02.06.2011

 - Газета

Мой Мінск

Неяк хтосьці з нашай студэнцкай кампаніі, стаміўшыся ад краязнаўчых вылазак у гістарычныя куткі радзімы, рашуча кінуў: ««У выходныя едзем у Мінск!» Агульны настрой кампаніі быў такі ж, і вось, праз які тыдзень, зімовай суботняй раніцай, у поўным турыстычным абмундзіраванні, мы ўжо сустракаліся на кальцавой каля станцыі метро Магілёўская, адкуль пачынаўся наш краязнаўчы маршрут. А хтосьці наўмысна праехаў аўтаспынам па той жа кальцавой, дзеля адчування...

Раман АБРАМЧУК

Неяк хтосьці з нашай студэнцкай кампаніі, стаміўшыся ад краязнаўчых вылазак у гістарычныя куткі радзімы, рашуча кінуў: ««У выходныя едзем у Мінск!» Агульны настрой кампаніі быў такі ж, і вось, праз які тыдзень, зімовай суботняй раніцай, у поўным турыстычным абмундзіраванні, мы ўжо сустракаліся на кальцавой каля станцыі метро Магілёўская, адкуль пачынаўся наш краязнаўчы маршрут. А хтосьці наўмысна праехаў аўтаспынам па той жа кальцавой, дзеля адчування...

mm1

Мой Мінск – заўжды новы. Гэта кропка, з якой пачынаюцца ўсе мае падарожжы. Тут жа яны і сканчваюцца. Памятаю, як вярнуўся ў горад рана-рана і шпацыраваў па прывакзальных вуліцах. Горад толькі прачынаўся. Першае сонца, першыя тралейбусы, першыя прахожыя... Горад адкрыўся быццам па-новаму. У гэтым і яго цуд. Усе яго вуліцы – ходжаныя-пераходжаныя тысячы разоў, а ён усё адно можа быць па-новаму цікавым.

Мой Мінск – гэта адрасы сяброў, якім можна звальвацца на галаву без асаблівага папярэджання. Адпаведна, гэта і прастора каля тых адрасоў – лес за Домам міласэрнасці (паводле адной з крыніц, гэты лес вядомы з XVIII стагоддзя як уласнасць Радзівілаў), вішні каля будынку БТ, абіраныя ліпеньскай ноччу, дарога ад дыспетчарскай станцыі Карастаянавай да Цнянкі, праз гаражы і пералесак з атмасферай апошніх серый «Твін Пікс»...

Мой Мінск – гэта яго закуткі. У студэнцкі час неаднаразова рабілі вечаровыя краязнаўчыя вылазкі  ў  родным горадзе з папярэдняй інфармацыйнай «падгрузкай»: швэндаліся па тэрыторыі завода прыборабудаўніцтва каля ЦУМа (яго акурат «выводзілі» з горада), падымаліся на воданапорную вежу, што на праспекце Жукава (шыкоўная індустрыяльная готыка пачатку XX стагоддзя), аглядалі сталінскія баракі ў раёне вул. Мініна (даволі дэпрэсіўная мясцінка), ад дахаў да падземных казематаў абышлі манастыр бернардынаў (адразу пасля выезду вайсковай часткі). Потым пра ўсё распавядалі сябрам, вадзілі іх. Тыя – сваім сябрам...

Нядаўна з вакна тралейбуса ўгледзеў старыя завадскія будынкі, відавочна XIX стагоддзя, на беразе Свіслачы каля Чэрвенкі. Па легендзе – належалі графу Любанскаму, уладальніку Лошыцы. Як бачу, у гэтым горадзе яшчэ ёсць куды завітаць.

Мой Мінск – гэта мой Мінск. Памятаю, як у час адной з краязнаўчых вылазак заўважылі, што на адным з адноўленых будынкаў XIX стагоддзя у гістарычным цэнтры – пластыкавыя вокны. Хтосьці з нас кідае: «Слухайце, як гэта мы дапусцілі?..» Паступова прыйшло разуменне, што мы самі адказваем за тое, у якім горадзе жывем. Як за ўласны дом. На гэтым адчуванні грунтаваўся мой удзел у кампаніі супраць будаўніцтва высотак у цэнтры, за захаванне казачных дамкоў аўтапарка №1 на Маякоўскага (хто мне пакажа цяпер – дзе гэтае месца? Тым, хто прыедзе на хакейны чэмпіянат у 2014-м, будзе ікацца на гэтым адрэзку вуліцы, бо яе пашыралі дзеля іх)... Але, як правіла, змаганне не прыносіла плёну. «Ну хоць будзе вопыт». Але вопыту ўжо было зашмат, як і расчараванняў. Унутры закіпала «ярость благородная». Мне сталі зразумелымі і блізкімі рэвалюцыянеры 1917 году. Атрымлівалася, што не «непавага беларусаў да сваёй гістарычнай спадчыны», а старое як свет буржуйскае безгустоўе, шкурнасць і пасрэднасць вырашаюць, у якім горадзе мы будзем жыць. Мой Мінск – ён драматычны.

Мой Мінск – гэта ўсе яго «мінусы», крыніца маёй незадаволенасці. Чаму веласцежка ў горадзе – адна-адзіная, ды і тая так кружляе, што лепей дабірацца звычайнымі ходнікамі? Чаму новыя наварочаныя ліхтары на ёй – нават у самых цёмных месцах паркаў – не запальваюць? Але часу стаць актывістам роварнага руху ўжо не хапае.

Мой Мінск – гэта яго святы. Па старой добрай традыцыі ўжо за некалькі дзён да 9 мая я пачынаю распытваць усіх знаёмых: ці ідзе хто-небудзь у паход? Ці проста на пікнік, у вандроўку? Нават на лецішча – толькі б збегчы з ад гэтых фільмаў са стрэламі нон-стоп, верталётаў у паветры, георгіеўскіх стужак, якія раздаюцца налева і направа, а затым валяюцца пад нагамі п’янай моладзі. Збегчы ад палатак са смажнямі і півам, сцэн з артыстамі, прыгнанымі з раённых цэнтраў творчасці, – ад усяго, што назаўжды перакрывае дарогу шчырасці і прастаце ў адносінах да пытання аб падзеях 1940-х гадоў. Тое ж самае ў мяне з усімі іншымі дзяржаўнымі святамі. Толькі адзін раз памятаю, як на свята горада, прама каля фантана ў цэнтры плошчы Незалежнасці граў вялікі джазава-эстрадны аркестр. Цуд быў у тым, што сцэны не было. Музыкаў можна было ўшчыпнуць за нос, пацягаць за рукаў, і яны маглі адказаць тым жа! Ледзь не адзіны прыклад карнавальнага настрою.

Мой Мінск – гэта яго раёны. Не, я кажу не пра Савецкі-Фрунзенскі-Партызанскі-Першамайскі і іншыя фантомы. Дарэчы, хоць хто-небудзь ведае, дзе праходзяць межы гэтых паў-міфічных тэрытарыяльных адзінак? І няўжо на іх глебе можна выхаваць нейкі «раённы патрыятызм»? Сувеніры з надпісам «П**му раёну – 80!» або званні «ганаровы грамадзянін С**га раёна» патыхаюць бяздушнасцю.

Але я адрозніваю Ўручча – з яго разнастайнасцю спальнай архітэктуры і лясочкамі побач, з шыкоўным праспектам, што сваімі агнямі разразае раён надвое. Мяне вабіць Сляпянка з яе лясамі ў цэнтры горада, сядзібай Ваньковічаў на ўскрайку і вадаспадамі даволі знакамітай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Пачуццё замілавання, не іначай, у мяне выклікаюць прыватныя сектары каля Севастопальскага парку ды і ў іншых раёнах. І мяне прыгнятае, што ўсё большая армія спальна-блочных прамавугольнікаў няўмольна выціскае гэтыя стракатыя дамкі з майго гораду. Чаму б не пакінуць гэтыя закуткі ў спакоі? Жылыя кварталы Жэневы, Парыжа – гэта тыя ж нашыя прыватныя сектары. Нікому ў галаву там не прыйдзе «зачышчаць» тэрыторыю з індывідуальнай, прыватнай забудовай дзеля танных шматпавярховікаў. Узгадаем назвы прыпынкаў у сумна вядомай Малінаўцы: «Школа», «Стадыён», «Магазін»... «Пустата». Пустата ў назвах, пустата ў сэрцах і памяці. І хто мне скажа, пры чым Сяргей Ясенін да вуліцы, якая не натхняе на напісанне вершаў?.. Атмасфера ўплывае на людзей, якія таксама становяцца ўсё болей бязлікімі і панурымі. Але як прарыў у гэтай шэрай бессэнсоўнасці – акардэаніст, што нязмушана выдае якіясь мелодыі на скрыжаванні Ясеніна – Рафіева. І якая яму справа, што гэта падпадае пад артыкул «аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці»? Май на дварэ! Дай парадавацца!..

Таксама мне даспадобы Ульянаўская з дахамі дамкоў амаль як у Стакгольме, парк Горкага з яго мосцікамі і амаль 200-гадовай гісторыяй, Чэрвенка з яе шалёнай амплітудай рэльефу і цягнікамі, што праносяцца побач, сталінскія кварталы каля Опернага, на Трактарным і каля станцыі метро «Магілёўская», вуліца Авангардная каля Запарожскай плошчы, набярэжная Свіслачы каля к/з «Мінск», што няўхісна вядзе да «Камунаркі» з яе чароўнымі пахамі. Дарэчы,

Мой Мінск – гэта і яго пахі. Пахі вугля каля чыгункі і прыватных сектароў, пахі каля хлебазаводаў. Але на Кісялёва акрамя хлебазаводу яшчэ і «Аліварыя». Вечарам, асабліва пасля дажджу, тут можна патануць у чароўным водары. Іншы «духмяны» маршрут – вечарком па Кастрычніцкай. На ёй знаходзіцца знакаміты «Крышталь». А сама вулачка вечарам – ідэальнае месца для здымак «Кашмара на вуліцы Вязаў». Тут проста няма а-ні-ко-га. Толькі шыкоўныя завадскія будынкі ў стылі савецкай індустрыяльнай готыкі ды недарэчны снегавік над прахадной завода з загадкавай абрэвіятурай «МЗОР»...

Мой Мінск – гэта мае кавярні. Я заўважыў устойлівую заканамернасць: ледзь не палова маіх знаёмых хоць калісьці выказвалі намер: зараблю грошы – абавязкова адчыню ўласную кавярню. Маленькую і ўтульную, дзе можна будзе сустракацца як дома. Дзіўным чынам такое жаданне нараджалася пасля паездак у Вільню або польскія гарады. Але прызнаем: сёння ў Мінску паступова з’яўляюцца такія кавярні (напэўна, хтосьці з маіх сяброў усё-такі зарабіў грошы). Кавярня не як месца, каб паабедаць як мага танней, або наадварот – адчуць сваю абранасць ад таго, што ўсеўся пад якойсьці прэстыжнай вывескай. А кавярня як месца, што імітуе цеплыню сустрэчы «ў гасцях», дзе хочацца траціць і траціць грошы на сябе і сяброў... Па-мойму, гэтая ўтульнасць грунтуецца адно на «людскасці» ў адносінах да кліента: збольшага, толькі яна і цягне вяртацца ў тое ці іншае месца. З маіх любімых мясцінак-кавярняў відно муры Бернардынскага касцёлу, муляжныя навабуды Нямігі, паркавыя алеі каля наберажнай Свіслачы...

Мой Мінск – гэта ўспаміны. Бывае, ідзеш з кімсьці знаёмым, распавядаеш пра горад – і не можаш спыніцца ад мноства асацыяцый з падзеямі ўласнага жыцця. Надта шмат мясцін у ім ужо неяк «асвоена». Вось з гэтага спуску на Інтэрнацыянальнай гойсалі на скейце, калі машын ужо не было, вось з гэтых дрэў кідаліся каштанамі ў прахожых, вось тут ледзь не пабіліся з нейкай кампаніяй з-за чаргі ў «Хутка-смачна»... А некаторыя мясціны дагэтуль абыходзіш за кіламетр: сякія-такія цені не варта абуджаць наноў, хоць яны і вабяць настойліва... Зрэшты, менавіта так мой Мінск і становіцца маім Мінскам.

Культура, па адной з тэорый, – гэта тое, што асвоена, спазнана чалавекам на ўласным вопыце. Калі даслоўна з лаціны – гэта «спосаб апрацоўкі зямлі». І кожны чалавек, зразумела, апрацоўвае «зямлю» па-свойму, асвойвае прастору вакол сябе, робіць яе «сваёй». Чым больш спазнаеш нейкую прастору, тым больш яна становіцца тваёй уласнай. Паступова яна пераўтвараецца ў твой цэлы знакава-сімвалічны свет, дзе кожная мясціна зараджана пэўнымі асацыяцыямі і мае сваю атмасферу. І вось перад маімі вачыма ў цэнтры горада ўжо не лесапаркавая зона з наборам алеяў і нават не парк імя савецкага пісьменніка Максіма Горкага. Для мяне гэта ўжо месца, куды час ад часу завітваю на фальклорныя вечарыны ў «Жар-птушку»... І гэты механізм дзейнічае не толькі на асабістым, але і нацыянальным узроўні.

mm2

Ці маглі беларусы так назваць вуліцу сваёй сталіцы

Мой Мінск – гэта Менск. Гэта тое, што беларусам, маім суайчыннікам розных пакаленняў, удалося даведацца пра яго за папярэдні час. Гэта тое, што ўсе мы, пачынаючы ад Дуніна-Марцінкевіча з Купалам, адкрылі для сябе свой горад як мы яго асвоілі. Узгадаем, што пасля «Залатога веку» старабеларускай культуры XVI стагоддзя нашыя гарады, у т.л. Мінск, былі цэнтрамі якой заўгодна – рускай, польскай, яўрэйскай, нават нямецкай, але толькі не беларускай культуры. І вось нарэшце беларусам самім быў дадзены шанец штосьці сказаць пра свой горад, неяк яго асэнсаваць, штосьці ў ім мяняць (у тым ліку назвы вуліц). Адсюль – сотні краязнаўчых артыкулаў пра розныя закуткі Мінска, дзясяткі кніг па яго гісторыі, адсюль жа – аднаўленне гістарычнага цэнтра (хаця б у нейкай меры), грамадскія кампаніі па захаванні старых будынкаў. Такім чынам узнікае ўласна наш, беларускі Менск. Бо, напрыклад, палякам не трэба адкрываць свой Мінск: ён у іх, Мінск-Літэвскі, ужо даўно існуе ў «польскай краёвай» літаратуры XIX стагоддзя, мемуарных успамінах тагачасных «палякаў»... Але беларусы яшчэ толькі пачынаюць ствараць свой уласны Менск, падобна «Пецярбургу Дастаеўскага».

Адзін з прыкладаў – Лявон Вольскі, які сваёй песняй раздвоіў нашу свядомасць. Дакладней, паказаў, як яна раздвоена: Мы жывем адначасова у двух гарадах / Падваенне асобы зрывае нам дах / Дык няўжо нам ніколі не склеіць, не сшыць / Менск і Мінск – дзве паловы сталічнай душы?

У нас сапраўды два родных горада: адзін – горад нашай мары, з кавярнямі, асяродкамі нефармальнай культуры, адноўленым гістарычным цэнтрам, веласцежкамі... А па Менску прыемна шпацыраваць / Дробных крамак вітрыны утульна гараць / Там гатычныя вежы касцёлаў старых / Там дахоўка і брук, і двары, і муры... А другі – які пастаянна насоўваецца, наступае, агрэсіўна і бяздушна, на гэтую мару, на тое, што ўжо ўдалося рэалізаваць: А у Мінску прапіска і гарвыканкам / І лядовы палац, і бетонны паркан... Але гэта – адзін горад, і яго можна толькі прыняць такім, які ён ёсць: Ну а з Менскам нічога ня можна зрабіць / Немагчыма яго зруйнаваць захапіць / Ён ніколі, твой Мінск, не згніе, не згарыць / Будзе мовай тваёю з табой гаварыць...

Калі прыняць гэты горад з яго «Калектарнай і Базіснай», недарэчным дзвюхмоўем і іншымі «радасцямі», то горад стане сваім. І з гэтым ужо можна штосьці рабіць, можна пракладаць далейшы шлях. Уласным спосабам.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах