02.06.2011

 - Газета

«Турызм – гэта кірмаш, дзе прадаюцца гістарычныя веды»

Чаму ў Беларусі слаба развіваецца гарадскі турызм і ў чым турыстычны патэнцыял былых беларускіх мястэчак, карэспандэнту «ТиО» распавёў доктар гістарычных навук, прафесар, знаўца гарадской цывілізацыі Захар ШЫБЕКА.

У развіцці турызму актыўны ўдзел заўсёды прымаюць гісторыкі. З іх лёгкай рукі гістарычныя помнікі становяцца месцамі турыстычных паломніцтваў, а легенды і культурныя традыцыі – часткай іміджу краіны. Чаму ў Беларусі слаба развіваецца гарадскі турызм і ў чым турыстычны патэнцыял былых беларускіх мястэчак, карэспандэнту «ТиО» распавёў доктар гістарычных навук, прафесар, знаўца гарадской цывілізацыі Захар ШЫБЕКА.

– У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму. Між тым гарадскі турызм застаецца па-за ўвагай. Чаму?

– Перадусім трэба ўлічваць ступень захаванасці культурнай спадчыны беларускіх гарадоў, якая значна саступае гарадам еўрапейскім. Так сталася, што нашы гарады будаваліся з дрэва. Таму старажытныя будынкі не захаваліся – за выключэннем асобных помнікаў: да прыкладу, Полацкай Сафіі, Каложскай царквы, замкаў і палацаў Наваградка, Ліды, Гродна, Міра. Наша архітэктурная спадчына пачынаецца пераважна з XVII стагоддзя. Няспынныя войны разбуралі гарадскую забудову, не шкадавала помнікі архітэктуры змена рэлігій і ўладаў. Беларусь губляла і сваю рухомую спадчыну – у выніку войнаў і шматлікіх акупацыяў музейныя рэчы, старадрукі, сямейныя архівы і бібліятэкі цяпер захоўваюцца ў Маскве, Піцеры, Варшаве, Кракаве, Берліне... Таму нашы музеі вельмі бедныя, а музейная справа ў гарадах развіваецца слаба. З другога боку, развіццю гарадскога турызму не спрыяе сялянская традыцыя нашага кіраўніцтва. Людзі не шануюць горад, ён для іх чужы. Яны не ведаюць гарадскіх каштоўнасцяў і не імкнуцца іх захаваць – таму гістарычныя будынкі руйнуюцца, а на іх месцы ўзводзяцца навадзелы. Усё ідзе ад няведання гісторыі горада.

– Менавіта таму ў Еўропе шмат сродкаў выдаткоўваецца на развіццё гарадскіх музеяў, асабліва сталічных. Ужо год у нашай сталіцы дзейнічае Музей гісторыі Мінска, аднак там да гэтай пары няма экспазіцыі, прысвечанай гораду. Як можа выглядаць музей такога кшталту?

– Улады ў чарговы раз паказалі непрафесійныя адносіны да гарадскога музея, да іміджа і прэстыжу сталіцы. У дадзеным выпадку музеем горада назвалі некалькі пакояў побач з часовай экспазіцыяй галерэі Савіцкага. Горад так і не знайшоў дастойнага будынка для музея сваёй гісторыі. Зразумела, у нас не захавалася шматлікіх палацаў, як у Вільні ці Варшаве. Але калі пашукаць, памяшканне можна было б знайсці. Ім мог бы стаць той жа Палац прафсаюзаў Мінскай вобласці, які стаіць на плошчы Волі. У ім калідорная планіроўка, дзе пакоі размешчаны по коле, – гэта ідэальнае месца для гарадскога музея. Калі я быў дырэктарам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, я спрабаваў адваяваць гэты будынак, але мяне не падтрымалі. А калі будынка знайсці не ўдалося, трэба замовіць праект новага, сучаснага, шыкоўнага, бо гэта твар і прэстыж сталіцы.

Па вялікім рахунку, гарадскія ўлады павінны былі адкрыць гэты музей адразу пасля вайны, калі яшчэ можна было сабраць матэрыял. А цяпер няма чаго экспанаваць, бо адсутнічаюць фонды музейных рэчаў. У Нацыянальным музеі гісторыі, да прыкладу, значная частка калекцыяў тычыцца сталіцы, аднак Музей гісторыі Мінска можа атрымаць іх толькі ў часовае карыстанне. Выхад мне бачыцца ў рэстытуцыі – вяртанні мінскіх каштоўнасцяў у Беларусь. Варта заняцца стварэннем копій дакументаў, муляжоў тых рэчаў, якія існавалі ў мінскіх панскіх, мяшчанскіх, купецкіх сядзібах. Найбольш проста цяпер зрабіць экспазіцыю, прысвечаную археалогіі Мінска. Гэты матэрыял захаваўся, і археалагічную экспазіцыю можна стварыць вельмі хутка.

Асноўная прычына занядбанага стану нашых музеяў мне бачыцца ў недастатковым фінансаванні. Увогуле ў беларускую культуру ніколі не ўкладалася столькі грошай, колькі яна заслугоўвае, каб мы сталі сапраўдным еўрапейскім народам. Тое ж тычыцца і Музея гісторыі Мінска.

– Акрамя пашырэння музейнай справы, як можна развіваць турыстычны патэнцыял беларускіх гарадоў?

– Усім зразумела важнасць пашырэння турысцкай інфраструктуры, аднак цяпер гэтага ўжо недастаткова. Варта выкарыстоўваць замежны вопыт і ствараць у гарадах інфраструктуру забаў. Пазнавальны турызм добра спалучаецца ў гарадах з турызмам падзеевым – выставамі, кірмашамі, фестывалямі, канцэртамі. Аднак трэба улічваць, каб гулянні былі інтэрактыўныя і не зводзіліся да адзінага фармату канцэртаў. У нас цяпер развіваецца агратурызм – у Дудутках мы паказваем, як гналі самагонку, як выглядалі млыны, пуні, свірны. Горад таксама мае цікавую этнаграфію. Яе можна адрадзіць, аднак неабходны антураж – дамы XIX – пачатку ХХ стагоддзя – разбураюцца. Менавіта ў іх можна было б паказаць спецыфіку жыцця гараджан: стварыць побыт яўрэйскай ці каталіцкай сям’і, побыт рускага чыноўніка ці салдат у казармах. А мы думаем, што гарадскі турызм павінен абавязкова трымацца на Саборы Нотр-Дам і Эйфелевай вежы. У кожнага еўрапейскага горада ёсць свая спецыфіка. Яна ёсць і ў нашых беларускіх гарадоў.

Працяг інтэрв’ю шукайце ў наступным нумары газеты, які з’явіцца ў чацвер 2 чэрвеня.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах