моцы ўздзеяння на чытача крытыкі параўноўваюць з «Духам пушчы» Джэка Лондана і «Апошнім з магікан» Джэймса Купера. Творы амерыканскіх пісьменнікаў прысвечаны вынішчэнню індзейцаў, у рамане Якавенкі падаецца пакутная гісторыя, якую перажыла беларуская нацыя за ўсю сваю гісторыю і асабліва цягам апошняга стагоддзя. Падзеі ў творы пачынаюць разгортвацца ў 20-я гады, калі былі яшчэ свежымі раны ад першай сусветнай і грамадзянскай, а па геаграфіі яны выходзяць далёка за межы Беларусі. Аб ідэі рамана і яго героях распавёў аўтар трылогіі пісьменнік Васіль Якавенка.

– Спадар Васіль, кніга, аб якой пойдзе гаворка, гэта перавыданне трылогіі «Пакутны век», якая ўпершыню выйшла з друку ў 2006 годзе. Чым было абумоўлена з’яўленне пашыранага варыянту?

– Пачатак трылогіі быў пакладзены яшчэ ў 2003 годзе раманам «Надлом». Матэрыялу было шмат, таму дастаткова было прыкласці рукі, як напісанае пераўвасобілася ў трылогію, дзе да першай кнігі далучыліся раманы «Кабала» і «Гульня на згубу». У 2006 годзе трылогія выйшла ўпершыню. Нечакана для мяне твор аказаўся даволі запатрабаваным, складвалася ўражанне, што яго чакалі даўно, пра яго пачалі казаць і пісаць як пра небывалы ў беларускай эпічнай прозе, маўляў, яго варта разглядаць у кантэксце не толькі айчыннай, але і сусветнай літаратуры. Такія водгукі не могуць пакінуць абыякавым, таму пачалася праца па ўдасканаленні трылогіі. Я адчуваў, што над некаторымі раздзеламі трэба папрацаваць, каб яны выглядалі яшчэ больш па-мастацку – да гэтай пары я меў большы досвед у напісанні публіцыстычных твораў, аднак заўсёды цягнула і на гэтыя гоні. Такім чынам, другі выхад трылогіі ў свет адбыўся праз тры гады пасля першага. Новая версія больш пашыраная – тэкст павялічыўся амаль на 150 старонак. У апісанні гістарычных падзей з’явіліся новыя факты, характары некаторых персанажаў сталі больш глыбокімі. Да таго ж, мне хацелася ўлічыць і некаторыя крытычныя заўвагі альбо пажаданні. Напрыклад, адна паважная чытачка са Століншчыны зазначыла: «За польскім часам, сапраўды, было цяжкае жыццё, але ж і тады былі святы і мы спявалі, смяяліся, ездзілі ў госці – вёска да вёскі. Гэтага ў тэксце няма...» Так, сапраўды, не было, а душа народа няўбіенная, таксама ж і каханне… У выніку з’явіліся два раздзелы пра тое, як у палескім мястэчку Моталь, адкуль родам галоўны герой, праводзіліся кірмашы і святкавалі Спас.

iakavenko-kniga

– Крытыкі вызначаюць жанр твора як гістарычны раман. Што стала перадумовай яго напісання?

– Падчас камандзіроўкі ў ЗША мне пашчасціла пазнаёміцца з Марыяй Дземковіч, якая паходзіць з мястэчка Мотфль. Калі яна расказвала пра сябе, не магла не закрануць і тэму жыцця свайго дзеда, з якім у яе была вялікая дружба. Яго без прычыны забілі мясцовыя партызаны, дый не толькі яго… Пра гэты трагічны выпадак яна дагэтуль не можа ўспамінаць без слёз. У яе душы з таго часу адбыўся псіхічны надлом. Вярнуўшыся ў Беларусь, я наведаў Моталь і пачаў цікавіцца родам Марыі. Мне ўдалося сабраць шмат звестак, дзякуючы якім адкрывалася цэлая гістарычная эпоха. Галоўным героем майго рамана стаў яе дзед Пётр Рамановіч, які быў чалавекам дасціпным, шырокіх поглядаў, патрыятычнага складу душы. Гэта тыповы прадстаўнік свайго народу. У 1900-я гады ён выпісваў «Нашу ніву» – адзін гэты факт ужо сведчыць аб яго свядомасці.

– Якія персанажы, апроч Пятра Рамановіча, прысутнічаюць у творы?

– Персанажаў вельмі шмат, і я дзіўлюся, як чытач не губляецца пры знаёмстве з імі. На 85 адсоткаў персанажы – гістарычныя асобы, рэальныя постаці. Тут паўстаюць памешчык Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі, Мікалай Шчорс, Барыс Кіт, Ларыса Геніюш, Усевалад Родзька, Юры Сабалеўскі, Юрка Віцьбіч, святары Гадлеўскі, Раздзялоўскі... Апроч мясцовых герояў дзейнічаюць Гітлер, Сталін, сын Сталіна, які на Віцебшчыне ўдзельнічаў у баях і трапіў у палон. Тут, бадай, упершыню ў мастацкай і гістарычнай літаратуры раскрываецца вялікае танкавае пабоішча 1941 года, калі Чырвоная армія спрабавала нанесці магутны контрудар нямецкім войскам. З-за праліку камкора Вінаградава контрудар захліснуўся. А потым сярод персанажаў – і старшыня мотальскага калгаса-мільянера Апанас Стрыгуноў, тып рэдкі ў гісторыі савецкай вёскі, і апантаны будаўнік камунізму Хрушчоў, і паважаны наш зямляк Мазураў… Дарэчы, героі не дзеляцца на «нашых» і «ворагаў» – я імкнуўся паказаць любога і кожнага найперш людзьмі на гэтай грэшнай зямлі, з уласцівымі ім памкненнямі душы, сацыяльнымі і ідэалагічнымі парадыгмамі, характарамі. Напрыклад, у рамане найбольш спрэчак выклікае неадыёзная постаць генеральнага камісара Беларусі Кубэ, раскрытая мной на дакументальнай аснове. Гэта чалавек, які сам сябе загнаў у пастку.

Цяпер вядома не толькі мне, што Кубэ ў сваіх лістах да Гітлера вінаваціў гестапаўцаў у тым, што яны займаюцца злачыннымі карнымі экспедыцыямі, выпальваюць вёскі з людзьмі, такія акцыі трэба спыніць, бо гэта ганьба для Германіі! Кубэ дапамагаў беларускім нацыяналістам, у якіх адной з мэтаў было пашырэнне адукацыі. Пад нямецкай уладай усе школы былі беларускамоўнымі. Прычым, як правіла, выкладалі ў іх, абмінаючы і нямецкую, і савецкую прапаганду. Дзяцей вучылі чытаць, пісаць і выхоўвалі ў беларускім патрыятычным духу. Спакваля адкрывалі для іх гімназіі і вышэйшыя школы… У Маскве ж свядомых патрыётаў Беларусі лічылі большымі ворагамі, чым нямецка-фашысцкіх акупантаў. Менавіта таму за вайной, пры адступленні немцаў, і рушылі дзесяткі і сотні тысяч мірных жыхароў на Захад...

– Што пакладзена ў аснову сюжэта?

– Сюжэт у рамане для мяне самога – загадка, паколькі твор не меў адмыслова распрацаванага плана; наперад у працы мяне вялі літаратарская спрактыкаванасць, вопыт у раскрыцці жывых герояў і, безумоўна, інтуіцыя. Я смела ішоў за абранымі мной героямі – проста насустрач гістарычным падзеям – і раскрываў іх у водавароце часу, у сутычках, канфліктах між сабой і прышэльцамі. Мястэчка Моталь упершыню выступае ў часе, калі паводле Рыжскай дамовы Заходняя Беларусь адышла да Польшчы – тут пераважалі беларусы, былі і палякі, вельмі часта паміж імі надараліся сутычкі, ініцыяваныя, як правіла, пракамуністычным падполлем. Бліжэй да 1939 года мясцовыя патрыёты ўсё часцей распраўляліся са сваімі ж месьцічамі – забівалі тых, хто супрацоўнічаў з польскімі ўладамі. Гэтакая карціна мела месца і на больш шырокай прасторы, асабліва калі гітлераўская Германія напала на СССР. Партызанскі рух стымуляваўся з усходу.

Далей у эпасе паказаны пасляваенны час як у Беларусі, так і на выгнанні часткі герояў – у далёкім замежжы, а вось апошнія падзеі адбываюцца ўжо на пачатку ХХІ стагоддзя. Такім чынам, раман ахоплівае даволі стракаты, поўны драм і трагедый, навальнічны час, згубны шмат у чым для народа і нацыі.

– Калі можна, больш падрабязна пра геаграфію рамана-трылогіі.

– Пералічыць усе месцы дзеянняў даволі складана, бо іх шмат. Перш за ўсё падзеі адбываюцца ў беларускіх гарадах, сярод якіх Пінск, Драгічын, Баранавічы, Мінск, Гродна, Навагрудак, Карэлічы, Віцебск, Сянно… Мае героі таксама жывуць і дзейнічаюць у Варшаве, Празе, Берліне і іншых гарадах Германіі, у Нью-Ёрку, Кліўлендзе, Сан-Францыска, Маскве, Вільні. Часам у поле зроку герояў трапляюць падзеі і на Далёкім Усходзе. Нават у геаграфічным абсягу – гэта раман-эпапея, адно пра гэта сведчыць і шырокая панарама гістарычных падзей.

– Наватарства рамана і ў тым, што вы паказваеце неаднароднасць таго ж партызанскага руху...

– Так… Гэтую тэму я вывучаў практычна – жыў, праўда, яшчэ дзіцем, у партызанскай зоне, што ахоплівала Васілевіцкі раён Гомельскай вобласці, і мой дзядзька Іван Якавенка быў камісарам партызанскага атрада. Сталася так, што мой цесць Мацвей Фурман быў камандзірам партызанскага атрада на Любаншчыне. Вось яго атрад быў узорным. Ваяўнічыя і стойкія мсціўцы ўмелі ладзіць з мясцовымі жыхарамі, паважліва ставіліся да іх, дапамагалі ім правядзенні палявых работ. Удзячныя месцічы, у сваю чаргу, дапамагалі партызанам харчамі і вопраткай.

– Аднак былі і іншыя...

– Так. З тымі «іншымі» я, практычна, сустрэўся на Піншчыне, у Моталі і пад Моталем, дзе партызаны зводзілі рахункі пераважна з мясцовымі жыхарамі. Іх камандзір Плюнгер (прозвішча змененае) – яскравы тыпаж, які выклікае ў чытача і захапленне сваім спрытам, адвагай, і агіду, абурэнне тым, што пераступае раз-пораз межы маралі. Безумоўна, ні ў якім разе не аспрэчваецца відавочная роля партызанскага руху ў ваенны час – з кнігі ж навідавоку: колькі варожых эшалонаў было падарвана падчас рэйкавай вайны! Аднак паказана ў творы і роля наноснага ідэалагічнага разбою – тое, што вызначаецца словамі грамадзянскай вайны. З’ява пакуль мала даследаваная.

– Аўтары рэцэнзій адзначаюць, што ў рамане раскрыта яўрэйская тэма...

– Сапраўды так. Я не мог яе абысці, бо амаль палова насельніцтва Моталя былі яўрэямі. Да таго ж, першы прэзідэнт краіны Ізраіль Хаім Вайцман выгадаваны ў Моталі, ён жа ў жніўні 1939 года, выступаючы ў Жэневе на 21-ым з’ездзе сіяністаў, ад імя ўсіх яўрэяў свету абвясціў вайну Германіі. Тым часам многія яго супляменнікі з’яўляліся вышэйшымі чынамі, генераламі і афіцэрамі Вермахта, аддана служылі Гітлеру. Мне не выпадала абмінаць гэту тэму.

Калі пачалася вайна, шмат хто з уцекачоў спяшаліся перасяліцца на беларускія землі. Мясцовыя яўрэі і ўцекачы сябравалі з Пятром Рамановічам. Натуральна, яны размаўляюць аб тым, чаму Гітлер абрынуўся на іхні мудры род. І гэтая тэма падаецца ў гістарычна-псіхалагічным плане. Галоўны герой твора Пятро Рамановіч, чалавек гуманны, паважлівы, шкадуе яўрэяў – падчас ганенняў (масакры) у Моталі ён ратуе суседзяў – бацьку і сына.

– Як вы вызначаеце аўдыторыю рамана?

– Нечакана для мяне пасля выхаду кнігі пачалі прыходзіць лісты ад маладых людзей. А гэта значыць, што тэма цікавая і для моладзі. Аднак найбольш лістоў і падзяк было ад прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў, якія перажылі ўсё, пра што я пішу і што мучыла іх многія гады. Цяпер для іх дзіва: як глыбока і нават жорстка “іхняя” праўда паказана. У некаторых сем’ях набывалі па два-тры асобнікі кнігі.

– Факт, якім вызначаецца і актуальнасць твора?

– Безумоўна. У трылогіі закранутае вельмі важнае для нашай краіны быццё. Гэты твор – перш за ўсё нацыянальны раман, у ім паказана, хто такія беларусы і як фармавалася нацыя. У нейкім сэнсе яго можна назваць і палітычным раманам, бо ў ім асвятляюцца шматлікія грамадска-палітычныя працэсы. Іх веданне дапамагае глыбей зразумець нашу гісторыю і саміх герояў.

– Ці плануеце пераклад рамана на іншыя мовы?

– Пакуль што далейшага руху для майго твора няма. У Маскве знайшоўся перакладчык, але не знойдзены сродкі для аплаты ягонай працы. Алег Лойка ў свой час адзначыў, што «Пакутны век» можа быць візітнай карткай нашага народу. А калі раман – візітная картка народу, яе важна паказаць і другім. Толькі гэта ўжо інтарэсы не аднаго ўласна аўтара, але і літаратуры, і народа.

Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах