16.06.2011

 - Газета

Палац на сто тысяч

Калі ацэньваць вартасць беларускай спадчыны паводле Нацыянальнага банка, то самай вялікай каштоўнасцю для нас з’яўляецца палац Радзівілаў у Нясвіжы. Менавіта яго выява размешчаная на самай буйной беларускай купюры – статысячнай. Аказалася, што трапіць у Нясвіж і правесці там цэлы дзень можна, развітаўшыся менавіта з адной такой купюрай – у сто тысяч рублёў.

Алесь ПІЛЕЦКІ, фота аўтара

Калі ацэньваць вартасць беларускай спадчыны паводле Нацыянальнага банка, то самай вялікай каштоўнасцю для нас з’яўляецца палац Радзівілаў у Нясвіжы. Менавіта яго выява размешчаная на самай буйной беларускай купюры – статысячнай. Што праўда, вартасць самой гэтай купюры за апошнія месяцы імкліва знізілася.

Каб даведацца, ці не адбываецца тое самае з нясвіжскім палацам, я наведаўся ў Нясвіж. Тым больш што да афіцыйнага адкрыцця ўсяго комплексу застаўся ўсяго месяц.

Аказалася, што трапіць у Нясвіж і правесці там цэлы дзень можна, развітаўшыся менавіта з адной такой купюрай – у сто тысяч рублёў.

Супу і рыбы няма!

Трывога за папулярнасць нясвіжскага палацу Радзівілаў сярод гасцей Беларусі з’яўляецца ўжо па дарозе ў Нясвіж. Калі ехаць па берасцейскай шашы з боку сталіцы, можна заўважыць спецыяльныя шыльды, якія паказваюць накірунак на Мірскі замак і радзівілаўскі палац. Аднак яны чамусьці выключна па-беларуску. «Добра, што не па-расійску», – заўважыць прыдзірлівы і свядомы чытач. І слушна заўважыць. Аднак каб прыцягнуць у нашу краіну турыстаў, варта было б паклапаціцца і аб іншамоўных указальніках.

Шыльды на дарогах – паўбяды. У самім Нясвіжы вы не знойдзеце ніводнага англамоўнага ўказальніка. З указальнікамі тут увогуле складана. Калі вы прыязджаеце ў гэты насамрэч прыгожы гарадок упершыню, то вам абавязкова спатрэбіцца гід. На жаль, яго можна замовіць толькі для азнаямлення з замкам, а вось па горадзе давядзецца хадзіць самастойна. Калі ўлічыць, што з даведнікамі па Нясвіжы таксама бяда, то застаецца спадзявацца толькі на сяброў, якія тут бывалі раней і маюць гістарычную адукацыю.

Адсутнасць шыльдаў па-англійску – не самая вялікая праблема турыстычнага Нясвіжа. У самым разрэкламаваным і папулярным беларускім турыстычным аб’екце проста няма дзе падсілкавацца. Вядома, можна зайсці ў краму, набыць каўбасы, сыра, хлеба і спажыць усё гэта ў парку на лавачцы, ўяўляючы, як ля гэтых самых дрэваў прагульваліся паміж шыкоўнымі абедам і вячэрай князі Радзівілы. Аднак калі вы патрабуеце хаця б мінімальнага сэрвісу – будзеце расчараваныя. Месцаў, дзе можна паабедаць непадалёк замку, у Нясвіжы два. Гэта рэстаран «Ратушны» і кавярня «Парк». У першы з іх аўтару гэтых радкоў ўдалося трапіць толькі аднойчы, гадоў пяць таму. Больш познія неаднаразовыя спробы разбіваліся аб каменныя твары маладых нясвіжскіх афіцыянтак, якія разварочвалі патэнцыйных кліентаў сваім «у нас спецабслугоўванне».

Кавярня «Парк» ля самай замкавай брамы можа пахваліцца нізкімі коштамі. Самая дарагая страва – дранікі з мясам – тут каштуе менш за 15 тыс. Аднак за нізкімі коштамі хаваецца такая ж нізкая якасць, а паловы з прапанаванага ў меню насамрэч няма. «Супу і рыбы сёння няма – усё дасталася спецабслугоўванню», – сарамліва паведамляюць вам у кавярні. Што праўда, персанал там на дзіва клапатлівы. Набываючы цыгарэты ў кавярні, вы маеце ўсе шанцы пачуць нешта накшталт «вы ж такі (-ая) малады (-ая), навошта вы паліце?», а афіцыянтка за паўгадзіны больш за сем разоў можа падыходзіць да вашага століка з пытаннем «ці не хочаце нечага яшчэ?».

All inclusive за 8 тысяч

Паабедаўшы, можна і ў замак. Сюрпрыз ужо ля брамы. Уваход у парк стаў платным даволі даўно, але калі раней грошы з вас бралі толькі непасрэдна ў самім парку, то зараз прыйдзецца плаціць ля замкавай брамы, і жанчыну, якая кантралюе набыццё квіткоў наведнікамі, не хвалюе, пойдзеце вы глядзець на рэшткі радзівілаўскіх зялёных багаццяў ці не.

niasvizh 5czervienia2011 photo Anastasia Dodu (4)-1

За брамай таксама сюрпрызы. Хоць афіцыйнае адкрыццё запланавана ўжо на пачатак ліпеня, ваколіцы палаца выглядаюць, мякка кажучы, неўпарадкаванымі. На дамбе праз штучнае возера, якая вядзе да палаца, вас чакаюць кучы будаўнічага смецця, недаробленыя ходнікі, раскіданая плітка і бруд. Па ўсім гэтым ездзіць невялікі трактар МТЗ з двума прычэпамі, які сімвалізуе сабой цягнік. Калі пераадолееце ўсе перашкоды і не трапіце пад трактар, то пабачыце нешматлікіх гандляроў сувенірамі, якія хаваюцца ў цені дрэваў ля ўваходу ў палац. На століках перад гандлярамі ў асноўным драбяза. «Зусім сумна стала гандляваць. У тры разы знізіўся прыбытак ў параўнанні з мінулым годам», – скрушна паведаміў адзін з гандляроў і дадаў, што «ніхто ў гэты Нясвіж не хоча ехаць. Толькі школьнікі на арганізаваных экскурсіях ды рэдкія жыхары сталіцы». «Што вы хочаце? Рэстаўрацыя невядома калі пачалася і невядома калі скончыцца. Прыязджаюць, каб рублі беларускія скінуць, а калі хто зараз і не можа сабе дазволіць Турцыю ці Егіпет, то да нас і так не паедзе – сэрвісу ж ніякага, ды і глядзець асабліва няма на што» – вось так непатрыятычна адзываюцца некаторыя жыхары Нясвіжа аб перспектывах гэтай турыстычнай вітрыны Беларусі.

Шлях у сам замак яшчэ больш небяспечны, чым дамба. Адзіны ўваход – арка ў браме – застаўлены металічным рыштаваннем, з якога звісае клапатлівая шыльдачка: «Шаноўныя наведнікі! Будзьце асцярожнымі, у арцы вядуцца рамонтныя працы». За аркай можна пабачыць старанна пафарбаваны і нават бліскучы палац. Аднак пакуль толькі пабачыць – падысці бліжэй забараняе чырвона-белы ахоўны пас, а для наведвання па-ранейшаму адкрытая толькі тая частка, якая знаходзіцца непасрэдна над уваходам у замак.

Насупраць касы – абменнік. І там і там – бязлюдна. Калі адсутнасць ахвотных трапіць у палацавыя пакоі ўжо не здзіўляе, то самотнасць жанчыны, якая мяняе валюту замежным турыстам, выклікае радаснае здзіўленне. Яно развейваецца пасля непрацяглай размовы. «Ёсць у мяне валюта. 5 еўра сёння здалі. Учора 15, але інкасатары забралі. Замежнікі калі і прыязджаюць, то мяняюць свае грошы ў горадзе, навошта ім тут гэта рабіць?» – паведамляе жанчына і раіць схадзіць у гарадскі абменнік, аднак папярэджвае, што там чарга і трэба будзе запісацца ў адмысловы спіс.

Прычына, з якой прагныя да новых уражанняў еўрапейцы і амерыканцы не нясуць валюту ў палацавы абменнік, становіцца зразумелай у касе. «З вас восем тысяч. І фатаграфаваць можаце колькі заўгодна. Усё уключана», – з усмешкай паведамляе касірка і выбівае квіток, вельмі падобны да чэка з касавага апарату сельскай крамы. За гэтыя восем тысяч (для дзяцей і студэнтаў чатыры) можна пабачыць 5-6 невялікіх пакояў, дзе выстаўлены два макеты палаца розных часоў, рэшткі бібліятэкі Радзівілаў, вялікі глобус з лацінскімі надпісамі ды некалькі прадметаў мэблі, якія мелі ўсе шанцы некалі належаць Радзівілам і ўпрыгожваць нясвіжскі палац. Калі не быць асабліва патрабавальным і прыдзірлівым, то на азнаямленне з экспазіцыяй хопіць 15-20 хвілін.

Пра перспектывы адкрыцця для наведнікаў рэшты палаца супрацоўнікі музея гавораць неахвотна: «Можа, да канца лета і адкрыецца».

Калі вы ўсё ж вырашылі, што нясвіжскі аll inclusive за 8 тысяч вас не задаволіць, можна паспрабаваць дамовіцца з мясцовым вартаўніком, які, калі пашанцуе, за пляшку гарэлкі адчыніць перад вамі ўсе дзверы. Тыя, хто рызыкнуў вытварыць такую штуку, сыходзяць з палаца яшчэ больш расчараваныя.

Што паглядзець

Нягледзячы на ўсе недахопы, наведаць Нясвіж варта. У гэтым невялікім гарадку ці не самая вялікая шчыльнасць архітэктурных помнікаў у Беларусі. Менавіта тут можна пабачыць першы езуіцкі касцёл на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай – касцёл Божага Цела. Ён быў пабудаваны ў 1593 г. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні на грошы Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі – тагачаснага ўладальніка Нясвіжа. У скляпеннях касцёла і зараз знаходзяцца труны з рэшткамі знакамітых прадстаўнікоў магнацкага роду. Непадалёк касцёла знаходзіцца Слуцкая брама – рэдкая для Беларусі пабудова, добра вядомая маладому пакаленню па хіту «Крамы». Варта схадзіць да кляштару бенедыктынак, у якім зараз месціцца педвучэльня, а таксама забрацца на ратушную вежу. Усе гэтыя помнікі будаваліся ў XVI–XVII стагоддзях і для нашай краіны насамрэч унікальныя.

niasvizh 5czervienia2011 photo Anastasia Dodu (8)-1

З адкрыццём для наведнікаў усяго палацу там таксама можна будзе пабачыць шмат цікавага. У прыватнасці – арыгінальныя коміны і прыватныя пакоі магнатаў. Дарэчы, шмат хто будзе здзіўлены тагачаснымі норавамі, якія знайшлі адлюстраванне ў планіроўцы палацу. Спальні князя і княгіні асобныя, размешчаны ў галоўным будынку комплекса сіметрычна параднаму ўваходу і злучаны асобным карыдорам. Такім чынам Радзівілы захоўвалі таямніцы свайго прыватнага жыцця.

Цешаць паркі і ставы. Па іх стане таксама не скажаш, што ўвесь комплекс унесены ў спіс ЮНЭСКА, аднак стомленым вялікімі гарадамі нешматлікім беларускім турыстам тут спадабаецца.

Мясцовыя хлопчыкі за пару мятых тысячных купюр раскажуць вам мясцовыя байкі і назавуць імёны тых, у гонар каго па парках расстаўлены нешматлікія статуі. Можна пакатацца на катамаране па ставах ды пафатаграфаваць сілуэт радзівілаўскага палацу, над якім узвышаецца дзіўнаватае навершша вежы. Павел Латушка, які паабяцаў нашчадкам Радзівілаў замяніць яго на больш густоўнае і адпаведнае стылю замка, слова свайго пакуль не стрымаў.

Карысная інфармацыя

Як даехаць

Кошт аўтобуса да Нясвіжа з Мінска – каля 20 тысяч рублёў у адзін бок. Можна і электрычкай да Гарадзеі (прыкладна 6 тыс.), а адтуль прыгарадным аўтобусам за 3 тысячы. У абодвух выпадках дарога зойме крыху больш за 2 гадзіны. І электрычкі, і аўтобусы да Нясвіжа ходзяць раз у гадзіну.

Калі паедзеце ўласным аўтамабілем, то варта запасціся палівам на 200 км (шлях туды і назад). Ехаць са сталіцы па берасцейскай шашы да павароту на Стоўбцы.

Цэннік

Абед на аднаго чалавека абыдзецца ў суму ад 15 да 25 тысяч.

Паслугі экскурсавода – 30 тысяч (экскурсія разлічана на гадзіну).

Уваход на тэрыторыю палацава-паркавага комплексу – 1,5 тысяч.

Кошт квітка ў палац – 8 тысяч (для студэнтаў і дзяцей – 4).

Палац Радзівілаў

Нясвіжскі замак быў закладзены Радзівілам Сіроткам у 1583 годзе, галоўным архітэктарам стаў італьянскі майстар Бернардоні. Згодна з праектам таго часу замак уяўляў сабой прамавугольнік і быў абнесены землянымі валамі з бастыёнамі і вежамі. Нясвіжскі замак будаваўся ў першую чаргу як абарончае збудаванне, якое можа вытрымліваць працяглую аблогу. У вале, які яго акружаў, былі зроблены шматлікія памяшканні для слуг і гаспадарчыя склады, тут таксама размяшчаліся канюшні. Як адзначаюць спецыялісты, палац цікавы не толькі сваімі наземнымі збудаваннямі, але і шматлікімі падваламі, падзямеллямі, склепамі.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах